Дырыжораў трэба рыхтаваць на радзіме

№ 46 (1276) 12.11.2016 - 18.11.2016 г

Аркадзь БЕРЫН, дырыжор
Больш за дзесяцігоддзе я жыву і працую ў Германіі, але кожны прыезд у родную Беларусь застаецца для мяне святам, бо вельмі хочацца падзяліцца з суайчыннікамі назапашаным у замежжы вопытам.

/i/content/pi/cult/612/13620/5-2.jpgЦяперашняя вандроўка аказалася адной з самых плённых: я дырыжыраваў “Яўгенам Анегіным” у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі, правёў цыкл майстар-класаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. У канцы лістапада я зноў прыеду ў Мінск і 26-га ў Палацы Рэспублікі прадырыжырую адразу двума спектаклямі Маскоўскага тэатра “Рускі балет” пад кіраўніцтвам Вячаслава Гардзеева: “Шчаўкунком” і “Лебядзіным возерам”.

Але адной са сваіх галоўных задач я лічу высока несці сцяг беларускага музычнага мастацтва і найперш беларускай выканальніцкай школы, у развіццё якой я ў свой час зрабіў свой унёсак: узначальваў кафедру аркестравага і оперна-сімфанічнага дырыжыравання ў Акадэміі музыкі, выпусціў больш за 70 выхаванцаў, быў галоўным дырыжорам студэнцкага калектыву “Віртуозы Беларусі”, які ў 1998-м атрымаў Гран-пры як лепшы маладзёжны аркестр свету на міжнародным конкурсе ў Люксембургу, ствараў дзяржаўны духавы аркестр “Няміга” і кіраваў ім першыя чатыры гады.

Сёння мае паслядоўнікі працуюць па ўсім свеце. Але размаўляючы з беларускімі калегамі, неаднаразова чуў, што студэнты, маўляў, цяпер “не тыя, што раней”. Вядома, усё цячэ, усё змяняецца, але размовы пра тое, што моладзь быццам бы становіцца горш ды горш, былі, ёсць і будуць. Насамрэч, гэта не больш, чым наша псіхалагічнае ўспрыняцце, а зусім не рэальнасць. Бо каб так было насамрэч, у грамадстве спыніўся б усялякі прагрэс, саступіўшы рэгрэсу. А гэтага не адбываецца! Мне ёсць з чым параўноўваць, бо тыя ж майстар-класы я праводжу па ўсёй Еўропе. І цяперашнія амаль тыднёвыя майстар-класы ў Беларусі дадатковы раз пераканалі мяне ў тым, як багата адораных музыкантаў тут займаецца. Я вельмі задаволены ўзроўнем іх падрыхтоўкі. Асаблівае ўражанне пакінулі Віталь Грышчанка і Андрэй Якушаў. Апошні — з музычнай сям’і, скончыў Акадэмію музыкі як хормайстар, зараз паступіў туды зноў, гэтым разам як кампазітар, паралельна ўжо некалькі гадоў ён працуе ў хоры Вялікага тэатра Беларусі (быў артыстам, а цяпер яшчэ і памочнік хормайстра). Хлопец вельмі хвацкі, мэтанакіраваны, яму ўсё цікава, да ўсяго ёсць справа. Калі так пойдзе і далей, гадоў праз колькі з яго ўзрасце цудоўны галоўны дырыжор і мастацкі кіраўнік якога-небудзь буйнога калектыву. Гэта мая галоўная задача — разварушыць маладых беларускіх музыкантаў, надаць ім энергіі і адчування сваіх творчых сіл. А ў дзяржаўныя структуры — унесці разуменне таго, што галоўных дырыжораў трэба рыхтаваць у сваёй краіне, а не запрашаць з замежжа. Бо ў Беларусі ёсць для гэтага ўсе магчымасці: нацыянальная глеба добра ўзрошчвае таленты, надаючы ім менавіта нацыянальныя фарбы непаўторнасці.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"