Віншаванні: 25 гадоў з дня выхаду ў свет першага нумара "К"

№ 43 (1273) 22.10.2016 - 28.10.2016 г


Калектыву газеты “Культура”

Дарагія сябры!

Прыміце ад Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму шчырыя віншаванні са знамянальным юбілеем — 25-годдзем з дня выхаду ў свет першага нумара газеты “Культура”!

Многае змянілася за гады існавання славутай газеты. Але ва ўсе часы яна займала адно з самых значных і адметных месцаў сярод сродкаў масавай інфармацыі нашай краіны. І гэта не выпадкова, бо газету робяць сапраўдныя прафесіяналы сваёй Справы, улюблёныя не толькі ў яе, але перш за ўсё ў Культуру роднай Беларусі і яе таленавітых людзей.

Як у кожнага яркага, самабытнага выдання, у “Культуры” шмат адданых чытачоў і сяброў. За мінулыя гады для іх любімая газета стала даверным суразмоўцам, з якім можна абмеркаваць самыя актуальныя тэмы. Вашы газетныя палосы — гэта надзейныя крыніцы інфармацыі пра ўсё, што адбываецца ў нашай галіне. Творчы патэнцыял выдання бязмежны, і гэта бачна па тым, як мяняецца газета вонкава і ўнутрана. У розныя этапы жыцця газета “Культура” заўжды жаданы сябар і спадарожнік.

Творчы падыход да справы, дынамічны і эстэтычны стыль працы, увага да новых ідэй адрозніваюць ваш калектыў аднадумцаў і прафесіяналаў. Ад душы жадаем усім супрацоўнікам і ветэранам газеты добрага здароўя, даўгалецця, дабрабыту, творчай энергіі, новых прафесійных поспехаў у рэалізацыі акрэсленых планаў!

Наталля АЎДЗЕЕВА, старшыня ЦК Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму 

 

Парыж, 14 кастрычніка 2016 года

Паважаны Сяргей Сяргеевіч!

Сардэчна віншую Вас і ўвесь калектыў газеты “Культура” з 25-гадовым юбілеем з часу выхаду першага нумара.

Дваццаць пяць гадоў працы — яскравы прыклад асветніцкай дзейнасці і самаадданага служэння беларускай культуры.

Жадаю поспехаў у высакароднай дзейнасці па фарміраванні і пашырэнні духоўнага багацця беларускага народа.

Творчага натхнення, нязменнага прафесійнага росту, здароўя, бадзёрасці і дабрабыту.

Павел ЛАТУШКА, Пасол Беларусі ў Францыі, Іспаніі, Партугаліі, Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры UNESCO

 

Калектыў БелТА віншуе рэдакцыю газеты “Культура” з 25-годдзем. За гэтыя гады выданне заслужыла высокі аўтарытэт у прафесійнай супольнасці і ў чытацкай аўдыторыі. Сёння газета з’яўляецца актуальнай пляцоўкай для дыскусіі, сумленнай і ўдумлівай размовы аб развіцці культуры Беларусі. Прыміце шчырыя пажаданні здароўя, шчасця, творчых поспехаў, новых геніяльных тэм і высокіх накладаў!

Намеснік генеральнага дырэктара БелТА Аксана КІРЫЛЬЧЫК


Калектыву газеты “Культура”

Дарагія сябры!

Прыміце шчырыя віншаванні з 25-гадовым юбілеем з дня выхаду першага нумара нашай любімай газеты “Культура”.

За 25 гадоў сваёй творчай біяграфіі газета “Культура” як галоўны інфармацыйны орган сферы культуры стала кампетэнтнай і сучаснай крыніцай інфармацыі, своеасаблівым дзённікам падзей, найцікавейшай дыскусійнай пляцоўкай па праблемах мастацтва і культуры. З нязменнай цікавасцю творчая інтэлігенцыя Беларусі штотыдзень сочыць за матэрыяламі найпапулярнейшых рубрык “Вяртанне імёнаў”, “Круглыя сталы”, “К” інфармуе”, “На маю думку”, “Паралелі”, “Крытычная маса” і іншых.

Газета “Культура” — люстэрка культурнай дзейнасці, што адлюстроўвае творчае жыццё нашай краіны ва ўсёй шматграннасці яго праяў, актуальных задач, пастаўленых Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам у галіне мастацтва і культуры. Яркім пацвярджэннем гэтага з’яўляецца актыўны ўдзел усяго калектыву ў рэалізацыі дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі”, асвятленні этапаў яе выканання.

Чытачы газеты “Культура” — не толькі творчая інтэлігенцыя, але і адукаваныя аматары мастацтва, патрабавальныя да якасці матэрыялаў, іх сапраўднасці, актуальнасці, аналітычнага падыходу. На гэта здольны толькі творчы калектыў сапраўдных прафесіяналаў, у кожнага з якіх свая пазіцыя. Усім вядомыя “зоркі” культурнай журналістыкі, прафесіяналы сваёй справы — Барыс Крэпак, Ілья Свірын, Пётра Васілеўскі, Дар’я Амяльковіч і іншыя, у якіх вучыцца майстэрству таленавітая моладзь.

Жадаем калектыву рэдакцыі газеты “Культура” высока трымаць журналісцкую планку, ствараць і далей цікавыя, змястоўныя матэрыялы, якія адлюстроўваюць усе аспекты культурнага жыцця роднай Бацькаўшчыны.

Калектыў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

 

14 кастрычніка 2016 года

Чвэрць стагоддзя таму ў беларускай дзяржаве з’явілася ўласнае спецыялізаванае выданне, прысвечанае Культуры. З таго часу газета “Культура” прыходзіць ва ўстановы культуры, адукацыі, у дамы мясцовай інтэлігенцыі, распавядае пра гісторыю і традыцыі, знаёміць з сучаснымі тэндэнцыямі ў свеце і ў нашай культуры. Грамадскае аб'яднанне “Беларускі фонд культуры” і рэдакцыя “Краязнаўчай газеты” шчыра віншуюць калегаў з 25-годдзем выдання. Зычым газеце новых тэмаў, аўтараў і падпісчыкаў, а супрацоўнікам — здароўя, моцы, поспехаў.

25 гадоў творчы калектыў газеты “Культура” знаходзіцца ў прасторы нацыянальнай культуры ў самай гушчы падзей. Рэпартажы і аналітычныя артыкулы газеты прасякнуты не толькі гонарам за культурныя дасягненні нашай краіны, але і напоўнены разважаннямі аб яе стане і праблемах, а гэта сведчыць пра тое, што вамі рухае неабыякавае імкненне дапамагчы культуры Беларусі быць яшчэ больш яскравай і дынамічна развівацца.

Вашы карэспандэнты пабывалі ў аддаленых кутках нашай краіны, не па чутках ведаюць пра культурнае жыццё ў малых населеных пунктах, раённых і абласных цэнтрах. Выказваем сардэчную падзяку за пільную ўвагу да праблем і поспехаў бібліятэк нашай краіны.

Жадаем Вам і ўсяму калектыву невычэрпнай энергіі, бадзёрасці, творчага гарэння і шмат поспехаў на ніве нацыянальнай культуры. Будзьце заўсёды побач з намі!

З павагай, адміністрацыя і калектыў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя Уладзіміра Леніна

 

/i/content/pi/cult/609/13559/3-2.jpgПаважаны сонм выдаўцоў і стваральнікаў “К”!

Дазвольце павіншаваць усіх вас са святам. Прыміце пажаданні далейшага росквіту “К” у славу Культуры, здароўя ва ўсіх кірунках, любові народа, розных цікавых падзей і каментарыяў... Увогуле, вашаму разумнаму, неабыякаваму, добразычліваму калектыву ура, ура, ура! Удачы!

З павагай, Алена КАЛУГІНА, малодшы навуковы  супрацоўнік Музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля


Маляўнічае віншаванне з 25-годдзем “Культуры” прыйшло ад сябры рэдакцыйнага савета газеты і яе аўтара, фатографа, заслужанага работніка культуры Рэспублікі Беларусь Юрыя Васільева. “Цудоўныя дні восені — і цудоўныя дні для “К”,  — зазначыў Юрый Сяргеевіч, пажадаўшы плёну рэдакцыі ў папулярызацыі фатаграфічнай культуры і спадчыны.