Постфактум анімацыі

№ 46 (1276) 12.11.2016 - 18.11.2016 г

Развагі з прагляду 381 стужкі асноўнай праграмы “Анімаёўкі”
“Гэтым летам Луіза ўпершыню даведалася пра радасці кемпінгу на беразе мора разам са сваімі бацькамі. З татам яна збірае скарбы, якія, па яго словах, належаць сірэне. Бацька распавядае ёй гісторыю пра марскую істоту, якая не можа спяваць і не знаходзіць месца ў сваім грамадстве. Вакацыі цягнуцца больш, чым звычайна, і Луіза высвятляе, што гісторыя сірэны можа быць гісторыяй яе бацькі”. Бельгійская стужка “Вялікія канікулы” Караліны Нуквэс-Боурчат, якая стала адной з пераможцаў сёлетняга фестывалю “Анімаёўка” (“Лепшы фільм для дзяцей”), выглядае незвычайна. У яе цэнтры дзіця, але яго свет не такі закрыты і адасоблены, як звычайна рэпрэзентуецца ў мультыплікацыі для маленькіх. Менавіта так і выглядае сённяшняе анімацыйнае кіно, якое даўно не стаіць у баку ад сацыяльных праблем. І гэты тэзіс з новай сілай увасобіла сёлетняя праграма Магілёўскага міжнароднага фестывалю “Анімаёўка-2016”.

/i/content/pi/cult/612/13610/9-2.jpgГалоўнымі пераможцамі фестывалю сталі: стужка “Марк Шагал. Пачатак” беларускага рэжысёра Алены Пяткевіч (“Лепшае выяўленчае рашэнне”), “Непраходная Зона” калектыву аўтараў з Бельгіі (“Лепшы эксперыментальны фільм”), “Дэвіт” Дэвіда Янсана з Германіі і “Чхая” Дэбанджана Нандзі з Індыі (абодва адзначаны за “Лепшы дэбют”) ды расійскі фільм “Налім Маліныч” Сцяпана Бірукова з цыкла “Гара самацветаў”, атрымаўшы Гран-пры “Анімаёўкі” і яе галоўны прыз “Хрустальны аловак”. Журы на чале з заслужаным дзеячам мастацтваў Расіі, прафесарам, мастаком-аніматарам і рэжысёрам Леанідам Носыравым давялося прыняць няпростае рашэнне, прагледзеўшы 103 конкурсныя работы. Тым не менш выбар экспертнай рады на прыкладзе “Наліма Маліныча” схіліўся ў бок класічнай анімацыі рускай традыцыі, для якой уласцівыя мастацкая школа выявы, наратыўны аповед і літаратурная аснова (мультфільм зроблены па матывах паморскіх казак Сцяпана Пісахава). Большасць прадстаўленых работ з Расіі вылучала менавіта школа, літаратурацэнтрычнасць і скіраванасць на дзіцячага гледача. Аднак анімацыя сёння імкліва засвойвае новыя прасторы, і асабліва гэта было заўважна на прыкладзе заяўленага кіно (усяго на фестываль першапачаткова паступіла 381 заяўка, адкуль селекцыйная камісія адабрала 103), якое, можна сказаць, увабрала самыя разнастайныя прадстаўленні аб анімацыі. Менавіта на гэтых уяўленнях мне хочацца спыніцца як аднаму з сяброў той самай селекцыйнай рады (у складзе слыннага беларускага майстра Ірыны Кадзюковай і старшыні камісіі, рэжысёра студыі “Майстар-фільм”, прэзідэнта Адкрытага Усерасійскага майстар-клас фестывалю дзіцячага мультыплікацыйнага кіно “Жар-Птушка” Сяргея Сяргеева).

Хто і адкуль

Вялікі блок Францыі. Больш за трыццаць работ з Іспаніі. Каля дваццаці — з Германіі. Прадстаўнічая “шаснаццатка” з Бельгіі. Вядома, вялізны блок расійскай анімацыі. Геаграфічнае прадстаўніцтва “Анімаёўкі”, якое ўбірае 45 краін, унутры праграмы размяркоўваецца на асобныя анімацыйныя школы. Сярод якіх ёсць і Беларусь, але галоўныя ігракі — гэта вышэйпералічаныя Расія, Іспанія, Францыя, Германія, Бельгія і Польшча. Апошняя хоць і была заяўлена ў галоўным конкурсе з сямёркай стужак, тым не менш, заўжды падаецца моцным канкурэнтам, ад якога варта чакаць уплывовых прац. Сёлета яе блок складалі збольшага студэнцкія фільмы — і гэты прыклад можна цалкам перанесці на ўсю праграму: рэй сёння пачынае весці маладая анімацыя, якая ўключае ў сябе як фільмы студэнтаў слынных інстытуцый, так і аматараў з ніадкуль. Тое, што адбываецца зараз у кіно, ахапіла і анімацыю — даступнасць адмысловых камп’ютарных праграм, сучасных тэхналогій дазволіла навічкам гучна ўварвацца ў свет прафесіяналаў, адначасова асвяжыўшы і засмеціўшы апошні. Нямала фільмаў адразу адсякаліся ад удзелу ў конкурсе з непрафесійных пазіцый. “Такое адчуванне, што аўтары пераблыталі конкурс і замест профільнага дзіцячага анімацыйнага кіно даслалі работу ў асноўнае спаборніцтва”, — такія словы неаднаразова гучалі ў адрас той ці іншай стужкі ад старшыні камісіі Сяргея Сяргеева. “Увогуле, смела можна казаць пра перавагу студэнцкай анімацыі ў заяўках”, — назваў галоўны трэнд у бягучай праграме “Анімаёўкі” расійскі рэжысёр.

З чым і як

Пра што здымаюць маладыя? Ды пра самае рознае! Пачынаючы з пытання самаідэнтыфікацыі. Яны спрабуюць з дапамогай анімацыі выказацца на самыя разнастайныя тэмы, у тым ліку сацыяльныя і палітычныя. Гэта тычыцца, у першую чаргу, аўтараў з Заходняй і Цэнтральнай Еўропы, але нават Усход, асабліва мастакі Ірана, не баяцца ўзнімаць у анімацыйным кіно непрыглядныя праблемы грамадства.

Да прыкладу, адзначаны журы фільм “Дэвіт” нямецкага аўтара Дэвіда Янсана — гэта гісторыя сучаснага Маўглі, хлопчыка, які патрапіў у лес да ваўкоў з-за гвалту ва ўласнай сям’і. Маці была вымушана сысці з дома з-за пабояў мужа і па дарозе згубіла дзіця. Гісторыя выканана ў кантраснай чорна-белай графічнай манеры, дзе рысунак выяўляе прасторавыя пераўтварэнні горада. Гэта кіно зусім не дзіцячае як па форме, так і па змесце. Саступае яму ў выразнасці, але не ў вастрыні тэмы “Хрупкая лялька таты” іранскага рэжысёра Алі Зарэ Гханатнові. І тут у полі ўвагі траўмы дзяўчынкі, якая сутыкнулася ў сваім жыцці з арыштам і пакараннем таты, усё, што яна можа — адпомсціць ляльцы-ахоўніку, якую зрабіла ёй маці (камп’ютарная анімацыя).

“Дзікі агонь” французскага калектыву студэнтаў — і праблема самаідэнтыфікацыі жанчыны ў сучасным грамадстве. Галоўная гераіня стужкі Ена працуе пажарнай. Як спалучыць асабістае жыццё і складаную прафесію — пытанне, якое хвалюе зараз многіх прадстаўніц таго самага “слабага” полу. “Путаны” Цыпрыі Даната з Бельгіі — і даследаванне паўсядзённасці жанчын сэкс-працы, іх адчуванняў. Наступная работа бельгійскай студэнткі Джэсінтэ Фолан “Руж” — і графічная замалёўка на такую далікатную тэму як “крытычныя дні”. Анімацыя ў гэтых выпадках — гэта сродак спасціжэння свайго атачэння, адчуванняў, назіранняў, развагаў наконт навакольнага свету і пабудовы грамадства.

Новыя жанры?

Пры гэтым анімацыя як інструмент актыўна вылучае новую форму расповеду — так званую дакументальную анімацыю, калі аўтар ад першай асобы сродкамі анімацыйнага мастацтва перадае гісторыю ўласнага досведу. Гэта можа быць, скажам, своеасаблівы падарожны дзённік — “У Кітай” бразільца Марсэла Марао, дзе першае наведванне Паднябеснай рэжысёр аформіў у дасціпны анімацыйны наратыў. Ці гісторыя ўласных паразаў і перамог: польскі аўтар Марчын Падолец у сваім “Пяшчотным гіганце” перадаў вопыт поўнага чалавека, які вырашыў прыняць удзел у конкурсе паэзіі. “Армянскія дакументы” Арнэлы Макія з Бельгіі — і расповед гандляра садавінай на рынку Ерывана… Свайго кшталту аўтабіяграфія, “расквечаная” мовай малюнку. Па сутнасці, гэта форма не толькі маладых аніматараў. Яе актыўна задзейнічаюць і больш сталыя аўтары, змешваючы разнастайныя тэхнікі. У ліку падобных дакэксперыментаў, якія захопліваюць сваім стыкам візуальных прыёмаў, можна назваць стужку Крыстаса і Алекса Хэджуліс з Вялікабрытаніі “Гісторыя Сафі”, заснаваную на інтэрв’ю з Сафі Морган, жанчынай, што пазбавілася ад сваёй нарказалежнасці. Гэта гісторыя спалучае рысунак, 2D- і 3D-анімацыю, ратаскоп, чарнілы на паперы. І стужку ніяк нельга назваць выключна сацыяльнай. Таксама не выпадкова журы фестывалю адзначыла сярод лепшых і карціну “Непраходная Зона” калектыву аўтараў з Бельгіі. Сродкамі лялечнай анімацыі ў фільме “вядзецца хроніка” паўсядзённасці чалавека, які пасля эвакуацыі раёна каля АЭС у японскай Фукусіме заставаўся ў чырвонай зоне. У аповед уключаны “сведчанні” пацярпелых, тых, хто яго бачыў (знаёмыя прыёмы дакументальнага кіно), вядома, выяўленыя сродкамі анімацыі, — і падобнае спалучэнне тэхнік, як і жанраў, сапраўды, пакідае моцнае ўражанне.

Ігравое, анімацыйнае кіно няўмольна дрэйфуе ў бок дакумента і наадварот — і гэта, бадай, цікавая прыкмета сучаснага кінамастацтва.

Казкі ў “ажуры”?

Дзе ж “схавацца” анімацыі для дзяцей? Акурат расійская анімацыя, якая адразу вылучаецца як захаваннем класічных тэхнік (рысунак, перакладка), так і прыхільнасцю да пераважна дзіцячых жанраў (казкі, апавяданні), стаіць на пазіцыях анімацыі як кіно пераважна для дзяцей — мультыплікацыі. Нават сярод студэнцкіх работ расійскіх рэжысёраў пераважалі казачныя гісторыі, праўда, самых розных “паходжанняў”. “Ашуканцы” Юрыя Тамілава, да прыкладу, заснаваныя на афрыканскім фальклоры. “Бумеранг” Паўла Пагудзіна знаёміць з аўстралійскім казачным матэрыялам. А “Тая Чарапаха” калектыву аўтараў студыі “Пілот”, увогуле, спалучае тры кубінскія казкі ў адным фільме. Наважуся выказаць здагадку, што гэтая скіраванасць абумоўлена, уласна, і рынкам попыту: менавіта падобны прадукт сёння можа знайсці на расійскіх экранах — вялікіх і маленькіх — свайго спажыўца.

Паказальны прыклад тут — той жа цыкл казак “Гара самацветаў”, які прадстаўляе пераможца фестывалю “Налім Маліныч”. Серыя, фінансава падтрыманая Міністэрствам культуры Расіі, мае сталыя эфіры на адным з галоўных каналаў краіны-суседкі. Рэжысёрамі яе стужак выступалі (і выступаюць) вядомыя майстры анімацыі, сярод якіх, варта адзначыць, і беларускія аўтары. Безумоўна, у гэтым успрыяцці анімацыі як кіно пераважна для дзяцей адыгрывае ролю і традыцыя савецкай анімацыі, якая стаяла на пазіцыях выхавання, навучэння дзяцей, рамкі якой, тым не менш, дазволілі сфарміравацца моцнай анімацыйнай школе. Гэты напрамак сёння застаецца дамінуючым на расійскім рынку не толькі ў сілу культурных пераваг, але і як ніша, якая мае пэўную фінансавую падтрымку. Што да эксперыментаў, іх могуць сабе дазволіць сёння, на жаль, толькі выбраныя аўтары.

Што ж у нас?

Як у гэтым кантэксце выглядаюць беларусы? Супаставіўшы нават па колькасці 53 расійскія стужкі, што былі дасланы на конкурс, супраць 9 беларускіх — што можна сказаць? Беларуская анімацыя па-ранейшаму трымаецца на аўтарах сталага пакалення (сярод якога задзейнічаны не ўсе), і трымаецца замоваў. Але ж у нашым кантэксце, што цікава, курс на беларускія казкі і абрады выглядае не як крок назад, а, вядома, як рух наперад — да уласнай культуры. Праўда, не ўсе аўтары адчуваюць да падобнага матэрыялу, як кажуць, мастацкую прагу, і часам вынік выглядае вельмі пасрэдна. Але тут адбываюцца і яшчэ могуць адбыцца прарывы.

Што да маладога пакалення, з гэтым відавочныя праблемы, якія не раз агучвалі беларускія аніматары. Заўважым Руслана Сінкевіча і яго фільм “Якія сны сніць мядзведзь”, а таксама цалкам сучаснага аніматара па візуальнай мове і пасланні Івана Гапіенку з яго работай “Дзеці будучыні спяць”. Больш заявак рэжысёры новага пакалення на конкурс не падавалі. Магчыма, гэта дзіўная пустата — усяго толькі вынік няведання “Анімаёўкі”? Пакуль невядома.

Сучасная практыка асэнсавання жыцця… Уласная тэрапія… Гісторыі для дзяцей і дарослых… Мастацтва… Культура… Анімацыя ў які раз дэманструе сваю шматвымернасць і прапануе не выціскаць яе ў адно гета “карцінак для дзяцей”. Якую з яе іпастасяў абярэ для далейшай канцэпцыі магілёўскі фестываль — мяркую, адно з актуальных пытанняў, наўпрост звязанае з далейшым лёсам форуму.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"