Сямейныя таямніцы Дуніна-Марцінкевіча

№ 46 (1276) 12.11.2016 - 18.11.2016 г

Лёсы сясцёр класіка літаратуры
Жыццё першага беларускага літаратара-прафесіянала Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча — адно з найбольш даследаваных і вядомых у айчынным літаратуразнаўстве. Аднак тычыцца гэта, у першую чаргу, пазнейшых гадоў яго жыцця. Што ж да нараджэння, дзяцінства і юнацтва Вінцэнта, і, асабліва, жыцця маці, бацькі і сясцёр, то ніякай яснасці тут не было, бо, па сутнасці, даследчыкам былі вядомыя ўсяго... чатыры дакументы, дзе яны згадваліся.

/i/content/pi/cult/612/13605/14-1.jpgЧатыры дакументы

У першую чаргу гаворка пра запісы ў метрычных кнігах бабруйскага касцёла аб нараджэнні і хрышчэнні Вінцэнта Марцінкевіча (у сваім артыкуле я буду карыстацца гэтым варыянтам прозвішча — без “Дуніна”, — бо ні ў адным з ранніх дакументаў прыдомак не згадваецца, а з’явіўся ён, здаецца, тады, калі Вінцэнт заняўся “доказамі” старажытнага паходжання роду). Так, запісаў некалькі, бо класік быў ахрышчаны ў дзень свайго нараджэння 23 студзеня 1808 года спачатку няпоўным хростам — вадой. Падобна, што нарадзіўся ён раней за час, нечакана, і быў вельмі слабым, што давала ўсім падставы спяшацца з таемствам — няроўна гадзіна, немаўля магло адправіцца на той свет нехрышчоным (пасля хрышчэнне было дапоўнена яшчэ і алеем). Так што давялося хроснай мамай Вінцэнта стаць яго сястры — Юліі. Яна згадваецца толькі ў гэтым дакуменце і больш ніколі не трапляла ў поле зроку даследчыкаў.

Два іншыя дакументы знойдзены Язэпам Янушкевічам. Гэта шляхецкі спіс, складзены 19 жніўня 1816 года, дзе ні бацька Ян Марцінкевіч, ні Юлія ўжо не згадваюцца. Але затое ёсць звесткі пра іншую сястру беларускага класіка — Алёну (Хелену), якая была на два гады старэйшая за яго. А другі — гэта такі ж спіс за 1820 год. Толькі дзякуючы яму даследчыкі даведаліся, што ў 1819 годзе малалетні Вінцэнт Марцінкевіч “адпраўлены маці з Панюшкавіч у г. Санкт-Пецярбург пад апеку рымска-каталіцкіх цэркваў біскупа Сестранцэвіча і зараз там знаходзіцца”. Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч — адзін з самых уплывовых людзей Расійскай імперыі — насуперак звесткам, што трапілі ў біяграфіі, не быў кроўным сваяком ні бацьку, ні маці, ні самому Вінцэнту. Але гэта ўжо трохі іншая гісторыя, якая сведчыць хіба што пра адно: некаторыя біяграфічныя аксіёмы ў нашых энцыклапедыях не з’яўляюцца праўдай і, дзякуючы новым дадзеным, будуць перапісаныя. Вялікая праверка чакае і звесткі, пададзеныя маладым Вінцэнтам у вывадовай справе Дуніных-Марцінкевічаў.

Пра далейшы лёс Алёны Марцінкевіч было вядома толькі па ўскосных крыніцах, хутчэй, нават па здагадках. У артыкуле “Радаводнае дрэва Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, або Працяг будзе” Язэп Янушкевіч піша аб Зофіі-Аліцыі: “у Дуніна-Марцінкевіча была праўнучка Стэфанія Сасноўская… Дык вось яе бабку звалі Зофія — Зося… Стэфанія паведамляла, што яе бабка нарадзілася каля 1841 года. Пагадзіцеся, супадзенне знамянальнае. Аднак, як сведчыць далей Стэфанія Сасноўская, прабабка яе (верагодней за ўсё родная сястра В.Дуніна-Марцінкевіча, Гелена) была замужам за Язэпам Уміньскім, Зофія — іх дачка. Што ж, чалавечай памяці трэба давяраць)”. Зараз мы зможам даказаць дакументальна, што памяць Стэфаніі Сасноўскай, сапраўды, была вартая даверу, а таксама на падставе дзясяткаў знойдзеных мной дакументаў скасаваць недахопы ранняй біяграфіі Вінцэнта і яго блізкіх. Але пра ўсё па парадку.

Хросная ў восем год?

Спачатку аб хроснай беларускага класіка — Юліі. На падставе яе ўдзелу ў сакрамэнце хросту Язэп Янушкевіч зрабіў здагадку: “Самы адметны штрых першага афіцыйнага дакумента, звязанага з прыйсцем на свет у маёнтку Панюшкавічы Бабруйскага павета сына тамтэйшага арандатара — хроснай мамай навароджанага стала… старэйшая сястра Юльяна… Трэба думаць, розніца ў гадах мелася значная. Не магла ж дзесяцігадовая кума ўтрымаць перад алтаром пісклявае стварэнне, а тым больш быць абранай асобай, якой даручаецца духоўнае выхаванне будучага мужчыны? Брат і сястра, верагодна, даводзіліся роднымі толькі па бацьку. Гісторыя не данесла імя першай жонкі Яна Марцінкевіча. Вінцэнт, бясспрэчна, чуў яго з вуснаў сямейнікаў не раз, хоць жанчына памерла на добрых паўтара дзесяцігоддзі перад ягоным нараджэннем”.

Аднак тут, падаецца, інтуіцыя падвяла даследчыка і ў плане незахавання імені першай жонкі Яна Марцінкевіча (мы абавязкова назавем і яе імя, і нават прозвішча ў дзявоцтве), і ў плане хроснай маці — Юлія была роднай сястрой Вінцэнта. Яна нарадзілася 24 красавіка 1799 года і была спачатку ахрышчана ва ўніяцкай царкве. Пасля, 22 чэрвеня 1800 года, хрышчэнне было дапоўнена паводле каталіцкага абраду. Такім чынам, падчас здзяйснення сакрамэнту хросту над Вінцэнтам ёй было ўсяго 8 гадоў! Безумоўна, падобны выбар хроснай маці можна абгрунтаваць толькі на версіі вельмі экстрэмальных умоў з’яўлення дзіцяці на гэты свет. Адсутнасць жа Юліі ў дваранскім спісе 1816 года тлумачыцца вельмі проста: яна выйшла замуж і з’ехала з Панюшкавіч. Адбылося гэта раней за 5 красавіка 1815 года. Ва ўсялякім разе, менавіта ў гэты дзень яе муж шамбелян былога Двара польскага Юзэф Высоцкі склаў распіску ў атрыманні ім пасагу. І ў гэтай распісцы ён ужо называе Юлію сваёй жонкай. Выходзіць, што замуж яе выдалі яшчэ да 16-ці гадоў, што адбылося толькі 24 красавіка 1815 года...

Зміцер ДРОЗД, гісторык, архівіст

На ілюстрацыі: запіс аб хрышчэнні Хелены, дачкі Яна і Марціяны (з Нядзвецкіх) Марцінкевічаў, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (публікуецца ўпершыню).

(Заканчэнне чытайце ў наступных нумарах.)

Аўтар: Зміцер ДРОЗД
гісторык, архівіст