“Не старэюць душой ветэраны” на Кургане Славы

№ 19 (837) 10.05.2008 - 16.05.2008 г

8 — 9 мая, па традыцыі, праходзіць ІХ Рэспубліканскі фестываль народнай творчасці ветэранскіх калектываў “Не старэюць душой ветэраны”. А напярэдадні, 3 мая, сваіх “дэлегатаў” на спеўнае свята вылучала Міншчына: у Смалявічах адбыўся адпаведны абласны фестываль, які сабраў больш як 40 удзельнікаў — калектываў і асобных салістаў агульнай колькасцю амаль 500 чалавек.

 /i/content/pi/cult/160/1361/Ne starejuc.jpg
Арганізатарамі абласнога свята выступілі ўпраўленне культуры Мінскага аблвыканкама, Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці, Смалявіцкі райвыканкам.

Вось ужо другі раз запар ветэранскія калектывы Міншчыны сустракаюцца на Кургане Славы, дзе адбываецца ўрачыстае адкрыццё фестывалю. Многія прыехалі з унукамі, дэманструючы пераемнасць пакаленняў. Гучалі песні ваенных гадоў. Іграў духавы аркестр Смалявіцкай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Юрыя Навінскага (пераможца фестывалю ў Чэхіі, гэты калектыў зараз запрошаны ў Латвію). Хвілінай маўчання ветэраны ўшанавалі памяць тых, хто не вярнуўся з вайны, усклалі кветкі да падножжа мемарыяльнага комплексу. А перш чым рушыць на конкурсныя праслухоўванні, што адбываліся ў Смалявіцкім гарадскім доме культуры, падмацаваліся салдацкай кашай.

У Смалявіцкім ГДК удзельнікаў віталі самадзейныя калектывы, была разгорнута выстаўка вышыванак. Усе ветэранскія калектывы і салісты атрымалі дыпломы за ўдзел, каштоўныя падарункі. Былі і спецыяльныя прызы Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры і Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў для клубных аб’яднанняў. Галоўнай жа ўзнагародай сталася “пуцёўка” на Рэспубліканскі фестываль у Мінск. Яе атрымаў надзвычай зладжаны Народны хор ветэранаў працы Слуцкага ГДК пад кіраўніцтвам Аляксандра Шыяна.

Але ж адзначаць можна было ледзь не кожнага. Тым больш, што некаторыя калектывы рыхтаваліся надзвычай грунтоўна, прапанаваўшы не проста асобныя нумары, а вакальна-літаратурна-харэаграфічныя кампазіцыі.

Больш як чатырохгадзінны канцэрт стаўся сапраўдным суквеццем народных талентаў. Чаго толькі ні пабачылі члены журы на чале з мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Беларусі імя Г.Цітовіча, лаўрэатам дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, народным артыстам краіны, прафесарам Міхасём Дрынеўскім! Былі і песні (пад акампанемент не толькі баяна, але і інструментальных ансамбляў, часам фанаграм-”мінусовак”), і танцы (грацыёзна-заліхвацкая мазурка Маладзечанскага клубнага аб’яднання “Адпачынак”), і а-капэльныя шматгалосныя спевы (вакальны жаночы ансамбль “Залаты ўзрост” Заслаўскага ГДК), і тэатральныя фрагменты (удзельнікі народнага тэатра Мар’інагорскага РЦК), і франтавыя прыпеўкі (Жодзінскае клубнае аб’яднанне “У коле сяброў”).

Прыемна, што гучала шмат беларускай музыкі (у прыватнасці, творы Ігара Лучанка, Леаніда Захлеўнага, беларускія народныя песні).

Сімвалічна, што фіналам свята стала выступленне зводнага хору ветэранаў — з песняй Серафіма Тулікава “Не старэюць душой ветэраны”, якая была прызнана фестывальным гімнам.

Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Юрыя ІВАНОВА