Конкурсныя цікавосткі і не толькі

№ 44 (1274) 29.10.2016 - 04.11.2016 г

“Насустрач натхненню” — так гучыць слоган Мінскага кінафестывалю сёлета. Ужо напрыканцы наступнага тыдня ён пачнецца для кінагурманаў і зацікаўленых сапраўдным мастацтвам гледачоў. Назіраць за лепшымі прадуктамі індустрыі кіно можна будзе з 4 па 11 лістапада.

Нацыянальныя далікатэсы

Нацыянальны конкурс прадстаўлены ў трох катэгорыях: ігравое кіно, дакументальнае кіно і анімацыя, дзе беларускія рэжысёры паказваюць свой погляд на Беларусь, жыццё, людзей, каханне, мастацтва, праблемы. Напрыклад, Мікіта Лаўрэцкі, вядомы аўдыторыі папярэдняга “Лістапада” па “Беларускім псіхапаце”, знятым, па словах рэжысёра, у жанры мамблкор, зноў прадставіць карціну падобнага кірунку. “Каханне і партнёрства” распавядае пра простае жыццё з простымі праблемамі, дзе галоўная гераіня — дзяўчына рэжысёра. Дарэчы, дапаўненнем да поўнаметражнай стужкі Лаўрэцкі называе дакументальную кароткаметражку “Некалькі сцэн з маёй дзяўчынай Волечкай Кавалёвай”, якая будзе прадстаўлена ў катэгорыі “Беларуская панарама. Пазаконкурсныя паказы” (у рамках таго ж Нацыянальнага конкурсу).

Ужо вядомы беларускім гледачам і нават кінакрытыкам фільм Улады Сяньковай “Граф у апельсінах” таксама ўдзельнічае ў Нацыянальным конкурсе. І рэжысёр, і акцёры не маюць прафесійнай адукацыі, але ўжо маюць значную колькасць водгукаў і сваіх прыхільнікаў. Кіно пра маладосць, каханне, пошукі сябе і… простае, але не самае лёгкае жыццё.

“Душы мёртвыя” Віктара Красоўскага таксама з’яўляецца фільмам ужо вядомым невялікаму колу беларускіх гледачоў. 28-хвілінная сацыяльная драма знята адным планам, але філасафічнасць твора ад гэтага нікуды не знікае. “Душы мёртвыя” — фільм пра жыццё беларускага прадпрыемства, дзе працуюць людзі з рознымі ступенямі інваліднасці. Выконваюць ролі як прафесійныя акцёры (Генадзь Фамін, Павел Харланчук-Южакоў і іншыя), так і самі работнікі.

Рэжысёрам кароткаметражнай стужкі “Мой брат” з’яўляецца студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Нэла Васілеўская. Яе фільм першапачаткова ўваходзіў у кінаальманах “Адкрытымі вачыма”, дзе ўсе 5 фільмаў знялі маладыя кінарэжысёры БДАМ. У альманах увайшлі адразу дзве стужкі Васілеўскай, што было адзначана кіназнаўцамі. “Мой брат” — фільм пра сям’ю, дзяцінства, любоў і рэўнасць, пра вялікія праблемы маленькіх людзей.

Лічбавы, неадназначны падыход да дакументальнага кіно прапануе рэжысёр Андрэй Куціла з фільмам “25”, дзе 25 — гэта колькасць гадоў не толькі герояў стужкі, але і суверэнітэту Беларусі. Праз сваіх герояў рэжысёр паказвае, як і чым зараз жывуць маладыя людзі ў нашай краіне, чаго хочуць і аб чым мараць.

Адразу тры фільмы ў жанры дакументальнага кіно ўзяты з цыкла “Замкі Беларусі”: “Гальшанскі замак. Імгненне” Юрыя Цімафеева, “Крэўскі замак” Вольгі Дашук і “Прыгоды ў Быхаўскім замку” Кацярыны Махавай. Хронаметраж кожнага — 13 хвілін, здымаліся карціны на студыі “Летапіс”. Кожная стужка мае сваю гісторыю, дзесьці яна паказана праз мову чалавека, а дзесьці — праз мову пабудовы…

Нечакана аж у дзве конкурсныя праграмы трапіў беларуска-расійскі фільм “Саламанка” рэжысёраў Руслана Фядотава і Аляксандры Кулак. Фільм-удзельнік некалькіх кінафестываляў па ўсім свеце з 2015 года будзе прадстаўлены на “Лістападзе” ў нацыянальным конкурсе і ў асноўным конкурсе дакументальнага кіно. “Саламанка” — чорна-белая стужка. Гісторыя аднаго чалавека тут адкрывае гісторыі іншых. Работа ўжо выклікала рэзананс сярод кіназнаўцаў і крытыкаў, яе ведаюць, пра яе пішуць, яе любяць.

“Заморскія” стравы

У асноўным конкурсе ігравога кіно сёлета будуць удзельнічаць 11 мастацкіх карцін, ва ўсіх ёсць шматлікія прызы і ўзнагароды. Пачнецца кінафестываль з лёгкага, рамантычнага расійскага фільма “Пецярбург. Толькі па любові”. Фільм адкрыцця — гэта альманах з сямі невялічкіх гісторый розных людзей пра культурную сталіцу Расіі. Кожная гісторыя мае свайго рэжысёра-жанчыну: Рэната Літвінава, Аксана Бычкова (дарэчы, гэта ўжо другая яе работа пра Пецярбург, першая — “Піцер FM”), Аксіння Гог, Наталля Кудрашова, Наталля Назарава, Аўдоцця Смірнова і Ганна Пармас.

Фільм закрыцця — “Рэшткавыя выявы” вядомага рэжысёра Анджэя Вайды — апошняя карціна польскага майстра: 9 кастрычніка 2016-га яго не стала. “Рэшткавыя выявы” — трагічная гісторыя жыцця мастака з беларускіх земляў Уладзіслава Стржэмінскага, які змагаўся супраць цэнзуры і ўплыву сацрэалізму на творчасць. У адным са сваіх апошніх інтэрв’ю Вайда падкрэсліў, што гэтым фільмам ён хацеў папярэдзіць цяперашняе пакаленне палітыкаў ад празмернага ўмяшальніцтва дзяржавы ў культуру.

Фільм кітайскага рэжысёра Фэн Сяогана “Я не Мадам Бавары” ўжо адзначаны прызам міжнароднай федэрацыі кінапрэсы кінафествывалю ў Таронта, а ў выканаўцы галоўнай ролі — актрысы Фань Бінбін — уражвальная фільмаграфія і некалькі ўзнагарод за лепшую жаночую роль.

Гэткі ж прыз таксама атрымаў крымінальны трылер “Чырвоны павук” польскага рэжысёра Марціна Кошалка, дзе ў аснову фільма пакладзена праўдзівая гісторыя серыйнага забойцы Караля Кота. Кіно абяцае быць змрочна-псіхалагічным нават па сваім нагняталым слогане: “Кожны забойца мае свой першы раз”.

Трылер румынскага рэжысёра Крысціана Мунджыў “Атэстат сталасці” — не больш не менш — атрымаў прыз за лепшую рэжысуру на Канскім МКФ. Мунджыў называюць “хэдлайнерам новай румынскай хвалі” ў кінамастацтве і кажуць пра яго як пра аднаго з самых цікавых рэжысёраў Еўропы. Фільм — выключная гісторыя бацькі і яго дачкі для засяроджвання ўвагі гледачоў вакол дысфункцыянальнасці грамадства.

У асноўным конкурсе дакументальнага кіно ўсяго 12 кінастужак, з якіх 11 — фільмы замежнай вытворчасці. Стужка знакамітага ўраджэнца Беларусі рэжысёра Сяргея Лазніцы “Аўстэрліц” ужо атрымаў шматлікія водгукі сярод многіх кінакрытыкаў і кіназнаўцаў. “Аўстэрліц” — кіно спакойнае вонкава, але ўнутры яго існуюць пытанне за пытаннем. Чорна-белая стужка пра назіранне за наведвальнікамі мемарыяла, створанага на месцы былога канцлагера як балючая, але не бескарысная памяць пра мінулае.

“Украінскія Шэрыфы” Рамана Бандарчука — невясёлая стужка пра сучаснае жыццё ўкраінцаў з сяла Старая Збур’еўка. Галоўныя героі — шэрыфы, якія дапамагаюць, ратуюць, аберагаюць жыхароў богам забытай вёскі ў той час, калі на ўсходзе краіны ідзе вайна… Вытворчасць: Украіна, Латвія, Германія.

Па словах дырэктара праграм неігравога кіно фестывалю “Лістапад” Іріны Дзям’янавай, адной з самых магутных карцін у гэтым конкурсе будзе стужка “Х’юстан, у нас праблема” рэжысёра Жыга Вірца. Дакументальная драма даследуе такія падзеі, як “халодная” вайна, высадка на Месяцы і іншыя, разглядае як іх карысныя вынікі, так і тыя, што нясуць разбурэнне ў жыццё. Стваралі карціну 5 краін: Славенія, Харвація, Германія, Чэхія і Катар.

Дарэчы, упершыню на “Лістападзе” ў рамках конкурснай праграмы дэбютных фільмаў “Маладосць на маршы” сумесна з Дзяржавай Катар удзельнічае карціна вытворчасці Лівана “Забойчая здымка!” рэжысёра Мір-Жана Бу Шаая. Нягледзячы на свой “лістападаўскі” дэбют, фільм ужо атрымаў некалькі ўзнагарод, адна з якіх — прыз лепшаму рэжысёру новага пакалення на Пекінскім МКФ у Кітаі. Крымінальная драма можа мець шакавальны спосаб апавядання, але прадэманструе гледачам новыя, нязвычныя, дзесьці спрэчныя грані жыцця.

Фільм расійскага рэжысёра Івана Твардоўскага “Заалогія” мае прызы гільдыі кіназнаўцаў і кінакрытыкаў на кінафестывалі “Кінатаўр” ды спецыяльны прыз журы на МКФ у Карлавых Варах. Галоўная гераіня Наталля мае нешта агульнае з галоўным героем Франца Кафкі — Грэгарам Замзам, але гісторыя яе зусім не падобная да гісторыі “Ператварэння”. Артхаўсная драма з элементамі фантастыкі распавядзе пра здабыццё сябе праз боль, адчай і… надзею.

Дзіцячыя прысмакі

Сёлета, па словах дырэктара “Лістападзіка” Ігара Сукманава, дзіцячае і юнацкае кіно будзе зусім не дзіцячым. Праблемы юнацтва без імітацыі непасрэднасці, а з усім праўдзівым, балючым начыннем будуць прадстаўлены ў 8 кінастужках, дзе рэжысёры ніколі раней не асацыяваліся з дзіцячым кіно. А вось у пазаконкурсных паказах гледачоў чакаюць вясёлыя, авантурныя фільмы для сямейнага прагляду.

Так, конкурсны фільм знакамітага амерыканскага рэжысёра Айра Сакса “Маленькія мужчыны” ўжо адзначаны кіназнаўцамі як драма пра дарослыя праблемы. Два маленькія мужчыны — Джэйк і Тоні — зусім розныя, але для сяброўства не павінна быць адна глеба. А вось для варожасці — так. Сем’і дзяцей канфліктуюць, што ў будучыні можа прывесці да разладаў паміж лепшымі сябрамі.

Яшчэ адзін фільм “Лістападзіка” — гэта дастаткова вядомая сярод кінааматараў камедыя знакамітага француза Мішэля Гандры. Акрамя таго, што ў стужцы знялася зорка сусветнага маштабу Адры Тату, там ёсць усё, што патрэбна для ўдумлівага сямейнага прагляду: праблема дзяцінства і сталення, адмова ад уціскання рэчаіснасці, сяброўства, першае каханне. Фільм таксама не столькі для дзяцей, колькі пра дзяцей і іх дарослыя погляды на жыццё.

Незвычайны, дзіўны, эстэтычны — эпітэты, якімі характарызуюць дэбютны фільм рэжысёра Ота Бэла “Маленькая паляўнічая з Беркутам”. Тры краіны прымалі ўдзел у стварэнні дадзенай карціны — ЗША, Вялікабрытанія і Манголія. Гісторыя 13-гадовай дзяўчыны, якая пайшла супраць традыцый свайго народа і вырашыла стаць утаймавальніцай дзікіх птушак — гэта фільм аб недзіцячай мужнасці і ўменні марыць, пра ўвасабленне сваіх мар і цяжкай працы на шляху да іх.

Анімацыйны фільм беларускага рэжысёра Марыны Карпавай “Маці-чапля” прадстаўлены ў Нацыянальным конкурсе “Лістапада”. Гэта 11-хвілінная гісторыя жывёлы, праз якую і дзеці, і дарослыя вучацца разумець, што такое любоў і адказнасць.

Іншая мультыплікацыйная стужка ад яшчэ аднаго беларускага рэжысёра Наталлі Сурыновіч “Даша і людаед” (таксама ўдзельніца нацыянальнага конкурсу) — вясёлая гісторыя знаходлівай, бясстрашнай дзяўчынкі, якая дапамагла даросламу чалавеку цалкам змяніць жыццё. Дарэчы, гэта анімацыя зроблена, як і “Маці-чапля”, для расійскай кінастудыі “Саюзмультфільм”.

Каларытныя дэсерты

Пазаконкурсная праграма апошніх трыўмфатараў трох галоўных кінафестываляў свету: Берлінскага, Канскага, Венецыянскага — “Львы, Мядзведзі, Пальмавыя галіны” прадставяць агульнапрызнаныя шэдэўры кінавытворчасці-2016. А вось, напрыклад, у рамках праграмы дакументальнага кіно “Музыка DOC” будзе паказаны фільм легендарнага амерыканскага рэжысёра Джыма Джармуша, вядомага ва ўсім свеце як класіка незалежнага кіно. Яго новая дакументальная стужка “Gimme Danger” як своеасаблівае прызнанне ў любові да культавага рок-гурта “The Stooges”. У пазаконкурснай секцыі неігравога кіно “Кіно змен”, дзе дэманструецца падборка дакументальных карцін пра сацыяльныя змены ў грамадстве, будзе прадстаўлены яшчэ адзін фільм Анджэя Вайды “Бесы. Праз гады”.

Па той бок кухні

Праект для ўдзельнікаў кінаіндустрыі, а таксама ўсіх тых, хто хоча ведаць пра кіно ўсё і яшчэ больш, — індустрыяльная платформа. У рамках праекта будзе праведзена больш за дзесяць розных мерапрыемстваў: прэзентацыі, майстар-класы, сустрэчы з дырэктарамі кінакампаній, прадзюсарамі, рэжысёрамі, драматургамі, удзельнікамі міжнародных кінафестываляў і іншымі. Удзел у індустрыяльнай платформе з’яўляецца бясплатным, але на некаторыя мерапрыемствы патрэбна папярэдняя рэгістрацыя (напрыклад, на адкрыццё платформы, якое адзначыцца як “дзень віртуальнай рэальнасці”). Прайсці рэгістрацыю можна на сайце “Лістапада”.

Вольга СТАРАВОЙТАВА, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ