Арэнда карцін: у нас не спрацавала?

№ 45 (1275) 05.11.2016 - 11.11.2016 г

Твор мастацтва, вядома, каштуе не тры капейкі. Таму арэнда карцін, магчыма, выйсце як для мастакоў ды галерэй, так і для пакупнікоў. Гэта менавіта той варыянт, калі палатно спадабалася, а набыць — не дазваляе кішэня. Ці перспектыўны такі від дзейнасці ў нашай краіне і ў нашых умовах?

Пошук варыянтаў па гэтай тэме мяне не зусім узрадаваў — выдаў хіба краму падарункаў і сайт мастака Міколы Бушчыка. Так, на старонцы першай пазначана: мінімальны тэрмін арэнды — 3 месяцы, штомесячная плата дасягае 3 %, а яшчэ трэба ўнесці заклад — 20 % ад кошту работы. Падчас размовы з заснавальнікам крамы Ганнай Зайцавай высветліла, што ідэя ўзнікла, калі размяшчалі на сайт карціны мастакоў. Але арэнда не прыжылася — не выгадна. Па словах Ганны, падпісалі дамову з адным кліентам…

А Міколу Бушчыку ідэю з арэндай як форму дадатковага заробку прапанаваў ягоны менеджар. А сам мастак убачыў, як сапраўды “працуе” арэнда, за мяжой, дзе праходзілі ягоныя выставы.

— Кожнае мястэчка ў Нідэрландах мае шмат галерэй, дзе разумеюць, што іх больш, чым пакупнікоў. А ў нашай краіне — наадварот, — кажа спадар Мікола. — У нас жа чаму такі слабы арт-рух? Бо аніякага спонсарства і льгот няма. Нават у Расіі, калі фірма спансіруе мастака, ды яна не абкладаецца падаткам. Дзякуючы гэтаму культура і мастацтва могуць квітнець.

Таксама Бушчык адзначыў, што ў галандскіх галерэях ёсць запаснікі з палотнамі, якія мастакі згодныя здаць у арэнду. Ці не паўсюдна кошт фіксаваны: 5 % ад цаны. А праз паўгода галерэя прапаноўвае кліенту набыць твор. Дзякуючы арэндзе, мастакі маюць штомесяц матэрыяльнае “падсілкоўванне”.

Мікола Бушчык супрацоўнічаў з банкам, карысталіся паслугай аматары ягонай творчасці. Нават тое, што людзі прыходзілі ў майстэрню ды выбіралі карціну, па меркаванні спадара Міколы,  — ухвальна. Але зараз мастак ужо не займаецца такой дзейнасцю.

Віцебскі мастацкі салон-галерэя “Сцяна” прадстаўляў творы мастакоў на адкрыцці рэгіянальнага прадстаўніцтва аднаго з банкаў, палотны выстаўляліся і ў гасцінічным комплексе, таксама “Сцяна” прымала ўдзел у выставах-кірмашах. Дырэктар галерэі Людміла Дундзіна лічыць, што арэнда карцін — спосаб заявіць пра сябе.

— Такое супрацоўніцтва — узаемавыгаднае. Галерэя атрымлівае магчымасць нестандартнага прасоўвання мастакоў. Такім чынам, мы выходзім за рамкі звыклага ўяўлення аб прэзентацыі творчасці, — кажа візаві.

Дырэктар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Наталля Шаранговіч да практыкі арэнды карцін адносіцца няблага, але тое зараз не асабліва распаўсюджана.

— Ведаю, музеі аддаюць карціны ў бязвыплатнае карыстанне пасольствам, якія нясуць адказнасць у выпадках, калі карціна пашкоджаная (напрыклад, не выконваліся ўмовы захавання) альбо калі яе скралі, — кажа дырэктар НЦСМ.

Старшы навуковы супрацоўнік Віцебскага мастацкага музея Святлана Кот лічыць, што захаванне музейных прадметаў ніхто з патэнцыйных арандатараў не забяспечыць. Іншае пытанне, калі, напрыклад, чалавек згодзен прыйсці ў майстэрню да мастака і з яго згоды арандаваць карціну. Адзінае, што можа прапанаваць музей, — магчымасць здымаць дакументальны фільм пра музейныя прадметы ў інтэр’еры ўстановы.

Наконт таго, ці выдаваліся скульптуры для кіназдымак, спыталася ў дырэктара Мемарыяльнага музея-майстэрні Заіра Азгура Аксаны Багданавай.

 — Некалькі разоў да нас звярталіся, але мы гэтае пытанне не разглядалі, бо гіпсавыя арыгіналы не выдаюцца і не падлягаюць транспарціроўцы. І перш чым заключаць дамовы, варта ведаць тэму, канцэпцыю фільма, прачытаць сцэнарый, даведацца пра рэжым работы, колькасць здымачных дзён, пераканацца ў тым, што кінастужка не будзе супярэчыць аспектам музейнай дзейнасці, этычным і маральным нормам. Група павінна забяспечыць захаванасць прадмета. Больш за тое: варта арганізаваць дзяжурства супрацоўнікаў. А слова “арэнда” ў дачыненні да здымачнага працэсу не ўжываецца, больш дакладна — “выдача на часовае карыстанне”. Увогуле ж, адношуся да гэтай дзейнасці пазітыўна, балазе такая практыка папулярызуе і прасоўвае культурныя інстытуцыі (напрыклад, пазначаюцца падзякі ў цітрах), але камерцыйны складнік не мае быць першасным.

Што маем у "сухой астачы"? Арэнда карцін не карыстаецца поспехам найперш праз тое, што няма гаворкі пра сістэмнасць такой працы. Але ж патэнцыйна падобная практыка можа прынесці прыбытак як установам (у тым ліку ў фармаце "выдачы прадметаў у часовае карыстанне"), так і асобным творцам. На арт-рынку, як і на любым іншым, заўжды ў пашане гнуткасць да ўмоў кан'юнктуры.

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст