Каб не мерзлі чытачы...

№ 45 (1275) 05.11.2016 - 11.11.2016 г

Лістапад. Завеі. Снег. Першыя сур’ёзныя выпрабаванні пад назвай “Як падрыхтаваліся работнікі культуры да зімы?” Да прыкладу, чытачы і супрацоўнікі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя Максіма Горкага не змерзнуць, бо ў свой час тут замянілі ўсе звычайныя вокны на шклопакеты. Гэтымі днямі ва ўстанове доўжыцца ўнутраны бягучы рамонт.

/i/content/pi/cult/611/13582/11-1.jpgПлошча Брэсцкай абласной бібліятэкі — пяць тысяч квадратных метраў. Так што калі ў адным месцы бягучы рамонт завершыцца, трэба распачынаць яго ў іншым. “Балазе грошы на гэта паступова выдаткоўваюцца”, — паведамляе дырэктар установы Тамара Данілюк. Цяпер у бібліятэцы мяняецца асвятленне, да ладу даводзіцца паркетная падлога. Як і заўжды, справы гаспадарчыя спалучаюцца з паўсядзённым творчым клопатам. Сёння бібліятэкары рыхтуюцца да абласнога семінара, што мае адбыцца 10 лістапада. Запрашаюцца дырэктары ЦБС і загадчыкі аддзелаў камплектацыі.

А на парадак дня выносяцца вельмі няпростыя пытанні: стварэнне абласнога каталогу ды наладжванне карпаратыўнага ўзаемадзеяння. Такая прафесійная тэматыка звязана, па словах Тамары Данілюк, з галоўнай асаблівасцю бібліятэчнага лістапада на Брэстчыне: толькі два чалавекі ў вобласці засталіся на пасадах кіраўнікоў ЦБС, на іншыя прыйшлі новыя кадры. Такое амаладжэнне, мяркуе дырэктар абранай установы, патрабуе большага, так бы мовіць, заглыблення ў бібліятэчную справу. На гэта, па сутнасці, і скіраваны будучы семінар.

Яшчэ адна навіна з Брэсцкай вобласці. У музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” працуе выстава “Фарбы старога парку”. Удзельнікі нядаўняга пленэру Андрэй Лычкоўскі, Таццяна Зданевіч, Анатоль Маразюк, Казімір Кулеш, Васіль Грыневіч прэзентавалі 25 сваіх палотнаў, “На іх, — піша навуковы супрацоўнік музея-сядзібы “Пружанскі палацык” Валянціна Нідзелька”, — жыццё восеньскага старога парку”.

Напрыканцы кастрычніка на факультэце культуралогіі і сацыякультурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў адбыўся творчы вечар доктара культуралогіі, прафесара, архітэктара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь і прэміі Саюзнай дзяржавы Ігара Марозава. У праграме былі прэзентаваны навуковыя працы Ігара Вячаслававіча, ягоныя архітэктурныя, манументальныя, жывапісныя творы і вершы.

Нізка інфармацый, звязаных з нашым міжнародным культурным супрацоўніцтвам. Ганаровы Консул Рэспублікі Беларусь у горадзе Кальяры (Консульская акруга Аўтаномны рэгіён Сардзінія (Італія) Джузэпэ Карбоні піша: “У пачатку лістапада вакальны ансамбль місіянерскага прыходу ў гонар святога Мікалая, архіепіскапа Японскага з Мінска едзе з музычным візітам у Кальяры. Адзін з буйных канцэртаў запланаваны ва Універсітэцкай бібліятэцы”. Падчас гэтага мерапрыемства будуць сабраны сродкі для падтрымкі пацярпелых ад землятрусу ў муніцыпалітэце горада Аматрычэ.

На Гродзеншчыне ў чарговы раз прайшоў фестываль “Артыстычныя сустрэчы “Гродна-Беласток”. ”Раз на год беларускія і польскія самадзейныя калектывы, — піша нам вядучы метадыст Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ганна Чыж, — сустракаюцца па чарзе ці ў Беластоку, ці ў Гродне, каб сродкамі мастацтва мацаваць сяброўства і ўзаемаразуменне. Сёлета такіх калектываў было два дзясяткі”.

Паведамленне ад Мікалая Шаўчэнкі: “Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны з рабочым візітам наведалі супрацоўнікі Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага мемарыяльнага музея абароны і блакады Ленінграда. Госці пазнаёміліся з вопытам стварэння беларускай экспазіцыі, а таксама — з выставай карцін Міхаіла Савіцкага “Лічбы на сэрцы”. Мы, у сваю чаргу, пазнаёміліся з тым, як у калег функцыянуюць музейна-педагагічныя станцыі”.

Конкурс “Мужчыны ў бібліятэчнай справе”, арганізаваны Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкай (пра яго мы пісалі ў папярэднім нумары “К”), выйшаў у фінал. Як распавядае намеснік дырэктара згаданай установы Алег Ананьеў, за прыз будуць змагацца восем супрацоўнікаў НББ, Рэспубліканскай навуковай медыцынскай, Барысаўскай і Брагінскай цэнтральных раённых бібліятэк.

Калгасны рынак у Дзятлаве стаў цэнтрам кірмашовага свята. “У ім бралі ўдзел, — піша намеснік дырэктара Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Настасся Голуб, — сельгаскааператывы раёна, перапрацоўчыя прадпрыемствы, фермеры, індывідуальныя прадпрымальнікі і работнікі культуры. Апошнім дапамагаў самадзейны калектыў з Воранаўскага раёна”.

У сельскай бібліятэцы аграгарадка Гальшаны (Ашмяншчына) прайшоў Урок інфармацыйнай культуры “Якія тайны хавае каталог?» Загадчык установы Алена Юневіч піша: ”Школьнікі даведаліся, што такое каталожная картка і якія звесткі пра кнігу можна ў ёй атрымаць. Кожны з іх меў магчымасць па прозвішчы аўтара і назве кнігі знайсці адпаведную картку ў алфавітным каталозе”.

Метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Мастоўскай раённай бібліятэкі Вольга Коршун распавядае пра раённы бібліятэчны конкурс “Год культуры крочыць па краіне”. З нагоды яго ў Гудзевіцкай сельскай бібліятэцы-цэнтры нацыянальнай культуры адбыўся літаратурны вечар “І застаўся ты ў нашых душах…” Ён быў прысвечаны 125-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча. У выкананні школьнікаў гучалі вершы паэта. Дзейнічала выстава, на якой былі прадстаўлены матэрыялы з фондаў Гудзевіцкага дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчага музея: радавод пісьменніка па маці; фотаздымкі; копія карткі, пісаная рукою Максіма Багдановіча да Зоські Верас падчас гульні ў пошту.

Канцэрт піяністкі Юліі Архангельскай прайшоў у Магілёўскай раённай школе мастацтваў імя Леаніда Іванова. Юлія — маладая салістка Беларускай дзяржаўнай філармоніі, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. “На канцэрт сабраліся не толькі піяністы з усяго раёна, — піша загадчыца Вільчыцкага філіяла Магілёўскай ДШМ Лідзія Свірыдава, — але і аматары фартэпіяннай музыкі, навучэнцы школы мастацтваў”.

У Лепельскай дзіцячай школе мастацтваў адбылося першае абласное свята-конкурс аматарскіх дзіцячых тэатральных калектываў. Арганізатары мерапрыемства — галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама і абласны метадычны цэнтр народнай творчасці. “У конкурсе бралі ўдзел 14 калектываў: тэатры, студыі, гурткі, — паведамляе вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Андрэй Струнчанка, — якія спаборнічалі ў дзвюх намінацыях: “Драматычны спектакль” і “Малыя тэатральныя формы»”. Лаўрэатамі першай ступені сталі студыя сцэнічнага мастацтва “Арт-праект” Цэнтра культуры “Віцебск” (“Малыя тэатральныя формы”), дзіцячы тэатр “Форум” Гарадоцкай ДШМ, узорны тэатральны калектыў ”Сюрпрыз” Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў (“Драматычны спектакль”). Паколькі свята ладзілася ўпершыню, дык сярод калектываў і гледачоў быў абвешчаны конкурс на лепшую назву дадзенага мерапрыемства. Сярод прапаноў вылучана назва “Малая сцэна”. Так свята і будзе называцца ў наступны раз”.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"