“Лялькі — гэта нястрашна…”

№ 44 (1274) 29.10.2016 - 04.11.2016 г

Прэм’ера як даследчы працэс?
Што аб’ядноўвае Уладзіміра Караткевіча і Аляксея Ляляўскага? Крытычнае ўспрыняцце працэсаў, якія адбываюцца ў грамадстве, глыбокае занурванне ў “паднаготную”, філасофскае абагульненне пабачанага, але перш за ўсё — іранічнае стаўленне да жыццёвых праяў. Верагодна, з-за такога супадзення светаадчування галоўны рэжысёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек і звярнуўся другі раз за тры гады да нацыянальнага класіка: услед за “Ладдзёй Роспачы” ў афішы з’явілася “Евангелле ад Іуды” паводле рамана “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”.

/i/content/pi/cult/610/13572/8-1.jpgЛяляўскаму, як і Караткевічу, уласцівая схільнасць да гратэску, а абраны тэкст — найсмачнейшы матэрыял для выкарыстання такога прыёму. На авансцэне — прытворшчыкі (і па прафесіі, і па ролі), а значыцца, ім дазволена ўсё — выносіць на Галгофу крыж са светладыёднымі агеньчыкамі, які адразу ажыўляе ўспаміны пра эпатажную спявачку Мадонну, ці ладзіць бесшабашныя танцы падчас пакаяннай споведзі адной з галоўных гераінь. Гэтая мітусня і знарочыстая разухабістасць становяцца той чырвонай анучай, якой знарок круцяць перад вачыма публікі. Маўляў, раздражняе? Дык здзяры знешняе, навучыся заглядаць углыб, каб нават на дне калодзежа пабачыць сваё рэальнае адлюстраванне.

Нездарма рэжысёр стварае на сцэне падвоеную рэальнасць. У адной часавай кропцы сыходзяцца літаратурныя героі XVI стагоддзя і персанажы, якія поўнілі вуліцы ў 1960-х. Яшчэ ў праграмцы гледача прымушаюць прааналізаваць зрэз гістарычных напластаванняў. Яму нагадваюць, што ў гады напісання рамана свет раздзіралі супярэчлівыя падзеі: чалавек рабіў свой першы крок у адкрытым космасе, а ў гэты ж час амерыканскія авіяносцы бамбілі Паўночны В’етнам, у Прагу ўваходзілі савецкія танкі, а барацьбіта за правы чалавека браў на прыцэл снайпер. Вярнуць пачуццё рэальнасці задурманеным прагай крыві людзям спрабавалі творцы, якія, быццам тыя сярэднявечныя блазны, надзелены магчымасцю вырваць з доўгага шлейфа алегорый і прыхарошванняў нязручную праўду. У 1960-я — эпоху, калі згодна Андрэю Макарэвічу, “любая гітара ў чырвоным куце свяцілася, быццам ікона”, адным з глыткоў жывых пачуццяў сталася амерыканская група “The Doors”. Мо таму Ляляўскі і аздабляе сваю фантасмагорыю менавіта яе кампазіцыямі, падмацоўваючы музыкай сучаснага айчыннага кампазітара Леаніда Паўлёнка і беларускімі народнымі спевамі. Дарэчы, пасля прысуджэння Нобелеўскай прэміі па літаратуры аўтару-выканаўцу Бобу Дзілану зварот у філасофскай прытчы да рок-музыкантаў становіцца ў нейкай ступені сімвалічным.

Названыя апосталы раз-пораз напяваюць знакамітае “Bird of Prey”, намякаючы на непазбежна-змрочны працяг тэксту “Драпежнай птушкі” Джыма Морысана: “Я памру”… Памрэ Юрась Братчык — Ляляўскі адмаўляецца ад хэпі-энду першакрыніцы. Іранічны і лёгкі герой у выкананні Дзмітрыя Рачкоўскага добра ведае, чым скончыцца яго прызначэнне на “пасаду” новага Хрыста. Яго ўзнясенне адбываецца нашмат раней за ўзыходжанне на Галгофу: дазволіўшы сабе адкрыта і вольна паглядзець на рэчаіснасць, ён уздымаецца над прыземленым, над інтрыгамі і здрадніцтвам. У гэтым сэнсе знакавай становіцца размова з арыштаваным ілжэ-Хрыстом: асуджаны вольна сядзіць у неабмежаванай прасторы, а яго суддзя мітусіцца за кратамі…

Прутамі клеткі сталі часткі сцэнічнай канструкцыі, якая то адсылае да Казіміра Малевіча, то трансфармуецца ў экран (з якога глядзяць тыя ж заакіянскія рокеры з турэмнымі шыльдачкамі), то ў сцяну ўмоўнага гефсіманскага саду, то ў месца ўкрыжавання. Праўда, добрай ідэі трансформера са зменнымі панэлямі не стае грунтоўнасці. Нават па-эстэцку эфектнай фінальнай мізансцэнай з распяццем, што складваецца з пазлу-карціны, не атрымліваецца ўсцешыцца напоўніцу, бо гадаеш, ці не грымнецца выпадкова ў чарговы раз адзін з элементаў…

Мастак-пастаноўшык Людміла Скітовіч прапануе некалькі сістэм лялек. На засыпаную сенам сцэну выносяць драўляных апосталаў, падобных на скульптуры інсітных умельцаў. У супрацьлегласць маларухомым выхадцам з народу — суддзі-тантамарэскі, сагнутыя ці то жыццёвым прыгнётам, ці то жаданнем паслужліва пакланіцца. Тыя ваўкі ў авечай скуры імкнуцца прымусіць людзей глядзець іх жа сляпымі вачыма. Шыкоўна прыдумана сцэна суда: лялькі замкнёны кожная ў сваю каробку і ў прамым сэнсе суддзі не хочуць бачыць далей за ўласны нос (праўда, глядзельнай зале не ставала больш выразнай работы лялькаводаў, бо млява абвіслыя галовы “слухаючых” лялек крыху бянтэжылі).

На кантрасце з выразнымі лялькамі акцёры апранутыя ў строі, падабраныя ці не з антрэсоляў іх бацькоў. Не ва ўсіх атрымліваецца ўжыцца са стылем хіпі, не забываючыся на звышзадачу. Калі старэйшаму пакаленню смешныя парыкі не замінаюць ствараць арганічны вобраз (прынамсі, заслужаныя артысты Аляксандр Казакоў і Аляксандр Васько), дык моладзь не заўжды падтрымлівае баланс паміж камікаваннем і галоўнай ідэяй пастаноўкі. У гэтай сувязі жаночаму складу акцёрскага ансамбля пашчасціла менш: іх малюнак ролі з пласту XVI стагоддзя патрабаваў ігры ўсур’ёз. І тут крыху не хапіла той самай іранічнасці класіка: Марына з эксцэнтрычнымі жэстамі выйшла занадта знарочыстай, а вобраз Анеі атрымаўся заціснутым і не вельмі зразумелым (гэтая сюжэтная лінія нават згубілася недзе на палове спектакля), таму часам больш за іх прыцягвалі ўвагу рукі Юліі Марозавай, якая засталася без “літаратурнага” двайніка і выходзіла толькі ў масоўцы на падтанцоўку і спевы. Спадзяюся, нюансы ў рабоце акцёрскага ансамбля знікнуць, калі скончацца прэм’ерныя хваляванні…

Калажнасць дзеяння можа не адразу ўкласціся ў звыклую для гледача шкалу ацэнкі пабачанага, аднак, яна не замінае счытванню відавочнага: натоўп сам стварае сабе ідала, узносіць творцу, наракае яго боствам, а пасля з лёгкасцю звяргае ранейшага куміра долу. Таму кожнаму ў першую чаргу неабходна застацца шчырым перад самім сабой — па маім адчуванні, гэта галоўная тэма, якую Ляляўскі вядзе праз многія свае пастаноўкі. І зусім не маюць значэння дэкарацыі, у якіх ты існуеш — ці тое Гародня XVI стагоддзя, 1960-я ў атачэнні “кветак сонца”, ці новая эпоха са спагадлівым рухам у нікуды - наяўная галгофа можа быць усяго толькі ілюзіяй, а вось трыццаць срэбранікаў ужо не прымуць назад у абмен на сумленне. Як значыцца ў самога Караткевіча ў рамане-першакрыніцы, “лялькі — гэта нястрашна, а тут жывыя людзі рабілі такое, ад чаго ратуй нас, Пане Божа”…

Настасся ПАНКРАТАВА

/i/content/pi/cult/610/13572/9-2.jpg

Спектакль “Евангелле ад Іуды” Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек чакаўся з асаблівай цікавасцю — яшчэ і таму, што гэта новая праца галоўнага рэжысёра Аляксея Ляляўскага. Само імя гэтага творцы — абяцанне чагосьці нешараговага, крэатыўнага, з абавязковым пульсаваннем думкі і шматлікімі мастацкімі спасылкамі, калі перапрацаваны літаратурны тэкст першавытока ўзрастае да неабсяжнага гіпертэксту, апелюючы да інтэлектуальнай скарбонкі гледача.

Так атрымалася і гэтым разам. Але… Спектакль не дайшоў пакуль да той ступені спеласці, каб незаўважна для гледача сам “раставаў у роце”: яго даводзіцца “жаваць” ды па некальку разоў “перажоўваць”, перш чым каўтнуць. Вядома, далёка не ва ўсіх выпадках патрэбна “падатлівасць” матэрыялу: хай будзе сапраўдны “супрамат” — галоўнае, каб было жаданне яго пераадольваць. Апошняе ж цягам першай дзеі патроху знікае, і таму да другой часткі, дзе ў фінале фармулюецца ідэя і становяцца зразумелымі многія ранейшыя дэталі, “выжывуць” не ўсе. Справа не ў трох з гакам гадзінах, якія працягваецца спектакль, не ў іх зместавым напаўненні — справа ў спосабе данясення ўсяго задуманага да гледача.

Гэта, бадай, першы такі масавы, буйны спектакль тэатра з удзелам артыстаў як старэйшага пакалення, так і пачаткоўцаў, якія прыйшлі ў трупу толькі сёлета. З усіх адразу вылучаюцца тыя, хто прайшоў “школу Ляляўскага” ў яго ранейшых спектаклях для дарослых, добра засвоіўшы новую тэатральную эстэтыку. Але пытанне не толькі гатоўнасці артыстаў працаваць у ёй, але і непасрэднага ўмення тое рабіць (іншымі словамі, навучанасці ўдзельнікаў, прапрацоўцы найбольш складаных для ўвасаблення дэталяў і адрэпетаванасці спектакля ў цэлым) застаецца адкрытым. Мінулая прэм’ера — удвая больш кароткія “Птушкі” — была прынята мной толькі тады, калі ў спектаклі змяніўся акцёрскі склад. Але там праблема была ў іншым: артысты-“першапраходцы” надта падкрэслівалі размоўны тэкст, а не багацце мастацкіх асацыяцый, з-за чаго спектакль залішне мадуляваў у бок павучальнасці.

У “Евангеллі…” пакуль усё наадварот: тэкст, якога ў гэтым спектаклі куды больш, чым у іншых працах Ляляўскага, настолькі “заглытваецца” акцёрамі, што ў зале яго часта не чуваць. Тыя гледачы, хто папярэдне не быў знаёмы з раманам Уладзіміра Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, увогуле не могуць уцяміць, пра што гаворка — нават пункцірна. Так, артысты імкнуцца адысці ад састарэлага размоўнага пафасу, знайсці даверную інтанацыю — гэта ўжо перамога! Але калі не спрыяе акустыка, дык, можа, усё ж трэба задумацца пра гарнітуру? Пры наяўнасці добрай гукарэжысуры тады можна будзе нават “шаптаць” — без аніякіх страт для апошніх радоў. Перашкаджае і музыка, дзе выкарыстана цытаванне заходніх поп- і рок-рэчаў (невыпадковы і парык “у духу” Джыма Морысана, і іншыя прыкметы “партрэтнасці”). Яе гучанне ў некаторых момантах становіцца настолькі навязлівым, што цалкам “забівае” (ва ўсіх сэнсах слова) змест дыялогаў. І толькі там, дзе на першы план выходзяць візуальныя сродкі выразнасці, уласцівыя самой сутнасці сучаснага тэатра лялек, заснаванага на ўсеабдымным сінтэзе мастацтваў, стыляў, жанраў, — толькі там наступаюць жыватворныя моманты “праяснення”. Але ўсё роўна застаецца, да прыкладу, некаторая неахайнасць у працы з маскамі, адчуванне “непрыстасаванасці” да некаторых роляў.

А між тым, у спектакль закладзена вельмі шмат, пачынаючы з назвы, адрознай і ад рамана, і ад ранейшага за яго кінасцэнарыя. Тыя драматычныя яго ўвасабленні, што мне даводзілася бачыць (а памятная яшчэ і кінастужка, забароненая ў 1967-м і знятая з паліц толькі праз 22 гады, у часы перабудовы), былі сканцэнтраваны найперш вакол пераказу сюжэтных перыпетый і, зразумела, кахання. У цяперашняй версіі абраны летапісна-эпічны ўхіл, але гэта не колішняе “Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка”, а менавіта “Евангелле…” і менавіта “… ад Іуды”, што найперш сведчыць пра ягоную апакрыфічнасць (дададзім, што нашумелы літаратурны помнік, знойдзены нядаўна ў Егіпце, даследчыкі прапануюць правільна называць “Евангеллем Іуды”, а не “ад” яго).

Прапанаваны нетаропкі, летапісна-эпічны тон аповеду як нельга лепш пасуе абранай пастаноўшчыкамі ідэі сувязі і перазову часоў, той цыклічнасці ў развіцці гістарычных працэсаў, пра якую ўсё больш доказна гавораць навукоўцы. Рэжысёр працягвае (на свежым для сябе матэрыяле і новым узроўні) закранутыя ім у ранейшых спектаклях тэмы маральнага выбару, розных відаў самазванства, асобы, якая можа як павесці за сабой, так і кінуць выклік усяму грамадству. Але вырашаюцца гэтыя тэмы не ў традыцыйным рамантычным кірунку з ідэалізацыяй героя, а як філасофская праблематыка з усімі “за” і “супраць”.

“Беларускасць” спектакля — у працягу традыцый драўляных скульптур, выкарыстанні праславутых “...квадратаў” Малевіча (як вядома, у яго быў не толькі “Чорны...”, але і “Белы...”, “Чырвоны...”), у спасылках да святочных дэманстрацый і ўпрыгожанняў горада, дзе апошнім часам сталі звяртацца не да транспарантаў, а да вялізных банераў — стацыянарных і перасоўных, складзеных з асобных мазаічных частак (мастак — Людміла Скітовіч).

Адштурхоўваючыся ад нацыянальных рэалій сучаснасці і, у куды большай ступені, 1960-х, калі і ствараўся раман, пастаноўшчыкі смела апелююць да сусветнай культуры і яе найбольш яркіх праяў, што адпавядаюць закранутай праблематыцы. У выніку па разгорце думак спектакль нагадвае не лагічны ланцужок сюжэтных падзей і нават не паралельнае дзеянне, а… навуковае даследаванне, толькі адбудаванае не ў выглядзе стройнай завершанай дысертацыі па зададзенай “кананізаванай” структуры, а як сам працэс, заснаваны на паралелях, параўнаннях, што вядзе да вялізнага агульнагістарычнага і культурнага кантэксту. Прычым тэма даследавання і яе вынікі “цягнуць” не на кандыдацкую, а на доктарскую. І тая некаторая “сумбурнасць” выкладe (прашу не параўноўваць з артыкулам 1936 года “Сумбур замест музыкі”, што паклаў пачатак ганьбаванню Шастаковіча), уласцівыя “сказанням” паўторы — прыкметы незавершанасці працы, яе “неадстоенасці”, калі ўсё ідзе агульнай плынню, без падзелу на вяршкі і сыроватку.

Застаецца пачакаць. Учора ў Ляляўскага адбылася прэм’ера  спектакля “Біяграфія” ў Санкт-Пецярбургу. Будзем спадзявацца, што, вярнуўшыся ў Мінск, ён вернецца і да “Евангелля…”: зробленае ў пастаноўцы раней дый сама творчасць Караткевіча, што раскрываецца з іншага боку, скрозь прызму і біяграфію пісьменніка, таксама таго годныя.

Надзея БУНЦЭВІЧ

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

(Больш фота з прэм'еры — тут.)

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"