Галоўная прычына: каб адпавядаць сучасным патрабаванням і не толькі не згубіць наведвальніка, але і ўзбагаціць культурнае жыццё Мінска. Па словах Андрэя Ляневіча, вядучага навуковага супрацоўніка Нацыянальнага гістарычнага музея, папярэдняя экспазіцыя дзейнічала з 2008 года. За гэты час матэрыял, што дэманстраваўся, інфармацыйна і тэхнічна састарэў. Неабходна было абнавіць інфармацыйную базу. А таму ў працэсе стварэння экспазіцыі музейшчыкі дадалі інфармацыю пра горад Мінск канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Таксама быў уведзены дадатковы прадметны шэраг.
Падзеі, звязаныя з гэтым з’ездам, цяпер будуць разглядацца не як адарваны кавалак гісторыі Мінска, а як складнікі палітры губернскага горада. Раней наведвальніку распавядалі пра саму падзею, пра далейшую гісторыю стварэння бальшавісцкай партыі, рэвалюцыйныя падзеі. Госць музея не ўяўляў, якім быў Мінск канца ХІХ стагоддзя. А ў гэты час тут адбываліся разнастайныя культурныя і грамадскія падзеі, горадам кіраваў знакаміты Караль Чапскі. Адчуць тую эпоху дапамогуць разнастайныя архіўныя фотаздымкі, а таксама інфармацыя пра іх стваральнікаў.
Вельмі цікава будзе пазнаёміцца з новым фарматам асвятлення пытання жандармскага вышуку, у тым ліку праз постаць беларускага Шэрлака Холмса — Аркадзя Кашко — аднаго з самых знакамітых дэтэктываў Расійскай імперыі. Па-новаму будзе пададзена інфармацыя пра дэлегатаў самога з’езду, палітычнае жыццё на тэрыторыі тагачаснага Паўночна-Заходняга краю.
У планах музея магчымасць сфатаграфавацца з манекенам Леніна пакуль не прадугледжваецца. Аднак з іншымі героямі таго часу сэлфі зрабіць будзе можна. Апроч таго, адна з залаў будзе паступова набываць інтэрактыўны характар: там будуць адбывацца імпрэзы, розныя невялікія выставы, прэзентацыі.
Можна будзе пабачыць у рамках асноўнай экспазіцыі і постаці Янкі Купалы і Змітрака Бядулі. І зусім не з-за іх палітычных перакананняў. Усё нашмат прасцей. Справа ў тым, што з гэтым домам звязана значна больш гісторый, чым можна сабе ўявіць. Некаторыя з іх ужо сталі гарадскімі легендамі. Так, некалькі гадоў у гэтым доме жылі нашы выбітныя пісьменнікі. Першы пераклад на беларускую мову “Слова пра паход Ігаравы” быў здзейснены Янкам Купалам менавіта ў гэтым месцы. Гэты факт не маглі абысці пры абнаўленні экспазіцыі. Тым больш, недалёка — на іншым беразе Свіслачы — знаходзіцца Літаратурны музей Янкі Купалы і парк, які носіць імя нашага класіка.
Варта дадаць, што інфармацыя ў экспазіцыі будзе змешчана на беларускай, рускай і англійскай мовах. Ужо запісаныя аўдыягіды. Апроч таго, у бліжэйшых планах размяшчэнне на музейных прадметах QR-кодаў.
Фота аўтара