Хто ж пакосіць траву на кургане?

№ 44 (1274) 29.10.2016 - 04.11.2016 г

27 кастрычніка ў Грамадскім прэс-цэнтры Дома прэсы ізноў казалі пра гісторыка-культурную спадчыну. Гэтым разам — у ракурсе добраўпарадкавання нерухомых матэрыяльных каштоўнасцяў. Што праўда, само паняцце добраўпарадкавання мела даволі размаітае значэнне — ад прывядзення да ладу цэлых кварталаў да пакосу травы на старым кургане.

Прамова галоўнага інжынера “Мінскай спадчыны” Міхаіла Жыха была даволі доўгай. Гэта сведчыла пра тое, што, не зважаючы на цяжкасці, гістарычны цэнтр Мінска развіваецца (рэгенеруецца, рэканструіруецца, джэнтрыфікуецца… — тут могуць быць розныя выказванні). У бліжэйшы час плануецца завяршыць работы на вуліцы Рэвалюцыйнай, а затым комплексна ўзяцца і за яшчэ адзін ацалелы лапік гістарычнай забудовы — Ракаўскае прадмесце. Самае прынцыповае пытанне — перанос хлебазавода — паступова ўжо вырашаецца, архітэктары працуюць над праектам, і справа цяпер толькі за пошукам інвестараў.

Меркаванні адносна гэтых працэсаў, як вядома, вельмі розныя. Падчас прэс-канферэнцыі адбылася дыскусія, здатная выразна акрэсліць водападзел паміж тэарэтыкамі і практыкамі. Спецыялісты аддзела архітэктуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у кампетэнцыю якога ўваходзіць экспертыза праектных рашэнняў, крытыкавалі архітэктараў і іх заказчыкаў за “неаўтэнтычнасць” і заклікалі цвёрда прытрымлівацца Венецыянскай хартыі ды іншых базавых дакументаў у справе рэстаўрацыі. У той самы час, Міхаіл Жых перакананы, што ў рэальнай сацыякультурнай і эканамічнай сітуацыі агульныя пастулаты не заўсёды працуюць, таму і ставіцца да іх належыць не дагматычна, а дыялектычна. Пытанне, хто тут мае рацыю, варта адкласці ў бок ужо хаця б з той прычыны, што ў жыцці зазвычай усё адно перамагаюць менавіта практыкі.

У сваю чаргу, загадчык Цэнтра археалогіі і Старажытнай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вольга Ляўко закранула надзвычай важную тэму — добраўпарадкавання археалагічных помнікаў, якія часта візуальна ніяк не вылучаюцца ў навакольным ландшафце. На сёння такая праблема актуальная не толькі для недаследаваных курганоў і капішчаў (а іх, як адзначыла спецыяліст, у нас шмат — як мала дзе ў свеце), размешчаных недзе ў “глыбокім лесе”, але і для тых аб’ектаў, якія добра вывучаны і могуць уяўляць немалы інтарэс для наведвальнікаў. Гутарка, напрыклад, пра гарадзішча на Менцы, старажытныя Друцк і Шклоў. Сітуацыя тым больш дзіўная, што для прывядзення такіх помнікаў да ладу трэба непараўнальна менш сродкаў, чым на рэстаўрацыю архітэктурных помнікаў. Дастаткова толькі рэгулярна выкошваць траву ды ўсталяваць хоць які інфармацыйны знак — і аб’ект будзе выглядаць зусім іначай. Балазе, станоўчыя прыклады ў нас таксама ёсць.

— Калі ў 1987 годзе я ўпершыню прыехала на аршанскае гарадзішча, там было проста страшна, — апавяла Вольга Ляўко. — Зарасці, бруд, выпівохі пад кожным кустом… Але потым гарадскія ўлады ўзялі гэты аб’ект пад сваю пастаянную апеку, і сёння, завітваючы туды, адчуваеш дух гісторыі горада.

Без сумневу, вырашаць падобныя праблемы павінны менавіта мясцовыя ўлады, на тэрыторыі якіх знаходзіцца той ці іншы аб’ект. У той самы час, ініцыятыву яны праяўляюць нячаста, зазвычай “дэлегіруючы” яе спецыялістам НАН і Міністэрства культуры краіны.

— Як быццам мне самой належыць узяць у рукі газонакасілку ды навесці парадак на тым ці іншым помніку, — дадала Вольга Ляўко.

У той самы час, ці не самы знакавы археалагічны помнік краіны — Мінскае замчышча — у бліжэйшы час глабальных зменаў не спазнае. Для ўвасаблення ў жыццё грандыёзнага праекта яго музеефікацыі сродкаў няма і пакуль не прадбачыцца. Тым не менш, 950-годдзе Мінска прыпадае ўжо налета. Як адзначыў Міхаіл Жых, ёсць намер пакуль што хаця б “абазначыць месца” з дапамогай сродкаў добраўпарадкавання і ландшафтнага дызайну. Без сумневу, гэта вельмі своечасовае рашэнне: пакуль што на тым вызначальным для гісторыі лапіку ні пра Нямігу, ні пра бітву на ёй, ні ўвогуле пра вытокі цяперашняга мегаполіса нічога не нагадвае — за выключэннем хіба паўсцёртай шыльды на будынку Дома фізкультуры.

Загадчык аддзела архітэктуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Таццяна Гаранская закранула таксама і такую важную тэму, як добраўпарадкаванне элементаў гістарычных ландшафтаў гарадоў — і, у прыватнасці, поймаў рэк. Яны таксама могуць разглядацца як помнік спадчыны і таксама зазвычай не патрабуюць касмічных сродкаў.

Журналістаў цікавілі і іншыя злабадзённыя пытанні, датычныя тэмы спадчыны, у тым ліку і лёс квартала, вядомага пад назвай “Асмалоўка”. Выказаўшы сваё прыватнае меркаванне, Міхаіл Жых адзначыў, што гэты ўзор горадабудаўніцтва, без сумневу, варты захавання і абароны ад тых сучасных інтэрвенцый, якія ўжо распачаліся на яго тэрыторыі