Культура ў планіроўцы

№ 43 (1273) 22.10.2016 - 28.10.2016 г

20 кастрычніка ў Нацыянальным прэс-цэнтры адбылася прэс-канферэнцыя намесніка старшыні Камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама Вольгі Верамей і галоўнага архітэктара УП “Мінскграда” Аляксандра Акенцьева па тэме “Перспектывы горадабудаўнічага развіцця ў горадзе Мінску”.

Спадар Акенцьеў азнаёміў журналістаў з асноўнымі палажэннямі Генеральнага плана развіцця Мінска да 2030 года. Адной з праблем, з якімі сутыкнуліся праекціроўшчыкі, ён назваў тую акалічнасць, што тэмпы жыллёвага будаўніцтва ў сталіцы апярэджвалі развіццё сацыяльна-культурнай сферы. Так што, па ягоных словах, архітэктары і будаўнікі маюць абавязкі перад жыхарамі новых раёнаў, якім не стае дзіцячых садкоў, школ, дамоў быту, паліклінік ды іншых чыннікаў камфортнага жыцця. Праз гэта адчуваецца вялікая нагрузка на транспарт, бо за паслугамі, якія мусяць быць у крокавай даступнасці, даводзіцца выпраўляцца ў “няблізкі свет”. Між тым як нормы камфорту, прынятыя ў сусветнай горадабудаўнічай практыцы, прадугледжваюць адлегласць ад жытла да згаданых вышэй устаноў 12 хвілін транспартам і не болей як 30 пехатаю. У нас такое далёка не паўсюль…

Новы генплан мае тры стратэгічныя мэты. Першая: пераход ад сістэмы мікрараёнаў да квартальнай арганізацыі гарадской прасторы. Калі мікрараён ахоплівае прастору ў 100 гектараў, дык квартал у максімальным выяўленні — 10. У аснове мікрараёна — чыстая функцыя, а вось у квартале можна стварыць унікальную прастору сумоўя, утульнасці, псіхалагічнага камфорту.

Другое: стварэнне ўмоў, пры якіх змена пакаленняў гараджан будзе праходзіць бесканфліктна. Развіццё горада прадугледжвае пастаяннае абнаўленне. А значыць, рэканструкцыі і перабудовы непазбежныя. І абумоўленыя яны павышэннем якасці жыцця, з’яўленнем новых патрэб, развіццём новых тэхналогій. Скажам, зусім нядаўна мінчане глядзелі на метро як на цуд, а сёння гэта звыклая рэч. Сёння праектаваць транспартную сістэму Мінска трэба так, каб яна адпавядала гістарычнай перспектыве — транспартным сродкам, якіх яшчэ няма, але якія, верагодна, мусяць з’явіцца. Інакш гаворачы, трэба працаваць на апярэджанне. Але пры гэтым гораду варта заставацца гарманічнай структурай, дзе людзям розных пакаленняў аднолькава ўтульна.

З гэтай нагоды Аляксандр Акенцьеў згадаў гутаркі са шведскімі калегамі. Швецыя — краіна з высокім жыццёвым узроўнем, а Стакгольм — адзін з самых утульных і гарманічных гарадоў свету. Дык вось па словах шведскіх архітэктараў, грамадзяне гэтай паўночнай краіны прыязна ставяцца да перабудоў і рэканструкцый, якія дадаюць жыццю зручнасцяў, але кіруюцца логікай “толькі не ў маім двары”…

Трэцяе: грамадзянскае станаўленне мінчаніна. Гэта значыць, горад мусіць быць такім, каб ягоны жыхар паўсюль, куды б яго ні занёс лёс, з гордасцю казаў: “Я — мінчанін!” Зрэшты, горад мацуецца любоўю ягоных жыхароў.

Сярод пытанняў, якія задавалі журналісты, было пра інвестыцыйны клімат у горадзе, пра лёс вытворчых будынкаў пасля выносу самой вытворчасці за межы сталіцы, пра тое, што пабудуюць на месцы старога будынка Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, ці ёсць шанцы захаваць Асмалоўку як помнік горадабудаўніцтва. Ад нашай жа газеты было пытанне, што прадугледжана ў новым генплане для задавальнення культурных патрэб мінчан? Спадар Акенцьеў адказаў, што ўстановы сацкультбыту, тыя ж кінатэатры ці дамы быту, закладзены ў планіроўку новых гарадскіх раёнаў і рэканструкцыю старых. Прычым, каб яны былі для гараджан у крокавай даступнасці. Але рэалізаваць гэтыя добрыя намеры на справе бывае даволі цяжка. Калі ж казаць пра культурныя аб’екты агульнагарадскога прызначэння ці нацыянальнага маштабу, дык і тут сваё цяжкасці. Ахвочых пабудаваць прадпрыемства аўтасэрвісу ці грамадскага харчавання шмат. Бо гэта абяцае хуткія грошы. А культурны аб’ект прыносіць прыбытак у перспектыве аддаленай. Так што на такую справу знайсці інвестара нялёгка.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"