Каб фраза “Ды што ў нас глядзець?” састарэла…

№ 45 (1275) 05.11.2016 - 11.11.2016 г

Прыязджаючы ў іншую краіну, міжволі праводзіш паралелі з Беларуссю. І звяртаеш увагу на тое, што можна было б пераняць ці, наадварот, чаго трэба пазбягаць, развіваючы турыстычны бізнес з культурным патэнцыялам. Дык што можна пазычыць/адрынуць у Грузіі?

/i/content/pi/cult/611/13601/4-1.jpgТураб’ект? Зробім!

“Ды што ў нас глядзець?!” — такія фразы і дасюль часцяком чуеш у тых ці іншых рэгіёнах. А яшчэ ўсё па-ранейшаму спісваецца на вайну, 75-годдзе перамогі ў якой адзначылі летась. Але ж, спадарства: у Грузіі многія прыцягальныя для турыстаў аб’екты створаны ўжо ў ХХІ стагоддзі. Так, падобнае можна назіраць і ў нас: будынак Нацыянальнай бібліятэкі, “Мінск-арэна”, славутая найперш правядзеннем там дзіцячага “Еўрабачання-2010” і Чэмпіянату свету па хакеі ў 2014-м. Але грузінскія аб’екты не проста адметныя: яны ўзаемазвязаны стылёва і ствараюць своеасаблівы “горад у горадзе”. Да таго ж, іх нашмат больш, чым у нас. І некаторыя наўмысна сканцэнтраваны непадалёк ад гістарычнага цэнтра сталіцы, Тбілісі, схіляючы прыезджых да нетаропкага пешага шпацыру, які неад’емны ад набыцця хаця б якіх дробязяў.

Беларускі дзяржаўны тэатр лялек, вядомы ва ўсім свеце сваімі бліскучымі перамогамі на міжнародных фестывалях і конкурсах, месціцца ў знешне не самым прыкметным будынку, сумесным з кінатэатрам “Піянер”, дзе праз шкляны фасад бывае бачны хіба “астравок прыроды” ў фае. Не менш знакаміты Тэатр марыянетак Рэзо Габрыядзэ знаходзіцца ўвогуле ў напаўпадвальным памяшканні старога Тбілісі, зала разлічана ўсяго на 80 месцаў, але ў 2010-м побач была прымайстравана гадзіннікавая вежа, ніяк не падобная да “старадаўніх” навабудаў. Кожны з ярусаў крыху схілены ўбок, ствараючы гэткія “мінізігзагі”, на ўзроўні вока — керамічная мазаіка з інсітнымі малюнкамі ўсё таго ж Габрыядзэ. А ўверсе, акрамя гадзінніка, з якога “ў ролі” зязюлі вылятае анёл, двойчы на дзень ладзяцца мініпаказы механічнага тэатра лялек, што збіраюць натоўпы турыстаў. Не дзіва, што білеты на спектаклі тэатра размятаюцца за некалькі месяцаў напярэдадні. Дарэчы, яны нятанныя: у пераліку на нашы новыя грошы — каля 20 рублёў (для параўнання, у нашых “ляльках” — па 3 — 5 рублёў).

Спусцішся да ракі Куры — увагу прыцягвае мост Міра ў выглядзе шклянай хвалі, і парк Рыкі з “раялем” і шахматамі для Гулівера, і вялізныя выгнутыя “трубы”, адна з якіх — Музычны тэатр, другая — выставачная зала. Як жа не наведаць і іх? Хаця б дзеля цікаўнасці, што ж там унутры.

У амфітэатры пад адкрытым небам ладзяцца выступленні. Мы, да прыкладу, заспелі аматарскі хор са Швейцарыі. Той гастраляваў у Арменіі — і на зваротным шляху завітаў у Грузію. Калектыў дамовіўся з гарадскімі ўладамі і зладзіў сольнік, у фінале заспяваўшы разам з мясцовым ансамблем ударных.

Такія “музычныя хвілінкі” вельмі зручныя для турыстаў. Натаптаўся за дзень? Можна прысесці (менавіта прысесці, а не пастаяць) і культурна адпачыць. Дарэчы, утульныя скамейкі са спінкамі з нацыянальнай арнаментыкай усталяваны па ўсім праспекце Шата Руставэлі — па абодвух баках, літаральна праз кожныя некалькі крокаў. Прайсціся пешшу, каб спакойна разгледзець гістарычныя будынкі, “запрашаюць” і расстаўленыя ўздоўж тратуараў смешныя-самотныя-авангардныя чалавечыя фігуркі, на якіх пазначаны 2008 год: зноў-такі, нядаўна зроблены турыстычны арт-аб’ект.

У Батумі галоўнай турыстычнай зонай стала набярэжная, дзе з’явілася шмат адметных сучасных будынкаў (тая ж вежа грузінскага Алфавіта), скульптур (“Каханне”, дзе двое то набліжаюцца адно да аднаго, то разыходзяцца), забаўляльных атракцыёнаў. У адной з маленькіх кавярняў старога Батумі знаходзім штосьці накшталт музея (такое спалучэнне часцяком практыкуецца ў Львове): тут можна ўбачыць не толькі прадметы старадаўняга грузінскага побыту, марскія ракавіны, але і суцэльную выставу копій фотаздымкаў ды карцін з выявамі набярэжнай больш за сто гадоў таму. Ды ўсё ж, па шчырасці, у такім разуменні рэстаранчыка не адно як “пункту харчавання”, але і як выбітнага арт-аб’екта, грузінскаму турбізнесу да згаданага львоўскага яшчэ вельмі далёка.

Курорт: працаваць ці не?

Пасёлак Сцепанцмінда з насельніцтвам менш за дзве тысячы чалавек стаў горным курортам зусім нядаўна, але інфраструктура тут вельмі развітая: з дзясятак кавярняў з нацыянальнымі стравамі, яшчэ некалькі з надпісам “фаст фуд”, дзе гандлююць, тым не менш, не праславутымі бургерамі, а грузінскім лавашам, хачапуры ды іншымі свежавыпечанымі нацыянальнымі прысмакамі (маленькіх прыватных пякарняў з акенцам для продажу вырабаў — процьма па ўсёй краіне). Дый кожная гаспадыня, што трымае міні-хостэл, рада прапанаваць нацыянальныя стравы ўласнага прыгатавання. Ёсць дамоўленасць з суседзямі. Хтосьці забяспечвае гасцей хатнім віном. Хтосьці — парным малаком (каровы, што пасвяцца на крутых горных схілах, удала балансуючы, калі з-пад капытоў зрываецца каменьчык, — асаблівае відовішча).

У інфацэнтры даюць не толькі інфармацыю (між іншым, на чатырох мовах, уключаючы… польскую), але і турыстычныя прылады — напракат. Амаль насупраць яго — сучасны, ледзь не скрозь шкляны будынак: здалёк — ці то канцэртная зала, ці то мастацкая галерэя. Аказалася, у перакладзе на нашы рэаліі гэта штосьці накшталт… сельсавета. А распрацаваны ў нас прынцып “адно акно” дзейнічае там вельмі проста: у вялізным пакоі-студыі, дзе ўсё ва ўсіх сэнсах “празрыста”, ёсць і аддзяленне банка, і фотастудыя, каб не бегаць пры афармленні дакументаў, і дзіцячая зона (не кідаць жа малых дома адных) — усё ў стылі хай-тэк.

Зусім іншая карціна — у населеных пунктах уздоўж мора (як прыклад, Махінджауры — прыгарад Батумі). З рэстарана нясецца расійская папса гучнасцю відавочна больш за сто дэцыбел. У невялічкай кавярні — адсутнасць не тое што хоць якога дызайну, але і элементарных прыбіральняў (маўляў, мора побач). Дамы ў мясцовых жыхароў — шэрыя, непрывабныя. Некаторыя — з прэтэнзіяй на заможнасць і размах, але нават непафарбаваныя: здаваць турыстам — і так падыдзе. Сіндром савецкіх часоў? Не ведаю. Але на “шэрае” наваколле, якое магло знішчыць у насельніцтва эстэтычныя пачуцці, тое ніяк не спішаш, бо ў прыродзе — неверагоднае буянне фарбаў. З думкамі пра тое, колькі розных вырабаў можна ўпрыгожыць каменнымі ўстаўкамі, выправілася ў Батумі. Сувеніраў — акіян. І сярод іх — ніводнага, які хацелася б набыць. Бо амаль на ўсіх — пячатка маскультуры, безгустоўнасці. Знайшла і цалкам каменныя: зацэментаваныя са жвіру куфэркі — цяжкія, грувасткія, непрыгожыя, шчодра аблепленыя плоскімі каменьчыкамі.

Можа, надта блізка турэцкая мяжа, адкуль ідзе лавіна шырспажыву? Але розніца паміж Тбілісі і Батумі сапраўды адчувальная. Калі ў сталіцы турыста ўспрымаюць як госця, якому імкнуцца паказаць усё багацце нацыянальных мастацкіх здабыткаў, дык на моры турыст — найперш сродак для зарабляння грошай. Таму і стаўка робіцца на забаўляльнасць, модныя атракцыёны, а не на рысы нацыянальнай адметнасці.

Беларуская крынічка

Разважаючы над парадоксамі грузінскага турбізнесу, я раптам прыйшла да высновы, што Беларусь, дзе развіццё турызму, можна сказаць, яшчэ толькі пачынаецца, знаходзіцца ў даволі выгодным становішчы. Бо над намі не вісіць дамоклаў меч састарэлых падыходаў, адпаведна, можна адразу абапірацца на новыя, эксперыментаваць, ствараць, як у тым жа Тбілісі, сучасныя турыстычныя аб’екты. Неабавязкова гэта павінен быць гмах, за які чапляліся б шасі самалётаў. Куды важнейшая нейкая разыначка, непаўторнасць. Невыпадкова такую папулярнасць набылі раскіданыя па Мінску ды іншых нашых гарадах скульптурныя кампазіцыі. Дык, можа, правесці конкурс турыстычных ідэй? А яшчэ — давесці да ладу сталічныя паркі, каб праз іх хаця б крыху дэманстраваць цудоўныя беларускія краявіды. Бо пакуль нашы “кавалачкі прыроды” пасярод мегаполісу выглядаюць беднавата-пуставата па расліннасці, быццам галоўнае ў іх — асфальтавыя ці выкладзеныя пліткай дарожкі ды шумныя атракцыёны.

А ці мала ў Беларусі прыродных крыніц — хай не з мінеральнай, але з чысцюткай вадой, дзе можна зрабіць і “фантанчыкі” для піцця, і купальні. Кожная з такіх крынічак — таксама патэнцыйны тураб’ект. Прыватныя грузінскія маршруткі часам крыху адхіляюцца ад трасы, каб спыніцца ў найбольш прывабных горных мясцінах і даць магчымасць турыстам зрабіць фота на памяць. Нашы экскурсійныя туры маглі б пралягаць гэтак жа — з прыпынкамі і ля крыніц, і на фоне лясных-азёрных краявідаў.

А вось у чым мы сапраўды апярэджваем грузінскі турбізнес (але яшчэ не дагналі ўкраінскі, балтыйскі), дык гэта ў аўтарскай сувенірнай прадукцыі. У Грузіі тыя ж магніты з разнастайнымі аўтарскімі малюнкамі прысутнічаюць найперш у Тбілісі і наваколлі. У нас жа ўсялякія адметныя дробязі (на кераміцы, берасце, саламяныя, вышываныя) ёсць паўсюль — у тым ліку, дзякуючы адраджэнню народных рамёстваў. Шкада толькі, што нацыянальныя рысы ў нас пануюць часцей не столькі ў рэчаіснасці, колькі ў сувенірах — быццам існуюць “на выстаўку-продаж”, а не проста “для сябе”…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"