Таццяна МУШЫНСКАЯ. “Я цябе не пазнаю!”, або Прыгоды парсючка Лычыка

№ 17 (835) 26.04.2008 - 02.05.2008 г

(Казка-мюзікл у дзвюх дзеях для дзіцячага тэатра)

Дзейныя асобы (у парадку іх з’яўлення): 
Першая Авечка;
Другая Авечка;
Качка;
Качаняты, яе дзеці;
Індык;
Куры;
Парсючок Лычык;
Казляня Упартыя Рожкі;
Каза, яго мама;
Казёл, яго тата;
Тата-Вожык Вострая Іголка;
Вожык-сын;
Вожыкі;
Шэры Зай;
Воўк;
Сарока;
Сумны Кот;
Дажджавыя кроплі. 

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

Адкрываецца заслона. На сцэне — птушыны двор, які знаходзіцца побач з вясковай хатай.На птушыным двары поўна ўсялякай жыўнасці. У розных месцах Першая і Другая Авечкі, Качка, качаняты, куры, Індык.

Першая Авечка. Зранку ладзяць спрэчкі...

Другая Авечка. ...Белыя авечкі.

Першая Авечка. Дзе пад’есці лепш?

Другая Авечка. Ля рэчкі! Я камандую, Авечка!

Першая Авечка.

Не ля рэчкі,

А ля грэчкі!

Мяне слухайся, Авечка!

Бадаюцца, дурэюць.З’яўляюцца Качка з качанятамі.

Качка. Зранку ў качак фізкультура...

Качаняты (хорам). Маем водную натуру.

Качка. Будзем мераць лужыны...

Качаняты (хорам). Качкі не прастуджаны!

Качка. Плаваць вучыць мама-Качка...

Качаняты (хорам). Плаваць? Лёгкая задачка.

Качка і качаняты крочаць праз сцэну ў бок лужыны або азярца, якія знаходзяцца непадалёк. У атачэнні курэй рухаецца Індык. Ён важны і надзьмуты. Куры глядзяць на яго лісліва. Услед за імі з’яўляецца Парсючок Лычык. Ён увесь запэцканы, брудны, але жвавы і вясёлы: ні хвіліны не стаіць на месцы.

Лычык (можа, гаворыць, а можа, спявае).

Вельмі важны наш Індык,

Ён камандаваць прывык.

Ды ў двары смяюцца куры

З фанабэрыстай натуры!

Індык (перавальваючыся, з цяжкасцю падыходзіць да Лычыка, грозна). Гэта хто з мяне смяецца? Га?

Лычык. Куры!

Індык (курам). Вы з мяне смеяцеся?

Куры (абурана). Ну што ты, Індык?! Як мы можам смяяцца з цябе, такога разумнага! (У залу). А калі і смяёмся, дык цішком!

Індык (Лычыку). Навошта ты хочаш пасварыць мяне з курамі?

Лычык. Дзядзечка Індык, вельмі смешна назіраць, які вы важны і надзьмуты. I заўжды незадаволены...

Індык. Лыч!

Лычык (папраўляе яго). Мяне клічуць не Лыч, а Лычык!

Індык. Калі я сказаў — Лыч, значыць — Лыч! Ты яшчэ маленькі рабіць заўвагі дарослым!

Калі Індык адвярнуўся, Лычык вельмі смешна яго перадражнівае. Ажно Куры пачынаюць смяяцца.

Лычык (ціха). Дзядзечка Індык нам гаворыць: “Дык”...

Індык паварочваецца да Лычыка, але той з летуценным выглядам разглядае дрэвы.

Індык. Вунь ідзе твой сябрук, яго і выхоўвай!

Сапраўды, уваходзіць Казляня Упартыя Рожкі.

Казляня Упартыя Рожкі (Лычыку, сумна). Прывітанне, сябра!

Лычык. Прывітанне! Расказвай, дзе ты быў і што цікавае бачыў?

Казляня Упартыя Рожкі (сумна).

Нідзе не быў, нічога не бачыў. Мама загадала сядзець дома. А ўсё таму, што мы з татам дурэлі і бадалі маму-Казу. Яна сказала, што зусім забадалі. I што яна пакідае мяне дома. У якасці пакарання...

Лычык. Слухай, сябра, я цябе не разумею! Ты ўсё-такі Казляня, а не якое-небудзь... цяля. Тым больш Упартыя Рожкі. Трэба ж характар мець! А калі быць дужа паслухмяным, дык нічога цікавага ў жыцці не ўбачыш і ні пра што не даведаешся. Упартыя Рожкі, я прапаную табе выправіцца...

Далей Лычык нешта шэпчэ на вуха сябруку. Ціха-ціха. Зусім нічога не чуваць. Па твары Казляняці відаць: тое, што прапанаваў Лычык, яму вельмі даспадобы. Час ад часу чуюцца словы: “Ага!”, “Ну, клас!”, “Згодзен, згодзен!” Знікаюць. На сцэне з’яўляюцца мама-Каза і тата-Казёл. Каза вельмі прыгожа апранута, паверх сукенкі — пацеркі, на руцэ — бліскучы бранзалет. Тата-Казёл апрануты больш сціпла. Абодва хмурныя. Відаць, нядаўна пасварыліся.
Казёл.

Каза са мной жыве не ў згодзе,

Бо сварыцца пры кожнае нагодзе.

(Казе, тонам просьбы).

Я ў садзе яблыкі знайшоў

I па цябе, Каза, прыйшоў!

Каза (абурана).

Няўжо забыў?!

Іх не люблю!

Не, не пайду —

Не саступлю!

Казёл (пакрыўджана).

Каза заўжды такая ўпартая,

Пярэчыць мне, калі не варта..

Каза (з імпэтам). Казёл, Казёл!

Казёл. Ну, што, Каза?

Каза (захоплена).

Мяне так вабіць дзераза!

Хадзем у лес яе шукаць

I набяром,

І набяром,

I набяром...

Мяхоў, ну, пяць!

Казёл (спалохана). Ды ў лесе воўк!

Шукаць бяду?!

Па дзеразу я не пайду!

Каза (з пагрозай).

Быць паслухмяным шчыра раю,

Пярэчыць будзеш — забадаю!

Дуэт Казы і Казла пераходзіць у іхні танец, калі героі ганяюцца адзін за адным, скочуць, бадаюцца. Вяртаюцца Парсючок Лычык і Казляня Упартыя Рожкі. Каза заўважае іх.

Каза (абурана). Упартыя Рожкі, ты зноў каля Лычыка?

Упартыя Рожкі (вінавата). Ізноў...

Каза. Колькі я вас разганяць буду? Чаму ты маўчыш?

Лычык. Цётачка Каза, ваш сын, Казляня Упартыя Рожкі, мой лепшы сябра!

Казляня Упартыя Рожкі. Мамачка, парсючок Лычык — мой лепшы сябра!

Каза (важна). Казляня, Лычык кепска ўплывае на твае паводзіны. Дома ты паслухмяны і добры сын...

Лычык. А вось і няпраўда! Ён разам з татам-Казлом бадаў вас. Казляня Упартыя Рожкі сам мне пра гэта расказваў. Таму вы яго і пакаралі!

Каза. Лычык, не лезь не ў свае справы. (Сыну.) Паглядзі на свайго лепшага сябрука. Па-першае, ён самы брудны і самы запэцканы на нашым птушыным двары. Больш мурзатых, чым ён, у нас няма. А я люблю чыстых і акуратных...

Дастае з кішэні люстэрка або пудраніцу, прыхарошваецца. Хавае люстэрка.

А па-другое, Лычык заўсёды падбівае цябе на жахлівыя ўчынкі!

Казляня Упартыя Рожкі (сумна). Мама, але з парсючком Лычыкам так цікава, так весела! Ён заўсёды нешта прыдумвае. I ні хвілінкі не дасць сумаваць.

Каза. Ну-ну, прыдумвае! Мінулы раз ён прыдумаў... Са мной тады ледзь сардэчны прыступ не здарыўся! Не, вы толькі падумайце: яны пайшлі ў лес на разведку!

Лычык (з хітрым выглядам). Цётачка Каза, але зусім нядаўна вы прапаноўвалі дзядзечку Казлу ісці ў лес. Па дзеразу... Можа, я памыліўся і што-небудзь не так зразумеў?

Каза. Лычык, у цябе дурная звычка заўсёды ўткнуць нос, прабач, лычык, прычым нямыты, не ў сваю справу!

Лычык. Цётачка Каза, але ж гэта зусім нецікава — сядзець у нашым двары! Тут усё знаёмае... А вось у мінулы раз мы разам з Казлянём Упартыя Рожкі выправіліся за вёску...

Каза (ашаломлена). Што?!

Казёл, які драмаў на сонейку, ад нечаканага воклічу Казы прачнуўся, спалохаўся і ажно падскочыў.

Казёл. А? Што?

Каза (раззлаваная, Казлу). Што — “што”?! Як заўсёды! Я займаюся выхаваннем сына, а ты спіш?! (Лычыку.) Лычык, ты хочаш трапіць ваўку ў зубы? Калі ласка! А мне мой сын дарагі. (Падносіць хустачку да вачэй і выцірае слёзы.) Я столькі начэй не спала, пакуль яго выгадавала... Я не хачу, каб ён зрабіўся здабычай галодных, ненаедных ваўкоў...

Лычык (расчулена). Цётачка Каза, не плачце! Больш мы ў лес не пойдзем. Мы будзем хадзіць па вёсцы і мераць лужыны. Гэта вельмі прыемны занятак!

Насельнікі двара (з дакорам).

Чорны, брудны парсючок,

Парсючок, парсючок,

Дзе запэцкаў ты бачок?

Парсючок Лычык (гарэзна).

Лужыны я мераў,

Глыбіні не ведаў.

Доўга я купаўся,

Таму брудным стаўся.

Дайце вы мне ручнічок —

Будзе чысты мой бачок!

Насельнікі двара.

Чорны, брудны парсючок,

Як, табе — ды ручнічок?!

Трэба табе мыла —

Будзеш вельмі мілы!

Лычык твой ружовы

Стане быццам новы.

Парсючок Лычык (са скрухай).

Не люблю я мыла,

Мне яно не міла!

(Весела.)

Дайце лепей ручнічок,

Будзе чысты мой бачок!

Агульны танец.

Каза (уражаная). Лычык, я не зразумела... Як гэта — мераць лужыны?

Лычык. А так, цётачка Каза! Гэта вельмі проста! Заходзіш у лужыну і ідзеш, ідзеш… (захоплена), пакуль глыбока не зробіцца. Можна ажно па самыя вушы. А потым, а потым (уздыхнуў расчаравана)... ізноў мелка...

Каза (цяжка ўздыхнуўшы). Цяпер я разумею, Лычык, чаму мінулы раз я адмывала Казляня Упартыя Рожкі роўна тры гадзіны. Ты ведаеш, колькі мне трэба было вады прынесці і колькі мыла я на яго перавяла?

Лычык, апусціўшы вочы долу, маўчыць.

У цябе, Лычык, сумленне ёсць?

Лычык (вінавата). Ёсць.

Каза. А ты чаго-небудзь баішся?

Лычык (усміхнуўшыся). Не-а... Нічога, цётачка Каза, не баюся.

Каза (уздыхнуўшы). Ніхто не напужаў як след, таму і не баішся. Лычык, я цябе папярэджваю: каб мерання лужын больш не было! Хочаш — ідзі адзін! Казляня застанецца дома.

Казляня Упартыя Рожкі. Не застануся я дома! Мне тут ужо ўсё агоркла. Я пайду з Лычыкам!

Каза (разгубілася, не ведае, што рабіць. Казлу). А ты чаму маўчыш? Перастань чытаць сваю газету, калі я з табой размаўляю!

Забірае газету. Казёл памкнуўся выхапіць, але не паспеў.

Казёл (умольна). Каза, там вельмі цікавыя навіны...

Каза. Газета сёння пойдзе на салату. Калі я буду вячэру гатаваць.

Казёл адкрыў рот, каб нешта запярэчыць, але Каза зірнула на яго так грозна, што...

Казёл. Добра, добра... Я з табой загадзя згодны. Я з усім загадзя згодны...

Казляня Упартыя Рожкі (здзіўлена). Татка, ты ж казаў, што са мной ва ўсім загадзя згодны!

Казёл. I з табой, і з ма... Змаўкае пад грозным позіркам Казы.

Каза (рукі ў бокі). Так, сын, ідзі сюды! З сённяшняга дня ты будзеш гуляць толькі ў нашым двары. I ніводнага кроку далей! Ты запомніў? І ніякага Лычыка! (Грозна.) Ты запомніў?

Казляня Упартыя Рожкі паныла маўчыць.

Ён кепска ўплывае на цябе. Ён нявыхаваны, ён задзіраецца з усімі насельнікамі птушынага двара. Ну, хіба ж не так?

Лычык (гарэзна). Не, цётачка Каза, не так!

Каза. Прайшла яшчэ толькі палова дня, яшчэ сонца не паднялося высока, а Лычык ужо паспеў абліць вадой качак, залезці ў будку і з’есці сабачы сняданак...

Лычык (запальчыва). Няпраўда! Джэк мне сам аддаў! Сказаў, што яму не спадабалася…

Каза. Ты паспеў пакрыўдзіць Індыка...

Індык. Пакрыўдзіў! Абразіў!

Куры (хорам). Пакрыўдзіў! Абразіў!

Лычык. Цётачка Каза, проста дзядзечка Індык жартаў не разумее!

Каза. Ты пакрыўдзіў мяне...

Казляня Упартыя Рожкі. Мама, не прыдумляй! Лычык цябе зусім не крыўдзіў!

Каза (раззлаваная). Усё! Я нічога не хачу слухаць!Майму цярпенню прыйшоў канец! Якія бацькі, такія і дзеці! Ды вы паглядзіце: ніякі ён не парсючок, а звычайны, брудны і нахабны парсюк, а маці ягоная — свіння!

Індык. Правільна!

Куры (хорам). Праўду гаворыце!

Усе астатнія насельнікі птушынага двара разгублена маўчаць. Першы ачомаўся Лычык.

Лычык. Эх, вы... выхавацелі! Слова “парсюк” я вам яшчэ дарую. А за тое, што вы пакрыўдзілі маю маму і абазвалі яе нехарошым словам, вы мне адкажаце! Вы пра тое яшчэ горка пашкадуеце! Я хоць і не маю ўпартых рожкаў, але забадаць магу!

Разганяецца, бадае Казу ў жывот. Потым Індыка. Тыя з вохканнем падаюць.

Каза. Ох, я зараз сканаю... Ох, паміраю...

Індык. Ой, мне млосна... Ой, мне кепска!

Казёл спрабуе падняць Казу, але марна. Iндык ляжыць на баку і таксама спрабуе падняцца. Куры без толку махаюць крыламі і квохчуць: “Кудах-тах-тах! Які шкоднік!”, “Кудах-тах-тах!”

Лычык (з крыўдай). Усё! Больш я з вамі не сябрую! Лепей у лес пабягу. Няхай мяне лепей воўк з’есць, чым з такімі выхавацелямі заставацца. Я ў лесе знайду сабе сапраўдных сяброў!

Бяжыць уздоўж рампы, яго спрабуюць злавіць, але Парсючок спрытны, вёрткі, нікому не даецца ў рукі. Знікае.

Казляня Упартыя Рожкі. Лычык, пачакай, я з табой! Я цябе не пакіну!

Каза ачомалася, прыўзнімаецца.

Каза. Сын! Вярніся! Няўжо гэты брудны парсюк даражэй табе за родную маці?! Каго ж я выхавала?! (Казлу.) Лаві яго!

Казёл сапраўды спрабуе злавіць сына, але ў яго нічога не атрымліваецца. Казляня бяжыць уздоўж рампы.

Казляня Упартыя Рожкі. Якое захапляльнае падарожжа чакае нас з Лычыкам! Ура-а-а!

Уцякае. Услед за ім бяжыць Каза, услед за ёй — Казёл. Усе астатнія насельнікі птушынага двара — Індык, Качка, Куры, Авечкі — хто разгублена, хто з абурэннем, глядзяць услед.
Канец першай дзеі 

ДЗЕЯ ДРУГАЯ

Лясная паляна. На авансцэне Шэры Зай спявае песню.

Шэры Зай.

Чую, чую я птушыныя хары —

I на ўзлеску, і на ўскрайку, і ў бары,

I ў нізіне, і ў лагчыне, ў гушчары —

Не змаўкаюць да вячэрняе пары.

Сапраўды, колькі гукаў у лесе! Хто-хто, а Зай павінен усё чуць! I мець вуха вострае, пільнае... Вось, чуеце хор конікаў? Ну вядома ж, чуеце! Чаму ж конікам не спяваць, калі вакол такі прыгожы летні бор... Светлы, спеўны...

Жу-жу-жу! — чуюгук:

Па зямлі прастуе жук.

Тук-тук-тук! — чую гук:

Доктар-дзяцел лечыць бук.

Дарэчы, дзяцел не адзін толькі бук лечыць, а ўсе дрэвы.

На паляну прыходзяць вожыкі. Сярод іх глядач заўважае Тату-Вожыка Вострая Iголка, Вожыка-сына. Вожыкі пачынаюць гуляць у футбол. Шэры Зай выступае футбольным каментатарам.
Шэры Зай.

Вожыкі ў футбол гуляюць,

Яблык-мяч яны ганяюць.

Тата-Вожык — варатар,

Адаб’е любы удар!

Тата-Вожык Вострая Іголка. Які ўдар! Які пас!

Шэры Зай (каменціруе). Не, спартыўны пыл не згас!

Тата-Вожык Вострая Іголка. Вось штрафная, вось вароты...

Шэры Зай. Адбівай, не стой!

Тата-Вожык (сыну). Ну, што ты?!

Эх, мазіла, — не ігрок!

Утрымаць мяча не змог!

Вожык-сын (выцірае лапкай узмакрэлы твар). Тата, першы тайм скончыўся. Трэба зрабіць перапынак... Дай трохі аддыхацца!

Вожык-тата, Вожык-сын і іншыя вожыкі адыходзяць у глыбіню сцэны. На авансцэне з’яўляюцца Парсючок Лычык і Казляня Упартыя Рожкі.

Казляня Упартыя Рожкі. Лычык, я баюся! Так далёка ад дома я яшчэ ніколі не хадзіў...

Лычык. Не бойся! Паходзім, павандруем... А вярнуцца мы заўсёды паспеем. Калі бацькі без цябе засумуюць, дык хутчэй даруюць. І дазволяць са мной сябраваць. Ад радасці, што ты жывы і цэлы...

Казляня Упартыя Рожкі (радасна). Яно і праўда!

Лычык. Давай паглядзім, куды вядзе гэтая сцежка? Бо, як вядома, сцежкі заўсёды некуды вядуць.

Кіруюць у левую кулісу. Нечакана сутыкаюцца з Шэрым Заем.

Лычык. Ты хто?

Шэры Зай. Я — Шэры Зай...

Лычык. Я — Парсючок Лычык.

Казляня. А я — Казляня Упартыя Рожкі.

Лычык (важна). Мы абодва — вядомыя вандроўнікі. Учора выправіліся ў чарговае кругасветнае падарожжа. I толькі сёння трапілі ў ваш лес.

Шэры Зай. Цудоўна! Тады я вам усё раскажу і ўсё пакажу. А каб вы зразумелі, хто я, праспяваю сваю любімую песню, якая называецца так: “Хто ў лесе самы смелы?” (Засаромеўшыся.) Вы, напэўна, здагадаліся, што песня — пра мяне...

Лычык і Казляня Упартыя Рожкі сядаюць у цэнтры паляны на пянькі і слухаюць.

Шэры Зай.

Хто ў лесе самы смелы,

Самы спрытны, самы ўмелы?

Хто ў лесе самы дужы,

Не баіцца лютай сцюжы?

Самы смелы — Шэры Зай!

Ты ў вавёркі запытай.

Свой прыгожы доўгі хвост

Я згубіў, як бег праз мост:

Уцякаў ад воўка я,

Я — і ўся мая сям’я.

Самы спрытны — Шэры Зай!

У ваўка ты папытай.

Не бяда — маленькі рост,

Не схапіць мяне за хвост.

Я нікога не баюся,

Я нікому не скаруся!

Самы я рашучы Зай!

У лася ты папытай.

Ля нары — гара капусты,

I не будзе ўзімку пуста.

А ля хаткі — морквы воз,

Гаспадар яе прывёз.

Хто старанны? Шэры Зай!

Хоць у вожыка спытай...

Казляня Упартыя Рожкі. Цудоўная песня! Тады і я спяю. Згодныя?

Лычык і Шэры Зай. Згодныя!

Казляня Упартыя Рожкі.

Клічуць змалку — Казляня

Упартыя Рожкі.

I баяцца ўсе штодня:

Магу й ножкай... трошкі.

Я бягу, скачу, імчу

Сцежкаю-дарожкаю.

Перашкоды ўсе змяту

Капытамі, рожкамі.

Я — упарты, я — свавольны,

Нават наравісты.

Падрасту я, пасталею —

Дык пайду ў артысты.

Я бягу, скачу, імчу

Сцежкаю-дарожкаю.

Перашкоды ўсе змяту

Капытамі-ножкамі!

Лычык. Цудоўна спяваеш!

Шэры Зай. Прапаную спачатку пагуляць у футбол. У нас пляцоўка ёсць каля самай Лясной школы.

Лычык і Казляня Упартыя Рожкі (здзіўлена). Школы?! У лесе ёсць школа?

Шэры Зай пачуццём годнасці). Вядома!

Лычык. А Віцька, сын маёй гаспадыні, цёткі Вольгі, заўсёды кажа, што школа — гэта пакута. I я таксама думаю, што школа — гэта штосьці страшэнна нецікавае. Віцька ніколі не хоча рабіць хатнія заданні. Уявіце сабе — маці ганяецца за ім па ўсім двары! Куры разбягаюцца, Індык хаваецца, Авечкі таксама хаваюцца... Жах! (Шэптам, Заю.) Уяві сабе, маці нават часам бацькаў рэмень бярэ...

Шэры Зай (упэўнена). Дык, можа, ён проста гультай?

Лычык. Не ведаю...

Шэры Зай. А ў ягоным дзённіку якія адзнакі?

Лычык (уздыхнуўшы, відаць, яму сорамна за сына гаспадыні. Ціха). То “два”, то “тры”...

Шэры Зай (пераканана). Дзе ж ён будзе любіць школу? Вядома, не любіць! Лычык, зразумей...

Як разумная галоўка —

Дык рашыць задачу лоўка.

Без пакуты, спрытна, хутка —

Праляціць адна мінутка!

Лычык (з сумненнем). Ты думаеш?
Шэры Зай. Не сумняваюся! А ў нас асаблівая школа — Лясная. Са спартыўным ухілам. Вожык — трэнер па футболе. Дзядзечка Бабёр — па плаванні. Мая маці, Зайчыха, вучыць, як скакаць у даўжыню. Вавёрка выкладае акрабатыку. А Мядзведзь — вольную барацьбу. Вядома, ёсць у нас і іншыя прадметы. Напрыклад, цётухна Сава выкладае мудрасць, а Сарока — красамоўства...
Казляня Упартыя Рожкі. Краса...” — што?
Шэры Зай. Красамоўства! Гэты прадмет існуе для таго, каб звяры і птушкі ўмелі сказаць ясна і даходліва, што яны думаюць. I наогул, каб умелі прыгожа гаварыць. Дзяцел выкладае асновы медыцыны. Вы ж ведаеце, што ён лечыць дрэвы? Цётачка Зязюля выкладае матэматыку: яна пачынае сваё (пераймае зязюлю) “Ку-ку! ку-ку!”, мы лічым, колькі яна пракукуе! Ліса вучыць асновам гандлю і бізнесу. Але летам школа не працуе — канікулы. Так што, пайшлі гуляць у футбол!
Лычык (гарэзна). Школа — шкода… Пойдзем у школу і наробім шкоды!
Зай (з цікавасцю). Лычык, можа, ты паэт?
Лычык (засаромеўшыся). Не, Зай, я толькі спрабую. Я толькі пачынаю...
Шэры Зай, Лычык і Казляня Упартыя Рожкі кіруюць налева. У другім канцы сцэны, справа, з’яўляецца Воўк. Цягне носам паветра.
Воўк. У-у-у, якія водары! Які пах! Якая смаката! (Смяецца.) О-го-го! Якая смачная будзе ў мяне сёння вячэра! Тут не толькі парсючком пахне, але і маладзенькім казлянём таксама. А яно такое апетытнае! (Гладзіць ад задавальнення свой жывот.) Паглядзім, куды яны пайшлі!
Ідзе той жа сцежкай, па якой нядаўна пайшлі Зай, Лычык і Казляня. Знікае.
З’яўляюцца Каза і Казёл. Спыняюцца ў цэнтры сцэны.
Каза. Я заўсёды лічыла: калі бацька ўхіляецца ад удзелу ў выхаванні сына, нічым добрым гэта скончыцца не можа!
Казёл. Каза, але ж ты мне не даеш нават слова сказаць...
Каза. Маўчы, у мяне і так сэрца не на месцы!
Казёл. Каза, я баюся...
Каза (глядзіць на яго з пагардай). I як я магла выйсці за цябе замуж? Сама не разумею! Трэба шукаць наша маленькае казляня, а не трымцець ад страху!
Казёл. А калі раптам воўк, што тады рабіць?
Каза. Пайшлі далей. Гэтая сцежка некуды прывядзе...Удваіх знікаюць у тым напрамку, куды раней пайшлі Зай, Лычык і Казляня, а потым і Воўк. З другога боку між дрэў з’яўляецца Воўк. Ён бачыць, як па сцежцы ў бок Лясной школы крочаць Каза і Казёл.
Воўк. Ну і падфарціла! Якая ўдача! Тут не толькі на мяне ежы хопіць, а на ўсю нашу зграю! Прабачце... Я хацеў сказаць: на ўвесь наш дружны і згуртаваны воўчы калектыў. (Ад задавальнення пацірае лапы.) Ну, даражэнькія, трымайцеся! Мала вам не будзе!
Я шэры воўк, я злосны воўк.
Галоднымі зубамі — шчоўк!
Аж дыбам узнялася поўсць...
Хто ўвечары мой будзе госць?
Ніхто са мною не сябруе,
А ўсе за дрэвамі цікуюць:
Куды пайшоў галодны воўк,
Які зубамі — шчоўк ды шчоўк!
Чаму адзін, заўжды адзін?
Ну дзе Каза і ейны сын?
Накорміць сёння хто мяне?
Няўжо ты, радасць, абмінеш?
Я адзінокі і гаротны,
Вярніся, час мой незваротны,
Калі чакала пад кустом
Вячэра з беленькім хвастом!
Зайцы дрыжэлі і трымцелі,
У пашчу трапіць мне хацелі.
Усё прамінула і сплыло!
Ах, голад! Сківіцы звяло...
Чакаю я. Сліна цячэ...
I слёзы капаюць з вачэй.
На ногі толькі спадзяюся,
А скрусе я не паддаюся.

I зноўку кішкі марш зайгралі,

Зайгралі самі — не спыталі.

Галодны будзеш — не заснеш!

Няўжо ты, радасць, абмінеш?

Я адзінокі і гаротны,

Вярніся, час мой незваротны,

Калі пад кожным пад кустом —

Вячэра з беленькім хвастом.

Воўк хаваецца пад вялізным раскідзістым кустом, які знаходзіцца злева або справа на авансцэне.Выходзяць Каза і Казёл.

Казёл (ледзь не плача). Каза, а Каза, нікога мы не знайшлі... (Пачынае галасіць.) А дзе ж наш мілы сыно-ок? А дзе-е ж ён падзеўся-я-я? А можа, яго воўк ужо з’е-е-еў?

Воўк (седзячы ў кусце, сам сабе). Яшчэ не з’еў. Яшчэ чакаю, пакуль вы ўсе тут зберацеся!

Казёл (галосіць далей). А што ж гэта нам рабі-і-іць?

Каза (рашуча). Будзем сядзець на паляне і чакаць. Хоць бы і да вечара. А хоць і цэлую ноч...

Воўк (сам сабе або ў глядзельную залу). Пагляджу я, хто з вас пад раніцу цэлы застанецца!

Каза. Ад нашага двара ў лес вядзе толькі гэтая сцежка. Іншай няма. Лычыку ўсё роўна, дзе начаваць, бо ён — збродны... А Казляня Упартыя Рожкі прызвычаены начаваць дома. Хоць бы вечарам, але ён павінен вярнуцца!

На паляну выходзіць Шэры Зай. Ён спявае сваю любімую песню.

Шэры Зай. Хто ў лесе самы смелы...

Убачыў Казу і Казла. Ой...

Каза. Ты хто?

Шэры Зай. Я — Шэры Зай.

Каза. А я — цётачка Каза. Зай, скажы, ты не бачыў сёння ў лесе (замілавана) такое сімпатычнае Казляня... Яго клічуць Упартыя Рожкі. I разам з ім (грэбліва)... такі брудны, неахайны...

Шэры Зай. Бачыў, бачыў! Гэта ж мае сябры! Упартыя Рожкі і Лычык гуляюць у футбол разам з вожыкамі каля Лясной школы. Зараз прыйдуць. А, дарэчы, вось і яны...

Сапраўды, уваходзяць Лычык і Казляня Упартыя Рожкі. Казляня трымае мяч. А ў Лычыка пад пахай нейкі скрутак. Каза кідаецца да сына.

Каза. Сыночак, дарагі! (Абдымае яго, цалуе. Той вырываецца, бо яму няёмка перад сябрамі.) Якое шчасце, што я цябе знайшла! Якое шчасце, што ты — цэлы…

Воўк (сам сабе, ціха). Пакуль што цэлы. Але не доўга вам засталося радавацца!

Каза. Ты бачыш, да чаго такія дружбакі даводзяць?!

Казляня Упартыя Рожкі. Мама, нам было вельмі цікава...

Каза. Табе — цікава... А мы разам з тваім таткам ужо цэлы флакон валер’янкі выпілі!

Воўк (з кустоў). А я ўсё не мог зразумець, чым гэта ў лесе так патыхае і так смярдзіць?!

Казляня Упартыя Рожкі (ваяўніча). Мама, я мужчына ці не мужчына? Дакладней, я казляня ці не казляня? (Настаўляе свае рожкі.)

Каза (падыходзіць, ласкава яго абдымае). Сыночак, хутка пачне цямнець. Пойдзем дадому. Мы з тваім таткам вельмі за цябе непакоіліся...

Казляня Упартыя Рожкі. Мама, навошта ты прыйшла? Вось Лычык самастойны, ён нікога не баіцца.

Воўк. Паглядзім, што будзе праз некалькі хвілін!

Каза (ласкава). Сынок, гэта ж лес! А ў лесе, як вядома, жывуць ваўкі. Адкуль ты ведаеш, хто сядзіць пад гэтым кустом?

Кратае рукой куст. Адтуль нечакана для ўсіх выскоквае Воўк са скруткам вяроўкі. Усе ў здранцвенні. Каза пачынае губляць прытомнасць, Казёл падтрымлівае яе, каб яна зусім не ўпала.

Воўк. Ну, што — не чакалі?! Клікалі, клікалі Воўка на сваю галаву... I даклікаліся!

Нямая сцэна.

Якія вы ўсе апетытныя! Як добра ўкормленыя! Якія мясістыя, свежанькія, сакаўныя! Эх, смаката! З каго ж пачаць? Казёл, адыдзі ўбок! Цябе ў разлік не бяру: ты ўсяго баішся, нават сваёй жонкі. Ты будзеш здавацца мне, пераможцу, сам. (Ласкава.) А вы, маленькія, смачненькія, станьце бліжэй адзін да аднаго...

Падыходзіць да іх са скруткам вяроўкі.

Лычык (гучна). Разбягаемся ў розныя бакі! Тады ён нас не зловіць!

Утвараецца мітусня.

Воўк. Ах ты разумнік! Ах ты стратэг! Тады з цябе першага — як з завадатара — я і пачну!

На сцэне беганіна.

Сарока (лётае з дрэва на дрэва). У лесе — бяда! У лесе — Воўк! Усе на дапамогу! Мы церпім бедства! Прыміце сігнал SOS!

Лычык падбягае да Казляняці Упартыя Рожкі, нешта аддае яму. Яны разбягаюцца ў розныя бакі сцэны. Аказваецца, што ў іх руках — сетка для футбольных варот. Імгненна яны накідваюць сетку на Ваўка. Той тузаецца-тузаецца, але чым больш імкнецца вызваліцца, тым больш заблытваецца і нарэшце падае, закручаны ў сетку. Цяпер на ім, як на бервяне, сядзяць Лычык, Казляня Упартыя Рожкі, Шэры Зай і выціраюць пот з ілбоў. Каза і Казёл паставілі ногі, а дакладней — капыты, на Ваўка.

Воўк (варушыцца, незадаволены). Сёння я прайграў. А заўтра можаце і вы прайграць. Няўжо нельга з большай павагай і далікатнасцю да мяне ставіцца?! Вы ўсё-такі інтэлігентныя асобы, а не дзікія звяры!

Лычык пачынае смяяцца, а ўслед за ім — усе астатнія.

Казёл. Парсючок, ты ўсіх нас выратаваў. Дзякуй табе!

Каза (вінавата). Лычык, прабач, што я цябе пакрыўдзіла...

Лычык. Добра, цётачка Каза. Забудземся на гэта! Але вы зразумейце, што хлопчыкі... прабачце, казляняты, не павінны расці такімі паслухмянымі, як дзяўчынкі... прабачце, козы. Яны павінны быць смелымі і рашучымі. Таму што яны... таму што яны — хлопчыкі! Ой, казляняты! Заблытаўся...

Каза (уздыхнуўшы). Бедная твая мама!

Казляня Упартыя Рожкі. А што мы з Ваўком рабіць будзем?

Воўк (умольна). Адпусціце мяне! Я буду харошым! Я буду добрым!

Шэры Зай і Лычык. Ну не! Як толькі мы цябе адпусцім, ты нас адразу з’ясі!

Воўк (плача). Зразумейце мяне — я галодны! Я ўжо цэлыя тры дні нічога не еў! Я нікога не з’еў. I таму я вельмі злы. Пакарміце мяне! I тады я адразу зраблюся добрым...

Шэры Зай. Так мы табе і паверым!

Лычык. Воўк вельмі цяжкі. Калі мы яго падымем, дык так і жываты можна надарваць. Лепш яго каціць, як бервяно.

Воўк (абурана). Гэта я — бервяно?!

Лычык (гладзіць яго, супакойвае). Ты вельмі хітры і разумны...

Воўк. Вось так ужо лепш!

Лычык. ...а таму — небяспечны. Мы цябе пакоцім — як мячык!

Воўк (занепакоена). Куды?

Лычык. Пакуль што на спартыўную пляцоўку. Можа, яшчэ ў адну сетку ўкруцім. Для надзейнасці. Каб не збег...

Шэры Зай (узрадавана). Я прыдумаў, што нам зрабіць з Ваўком! Я прыдумаў, я прыдумаў! Мы завядзём Ваўка да Медзведзя, у секцыю вольнай барацьбы. I там Мядзведзь зоймецца ягоным выхаваннем!

Воўк (жаласліва). А можа, не трэба?

Шэры Зай. Трэба, трэба!

Натоўпам сыходзяць. Сцэна пустая.Уваходзіць Сумны Кот, садзіцца на пянёк і спявае сваю невясёлую песеньку.
Сумны Кот.

Сумны-сумны па лесе блукаў

Кот галодны, пазбаўлены ласкі.

Марыў кот пра сям’ю і шукаў

Ён кавалак цудоўнай каўбаскі.

Марыў кот і пра ўтульны свой дом,

Гаспадыніну ціхую ласку.

Марыў коцік, бяздомнік лясны,

Што патрапіць у добрую казку

Сумны дзень, шэры лес,

Брудны кот, хмурны свет,

У якім не стае

Ні цяпла, ні любві.

Сумны дзень, сумны лес,

Сумны кот, сумны свет… (усхліпвае).На апошніх словах уваходзяць Лычык і Казляня Упартыя Рожкі.

Казляня Упартыя Рожкі (здзіўлена). Ты чаго плачаш?

Сумны Кот (усхліпваючы). Бо я нікому не патрэбны!

Лычык. Мне патрэбны!

Казляня Упартыя Рожкі. I мне — таксама!

Сумны Кот (працягваючы плакаць). Мя-яне-е ніхто-о не лю-ю-ю-бі-іць!

Лычык і Казляня (разам). Мы любім!

Сумны Кот (узрадавана, адразу перастае плакаць). Праўда?

Лычык і Казляня. Праўда!

Лычык. А ты хто?

Сумны Кот. Я — Сумны Кот.

Казляня. А чаму — Сумны?

Сумны Кот. Мне нельга быць вясёлым. Мне трэба быць сумным. Некалі, вельмі даўно, калі я жыў у сваіх гаспадароў, я быў проста Катом, або Вясёлым Катом. А пасля таго, як я стаў ім не патрэбны і яны выкінулі мяне на вуліцу, я стаў называцца Сумным Катом.

Лычык. Значыць так, наш дарагі сябра Кот. Мяне клічуць парсючок Лычык, а майго сябрука...

Казляня. …Казляня Упартыя Рожкі.

Кот падыходзіць да Казляняці, мацае рожкі.

Сумны Кот. Якія цвёрдыя, якія прыгожыя!

Лычык. На агульным, парасяча-казлянячым сходзе мы вырашылі перайменаваць Сумнага Ката ў Вясёлага Ката. З гэтай хвіліны забудзься, што ты быў Сумным Катом.

З’яўляецца Шэры Зай.

Кот (як зачараваны). Забы-ы-ва-а-ю-ся…

Лычык. Далей, Вясёлы Кот. Мы забіраем цябе з сабой. У маіх гаспадароў ёсць вельмі сімпатычная дачка — дзяўчынка Настачка. Я ведаю, што Яна даўно марыць мець коціка. Такога, як ты — ласкавага, пушыстага, сімпатычнага...

Відаць, што Кот разгублены. Ён вагаецца.

Кот. Мяў! А як ты думаеш, яна мяне будзе любіць?

Лычык (пераканана). Будзе!

Кот (з перасцярогай). А катоў цягаць за хвост яна, часам, не любіць?

Казляня. Ні ў якім разе! Яна добрая дзяўчынка. А добрыя дзеці — яны ласкавыя і чулыя.

Кот. А прышчэпкамі хвост не зацісне?

Лычык (грозна). Хто цябе мучыў раней? Пакажы мне! Мала ім не будзе!

Казляня (рашуча). Мала ім не будзе! Забадаю!

Кот. А каўбаска — мур-мяў — там будзе?

Лычык. А яшчэ якая! Розных гатункаў!

Кот. Цудоўна! Тады я выпраўляюся з вамі да сваёй новай гаспадыні Настачкі!

Шэры Зай, які слухаў усю гэтую размову, пачынае ўсхліпваць.

Казляня Упартыя Рожкі (занепакоена). Шэры Зай, што здарылася?

Лычык. Шэры Зай, што з табой?

Шэры Зай гучна плача і не можа прамовіць ніводнага слова.
Лычык. То тут вільгаць (паказвае ў бок Ката), то там (паказвае ў бок Зая).

Шэры Зай. Лы-ы-чы-ы-ы-ык! Ну, як жа я без цябе-е-е?! На каго ты мяне пакіда-а-а-еш? Плача зноў. (Усхліпваючы.) З табой, Лычык, я нікога не баюся. Нават Ваўка... А без цябе — усіх!

Лычык (азадачана). Зай, паслухай, калі мы з табой толькі пазнаёміліся, якую песню ты спяваў?

Шэры Зай (праз слёзы напявае). “Хто ў лесе самы смелы”...

Лычык (пераканана). Самы смелы — ты!

Зай. Лычык, я толькі хачу, каб усе думалі, што я самы смелы. А так я — нясмелы. Я ўсяго баюся. Мне так надакучыла баяцца! Лычык, не сыходзь, не знікай з лесу! З табой так весела, так цікава!

Казляня Упартыя Рожкі. Я таксама лічу, што з Лычыкам весела і цікава.

Вяртаюцца Каза і Казёл. Прылятае Сарока, прыбягаюць вожыкі. Усе разам пачынаюць “дзяліць” Лычыка. З аднаго боку — Казляня Упартыя Рожкі і Кот, з другога — Шэры Зай, вожыкі і Сарока.

Казляня і Кот. Лычык, мы любім цябе больш!

Шэры Зай, Сарока і вожыкі. Не, мы любім цябе больш!

Казляня і Кот. Лычык, ты — наш!

Шэры Зай, Сарока і вожыкі. Лычык, ты — наш!

Лычык. Сябры мае, мы што-небудзь прыдумаем, каб усім было добра. Каб не сумаваў Кот, каб не плакаў Шэры Зай. Бо так не бывае, каб нельга было чаго-небудзь не прыдумаць. (У залу.) Праўда? (Занепакоена глядзіць на неба.) Ой, сябры мае, зірніце, якія хмары! Што зараз будзе! Пачынаецца дождж.
Дажджавыя кроплі (спяваюць).

Мы кроплі празрыстыя,

Пяшчотныя, чыстыя.

Нас дожджык срабрысты

Паслаў да зямлі.

Жылі доўга ў хмарах,

Жылі даўняй марай

Наведаць лугі,

Лясы і палі.

Дождж ідзе мацней.
Дажджавыя кроплі іншым настроем).

Мы спяваем суладна і хорам,

Хутка-хутка мы зробімся морам,

А быць можа, вялізнаю лужынай,

Аграмаднай, глыбокай калюжынай...

Лычык (узрадавана). Дзе лужыны? Хто спявае пра лужыны?

Усе героі падстаўляюць свае тварыкі і пыскі вясёламу летняму дажджу.
Шэры Зай. Паглядзіце, сябры! Паглядзіце, як танцуе дожджык! I мы можам танчыць разам з ім! (Спявае.)

Дождж танцуе — зграбна, лёгка:

То зямлю ледзь-ледзь кранае,

А то хвалямі прыпусціць,

А то раптам адпускае.

Дождж танцуе танец лета

Разам з ветрам, разам з сонцам.

Танчыць весела і шчодра,

Танчыць летні дождж бясконца!

Не злічыць малюнкаў танца,

Не злічыць яго ўзораў.

А на хмурых, а на сумных

Пазірае ён з дакорам.

Героі пачынаюць радасна скакаць пад дажджом.
Лычык (працягвае песню).

Шпарка, жвава дождж імчыцца

У віхурным карагодзе.

Ажывае, весялее

На душы і ў прыродзе.

Ажывае ўсё наўкола

Ад гарэзных срэбных кропляў.

Пабяжым гуляць па лужах

Басанож і без пантофляў.

І смяецца гучна сонца

У кожнай кроплі, у кожнай кроплі.

I танцуе з дажджом разам —

Кожным промнем, кожным промнем.

Казляня Упартыя Рожкі (глядзіць на Лычыка здзіўлена). Сябра, я цябе не пазнаю!

Казёл. I мы цябе не пазнаём...

Каза. Лычык, гэта цябе дожджык памыў... Які ты прыгожы, Лычык! Які ружовы! Які чысценькі! Заставайся такім заўсёды!

Усе героі разам спяваюць.

Канец