Фактар развіцця

№ 45 (1275) 05.11.2016 - 11.11.2016 г

3 лістапада ў Інстытуце культуры Беларусі прайшоў семінар “Нематэрыяльная культурная спадчына як фактар устойлівага развіцця тэрыторый”. Эксперты і работнікі культуры сустрэліся, каб даведацца аб этычных прынцыпах захавання НКС, прынятых на 10-й сесіі Міжурадавага Камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO ў 2015-м годзе, і абмеркаваць стварэнне беларускага кодэксу этыкі і плана па ахове НКС.

Загадчык аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Ала Сташкевіч нагадала, што не ўсе звесткі аб традыцыйнай культуры, што захоўваюцца ў архівах, можна аднесці да нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Пад азначэнне НКС трапляюць толькі жывыя практыкі, якія аднаўляюцца супольнасцямі. І такія практыкі могуць існаваць не толькі як праявы традыцыйнай культуры. У розных краінах як элементы НКС інвентарызуюцца спартыўныя гульні, гарадскія звычаі, адносна познія па часе ўзнікнення. Канвенцыя 2003 года не апелюе да паняццяў “аўтэнтычнасць” і “ўнікальнасць”, усе элементы НКС аднолькава каштоўныя.

У павестцы ААН у галіне ўстойлівага развіцця да 2030-га, прынятай у 2015-м, культура названая істотным фактарам устойлівага развіцця. Такім чынам, НКС варта разглядаць як значную з’яву жыцця яе носьбітаў. Ала Сташкевіч акрэсліла пагрозы захаванню НКС, сярод якіх міграцыя насельніцтва, камерцыялізацыя і дэкантэкстуалізацыя, змена культурнага ландшафта, недастатковая інфармаванасць.

Доктар філалагічных навук Таццяна Валодзіна казала пра этычныя прынцыпы аховы НКС. Калі галоўным суб’ектам аховы лічыць супольнасць носьбітаў, то не паўстае пытання іерархіі элементаў: адпаведна Канвенцыі 2003 года элемент, што актуалізуецца групай людзей, не менш каштоўны за той, які шануе ўся краіна.

Японія і Кітай ужо прынялі этычныя кодэксы, датычныя НКС. Нягледзячы на тое, што ў Беларусі такога дакумента пакуль няма, мы павінны кіравацца этычнымі прынцыпамі, прынятымі UNESCO ў 2015-м (падрабязна пра іх — у наступных нумарах “К”), бо ў беларускім Кодэксе аб культуры пазначана: у выпадку, калі норма не прапісаная ў нацыянальным заканадаўстве, варта арыентавацца на нормы міжнароднага права.

Семінар завяршыўся трэнінгам. Прадстаўнікі раёнаў, што толькі збіраюцца распрацоўваць дакументы для надання сваім элементам НКС статусу каштоўнасці, вучыліся запаўняць намінацыйную форму. Удзельнікі з раёнаў, што ўжо маюць элементы са статусам, спрабавалі распрацаваць планы ахоўных мерапрыемстваў для элементаў з улікам этычных прынцыпаў, прынятых UNESCO.

У семінары ўдзельнічала каля 40 чалавек, а ў Дзяржспіс гісторыка-культурных каштоўнасцей уключана 111 элементаў НКС. Мне здаецца, інфармацыя, што прагучала на семінары, вартая таго, каб сабраць загадчыкаў аддзелаў ідэалогіі, культуры і па справах моладзі кожнага з гэтых 111 раёнаў, ці прынамсі іх намеснікаў па культуры. Добра было б, каб план мерапрыемстваў складаўся на месцах тымі, хто непасрэдна працуюць з элементам, пры падтрымцы кіраўніцтва і экспертаў. Пакуль жа робяцца першыя крокі, бо часта незразумела, што ж рабіць з элементам пасля яго інвентарызацыі. У наступных нумарах “К” — рэкамендацыі Інстытута культуры па распрацоўцы ахоўных планаў.

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"