Мастыхін-агляд: выбар выстаў кастрычніка ад Аляксандра Сяліцкага

№ 45 (1275) 05.11.2016 - 11.11.2016 г

Па просьбе "К" выбарку выстаў кастрычніка зрабіў мастак, культуролаг, мастацтвазнаўца Аляксандр Сяліцкі.

/i/content/pi/cult/611/13598/9-1.jpg“Святло і паветра”

З 19 кастрычніка ў Нацыянальным мастацкім музеі працуе выстава твораў Натана Воранава “Святло і паветра”, прымеркаваная да 100-годдзя з дня нараджэння вядомага жывапісца, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР. Выдатны каларыст, вучань знакамітага Аляксандра Асьмёркіна, майстар ствараў палотны, адметныя найтанчэйшай колеравай гармоніяй, свабодай выканання, шырокім тэматычным і жанравым дыяпазонам.

У экспазіцыі прадстаўлена больш як паўсотня твораў з фондаў музея, са збору сям’і і прыватнай калекцыі. Гэтыя палотны адлюстроўваюць асноўныя вехі творчага шляху Воранава, даюць уяўленне пра маштаб яго асобы. Так, у экспазіцыі змешчаны сюжэтна-тэматычныя карціны, прысвечаныя рэвалюцыйным і ваенным падзеям, адлюстраванню працоўных будняў, пейзажы, партрэты, нацюрморты. Яго фарміраванне як мастака і асобы праходзіла ў перыяд, калі ў мастацтве адзіным рэгламентаваным афіцыйнымі ўладамі стылем быў сацыялістычны рэалізм з яго выразна акрэсленай ідэалагічнай асновай. Зразумела, майстар як чалавек свайго часу, які займаў актыўную грамадзянскую пазіцыю, аддаваў прыярытэт сюжэтна-тэматычным кампазіцыям, у якіх з найбольшай паўнатой мог адлюстраваць эпахальныя падзеі гісторыі, актыўныя змены ў сучасным яму жыцці. Да такіх твораў адносяцца палотны “Раніца ў Кастрычніку. Мінск, 1917 год”, “Шахтабудаўнікі Беларусі”, “Памяці аднапалчан сорак першага”.

Гісторыя, як вядома, ствараецца канкрэтнымі людзьмі. За сваё жыццё Воранаў напісаў цэлую галерэю партрэтаў сучаснікаў: працаўнікоў, спартсменаў, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, сваіх родных і блізкіх. Кожнае з палотнаў сведчыць пра пошук мастаком арыгінальнага кампазіцыйнага і каларыстычнага рашэння, якое б найбольш выразна адлюстроўвала характар, настрой, род заняткаў чалавека. Гэта бачна, напрыклад, у такіх творах, як “Старуха. Партрэт маці”, “Партрэт Антона Бархаткова”, “Партрэт Уладзіміра Кандрусевіча, кампазітара”.

Шмат увагі майстар аддаваў пейзажу. Разам з лірычнымі (напрыклад, “Ветраны дзень”, “Цішыня”), адметнымі ўменнем мастака схапіць і перадаць вокамгненны прыродны стан, жывапісец пісаў індустрыяльныя і гарадскія віды. Шэраг твораў майстра прысвечаны Мінску, які на ягоных вачах уздымаўся з пасляваенных руінаў, рос і прыгажэў. Многія пейзажы мастака, такія, як “Мінск. Вуліца Інтэрнацыянальная”, “Мінск. Дарога на аўтазавод”, “Мінск. Плошча Перамогі”, зараз успрымаюцца як каштоўныя гістарычныя дакументы, на якіх зафіксаваны змены ў знешнім абліччы сталіцы.

Творы Воранава, да якога б жанру яны ні адносіліся, адметныя, перш за ўсё, сваім выдатным жывапісным майстэрствам. Яны напоўнены святлом і паветрам, якія прысутнічаюць у кожным мазку, у кожным адценні колеру, ствараючы дзівосную каларыстычную сімфонію. Менавіта гэтыя якасці ў многім выдзяляюць ягоную творчую постаць у беларускім мастацтве, робяць палотны цікавымі і запамінальнымі для сучаснага гледача.

“Acta diurna”

У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь завяршыла работу выстава Уладзіміра Правідохіна (Уладзіміра Хіна) пад назвай “Acta diurna”.

Творчая дзейнасць гэтага цікавага мастака разнастайная, яна ўключае ў сябе жывапіс, станковую і шрыфтавую графіку, абразную гравюру на дрэве, плакат, каляровую і чорна-белую лінагравюру. Прадстаўленыя на выставе творы выкананыя ў даволі рэдкай на сёння тэхніцы каляровай лінагравюры з адной дошкі. Як адзначыў аўтар, дадзены праект узнік дзеля таго, каб паказаць шырокай публіцы і спецыялістам магчымасці гэтага віду графікі. Адметнасць каляровай лінагравюры з адной дошкі складаецца ў тым, што яна мае абмежаваны тыраж — толькі 10 аўтарскіх адбіткаў, з-за чаго кожны з іх становіцца ўнікальным.

У экспазіцыі — 70 графічных аркушаў, створаных у 1980-х — 2000-х гадах. Яны фіксуюць пэўныя вехі ў творчай біяграфіі мастака, своеасаблівы летапіс ягоных думак і духоўных памкненняў. Адсюль відавочным становіцца сэнс назвы самой выставы — “Acta diurna” — “хроніка, штодзённыя падзеі” (з лацінскай).

Творчасць Правідохіна мае глыбокую інтэлектуальную аснову, якая адлюстроўвае светапогляды аўтара. З уласцівай для філасофскага пазнання скіраванасцю да цэласнага ахопу рэчаіснасці майстар ужо з 1975 года займаецца праблемай сінтэзу ў выяўленчым мастацтве, у якім аб’ядноўваліся б выява і слова, колер і гук, прастора і час, знак і знакавыя сістэмы. Менавіта праз сінтэз мастак імкнецца спасцігнуць законы сусветнай гармоніі, выявіць іх у сваіх рытмічна пабудаваных, вывераных з матэматычнай дакладнасцю кампазіцыях, дзе арганічна спалучаюцца геаметрычныя формы, колер, лініі, кропкі. У сваіх творах (“Без назвы”, “Кампазіцыя з кругам”, “Імправізацыя”) з дапамогай найпрасцейшых кампазіцыйных сродкаў як з першаэлементаў Правідохін канструюе ўласныя светы, кожны з якіх выступае аўтарскай мадэллю разумна арганізаванага Космасу. Майстар імкнецца пранікнуць ва ўнутраную сутнасць рэчаў, дзеля чаго зводзіць іх адлюстраванне ў сваіх лінагравюрах да знака, сімвала. Гэта набліжае яго да творчасці Васіля Кандзінскага, Паўля Клее, Казіміра Малевіча, Хуана Міро, некаторым з якіх ён прысвяціў асобныя працы (“Прысвячаецца Паўлю Клее”, “Памяці Міро”).

Шэраг лінагравюр захоўвае фігуратыўнасць, але і там для мастака знешняя форма не самамэта, а толькі ўказанне, спасылка на пэўны сэнсоўны кантэкст. Да такіх твораў адносяцца, напрыклад, “Чырвоны нацюрморт”, трыпціх “Яўрэйскія мелодыі”, серыі “У чырвоным — І” і “У чырвоным — ІІ”. Прадметы побыту, фігуры людзей у іх уяўляюць рытмічна арганізаваныя, максімальна спрошчаныя формы, якія найперш павінны не “адлюстроўваць”, а “выказваць”: думкі, пачуцці, настрой — усё тое, што мае дачыненне да ўнутранага свету асобы, таямніцаў чалавечага духу.

Выстава “Acta diurna” сведчыць пра высокі ўзровень інтэлектуальнай і вобразнай інтэрпрэтацыі рэчаіснасці, глыбокае разуменне майстрам сутнасці творчага працэсу. Працы майстра, іх стылістыка і тэхнічнае выкананне сугучны актуальным тэндэнцыям у сучасным мастацтве і, разам з тым, захоўваюць каштоўнаснае асэнсаванне быцця.

“Птушкі”

У кастрычніку ў сталічнай “Галерэі мастацтва” праходзіла і выстава графікі ды скульптуры “Птушкі” Валянціны Шоба і Уладзіміра Панцялеева. Творчы і сямейны саюз гэтых гродзенскіх мастакоў даўно займае трывалыя пазіцыі ў сучасным беларускім мастацтве. Валянціна Шоба вядомая як таленавіты графік і жывапісец, чыё майстэрства атрымала высокую ацэнку не толькі на радзіме, але і за мяжой. Уладзімір Панцялееў працуе ў галіне станковай і манументальнай скульптуры. Сярод яго твораў — помнік у гонар 1000-годдзя Ваўкавыска, стэла Алімпійскай славы, скульптуры “Пакровы Прасвятой Багародзіцы”, “Гараднічанка”, “Жаба-вандроўніца”.

Сумесны праект двух мастакоў сведчыць пра іх захапленне разнастайнасцю афарбоўкі, пластыкі, знешняга выгляду птушак. Гэта дало майстрам неабмежаваную свабоду ў эксперыментах з формай і колерам. Графічная серыя “Пеўні” Валянціны Шоба, выкананая ў змяшанай тэхніцы, уражвае арнаментальнасцю, яскравым каларытам. Кожная выява птушкі мае свой “характар”, арыгінальнае пластычнае і эмацыянальна-вобразнае рашэнне. Другая серыя Валянціны “Настроі” адлюстроўвае ўласцівае для яе творчасці ўменне працаваць на мяжы графікі і жывапісу. Сінтэз дазваляе пашырыць межы кожнага з іх, дасягнуць фактурнага і колеравага багацця. Гэта бачна і ў невялікіх па памерах сюжэтна-тэматычных кампазіцыях, адметных экспрэсіўнасцю малюнка.

У экспазіцыі змешчаны нацюрморты мастачкі, напісаныя ў акварэльнай тэхніцы. Яны прывабліваюць чулым стаўленнем аўтара да хараства прыроднага свету, што знайшло адлюстраванне ў сакавітасці колераў, найтанчэйшай распрацоўцы дэталяў, музычнасці рытмічнай пабудовы твораў.

Тэма прыгажосці навакольнага асяроддзя, разнастайнасці і непаўторнасці ягоных праяў, увасобленая ў працах Валянціны, атрымала арыгінальнае прачытанне ў драўляных скульптурах птушак Уладзіміра Панцялеева. Майстар трактуе форму максімальна абагульнена, спрошчана, пакідаючы толькі галоўныя прыкметы аб’екта адлюстравання. Асноўны акцэнт ён робіць на колеравым аздабленні сваіх скульптур. Цікава, што шэраг твораў, прадстаўленых у экспазіцыі, распісалі фарбамі блізкія і знаёмыя сям’і мастакоў. Адны з скульптур атрымаліся больш лаканічнымі ў колеравым рашэнні, іншыя — яскравымі, святочнымі. Дапаўняюць вобразы дэкаратыўныя элементы з металу, шкла, скуры. Скульптурныя выявы птушак нясуць у сабе пазітыўны настрой, пачуццё радасці існавання, моцны зарад творчай энергіі.

Вобразы, створаныя аўтарамі экспазіцыі, адметныя сваім мажорным гучаннем, шчырай улюбёнасцю ў жыццё, у бясконцасць ягоных праяў. Невычэрпнасць творчай фантазіі, просты, але мудры позірк творцаў на рэчы з адценнем добрага гумару робіць іх мастацкую мову адметнай і непаўторнай.