Патрэбнае кандовае

№ 45 (1275) 05.11.2016 - 11.11.2016 г

Пры ўсёй любові да року чыстай вады — без альтэрнатыўных украпванняў ды андэрграўндных прымешак, я не з’яўляўся прыхільнікам гэтага гурта да такой ступені, каб у запале палемікі з крытыкам калектыву нанесці візаві траўмы, несумяшчальныя з яго магчымасцю чуць надалей што-небудзь з музыкі наогул.

/i/content/pi/cult/611/13603/4-17.jpgКаманда гэта не здавалася мне рэвалюцыйнай у плане тэкстаў і меладычна яркай, як, да прыкладу, “N.R.M.”, аранжыровачна далікатэснай, што той “Ulis”, або вакальна-эксклюзіўнай, накшталт “Мясцовага часу”. Падкупляла яна сваёй грунтоўнасцю і дыхтоўнасцю, кранала гэткім... “домостроем”, калі крок налева, крок направа ад музычна-патрыярхальнага лічыцца парушэннем “ольдскульнага” ўкладу. І ўражвала прафесіяналізмам. Сапраўдныя ж выканаўцы як: нараджаюцца хоць і з амбіцыямі, але толькi ў працэсе развіцця навыкаў і назапашвання багажу мацнеюць у сілу наяўнага таленту, і, нарэшце, дасягаюць пэўных вышыняў. “Крама”, а гаворка пра яе, на мой погляд, паўстала арганізмам, што адбыўся адразу. Прычапіцца не было да чаго. Вядома, без “бацькоў” — папярэдніх складаў, якія далі ёй жыццё, — не абышлося, але абавязковы тэрмін, калі старое нейкі час трансфармуецца ў новае, яна нібы пазбегла.

Дзесяць гадоў з моманту ўтварэння гурт “каціў” сабе і “каціў”. Увогуле роўненька (пры спробе прарыву на Захад набыўшы лакальную замежную вядомасць і перамогу на першай “Рок-каранацыі”). У гэты перыяд спыніў існаванне “Мясцовы час”, якi ў фінале ўзяўся граць глэм; тузаўся “Ulis”, то распадаючыся, то ізноў збіраючыся (скон яго пакуль афіцыйна не зарэгістраваны); на самы пік узнялася “N.R.M.” з яе пастаяннымі перформансамі. А “Крама” гнула сваё. Звыкла архаічнае, без песень-ультрабаевікоў, але са шлягерамі, якія ўвайшлі ў “залаты” фонд беларускага рока. Як бы вынікаючы з анекдота: пакуль маладняк з гіканнем нёсся на раўніну, жадаючы хуценька задаволіць уласныя творчыя патрэбы, яна нетаропка спускалася, ведаючы, што ніхто не ўратуецца ад яе рытм-энд-блюза, блюз-рока і рока. Працаўнікі, у кожнай песні якіх адчуваліся кроў, пот і слёзы. Бездакорныя майстры жанру. З інструменталістамі, якіх пашукаць, са злёгку флегматычным фронтмэнам — непарушным Чэ айчыннай непапулярнай музыкі.

А потым пачала буксаваць, як і амаль усе нашы рок-героі. Яе лідар то ўпадаў у крайнасць, заяўляючы, што з дня на дзень каманда выкіне белы сцяг, то сілкаваў меламанаў аптымізмам, абвяшчаючы аб чарговым “другiм” дыханні. “Наязджаў” на журналістаў, што тыя перасталі заўважаць гурт; спасылаўся на адсутнасць годных тэкстаў; наракаў на часы, падзеі і норавы. І ўсё роўна ж музыкай жыў, надзеяй, планамі.

...Нешта ўсё ў мінулым часе атрымалася. Гурт жывы, выступае не так, каб рэдка, але і не часта. Часам яго ўдзельнікі збіраюцца на сцэне “Крамай”, страсянуць нотамі і растрэсці залу, або ў студыі, каб запісаць такi нямодны сёння рок чыстай вады. “Хворыя” людзі. Хворыя на рок-н-рол. З 25-годдзем, “Крама”! Доўгіх гадоў творчасці, патрэбнай i… кандовай, у добрым сэнсе!

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"