Барацьба за выжыванне: але ці можна без яе?

№ 44 (1274) 29.10.2016 - 04.11.2016 г

На конкурсных скрыжалях: чаго нашым не хапае?
Замежны вопыт у правядзенні конкурсаў і фестываляў заўсёды актуальны для нашых творцаў і арганізатараў. Пра гэта мы і пагаворым з нашым вядомым прадзюсарам Юрыем САВАШАМ. Дададзім, што не так даўно ў Жытоміры адбыўся ІІ Міжнародны фестываль мастацтваў “Песенны спас” імя Уладзіміра Шынкарука. Яго пераможцамі сталі адразу некалькі беларускіх артыстаў, а сярод членаў журы быў і наш суразмоўца.

— Юрый Паўлавіч, вы не ўпершыню выязджаеце на песенныя святы, што ладзяцца ў замежжы. Што ў Жытоміры было для вас самым адметным з арганізацыйнага боку?

— Пэўна, конкурс канферансье. Па меншай меры, я ніколі такога не сустракаў. Між тым, узровень вядзення нашых канцэртаў часам пакідае жадаць лепшага, і падобны конкурс мог бы садзейнічаць яго ўзняццю.

— Некалькі гадоў таму сталічная філармонія спрабавала правесці такі конкурс — дакладней, кастынг. Але ўзровень прэтэндэнтаў быў даволі сумнеўным. Калі ж тэлебачанне аб’яўляе набор вядучых, чарга ахвотных патрапіць на тэлеэкран выстройваецца праз усё фае на вуліцу, ледзь не да аўтобуснага прыпынку…

— Каб забяспечыць добрую падрыхтоўку ўдзельнікаў, трэба найперш вызначыць адпаведныя конкурсныя ўмовы, якія будуць патрабаваць неабходнага ўзроўню. У тым жа Жытоміры конкурс праходзіў у некалькі тураў. На першым патрабавалася прачытаць маналог: ці з нейкай п’есы, ці гумарыстычны, якіх багата складаюць пісьменнікі-сатырыкі, ці ўласнага сачынення. Той, хто выйшаў у другі тур, павінен быў весці песенны конкурс. Кожны з вядучых атрымліваў спіс канкурсантаў і іх праграму. А тое, як прадставіць таго ці іншага ўдзельніка, як зрабіць “падводку” да ягонай песні, залежала непасрэдна ад канферансье. І, вядома, патрабавала не толькі папярэдне прадуманага тэксту, але і ўмення імправізаваць, імгненна рэагаваць на нейкія сцэнічныя сітуацыі. Думаю, штосьці падобнае было б карысна ладзіць і нам.

— Ва ўласна песенным конкурсе таксама былі нейкія “разыначкі”?

— Так. Тое, што ён прысвечаны памяці Уладзіміра Шынкарука, адбіваецца і на яго праграме. У прыватнасці, кожны з канкурсантаў павінен праспяваць якую-небудзь яго песню. Зразумела, гэта суправаджаецца і новай аранжыроўкай, вельмі часта — пераасэнсаваннем твора, наданнем яму адметных сучасных рысаў. Дый увогуле, чым больш будзе разнастайных прачытанняў, тым лепей. Да таго ж, з творчасцю ўкраінскага песеннага класіка знаёмяцца прадстаўнікі іншых нацыянальных культур, яго імя і творчасць папулярызуюцца — не на словах, а на справе.

— Штосьці падобнае можна назіраць і на некаторых беларускіх конкурсах, асабліва “імянных”. І не толькі ў галіне эстрады! Але шкада, што падобныя з’явы ў нас патроху страчваюць былыя маштабы. Нават на “Славянскім базары ў Віцебску” раз-пораз даводзіцца чуць меркаванні, што неабавязкова, маўляў, абмяжоўваць спевакоў славянскім рэпертуарам. Песні ж нацыянальных творцаў там гучаць у паўфінале, даючы (ці не даючы) “пропуск” у фінал. Выказваюцца і прапановы памяняць рэпертуар конкурсных дзён, паставіць сучасныя нацыянальныя песні ў фінал, каб узняць іх значэнне.

— Думаю, мэтазгодна было б змяніць сам фармат гэтага конкурсу, які невыпадкова лічыцца адным з галоўных у краіне. На цяперашнім этапе гэты конкурс — адно вакальны. Так, былі спробы надаць яму рысы шоу, спалучыўшы спевы канкурсантаў з нейкім відэашэрагам, прыдуманым рэжысёрам. Адзін год такая ідэя была рэалізавана на практыцы, але выклікала шмат нараканняў і не замацавалася. А справа ж не проста ва “ўпрыгожванні”! Што сёння патрабуецца ад эстрады? Вядома, адно добрых спеваў замала. Штогод мы пераконваемся ў гэтым на тым жа “Еўрабачанні”. Дый наша публіка прагне не толькі пачуць, але і ўбачыць. Мы ж творчую моладзь да гэтага не рыхтуем, усе нашы конкурсы па-ранейшаму сканцэнтраваныя на вакале.

— Чым жа вам так вакал надакучыў? Нагадаю расійскі тэлепраект “Голас”, некаторыя іншыя замежныя конкурсы, дзе нават адбор удзельнікаў ажыццяўляецца “ўсляпую”: журы слухае, павярнуўшыся да музыкантаў спінамі.

— Ды я ж не супраць! А колькі конкурсаў у нашай краіне вы назавеце, дзе ацэньваўся б песенны нумар цалкам? Менавіта цалкам, з усімі сваімі складнікамі — так, як гэта і робіць публіка ў час канцэртаў. Дык вось, такіх конкурсаў у нас няма — ніводнага. У чым тады сэнс аднолькавых спаборніцтваў? А між тым штогод узнімаецца пытанне, як зрабіць конкурс “Славянскага базару…” больш відовішчным, прыцягальным для тых жа тэлегледачоў. Наяўнасць шоу, падрыхтаванага самімі ўдзельнікамі, а не зрэжысіраванага непасрэдна перад конкурсным выступленнем, шмат у чым зняло б гэту праблему. Але галоўнае — такі конкурс быў бы непасрэдна звязаны з канцэртнай практыкай, а не адарваны ад яе. Тым больш праходзіць ён непасрэдна ў амфітэатры і збірае тых, хто ўжо мае за плячыма не адну вакальную перамогу. Чаму б не зрабіць яго і сапраўды конкурсам эстрадных артыстаў, а не адно вакалістаў?

— Вы маеце рацыю, бо, да прыкладу, на тым жа Мінскім міжнародным Калядным конкурсе вакалістаў, які праводзіць наш Вялікі тэатр, у трэцім туры трэба паказваць суцэльную оперную сцэну. Такім папраўдзе оперным падыходам гэты конкурс і вылучаецца на фоне безлічы іншых! А члены журы, сярод якіх пераважаюць не выкладчыкі вакалу, а оперныя дзеячы, у тым ліку кіраўнікі оперных тэатраў свету, могуць адразу запрашаць неабходных ім спевакоў для ўдзелу ў спектаклях. Што ж да эстрады, дык лічыцца, што гэту нішу музычных шоу запаўняюць разнастайныя тэлепраекты — накшталт той жа “Акадэміі талентаў”, дзе вы былі ў складзе журы.

— Да такіх конкурсаў я стаўлюся з некаторай насцярожанасцю. Бо яны заснаваны не на нашым менталітэце, а ў большасці пераняты з Амерыкі. І такая “калька” не заўсёды на карысць ні нацыянальнай культуры, ні маладым творчым асобам. Бо ва ўсе такія спаборніцтвы закладзены прынцыпы “гульні на выбыванне” і, адпаведна, “барацьбы за выжыванне”. Удзельнікі ведаюць, што незалежна ад вынікаў, хтосьці з пачатковай каманды ў кожным з тураў павінен выйсці з гульні. І пачынаюць думаць не пра тое, каб як мага лепей выступіць, а каб хтосьці з сапернікаў “паслізнуўся”. Да таго ж, з кожным выпускам праграмы мы не далічваемся тых, магчыма, геніяльных нумароў, якія былі б падрыхтаваны і паказаны нам “выкрэсленымі” ўдзельнікамі. Ці ж гэта добра? І пра якое “навучанне” можа ісці гаворка, калі мы планамерна выключаем аднаго, другога, трэцяга? Мы ж іх папросту “не давучылі”! І не таму, што яны не справіліся з ранейшымі заданнямі. Асабліва крыўдна бывае, калі бачыш, як чалавек пачынае рабіць поспехі, становіцца лепей за сябе ўчарашняга, а нейкая недарэчная дробязь усё перакрэслівае, робіць марнымі ўсе намаганні. Зразумела, пры такіх умовах члены журы папросту вымушаны “чапляцца” да любога парушэння недасягальнага на практыцы ідэалу — і хто ад гэтага выйграе?

Так што ў нашай конкурснай практыцы многае, на маю думку, трэба было б змяніць. Гэта плённа адбілася б на ўсёй нацыянальнай культуры. А калі конкурс яшчэ і замежны, прыцягнула б дадатковую ўвагу з боку міжнароднай грамадскасці. Ці ж не на гэта скіраваны ўсе нашыя захады? З аднаго боку — “упісаць” беларускую нацыянальную культуру ва “ўлонне” сусветных дасягненняў. З другога — прапанаваць штосьці сваё, што магло б атрымаць распаўсюджанне далёка за нашымі межамі і стаць здабыткам іншых нацыянальных культур.

— У сувязі з гэтым узнікае яшчэ адно пытанне — далейшага лёсу лаўрэатаў. Суцэльную гронку ўзнагарод, уключаючы Гран-пры, прывезлі з таго ж Жытоміра вашы дзяўчаты, з’яднаныя ў ансамбль “Красотки”. А хто ведае гэты калектыў у нас у Беларусі?

— Гэта асобная праблема, якую гэтак з наскоку не вырашыць. Так, на тэлебачанні гэтых артыстак няма — пры тым, што яны ўдзельнічалі ў дзясятках канцэртаў па ўсёй краіне, і не з адным-двума нумарамі, а з суцэльным канцэртным аддзяленнем. Тыя, каму давялося іх пачуць і, падкрэслю, убачыць, прагнуць новых сустрэч з маладым калектывам. І гэта галоўнае!

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"