Культурнае “поле цудаў”

№ 44 (1274) 29.10.2016 - 04.11.2016 г

Адзін каментатар на поўным сур’ёзе выказаў у СМІ цікавую думку. Аказваецца, даглядаць старыя могілкі трэба з той прычыны, што яны могуць стаць прывабнымі турыстычнымі аб’ектамі і прыносіць грошы. Безумоўна, гэта яўны “перагін”, але… што тут ні кажы, аднак эканамічны складнік усё часцей становіцца вызначальным, калі мы гаворым пра спадчыну, мастацтва і культуру ў цэлым. Настолькі часта, што ўсе іншыя матывацыі, апрача практычных, застаюцца па-за кадрам. Ідэалізм даўно не ў фаворы. А свядомасць, як вядома, у пэўнай меры вызначае быццё.

/i/content/pi/cult/610/13566/4-11.jpgСтаўшы краевугольным камянём працэсаў у сферы культуры, камерцыйны поспех істотна вызначае іх сутнасць. Таму і зразумела, чаму нават самыя паважаныя тэатры часта аддаюць перавагу не сур’ёзным спектаклям, а шоу-атракцыёнам. І рэдка хто задумваецца: а што ж здарыцца, калі гэтая мяжа парушыцца ўшчэнт? Балазе, атракцыёнаў і без тэатраў сёння хапае.

Раней мы адмяжоўвалі сябе ад бяздушнага капіталістычнага захаду. Цяпер, наадварот, бярэм з яго прыклад. Але копія атрымліваецца надта далёкай ад арыгінала. Бо гэта толькі ў нас нехта ўсур’ёз абмяркоўвае камерцыйныя перспектывы нават такога фестывалю, як “Берагіня”. На захадзе ўжо даўно зразумелі: іх няма. Таму не варта і абмяркоўваць, лепей азадачыцца ў дадзеным выпадку зусім іншымі параметрамі поспеху — мастацкім узроўнем і грамадскай вагой.

Вось, напрыклад, суседняя Польшча, якая заўсёды ўяўлялася нам аплотам непаўстрымнай камерцыі. З акна аўтобуса яна сапраўды нагадвае адзіны суцэльны рынак кшталту нашых “Жданікаў”. Ледзь не на кожным кроку нешта прадаецца альбо, прынамсі, рэкламуецца. Але такое ўражанне, вядома ж, няпоўнае. Ёсць і іншая Польшча, якая мне асабіста куды цікавейшая. Штогод я выпраўляюся ў Люблін на фестываль “Inne Brzmennia”. Яго канцэпцыя закладзена ўжо ў самой назве: там гучыць усё тое, што звычайна не гучыць па радыё. Палітра самая шырокая, і гуру афраджазу можа суседнічаць у афішы з нямецкімі легендамі індастрыал “Einsturzende Neubauten”. Штогод у праграме пазначана як мінімум пару такіх легенд.

Але дзівіць перадусім не гэта. Дзівіць тое, што немалы паводле свайго бюджэту open-air — абсалютна бясплатны для наведвальнікаў. Гэта па-першае, а па-другое — асноўнай крыніцай фінансавання з’яўляецца бюджэт Любліна. Горада, які па сваіх памерах прыкладна тоесны Брэсту.

Нашаму чалавеку дзіўна, навошта муніцыпалітэт траціць народныя грошы, каб пэўная частка таго ж народу (адзначым, не такая ўжо і вялікая) магла бясплатна пабачыць, скажам, дарагое мегашоу японскага постджазавага “Shibusashirazu Orchestra”, у якім на сцэну адначасова выходзіць больш за трыццаць музыкантаў, акцёраў, танцораў бута, і ўсё падобна да “Поп-механікі” Сяргея Курохіна. Прычына, напэўна, толькі адна. Вельмі важна, каб некамерцыйная музыка таксама недзе гучала. Важна, каб у тваім горадзе адбываліся імпрэзы, якія пашыраюць кругагляд яго жыхароў.

Як выявілася, гэта ўвогуле трэнд, актуальны для суседзяў. Пакуль на Беларусі ўсе заклапочаныя ростам платных паслуг, на пачатку мінулага года Міністэрства культуры і аховы нацыянальнай спадчыны Польшчы абвясціла акцыю “Даступная культура”. І тыя імпрэзы, якія праходзяць з вольным уваходам альбо цана білетаў на іх сімвалічная, могуць атрымаць не толькі маральную, але і фінансавую падтрымку з бюджэту.

Здавалася б, навошта ў той дзяржаве, дзе рэцыпіент прызвычаіўся плаціць за кантэнт, а не браць яго задарма, як гэта заведзена на постсавецкай прасторы, патрэбны такі дэмпінг? І тут таксама ёсць вельмі просты адказ: каб людзі болей хадзілі на розныя імпрэзы. Гэта і павышэнне культурнага ўзроўню і, урэшце, чыста псіхалагічны фактар: занураны ў свае дэвайсы жыхар сучаснага свету вельмі рэдка выбіраецца ў людзі ды бачыць сабе падобных.

У нас жа пакуль многія ўспрымаюць культурнае поле як знакамітае “поле цудаў” на тых самых “Жданіках”, дзе самае важнае — уцюхаць спажыўцу свой тавар. Хай сабе і ўжо не новы ды за капейкі. Вядома, абодва гэтыя палі маюць поўнае права існаваць у прыродзе. Але галоўнае — іх не блытаць.

Фота Юрыя ІВАНОВА