Яніс Райніс: Мінск-1926 у трох здымках

№ 46 (1276) 12.11.2016 - 18.11.2016 г

У Беларусі ніколі не забываліся на Яніса Райніса — паэта і перакладчыка, драматурга, філосафа і грамадскага дзеяча Латвіі. Ён нарадзіўся на прыберагу Даўгавы, у тых мясцінах, дзе і ў вуснах яго маці не зжылася мова беларусаў і перадаваліся сыну Жаныню матывы нашай спеўнай творчасці.

/i/content/pi/cult/612/13606/14-2.jpgЁн, міністр асветы Латвіі, быў запрошаны дэлегатам на Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу і азбукі ў Мінску 14 — 21 лістапада 1926 года. Гэта быў першы навуковы выхад Беларусі на міжнародную арэну, як зазначаў яе ўдзельнік Сцяпан Некрашэвіч. У тыя дні беларускія дзеячы навукі, літаратуры Уладзіслаў Ігнатоўскі, той жа Некрашэвіч, Мікола Байкоў, Янка Купала, Якуб Колас, Міхайла Грамыка, Браніслаў Эпімах-Шыпіла, Пётр Бузук, Язэп Лёсік і іншыя сустракалі гасцей з розных краін. Сярод іх былі велічыні ў лінгвістыцы Павел Растаргуеў, Міколас Біржышка, Юзаф Галомбэк, Макс Фасмер… Разам з Райнісам выехалі з Рыгі дацэнт Латвійскага ўніверсітэта Блесэ, дырэктар Беларускай гімназіі ў Люцыне Уладзімір Пігулеўскі, рэдактар газеты “Голас Беларуса” Кастусь Езавітаў. У вагоне разам з імі аказаўся навуковец і выдавец з Коўна Вацлаў Ластоўскі. Райніс некалькі разоў выступаў на канферэнцыі.

У Юрмале (станцыя Маяры, вуліца Пліекшана, 5/7) я знайшоў у архівах дачы-музея Райніса і Аспазіі некалькі кніг з дарчымі надпісамі беларускіх пісьменнікаў, фотаздымкі з тых спектакляў, на якіх яму давялося быць у Мінску. Зацікавіў мяне кадр, дзе Райніс сфатаграфаваны разам з Янкам Купалам і пісьменнікамі — з сябрамі літаратурна-мастацкага згуртавання “Узвышша”. На здымку сядзяць злева направа: Змітрок Бядуля, Яніс Райніс, Янка Купала, Кандрат Крапіва (намеснік старшыні згуртавання); стаяць: Язэп Пушча, Адам Бабарэка (сакратар), Уладзімір Дубоўка, Пятро Глебка, Кузьма Чорны (старшыня “Узвышша”). І вось на адвароце гэтага здымка я прачытаў аўтограф Янкі Купалы, напісаны лацінкаю: “Вельмі паважанаму песняру Латвіі Я.Райнісу шчырапрыязны Янка Купала Менск 19/XI — 26 г.” Цікава, што “выпраўлены” варыянт кадра я знайшоў у архівах Літаратурнага музея Янкі Купалы. Справа ў тым, што ўжо ў 1926 годзе Крэмль выказаў незадавальненне прайшоўшай канферэнцыяй, а пазней яна была абвешчана з’ездам беларускіх нацыяналістаў і контррэвалюцыянераў. Многія ўдзельнікі гэтага “нацдэмаўскага генеральнага злёту” былі рэпрэсіраваныя. Не ўратаваліся і тры “ўзвышэнцы” са згаданага кадра: Дубоўка, Бабарэка, Пушча. Адсюль і "рэдакцыя" фота.

І яшчэ адзін здымак, цудоўны партрэт Яніса Райніса, быў зроблены ў той жа дзень. Дзе? У фотаатэлье “Трудколлектив”, што размяшчалася на вуліцы Савецкай, 73.

...У 2002 годзе рыжскі беларус Вячка Целеш выдаў паштоўку “Янка Купала і Ян Райніс”. На ёй за постацямі народных паэтаў відаць берагі Дзвіны-Даўгавы. Мне паштоўка нагадвае пра тое, што 21 лістапада 1926 года Райніс з Купалам быў у Віцебску на адкрыцці новага тэатра, які назвалі БДТ-2. Ён ведаў, што ў Віцебску жыла і пахавана яго мама Дарта, пра якую ён пісаў: “Па паданні продкі маці // з вольнае Літвы баяры” (пераклад Рыгора Барадуліна). Але толькі праз дзясяткі гадоў ад наведання Райнісам горада на Стара-Сямёнаўскіх могілках была аздоблена магіла яго маці. І, да прыкладу, 140-годдзе з дня нараджэння Яна Райніса мы адзначылі каля помніка Дарце Пліекшанэ з роду Грыкоўскіх.

Ну а пра Акадэмічную канферэнцыю варта пісаць, ацэньваючы тыя грандыёзныя зрухі, набыткі ў беларусізацыі дзяржавы. Але і гэтыя згадкі праўдзяць высновы Райніса, выказаныя ім у Рызе пасля вяртання з падарожжа: “…беларусаў ахапіла цудоўная нацыянальная ўзнёсласць”.

Сяргей ПАНІЗЬНІК, паэт, кавалер Ордэна Трох Зорак Латвійскай Рэспублікі