“Іншага лёсу я не жадаў…”

№ 46 (1276) 12.11.2016 - 18.11.2016 г

“К” завяршае аповед пра знакамітага кінарэжысёра, народнага артыста СССР, народнага артыста Беларусі Віктара Турава.

/i/content/pi/cult/612/13607/15-1.jpg…У Тэатр-студыю кінаакцёра яго прывезлі ў суправаджэнні медперсаналу. Пасадзілі ў прэзідыум, і ён стомлена, без усялякага захаплення, слухаў доўгія прамовы чыноўнікаў ды калег з пажаданнямі здароўя і новых творчых поспехаў. Хаця калі яго павіншавалі з медалём Францыска Скарыны, Тураў трошкі падбадзёрыўся: усё ж першая (!) дзяржаўная ўзнагарода такога кшталту. Да гэтага, як ні дзіўна, ён не меў ні ордэнаў, ні медалёў... Дзяржпрэмія Беларусі яму была прысуджана пасмяротна.

…Калі вечар скончыўся, на выхадзе з залы Віктар Цімафеевіч пабачыў мяне ў праходзе між крэсламі, падышоў, асцярожна абняў і сказаў: “Зараз руш у рэстаран гасцініцы “Кастрычніцкая”. Аўтобусы — унізе... Вып’ем па чарачцы...” У рэстаране Тураў сядзеў побач з маці Марыяй Ісаеўнай ды сваякамі і мужна трымаўся за сталом пад наглядам дактароў. Людзей было шмат — тых, з кім Тураў працаваў на здымачнай пляцоўцы і кінаэкспедыцыях, хто прымаў удзел у стварэнні яго фільмаў, і проста сяброў, не звязаных з кіно. Хіба мог я тады падумаць, што потым у гэтым жа рэстаране, у тым жа зале пройдуць памінкі і па іншых маіх сябрах, — па Мішу Пташуку і Валодзю Мулявіну...

Праз тыдзень, вечарам 31 кастрычніка, я прыйшоў да Віктара ў бальнічную палату. Мяне ўжо тут ведалі і таму прапусцілі без цяганіны. Ля ложка моўчкі сядзела прыбітая горам, ужо ні на што не разлічваючы, Тамара Пятроўна, яго жонка. Віктар знаходзіўся ў непрытомным стане і на мой прыход ніяк не зрэагаваў. Прабыўшы там некаторы час, я пакінуў палату. А бліжэй да поўначы Віктар Цімафеевіч сканаў... Мне патэлефанавалі, і тады, памятаю, у мяне імгненна з’явілася адчуванне пустаты. Нібыта ў наш ”культурны дом” знянацку патрапіў цяжкі снарад, і там, недалёка ад нас, — пустэча, дзірка, і толькі маўклівае падзенне сумнага восеньскага лісця... Праз колькі дзён я падрыхтаваў ліст у Парыж да Марыны Уладзі, якую, дарэчы, Тураў вельмі хацеў бачыць на сваім юбілейным вечары: усё ж яны былі добрымі сябрамі. Ліст я перадаў праз французскае пасольства, але адказу так і не дачакаўся. Відаць, у Марыны на той час былі іншыя клопаты...

Што я магу сказаць сёння, калі мы адзначаем 80-годдзе з дня нараджэння Віктара Турава і згадваем 20 гадоў з дня яго сыходу ў іншы свет? Адно: ён годна нёс цяжар і гонар беларускай інтэлігенцыі. Сагнуты пад тым грузам, пакутаваў ад незаслужаных крыўд, часова, здаралася, замаўкаў — і ўсё ж такі нёс гэты цяжар і, разам з тым, гонар, ніводнага разу не рынуўшы іх у бруд. У мастацкім жыцці жывая прысутнасць Турава — чалавека няпростага, захопленага, імклівага — была своеасаблівым знакам высакароднасці, шчырасці, хараства і артыстызму. Помніцца, як на памінках па ім Міхаіл Пташук сказаў: “Віктар Цімафеевіч — першы чалавек у беларускай кінематаграфіі, які вывеў “людзей з балота” на сусветны экран. Першы, праз чые карціны свет даведаўся пра маленькую краіну — Беларусь, якую Віктар так любіў, і нікуды адсюль не хацеў з’язджаць, хаця мог...” Я ж дадам, што з сыходам Турава, а потым і Пташука, Ігара Дабралюбава, тураўскіх сааўтараў-мастакоў Яўгена Ігнацьева, Яўгена Ганкіна і Уладзіміра Дзяменцьева, іншых выдатных кінадзеячаў “Беларусьфільма”, сышла вялікая кінаэпоха Беларусі. І сёння адна надзея — на іхніх вучняў, на моладзь і на дзяржаву, канешне ж...

У сённяшні юбілей Віктара Цімафеевіча скажу, што найлепшыя карціны яго не састарэлі і глядзяцца прыстойна. Дай божа, каб ягоныя кінастужкі жылі яшчэ сто гадоў, пачынаючы з “Праз могілкі”, “Я родам з дзяцінства”, з кінатрылогіі “Палеская хроніка” і заканчваючы “Чорным буслам” і “Шляхцічам Завальнем...” І каб іх больш глядзела наша сучасная моладзь.

…А той дыялог з Туравым, які быў надрукаваны ў дзевяці нумарах “К” у 1996 годзе, дайшоў да Масквы, да гарадскога Камітэта па культуры і Дзяржаўнага культурнага цэнтра-музея Уладзіміра Высоцкага. Мяне адшукалі і папрасілі хутка пераслаць ім тэкст (на рускай мове) для зборніка “Мир Высоцкого”, які тады рыхтаваўся да 60-годдзя Уладзіміра Сямёнавіча. Праз паўгады кніга, што адкрывалася маім матэрыялам пад назвай “Виктор Туров: “О дружбе с Высоцким я молчал шестнадцать лет...”, выйшла ў свет і тут жа стала бібліяграфічнай рэдкасцю: усяго 500 асобнікаў на ўсю Расію! І тое — не на продаж. Але самае цікавае, што гэтую кнігу мне асабіста прывёз у Мінск Мікіта Уладзіміравіч Высоцкі — сын паэта, акцёра і барда. Ён таксама вельмі паважаў Турава. Два дні мы правялі разам за гаворкамі: у рэдакцыі газеты “Культура” і ў клубе імя Дзяржынскага, дзе Мікіта Высоцкі разам з Барысам Хмяльніцкім даваў канцэрт. І я, канешне ж, усе касеты з запісамі маіх гутарак з Віктарам Туравым падараваў Цэнтру-музею Высоцкага. Там яны знаходзяцца і па сёння...

Аднойчы Віктар Цімафеевіч сказаў, што за свае фільмы ён ніколі не саромеўся, нават за тыя, дзе былі пралікі і няўдачы, бо “...каб у нейкай з карцін я прапаведаваў зло, бруд, антыгуманнасць — такога не было...” Сапраўды так...

 

Пра Віктара Турава — яго сябры і калегі

Уладзімір Высоцкі, акцёр, паэт, спявак: “Віктар Тураў — мой блізкі сябра. Не трэба ніякіх гідаў і перакладчыкаў, калі вы жадаеце паглядзець Беларусь, — трэба, каб Віця паказаў. Лепшага суправаджальніка па гэтай краіне не знайсці. Ён так любіць сваю радзіму, што можа паказаць усё. Ніхто вам не раскажа пра Беларусь так, як ён, гэты цудоўны хлопец і цудоўны рэжысёр... Пасля фільма “Я родам з дзяцінства” я працягваў пісаць для фільмаў “Вайна пад стрэхамі”, “Сыны ідуць у бой”. Шмат песень мной напісана, і вельмі многім я ўдзячны студыі “Беларусьфільм” і асабліва Віцю Тураву, які рызыкнуў у часы, калі да аўтарскай песні стаўленне было пустое, уставіць мае рэчы ў свае карціны. Нават калі не працаваў у фільмах Віктара, я прыязджаў да яго ў час здымак на натуры...”

Генадзь Гарбук, народны артыст Беларусі, выканаўца ролі Чарнушкі ў фільме “Людзі на балоце”: ”Не магу сказаць, што з Туравым мы былі блізкімі сябрамі, хоць я ведаў пра яго многае. Ведаў, што кіно для яго было галоўнай справай жыцця, што ён меў сапраўдны байцоўскі характар, асабліва ў барацьбе з чыноўнікамі. Ён імкнуўся, як той Дон Кіхот, штосьці глабальна зрушыць у лепшы бок у нашым складаным кінематографе... Я ганаруся тым, што сыграў адну з галоўных роляў у яго бліскучым, па-сапраўднаму глыбока нацыянальным фільме “Людзі на балоце” (сцэнарый яго Тураў і напісаў) дзе ён аказаўся таленавітым інтэрпрэтатарам Мележа. У час здымак выявіў сябе не толькі выдатным пастаноўшчыкам, але і мудрым чалавекам, сябрам для калектыву. Калі здымаўся фільм на натуры, я большую частку часу быў заняты ў тэатры — раніцай і ўвечары. І толькі ў перапынках мяне хутка забірала “кіношная” “Волга”, дзе я адразу пераапранаўся, і везла мяне за Мінск, на Валовую гару, дзе была наша зімовая натура. А там ужо Тураў усё падрыхтаваў для здымак сцэны вяселля Яўхіма і Ганны. Я выходжу з “Волгі” — і... з плачам (па сцэнарыі!) адразу ж уключаюся ў ігру. Віктар задаволены: другога-трэцяга дубля гэтым разам не спатрэбілася. Наогул, мне з ім працавалася вельмі лёгка, мы разумелі адзін аднаго з паўслова...”

Алена Барзова, актрыса, выканаўца ролі Ганны ў фільме “Людзі на балоце”: “Усё, што рабіў Віктар Цімафеевіч, было бескарысліва. У яго была адкрытая душа. Ён не баяўся зайздрасці, таму што не дазваляў сабе зайздросціць. Тураў пастаянна даказваў, што цяжкай працай можна дасягаць добрых вынікаў. Яго імя — знакавае не толькі ў маім лёсе. Ён быў цудоўным сябрам і выдатным рэжысёрам. Асабіста для мяне — амаль сваяком і духоўна блізкім чалавекам. Мастацтва ягонае заўсёды будзе жыць у нашай памяці, а ён — у нашых сэрцах...”

Аляксандр Яфрэмаў, народны артыст Беларусі, рэжысёр тэатра і кіно: “Я многа чуў пра тое, што на здымачнай пляцоўцы ў Турава — асаблівая атмасфера… У час здымак яго фільма “Людзі на балоце” я сам у гэтым пераканаўся. Я рабіў рэкламны ролік пра карціну. Была зіма, здымалі калядны ход. І усё навокал было так ярка, так нязвыкла, так шчодра, што я забыў пра тое, што сам жа на працы: схапіў калядную зорку і кінуўся ў радасны натоўп. Так і здымаўся разам з артыстамі, захоплены і ап’янёны дзівосным адчуваннем свята. А свята ў Турава заўсёды: у багацці пачуццяў, у яркасці захапленняў. Калі чалавек здольны стварыць і перадаць такое, упэўнены, што свята жыве ў ім самім. А гэта значыць, што чалавек адзначаны Богам. Віктар Цімафеевіч адкрыў для сябе кінарэжысуру як найцікавую кнігу і прачытаў яе, не адрываючыся ні на імгненне. Усю, да апошняй старонкі. Ён быў і выдатным педагогам-майстрам. Самыя галоўныя яго ўрокі былі ўрокамі душы. Ён вучыў дабрыні, веры ў найлепшае ў чалавеку: любові да Радзімы, да бацькоў, да жанчыны, да дзіцяці — любові да Жыцця. Вучыў таму, што адчуваў сам...”

Дзмітрый Зайцаў, кінааператар, рэжысёр, прадзюсар, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, працаваў з Туравым аператарам-пастаноўшчыкам у шасці фільмах, у тым ліку “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы”: “Віктар Тураў быў вельмі схільным да захаплення. Любіў жыццё і добра яго разумеў. Любіў баню, жанчын і застоллі. Ён эрудыт, з ім было цікава мець зносіны. Быў выбухным і азартным, выдатна гуляў у карты і, здаецца, ніколі не прайграваў. А як ён любіў футбол! Мог так прафесійна каменціраваць любы матч, што мы часам над ім паджартоўвалі: “Ты мог бы трэнерам быць!” Балельшчык — заўзяты, так! І гэткім Тураў быў ва ўсім”.

Барыс Няўзораў, народны артыст Расіі, выканаўца ролі Яўхіма Глушака ў фільмах “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы”: “Віктар Тураў быў ад прыроды такі, што людзі да яго самі ліпнулі. Ён быў вучнем Даўжэнкі, у яго сэнс быў не толькі ў словах — у самой выяве. Пасля “Людзей на балоце” я здымаўся амаль у кожнай яго карціне: ён называў мяне сваім талісманам. Беларусь — шматпакутная зямля. Людзі, якія там жывуць, як ніхто разумеюць, што ёсць войны, нясчасці, страты, нягоды, сапраўдныя каштоўнасці. Тураў добра ведаў, як усё гэта трэба адлюстроўваць у мастацтве. І вакол яго аб’ядноўваліся людзі, якія неслі “мастацтва ў сабе”. “Людзі на балоце” — гэта фільм пра станаўленне савецкай улады ў беларускай вёсачцы, пра вечныя страсці чалавечыя. Пра тое, што калі наступае час “ікс”, з людзей чамусьці пачынае вылязаць самае дрэннае. І адбываецца гэта часцей за ўсё тады, калі чалавек пачынае жыць уразрэз з гэтым цудоўным светам. Гэта вечная гісторыя, і Тураў умеў яе паказаць. З гэтым фільмам мы ўзялі Гран-пры на фестывалі ў Таліне, пра што ноччу па сакрэце нам паведаміў Вадзім Абдрашытаў, адзін з членаў журы. Ён прыбег да нас з пылаючымі вачыма: “Я цяпер ведаю, як трэба здымаць кіно!” Мы былі шчаслівыя і вельмі жадалі адзначыць перамогу. Але было ўжо тры гадзіны ночы. Тады хтосьці сказаў: “У Стэфаніі Міхайлаўны Станюты ёсць некалькі бутэлек лікёру, сёння купіла. Борка, ідзі да яе, яна цябе любіць”. І пайшоў я да Станюты. Даведаўшыся пра наш прыз, Станюта дастала з-пад ложка чамадан: “Забірай!” Я ўзяў гэты “Старый Таллин”. У кампаніі Турава мы яго і выпілі…”

Уладзімір Гасцюхін, народны артыст Беларусі, выканаўца галоўнай ролі ў фільме “Шляхціч Завальня...”: “Такім сынам, як Віктар Тураў, Белая Русь павінна ганарыцца. Ён па-сапраўднаму, аддана і шчыра, любіў сваю зямлю, кожны яе лапік. Але ягонага сэрца хапала і на большае. Гэта быў дзяржаўны чалавек. І ён ведаў, што кінематограф — дзяржаўнае мастацтва. У савецкім кіно ён быў найярчэйшай зоркай...”

Яўген Дога, кампазітар, народны артыст СССР, аўтар музыкі да фільма “Чорны бусел”: “Віктар Тураў быў патрыётам Беларусі. Яго творчая платформа была дакладна акрэсленай, і ўклад ягоны ў нацыянальную культуру Беларусі — велізарны. Але заўважана: творчасць такіх людзей належыць свету... Мне давялося прысутнічаць на апошнім яго юбілеі. Рэжысёр быў цяжка хворы, але ў памяці застаўся чалавекам несакрушальнай волі, які ўмеў і ў такім стане радавацца жыццю. Дзякуючы Тураву я пазнаёміўся з беларускімі народнымі інструментамі, пабываў у майстэрнях умельцаў. А яшчэ ў яго на кухні ўпершыню пакаштаваў дранікі і назаўсёды палюбіў іх...”

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"