Трактоўка Еўрапеяды

№ 44 (1274) 29.10.2016 - 04.11.2016 г

Праз тры гады ў Мінску пройдуць Другія Еўрапейскія гульні. Рэгіянальныя алімпіяды (а менавіта так па аналогіі з алімпіядамі сусветнымі называюць Панамерыканскія, Панарабскія, Усеафрыканскія, Азіяцкія ды іншыя гульні) —- сусветны трэнд. Нават дзіўна, што Еўропа далучылася да яго толькі зараз. Дарэчы, бяруць удзел у Еўрапеядзе не толькі еўрапейскія краіны, але і такія, што геаграфічна толькі часткова адносяцца да Еўропы (Азербайджан, Турцыя), і нават цалкам азіяцкія (Казахстан, Грузія, Арменія, Кіпр, Ізраіль). Разам з Беларуссю на права правесці спаборніцтвы прэтэндавалі Нідэрланды, Вялікабрытанія, Расія, Турцыя, Польшча.

/i/content/pi/cult/610/13569/5-6.jpgЯк толькі стала вядома, што другая ў гісторыі Еўрапеяда пройдзе ў Беларусі, у нас распачаліся дыскусіі адносна таго, якая нам з таго карысць. Дык тыя Нідэрланды ў свеце і так ведаюць, ім няма пільнай патрэбы сябе рэкламаваць. Пра Беларусь такога не скажаш. Таму я мяркую, што Беларусь ад правядзення Еўрапеяды атрымае болей, чым выдаткуе, я маю на ўвазе не матэрыяльны прыбытак (гэта кампетэнцыя эканамістаў), ды і зрэшты не ўсё вымяраецца ў грошах. Еўрапеяда — найперш магчымасць яшчэ раз нагадаць, што ёсць такая краіна — Беларусь, і ўмацаваць у вачах свету яе прывабны вобраз. Нездарма рашэнню аб правядзенні ў Мінску Еўрапеяды папярэднічаў аналіз не толькі спартыўнай інфраструктуры, але і турыстычнага патэнцыялу сталіцы. Прызнана, што ён адпавядае стандартам агульнаеўрапейскага спартыўнага свята. Але ў любым выпадку да Еўрапейскіх гульняў гарадское асяроддзе будзе яшчэ палепшана, удасканалена. Цалкам верагодна, што з’явяцца новыя (абавязкова ўнікальныя) культурныя аб’екты. Вельмі спадзяюся, што ў сталічных музеях да 2019 года нарэшце завершацца перманентныя рамонты. Больш за тое — з’явяцца новыя выставачныя залы.

Магчыма, спаборніцтвы па некаторых спартыўных дысцыплінах могуць праходзіць не ў Мінску, а ў іншых гарадах Беларусі, дзе для гэтага лепшыя ўмовы. У тых жа Нідэрландах планавалася задзейнічаць пад Еўрапеяду спартыўныя арэны ў сямі месцах. У нас жа, скажам, спаборніцтвы па веславанні больш зручна праводзіць у Брэсце. Шматфункцыянальная “Бабруйск-Арэна” будавалася да Чэмпіянату свету па хакеі і нічым не саступае арэнам сталічным. Годныя спартыўныя пляцоўкі ёсць ва ўсіх абласных цэнтрах. Калі Еўрапеяда ахопіць не толькі сталіцу, але і іншыя гарады Беларусі, дык культурнай сферы ўсёй краіны гэта пойдзе толькі на карысць.

Мушу засяродзіць увагу на тым, што разам з паведамленнем пра прыём Еўрапеяды ў беларускіх СМІ была агучана думка, што Еўрапейскія гульні — гэта наша заяўка на правядзенне ў будучыні ўжо і паўнавартаснай Алімпіяды. Хтосьці мо і скажа, што гэта патыхае фантастыкай, а сёй-той са скептыкаў згадае савецкую кінакласіку — фільм, дзе рэжысёр аматарскага тэатра прамаўляе: “А не замахнуться ли нам на Вильяма нашего Шэкспира?” Але ж не ўсе верылі і ў тое, нагадаю, ці пацягнем мы Чэмпіянат свету па хакеі 2014 года…

Знаходзячыся за мяжой, я меў магчымасць упэўніцца, што першае, што згадваюць звычайныя людзі, пачуўшы слова “Беларусь”, гэта імёны спартсменаў — Азаранка, Мірны, Домрачава… У свеце дагэтуль памятаюць эпахальны хакейны матч Беларусь — Швецыя на зімовай Алімпіядзе 2002 года ў Солт-Лэйк-сіці, нашу перамогу 4:3. Што да нашай культуры, дык вельмі рэдка хтосьці (прычым, з тых, хто яшчэ памятае Савецкі Саюз) згадае хіба “Песняроў”… Ведаючы такі расклад, будзе натуральным скарыстоўваць менавіта спартыўны формат, інфармацыйнае поле буйнамаштабных спартыўных спаборніцтваў для папулярызацыі нашых культурных дасягненняў і гістарычных здабыткаў.

Што б ні казалі пра эканамічны складнік Еўрапеяды, а ў перспектыве  — і Алімпіяды, маральны здабытак ад іх правядзення нашмат перакрые як здабыткі, так і магчымыя страты матэрыяльнага характару. Каму цікава, колькі каштавала Савецкаму Саюзу Маскоўская Алімпіяда або Беларусі — Чэмпіянат свету па хакеі? Гонар жа за краіну не мае цаны. Асабіста я цалкам за тое, каб замахнуцца “на Вільяма нашага Шэкспіра” і здзівіць свет шыкоўнымі дэкарацыямі і арыгінальнасцю рэжысёрскай трактоўкі імпрэзы.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"