Інтэлект-цэнтр і мужчына- бібліятэкар № 1

№ 47 (1277) 19.11.2016 - 25.11.2016 г

Тае бяды, што на носе — зіма! Дырэктар Салтаноўскага дома народнай творчасці (Рэчыцкі раён) Алена Дзяшук намалявала на фасадзе сваёй установы летнія кветкі, а ўзорны лялечны тэатр назвала “Агеньчык”. Усё гэта грэе душу і не дае сумаваць па летнім сонейку.

/i/content/pi/cult/613/13628/14-1.jpgВёска Салтанова — перспектыўная. Інакш кажучы, моладзі і дзяцей хапае. Праца з імі — адзін з кірункаў клубнай дзейнасці. Ёсць дыска-клуб. А ў лялечным тэатры — 12 дзетак. Фальклорам займаецца аматарскае аб’яднанне “Папараць-кветка”. Словам, вёска жыве, думае, творыць… Нядаўна “Агеньчык” браў удзел у абласным конкурсе лялечных тэатраў. Вынікі пакуль невядомыя. Пажадаем узорнаму калектыву поспехаў, бо ён іх заслужыў!

Пра мерапрыемствы, скіраваныя на прафілактыку шкодных схільнасцяў у маладзёжным асяродку распавядае загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Тамара Круталевіч. “Ініцыятарам названых акцый, — удакладняе яна, — выступае наша ўстанова, якая ажыццяўляе доўгатэрміновы праект “Быць падлеткам — няпроста”. За адзін толькі тыдзень лістапада агіт-марафоны прайшлі ў дзесяці навучальных установах Бярэзіншчыны”.

Інфармацыя з Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. На базе тутэйшага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры было наладжана свята “Вялікая вясельніца”. Час пасля ўборкі ўраджаю — ад Пакроваў да Піліпаўскага посту — спрадвеку быў для нашых продкаў самым вясёлым. Гэты настрой і пастараліся перадаць работнікі культуры. Быў паказаны фрагмент вяселля са сватаннем, заручынамі, кавалерскім вечарам і выездам маладых да вянца. Вядучы метадыст Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Некраш дадае: “Аўтарамі святочнай дзеі выступілі Крупаўскі і Беліцкі дамы культуры, Гудскі цэнтр творчасці і вольнага часу, аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры”.

Вось яшчэ адна інфармацыя Ганны Некраш з Лідскага РЦКіНТ. Фальклорная вечарына “Повязь часоў — беларускі ручнік” прайшла ў філіяле “Ваверскі дом культуры” Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Выступілі гурты Дзітвянскага і Мажэйкаўскага дамоў культуры. Пра адметнасць ваверскіх ручнікоў распавяла майстрыха Тарэза Ясюкайціс.

Наша сталая пазаштатніца Алена Баскірская піша: “Восем праваслаўных нядзельных школ з’ехаліся на фестываль “Язненскі дабравест”. У Язне на Мёршчыне мерапрыемства прайшло ў сёмы раз. У вёсцы сабраліся дзеці з Наваполацка, Глыбокага, Верхнядзвінска, Докшыц, Шаркаўшчыны, Мёраў. Як і заўжды, падчас фестывалю збіраліся сродкі на лячэнне хворых”.

Сельская бібліятэка аграгарадка Баруны (Ашмянскі раён) запрасіла на бенефіс кнігі Івана Мележа “Людзі на балоце” да 55-годдзя з часу напісання твора. Метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ашмянскай раённай бібліятэкі Галіна Палубінская тлумачыць: “Мерапрыемства адбылося ў рамках раённага літаратурнага марафона-конкурсу “Кнігі і творцы: юбіляры-2016”, які доўжыцца цягам года”.

З Жыткавічаў паведамляюць, што ў мясцовым раённым цэнтры культуры была прэзентавана кніга журналіста Сяргея Кулакевіча “Вільча, Случ, радзіма”. Аўтар назваў выданне духоўным помнікам землякам-палешукам, пра якіх ён піша ў сваіх нарысах і замалёўках. Прэзентацыю падрыхтавалі і правялі работнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі. Выступіў народны гурт аўтаклуба “Дабрачын”. Натуральна, што першыя экзэмпляры кнігі аўтар перадаў у Жыткавіцкую і Тураўскую бібліятэкі, а таксама ў раённы музей.

Сталі вядомыя пераможцы трэцяга адкрытага конкурсу лапікавага шыцця “Полацк-Квілт — 2016”, што праходзіў у Полацкім цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур (квілт (не ўсе, відаць, ведаюць) — падшываная коўдра). Дык вось, вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Андрэй Струнчанка паведамляе, што першыя месцы ў розных намінацыях занялі Святлана Шалкова з Мінска; калектыўны твор Наталлі Калантай, Наталлі Панкрацьевай, Ірыны Сяргеевай з Наваполацка; Аліна Ханевіч з Полацка.

“Пры Дзятлаўскай дзіцячай бібліятэцы дзейнічае інфармацыйны інтэлект-цэнтр, — распавядае загадчык установы Кацярына Губко. — Тут арганізаваны спецыяльны пакой, дзе для самых маленькіх ёсць кніжкі-цацкі, іншыя гульні. Для школьнікаў створана майстэрня па вырабе навагодніх упрыгожванняў. А яшчэ ў дзіцячым пакоі знаёмяцца і сустракаюцца з новымі сябрамі”.

З Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя Леніна паведамляюць падрабязнасці пра фінал рэспубліканскага конкурсу “Мужчыны ў бібліятэчнай справе” (”К” пісала пра яго ў папярэдніх нумарах). Спонсарскую і інфармацыйную падтрымку акцыі аказалі шэсць арганізацый і чатыры рэдакцыі. У спаборніцтве ўдзельнічалі прадстаўнікі Брагінскай ЦРБ, Гомельскай абласной бібліятэкі, Барысаўскай цэнтральнай, Рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэк і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Намінацый было шмат, але, скажам, прафесіяналам высокага класу прызнаны вучоны сакратар Гомельскай абласной Юрый Максіменка.

Піша загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Фёдара Панфёрава Людміла Кухнавец: “11 лістапада споўнілася 195 гадоў з дня нараджэння Фёдара Дастаеўскага. У чытальнай зале дзейнічае хроніка-дакументальная экспазіцыя “Дастаеўскі і яго эпоха”. Тут прадстаўлены матэрыялы пра жыццё і творчасць класіка, продкі якога нарадзіліся на нашай зямлі. У экспазіцыі — і лепшыя творчыя работы школьнікаў пра пісьменніка. Ва ўсіх бібліятэках Іванаўскай ЦБС працуюць адпаведныя выставы. А ў аграгарадку Дастоева адкрылася літаратурная гасцёўня Фёдара Дастаеўскага”.

У Мінску адораныя дзеці і моладзь (ад 4 да 25 гадоў) з усіх рэгіёнаў Беларусі прынялі ўдзел у V Адкрытым конкурсе сучасных мастацтваў “Зорны старт”. Творчае спаборніцтва, што праходзіла ў Палацы культуры ветэранаў, аб’яднала больш за дзве сотні канкурсантаў.

Канцэрт каледжаў мастацтваў і музычных каледжаў Гродзеншчыны адбыўся ў Ашмянскім раённым цэнтры культуры. Сярод іншых выступілі і выпускнікі Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Ганна Мацкевіч, Яўген Спірыдо, Анжэла Ліпавая.

Начальнік інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Святлана Робак паведамляе, што ў аграгарадку Адэльск прайшло свята млынароў. З гэтай нагоды пачаў працаваць музей пад адкрытым небам. На падворку мясцовага Цэнтра культуры прэзентуецца больш за сотню этнаграфічных прадметаў. А бібліятэкары Гродзеншчыны арганізавалі падворак “Бібліятэчны млын”. “Правялі і майстар-клас па вырабе “жавароначкаў”, — піша аўтар, — якія выпякаюцца, калі гукаюць вясну”.

 

Слоўнік на "мове зямлі"

У Год культуры краязнаўчы фонд светлагорскіх бібліятэк папоўніўся новым выданнем. “Тапанімічны слоўнік Светлагоршчыны” — вынік калектыўнай даследчай дзейнасці супрацоўнікаў раённай цэнтральнай і сельскіх бібліятэк.

Два стагоддзі таму гісторык Іван Філевіч трапна назваў тапанімію “мовай зямлі”. І па сёння яны нясуць вялікі зарад культурнага ўплыву. Сёння з беларускімі вёскамі знікаюць з народнай памяці цэлыя пласты дробных геаграфічных назваў. Не з’яўляецца выключэннем і Светлагорскі раён. Працу па зборы тапонімаў супрацоўнікі нашых бібліятэк ладзілі ў рамках краязнаўчай экспедыцыі “Культура продкаў у прасторы і часе”. Пошук доўжыўся амаль два гады. Мы збіралі ўспаміны жыхароў, старадаўнія тапаграфічныя карты, краязнаўчыя выданні і матэрыялы, газетныя артыкулы, матэрыялы з архіваў. У выніку гэтых шчыраванняў слоўнік змясціў на сваіх старонках 1603 тапонімы. У кнігу ўвайшлі таксама 522 тапонімы са збору Сяргея Прача, краязнаўцы, даследчыка-філолага, які ў пасляваенныя гады працаваў у раённай газеце “Ленінская перамога”.

Галіна ЗАХАРАНКА, намеснік дырэктара Светлагорскай раённай сеткі бібліятэк

 

35 твораў Наваполацку!

За вокнамі снег, а тут на сценах — прадвесне, паводка, рамонкавыя лугі, сады ў квецені… Гэта наваполацкая майстэрня Георгія Танковіча. Малая радзіма мастака — Шуміліншчына. Прырода была часткай яго дзяцінства і юнацтва. Дапамог ажыццявіць жаданне перадаць фарбамі хараство настаўнік пачатковых класаў. На мастацка-графічным факультэце Віцебскага педагагічнага інстытута імя Кірава юнаку пашанцавала займацца ў прызнанага майстра жывапісу Валянціна Дзежыца, вучня і паслядоўніка вялікага Кузьмы Пятрова-Водкіна. Шмат дало сяброўства з “бацькам віцебскай акварэлі” — Феліксам Гуменам, адбылася сустрэча з найбольш значнай фігурай мастацкага жыцця горада — Віктарам Лук’янавым.

Амаль паўстагоддзя Георгій Танковіч жыве і працуе ў Наваполацку. У свой час шмат зрабіў у справе яго добраўпарадкавання. Але галоўная прыхільнасць мастака — акварэль. Хто хоць аднойчы працаваў гэтымі фарбамі, ведае капрызлівы характар усім даступнай і надзвычай складанай тэхнікі. Яна патрабуе асаблівага пачуцця раўнавагі, мяккасці і душэўнай тонкасці. Прырода шчодра надзяліла Георгія Лявонавіча менавіта гэтымі якасцямі. Такім я ведаю яго больш за 25 гадоў.

Асабліва блізкія мне яго пейзажы. Глядзіш на іх і адчуваеш, наколькі жыццё мастака бязмерна напоўнена любоўю да роднага краю. Але пейзаж — не адзінае захапленне майстра. Не меншую ўвагу ён надае партрэту і нацюрморту. Апошнім часам творцу вабіць гістарычная тэматыка, дзе лейтматывам — мінуўшчына Полацкай зямлі. Прыглушаючы адкрытае гучанне белай паперы таніроўкай і змывамі, мастак стварае ўласцівыя яму суадносіны колеру, надае таямнічасць матыву.

Сёлета Георгію Танковічу — 70 гадоў. Мастак — у форме, у верасні прайшла ягоная персанальная выстава ў Мастацкім музеі Віцебска. А напрыканцы 2016-га персанальная выстава адбудзецца ў Наваполацку. І як тут не згадаць выказванне народнага мастака Беларусі Васіля Цвіркі: “Калі ты змог убачыць прыгажосць ля свайго парога, прыгажосць у малым, непрыкметным, на першы погляд — ты мастак. Сапраўдны мастак”. Дадамо: 35 лепшых твораў мастак перадаў Музею гісторыі і культуры Наваполацка.

Вера ШУШКО, навуковы супрацоўнік Музея гісторыі і культуры Наваполацка

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"