Сямейныя таямніцы Дуніна-Марцінкевіча

№ 47 (1277) 19.11.2016 - 25.11.2016 г

Друкуецца ўпершыню! / Лёсы сясцёр класіка літаратуры
Жыццё першага беларускага літаратара-прафесіянала Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча — адно з найбольш даследаваных і вядомых у айчынным літаратуразнаўстве. Аднак тычыцца гэта, у першую чаргу, пазнейшых гадоў яго жыцця. Што ж да нараджэння, дзяцінства і юнацтва Вінцэнта, і, асабліва, жыцця маці, бацькі і сясцёр, то ніякай яснасці тут не было, бо, па сутнасці, даследчыкам былі вядомыя ўсяго... чатыры дакументы, дзе яны згадваліся. Працягваем друкаваць унікальныя архіўныя звесткі.

/i/content/pi/cult/613/13629/15-1.jpg(Заканчэнне. Пачатак у № 46.)

Каштарыс пасагу

Ранняе замужжа, а таксама памер пасагу — 600 рублёў, ды яшчэ і не срэбрам, а асігнацыямі, сведчыць аб тым, што Марціяна Марцінкевіч знаходзілася ў даволі цяжкім матэрыяльным становішчы, хоць і, насуперак распаўсюджанай версіі, беднасцю гэта не назавеш. Акрамя грошаў у пасаг сваёй дачцэ Марціяна дала: адну ўкраінскую карову з цялём (коштам 100 рублёў асігнацыямі), хустку малінавую і хустачку (72 рублі), два наборы пасцельнай бялізны (100), сурвэтку і два вялікія абрусы (60), палатно ткацкае 60 локцяў (50), палатно кужэльнае (гэта значыць, вырабленае з добра апрацаванага лёну) — 30 локцяў (12), палатно срэбнае (гэта значыць з лёну дрэннай якасці з прымешкай пакулля або пянькі) — 50 локцяў (10), тры сукенкі з тонкай бавоўны і адна белая (24), дзве ніткі бусаў (40), чорную аксамітную шапку (25), дзве хусткі (65). Слугам было заплачана 20 рублёў. А ўсяго пасаг склаў 1712 рублёў і 40 капеек асігнацыямі.

У гэтым жа годзе Марціяна Марцінкевіч напісала зяцю Юзафу Высоцкаму даверанасць для адшукання спадчыны, прызначанай для двух яе малалетніх дзяцей: Вінцэнта і Алёны, а таксама грошай, якія іх дзядзька Ігнаці ўзяў у доўг у іх бацькі — Яна Марцінкевіча (тым жа Язэпам Янушкевічам прапаноўвалася версія, што яшчэ ў 1819 годзе ён быў жывы, але жыў асобна ад сям’і, аднак сёння мы можам сцвярджаць, што Ян памёр неўзабаве пасля нараджэння сына — у 1809 годзе). Аднак Высоцкаму не давялося доўга займацца гэтымі справамі. На жаль, у 1816 годзе Юльяна з Марцінкевічаў Высоцкая памерла, не пакінуўшы нашчадкаў. Пасля гэтага Марціяна запатрабавала ад свайго зяця вяртання пасагу і выдала даверанасць іншаму чалавеку...

Ахрышчана ў два заходы, як і Вінцэнт

Лёс другой сястры быў куды больш шчаслівы. Таксама як і Юлія, і Вінцэнт, Хелена-Ганна Марцінкевіч была ахрышчана ў два заходы: 29 жніўня 1805 года і 9 лютага 1806-га. Падобна на тое, што аддаваць адзіную дачку замуж Марціяна гэтым разам не спяшалася, і брала шлюб Алёна 13 ліпеня 1829 года ўжо ў 22 гады. Выйшла яна — як і сцвярджала Стэфанія Сасноўская — за Юзафа Умінскага (у польскім вымаўленні Уміньскага) — сына Удалерыка, альбо Ульрыха, і Марыяны з Вернікоўскіх, які нарадзіўся каля 1791 года. Адным з паручыцеляў на іх вяселлі быў генерал-маёр Карл Берг — першы камендант Бабруйскай цытадэлі. Юзаф Умінскі займаў пасаду вознага Бабруйскага павета, гэта значыць развозіў судовыя позвы і ўносіў дакументы ў актавыя кнігі. Ён быў удаўцом. А яго першая жонка — Кунегунда з Міхневічаў ад першага мужа Марціна Клецкага мела двух дачок: Вікторыю і Мар’яну. Былі ў іх і сумесныя з Юзафам дзеці: сын Марцэлі (нарадзіўся каля 1817 года) і дачка Ангела-Магдалена (22 ліпеня 1818). Алёна Марцінкевіч выйшла замуж за Умінскага ў наступным жа годзе пасля смерці Кунегунды, што памерла 1 студзеня 1828-га.

Апраўдаліся, але "асадачак" застаўся

Няма сумненняў, што Вінцэнт Марцінкевіч падтрымліваў цесныя стасункі са сваім зяцем. Так абодва яны праходзілі па справе аб падробцы дакумента на маёнтак Мнішаны (суседні з Люцынкай Марцінкевіча), які належаў сям’і Любаньскіх. Менавіта ім належаў прыгонны селянін Юзук Душкевіч, які ў 1844 годзе данёс на Марцінкевіча (пра гэту гісторыю мы падрабязна распавядалі ў свой час у артыкуле “Марцінкевіч ходзіць, а па ім звон звоніць”: гісторыя з прыжыццёвым пахаваннем пісьменніка — не анекдот”).

Абедзве справы былі цесна звязаныя паміж сабой, і менавіта помстай з боку Любаньскага Марцінкевіч тлумачыў напісаны Душкевічам данос. Па даручэнні ўладальніка Мнішан адвакат Любавіцкі сцвярджаў, што “...падазрае паверанага жонкі Любанскага двараніна Марцінкевіча, таму што ён, Марцінкевіч, дамовіўся зь ёю набыць ад яе пакупкай маёнтак Мнішаны, і што ассекурацыйны дакумент з’явіўся ўжо пасля прыняцця Марцінкевічам ад Любанскай даверанасці... Любанскі, абвяргаючы сапраўднасць памянёнага дакумента, адмаўляецца ад выдачы онага жонцы сваёй і ад яўкі ў павятовым судзе, падазраючы ў падмане тых, хто звяртаўся да яго з лістамі: ранейшага паверанага ягонай жонкі Вінцэнта Гірына і незнаёмага яму памешчыка Умінскага”.

Тады Марцінкевічу і Умінскаму ўдалося паспяхова апраўдацца, але, як у такіх выпадках кажуць: "асадачак" застаўся. Ды і не толькі ён — пасля ўсіх гэтых гісторый з падробленымі дакументамі было пастаноўлена: пакінуць Марцінкевіча ў моцным падазрэнні. Акрамя таго, калі ў Вінцэнта ўзніклі праблемы з прадстаўленнем перакладу вялізнай справы з інвентарамі маёнтка Панюшкавічы для Мінскага біскупа Ліпскага, на дапамогу яму як сведка прыйшоў яго зяць: “1836 года месяца сакавіка трынаццатага дня сьведчу сім, што я, будучы ў мінулым годзе, у месяцы сакавіку блізка двух тыдняў у спадара Марцінкевіча, бачыў у яго ў перакладзе справу Панюшкавіцкай плябаніі, з якой бачыў больш як за трыста лістоў, начарна перакладзеных, у чым і сын мой Марцэлі Умінскі спрыяў, а яшчэ шмат заставалася да перакладу, што пад прысягай гатовы паказаць, і подпіс: памешчык Бабруйскага павета Юзаф Умінскі”.

Дакумент паказвае, што Марцэлі Умінскі дапамагаў Вінцэнту перакладаць. Гэтая гісторыя скончылася напісаннем Марцінкевічам скаргі на самога біскупа Ліпскага, што нібыта той за гэтыя пераклады не заплаціў, і новымі судовымі працэсамі. Але, зрэшты, самы час вярнуцца да асабістага жыцця Юзафа Умінскага і яго жонкі Алёны з Марцінкевічаў.

Зося-сестраніца

Хутчэй за ўсё, дзеці ад першага шлюбу з Клецкай раслі ў іншай сям’і, бо ніхто з іх не лічыцца па спаведных ведамасцях у сям’і Умінскіх. Дзеці Юзафа і Кунегунды былі ўжо паўналетнімі, калі да іх дадаліся і дзеці Алёны: 18 красавіка 1837 года былі ахрышчаны Юзефа-Вінцэнта-Апалонія, 21 лістапада 1838-га — сын Віктар-Цыпрыян, а 19 снежня 1840 года — Яўгенія-Сафія (бабуля Стэфаніі Сасноўскай).

Алёна з Марцінкевічаў Умінская, на жаль, пражыла нядоўгае жыццё. Яна памерла 11-га і была пахавана 14-га сакавіка 1843 года. Тады малодшай дачцэ Алёны — Зосі — не споўнілася і трох гадоў. Юзаф жа зноў нядоўга хадзіў ва ўдаўцах — змушала, перш за ўсё, неабходнасць знайсці жанчыну, якая дбала б пра дзяцей, і 20 мая 1848 года ён ажаніўся ў трэці раз на ўдаве Марыяне — дачцэ Дамініка і Ганны Шпакоўскіх.

Стэфанія Сасноўская згадвала ў сваіх лістах, што яе бабуля Зофія Умінская выхоўвалася ў доме Вінцэнта Марцінкевіча ў Люцынцы. У паэме “З-над Іслачы, або Лекі на сон” паэт распавядаў гісторыю пра тое, як яго сабака з’еў святочную бабку, прыгатаваную на Вялікдзень. Тут жа ён згадвае сваю пляменніцу Зосю. Гучыць гэта ў перакладзе Пятра Бітэля гэтак:

З гасціннага банкету ад таго Свябоды

Вярнуўшыся дамоў, гляджу: з якой нагоды

Я раптам застаю агульны плач і смутак?

Аж вочы спухлі ў жонкі, узлезшы ж у закутак,

З ламаннем рук пляменніца-падлетак Зося

Стараецца, каб не рыдаць поўнагалоссем.

Аднак у арыгінале радкі гучаць не зусім так:

Zonie az oczy spuchly, — a zas siostrzenica,

Zosia, siedzac w kateczku, rece zalamuje...

Звернем увагу, што ў арыгінальным тэксце аўтар выкарыстоўвае больш дакладнае слова, чым пляменніца — siostrzenica — дачка сястры. А, ведаючы, што гэтая паэма была напісана Дуніным-Марцінкевічам у 1868 годзе, і тое, што Зося Умінская нарадзілася ў 1840 годзе, можна заўважыць, што пераклад “пляменніца-падлетак” для дзяўчыны 28-ці гадоў не зусім дакладны. Такім чынам, новыя даныя знаходзяць і нейкі практычны сэнс.

Хацелася б верыць, што новыя архіўныя знаходкі ўнеслі канчатковую яснасць у лёс двух блізкіх для Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча людзей — яго родных сясцёр Юліі і Алёны. Але паставіць канчатковую кропку ў даследаваннях лёсу адных толькі сясцёр Вінцэнта мы пакуль не можам — было іх больш, ва ўсялякім выпадку, мной знойдзены запісы аб нараджэнні ў гэтай сям’і і іншых дзяцей, магчыма, памерлых у дзяцінстве. Гэты ж артыкул я хацеў бы скончыць маленькай інтрыгай. У нашага класіка, акрамя брата Ігната, была яшчэ адна сястра ад першага шлюбу Яна Марцінкевіча — Францішка. Пакуль да яе біяграфіі мы можам дадаць усяго адзін, але вельмі яркі факт: менавіта ёй у 1801 годзе бацька даверыў нялёгкую справу адшукваць даўгі і працэнты ў розных жыхароў Беларускай губерні…

Зміцер ДРОЗД, гісторык-архівіст

Аўтар: Зміцер ДРОЗД
гісторык, архівіст