Тры спробы напісаць пра фэст беларускага кіно

№ 44 (1274) 29.10.2016 - 04.11.2016 г

Шосты фестываль беларускага кіно “Бульбамуві”, які прайшоў сёлета з 21 па 23 кастрычніка ў сталічным арт-кінатэатры “Тытан”, пакінуў супярэчлівыя ўражанні. Форум, чыя высакародная місія — прамоцыя беларускага кіно, прадэманстраваў не толькі актуальны зрэз маладога айчыннага кінематографа, але спецыфіку лакальнага асяродку, у які аказаўся ўключаны. Фестываль, які першапачаткова распачынаўся ў Варшаве, а потым прыйшоў і ў Беларусь, сёлета ўпершыню вырашыў паказаць сваю праграму ў мінскім кінатэатры. У выніку тэст-драйва была згублена адна “Яечня…”, кінаальманах “Танатас і Эрас” і пэўная якасць паказаў фільмаў канкурсантаў. Засталіся (у маім варыянце) — постаць Максіма Жбанкова, выдатная дыскусія-сняданак “Новае беларускае кіно: рэанімацыя ці перазагрузка?” і фільм Віктара Красоўскага “Душы мёртвыя”, які ў выніку стаў пераможцам “Бульбамуві” ў катэгорыі ігравога кіно. Ці дастаткова гэтага? Як для каго.

/i/content/pi/cult/610/13571/9-1.jpgСпроба першая. Эмацыйная

Насамрэч, пачынаць трэба было б з праграмы, якая з’яўляецца адной з несумненных вартасцей форуму. Але вось якая справа: большасць фільмаў аказаліся знаёмымі. Пэўныя — бачыла на прэзентацыі вынікаў кінаінтэнсіву ў Каптарунах, другія — на летніх паказах “Белкіналета” ад “Cinema Perpetuum Mobile” ў дворыку Нацыянальнага гістарычнага музея, трэція — на выніковым паказе праекта “Kinosprint”… Навінкамі сталіся, бадай, дакументальныя “200 000 абаротаў” Кацярыны Маркавец і “Музыка пад Брайлем” Вольгі Пятровай, ігравыя “Сцены ля мора” Кірыла Захарава, ды нашумелыя “Душы мёртвыя” Віктара Красоўскага. Несумненна, пісаць тут ёсць аб чым, але над убачаным моцна адчуваўся і ўплыў неўбачанага: “гісторыя пра п’янага міліцыянера” — сяміхвілінная “Яечня па-беларуску” Вікторыі Целяшэўскай, і кінаальманах “Танатас і Эрас” праекта “Хранатопь”, што так і не “прагучалі” на фестывалі. Першая была забаронена да паказу на тэрыторыі Беларусі Рэспубліканскай экспертнай камісіяй за дэманстрацыю стасункаў, якія “наводзяць на думку аб антыгуманнай жыццёвай пазіцыі”. Другую зняў з праграмы кіраўнік праекта “Хранатопь” Андрей Кудзіненка ў падтрымку сваёй вучаніцы (карціна ўдзельнічала ў праграме фестывалю і як асобны фільм, і ў якасці часткі кінаальманаха). І — ланцужок пацягнуўся далей. Той самы “Танатас і Эрас” і яшчэ адзін амнібус “Чорны квадрат” рэжысёр “Масакры” і “Акупацыі. Містэрыі” “скасаваў” з Нацыянальнага конкурсу Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”, куды апошнія былі адабраныя. Што ў выніку? Два фестывалі страцілі ў сваім змесце, а вучнёўская праца “Яечня па-беларуску” займела кола прыхільнікаў, якія з нецярплівасцю чакаюць “выхаду” кароткаметражкі ў інтэрнэт. І самае галоўнае, што згубілі ўсе. Энтузіясты, якія насуперак абставінам імкнуцца рэанімаваць беларускае кіно, зноў у “пашане”. Праграма ёсць, але яна “падрэзаная”. “Душы мёртвыя” — пачынаюць і перамагаюць, аднак гэта перамога чамусьці бачыцца здалёк.

Спроба другая. Аптымістычная

Як ні дзіўна, “Бульбамуві” выявіў і яшчэ адзін маркер сучаснага “стану спраў”. Літаральна тры-два гады таму фестываль беларускага кіно займаў выключныя пазіцыі. Ён быў адметным і смелым: беларускі кінематограф знаходзіўся яшчэ ў жывой коме, і ўвага да яго патэнцыялу шчыра выклікала захапленне. Зараз сітуацыя моцна змянілася. Беларускае кіно, сапраўды, жыве і… пакутуе. Пра гэта акурат і адбылася гаворка ў рамках форуму ў фармаце сняданка-дыскусіі. Падзея ўдалася, бо сабрала не толькі кінакрытыкаў і рэжысёраў, але і дыстрыб’ютараў, прысутнасць якіх на абмеркаваннях такога кшталту — рэч рэдкая. Апошнія акурат і зазначылі, што, на жаль, беларускаму кіно не хапае глабальных тэм і ведання законаў рынку, калі на маркетынг стужкі закладваюцца сумы, рэсурсы амаль роўныя вытворчасці фільма. Увогуле, разуменне сваёй аўдыторыі, таго, для каго робіцца карціна, — значна палепшылі б шанцы выхаду айчыннага кінапрадукту на вялікія экраны, падкрэслілі адмыслоўцы. У цэлым, варта адзначыць саму спробу спалучэння, знаёмства кінапракатчыкаў і рэжысёраў, якую прапанавала “Бульбамуві”. Гэта акурат сведчанне наяўнасці таго самага кіно, у адрас якога колькі гадоў таму толькі ўздыхалі. Прыйшло маладое пакаленне, якое жадае здымаць і застацца ў кінасферы. А значыць — трэба пераводзіць размову ў практычнае рэчышча і даваць магчымасць маладым замацавацца на рынку.

Спроба трэцяя. Няўдалая

Сёлета ў конкурсную праграму “Бульбамуві” былі адабраныя 24 стужкі: 12 мастацкіх, 5 дакументальных і 7 анімацыйных. “Эстафета” Міхаіла Пархоменкі, “Травень” Аляксея Свірскага, “Дваццацьшаснаццаць” Андрэя Крывіцкага і Зміцера Рахоўскага, “Тут быў Саша” Андрэя Кашперскага, знаёмыя стужкі з “Хранатопі”… Фестываль вызначыў лепшых з 64 заявак, аднак тэхнічныя недахопы значна сапсавалі прагляд ад моцнага конкурсу. І вось зноў, не здолеўшы засяродзіцца на кіно, адзначаю для сябе, што “Бульбамуві”, на жаль, губляюць па гэтых пазіцыях — арганізацыйных — у іншых ігракоў мінскага кінаполя. І гаворка не пра “Лістапад”, на першым Нацыянальным конкурсе якога, прынамсі, было дастаткова праколаў, а пра маладыя фестывалі, якія сёння ўсё больш гучна заяўляюць пра сябе. Няхай пакуль некаторыя з іх выглядаюць сыра (у першую чаргу ў канцэптуальным плане), а іх селекцыйная камісія не мае ў сваім складзе вядомых інтэлектуалаў, але ж “яны ідуць” і робяць усё магчымае, каб у абраным фармаце данесці кіно да гледача. У тым ліку і беларускае. Той жа “Cinema Perpetuum Mobile” пры адсутнасці бюджэту здолеў адбыцца як еўрапейскі форум, які актыўна прасоўвае беларускае кіно на працягу, лічы, усяго года. З меншым пафасам і большым імпэтам. Трымаючыся прынцыпаў жывога і сацыяльна адказнага кіно. І “Бульбамуві” пры найноўшым раскладзе фестывальнай карты выглядае звыкла. Адкрыцця не адбываецца. Ёсць добрыя карціны, асобныя падзеі фэсту, а вось пэўнага руху, унікальнай атмасферы няма. Хоць, здаецца, акурат тут яна і павінна быць.

 — Гэта быў пробны палёт, — адказвае на маё пытанне пра пазіцыі “Бульбамуві” праграмны дырэктар форуму, культуролаг і кінакрытык Максім Жбанкоў. — Сыходзячы з гэтага і трэба ацэньваць тое, што атрымалася. Мы бачым значную колькасць тэхнічных недапрацовак, але бачым, што слушнай аказалася першапачатковая канцэпцыя фестывалю, абсалютна правільны быў абраны адрасны пасыл. Моцная конкурсная лінейка. Але гэта нават не першая серыя, а толькі пілотны выпуск, ад якога мы будзем рухацца далей.

Мо наступным разам?

Фестываль, што цікава, разумее свае недахопы. Далейшае развіццё бачыцца ў прыцягненні да яго міжнародных экспертаў, пашырэнне медыйнай кампаніі, больш пільнай працы з беларускім кіно, у прасоўванні чаго патрэбны, магчыма, новыя інтанацыі і захады.

“Неабходна выхоўваць публіку, а не аўтараў, якія размаўляюць з аўтарамі аб аўтарах,  — нам трэба шукаць іншыя формы падачы”, — падкрэслівае Жбанкоў і працягвае:

— Цалкам відавочна, што мы як арганізатары фестывалю новага беларускага кіно маем некалькі розныя ўяўленні аб межах дазволенага ў беларускім кіно і саміх фільмах, чым пэўныя дзяржаўныя інстытуцыі — адказвае кінакрытык на пытанне пра ўмовы выхаду ўжо “першай серыі” “Бульбамуві”, калі казаць у тэрмінах серыяла. — Тут пэўны канфлікт пазіцый, разыходжанне меркаванняў. Што гэта значыць? Трэба далей працаваць, размаўляць, пераконваць, а калі размовы і перакананні не спрацуюць, шукаць іншыя метады і шляхі ўзаемапаразумення. Гэта першы з магчымых сюжэтаў новай серыі.

— Якім жа тады мусіць быць беларускае кіно? — задаю пытанне ў тым кантэксце, які склаўся.

 — Беларускае кіно нікому нічога не абявязанае, — кажа Максім Жбанкоў. — Кожны аўтар мае абавязацельствы перш за ўсё перад сваім дарам. У той меры, у якой аўтар аказваецца здольным на выразнае, пераканаўчае візуальнае рашэнне сваёй задумы, у той меры, у якой ён здольны стварыць гісторыю з яскравым героем, у той меры, у якой ён мусіць быць пазнавальным для сваёй мэтавай аўдыторыі,  — гэта і вызначае паспяховы фільм. Па вялікім рахунку, тое кіно, якое любіць беларускі глядач,  — і ёсць беларускае. Тое, што існуе на хвалі публікі, аўдыторыі. Я не хачу маркіраваць беларускае кіно выключна па прынцыпе мовы, “вышываначных” знакаў. Беларускае кіно  — гэта тое, што гаворыць пра стан калектыўнай душы народа. Усё роўна адкуль яно родам. Яно працуе — і гэта галоўнае. І трэба ствараць умовы, каб яно працавала.

З апошнім цяжка не пагадзіцца.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"