“Неадкрытыя астравы” Брэсцкай крэпасці

№ 19 (837) 10.05.2008 - 16.05.2008 г

Вясной 1953 года ў тэатры імя ЛКСМБ Брэста адбылася прэм’ера спектакля “Брэсцкая крэпасць” паводле п’есы Канстанціна Губарэвіча.

Горад глядзеў толькі “Брэсцкую крэпасць”

Рэпетыцыі, як згадваюць сведкі падзей, праходзілі з вялікім эмацыйным напалам: трэба было ўвасобіць на сцэне трагедыю першых дзён вайны, тысячы сведкаў якой жылі ў Брэсце. Артысты адчувалі адказнасць, старанна ўжываліся ў вобразы абаронцаў крэпасці, нават кансультаваліся з прафесійнымі вайскоўцамі.

У тэатр з Мінска прыязджаў Канстанцін Губарэвіч. Разам з заслужаным дзеячам мастацтваў БССР і Бурата-Марыйскай АССР рэжысёрам Аляксандрам Міронскім аўтар п’есы па ходзе ўносіў змены ў драматургію спектакля: уводзіў новых герояў, перарабляў асобныя сцэны. І хаця спектакль пад назвай “Цытадэль славы” ўжо быў пастаўлены ў 1950 годзе Беларускім тэатрам імя Янкі Купалы, у Брэсце ён дапрацоўваўся, бо з’яўляліся ўсё новыя факты аб абаронцах. У гэтым творчым працэсе зацікаўлена ўдзельнічала ўся трупа. А Брэст жыў чаканнем прэм’еры.

 /i/content/pi/cult/160/1355/Neadkryryja-astravy.jpg
Усе білеты былі даўно прададзены. Нарэшце наступіў дзень першага паказу. Спектакль прайшоў пры перапоўненай зале і меў вялікі поспех. Усе вакол гаварылі аб новай пастаноўцы: горад хацеў глядзець толькі “Брэсцкую крэпасць”. Дырэкцыя тэатра на чале з заслужаным работнікам культуры БССР Леанідам Ваўчэцкім тэрмінова памяняла рэпертуар: “Брэсцкая крэпасць” ішла штодзённа пры аншлагах больш за месяц.

Гледачам прышоўся даспадобы радавы Кукушкін — весялун і балака. Баец пад такім прозвішчам сапраўды служыў у гарнізоне крэпасці, пра што сведчыць знойдзены пры раскопках падпісаны падручнік палітычнай падрыхтоўкі. Радавога ігралі заслужаны артыст БССР Барыс Уксусаў і Уладзімір Лісоўскі, камандзіраў Чырвонай Арміі палкоўніка Ермашова і камісара Калеснікава таленавіта ўвасобілі заслужаныя артысты БССР Пётр Маркін і Максім Абрамаў, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР Юрый Арынянскі. У крэпасці знаходзілася шмат жанчын, таму іх вобразы таксама ўвайшлі ў дзею спектакля. Жонку камісара Калеснікава іграла заслужаная артыстка БССР Ганна Качаткова, ваенурача — заслужаныя артысткі БССР Таісія Канавалава і Надзея Ганчарэнка, разведчыцу Дашу — народная артыстка БССР Таццяна Заранок. І глядач адчувае: такая пераможа. Ганаровыя званні шэраг артыстаў якраз і атрымалі пасля выканання роляў у знакамітым спектаклі. Працай над ім была ахоплена літаральна ўся трупа тэатра.

Двойчы (у 1972 і 1986 гадах) тэатр аднаўляў пастаноўку “Брэсцкай крэпасці”. Спектакль паказвалі ў Мінску, у Крамлёўскім Палацы з’ездаў Масквы, Данбасе, іншых гарадах Украіны. Яго глядзелі маракі Балтыкі, чакалі ў Польшчы. Амаль паўстагоддзя з перапынкамі “Брэсцкая крэпасць” трымалася на сцэне тэатра. Ёй апладзіравалі 935 разоў!

Школьны музей праз 55 гадоў

Важкую дату адзначылі і ў тэатры, і ў сярэдняй школе № 12 Брэста. Школа гэтая з тэатральна-эстэтычным ухілам, і тут год таму, дзякуючы энтузіязму Ганны Кавалёвай, быў адкрыты цудоўны тэатральны музей. Змястоўная і яркая экспазіцыя праз здымкі,
 /i/content/pi/cult/160/1355/Neadkryryja-astravy2.jpg
публікацыі, афішы і тэатральныя праграмкі дае ўяўленне аб легендарным спектаклі 1953 года. Ды і само мерапрыемства, прысвечанае ўшанаванню пастаноўкі і яе стваральнікаў, было бадай не шараговае.

Песні аб вайне і Беларусі выконвалі настаўнікі Кацярына Граноўская і Юлія Цыганкова, лаўрэат конкурсу салдацкай песні Ганна Прыступа, узрушвала кожнае слова вядучай Валянціны Шыян...

На свята прыйшоў сын камандзіра Чырвонай Арміі Аляксандр Бабкоў. Яго сям’ю — бацьку, маці, сястру — фашысты расстралялі ля сцен казематаў, а ён, цяжка паранены асколкамі гранаты, схаваўся ў руінах крэпасці і праляжаў там без прытомнасці некалькі дзён... Аляксандр Аляксеевіч стаў урачом, каб усё жыццё дапамагаць людзям. Ён быў адным з першых гледачоў спектакля.

На жаль, з-за хваробы не змагла сустрэцца са школьнікамі Надзея Наганава, дачка лейтэнанта Аляксея Наганава. Абаронца Цытадэлі стаў адным з герояў п’есы, рэальнай дзейнай асобай пад сваім прозвішчам.

Ці складана было ўвасабляць на сцэне вобразы мужных герояў? Аб гэтым удзельнікі свята пачулі ад артыста абласнога Тэатра драмы і музыкі Міхаіла Мятліцкага і народнага артыста Беларусі, дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Мікалая Кірычэнкі. На юбілеі прысутнічаў Ганаровы грамадзянін горада Брэста, былы камсамольскі і партыйны работнік Уладзімір Самовіч, член творчай групы, што прымала спектакль 55 гадоў таму. Былая супрацоўніца абласнога краязнаўчага музея Таццяна Ходцава расказала цікавыя факты з гераічнай гісторыі Цытадэлі над Бугам. Упершыню аб подзвігах яе абаронцаў краіна прачытала ў “Краснай Звезде” ў 1942 годзе.

Першым, хто ўзняў гэтую тэму ў сцэнічным мастацтве, быў драматург Канстанцін Губарэвіч. У 1945-ым ён прыехаў у Брэст, у крэпасць, і ўбачыў яе зраненай, пабітай кулямі і снарадамі, абпаленай агнём. Канстанцін Лявонавіч вырашыў напісаць аб тых, хто дастойны ўсенароднай славы, а праз чатыры гады работа над п’есай была завершана. Тое, што ён зрабіў, можна прыраўняць да творчага подзвігу. Нядаўна ў Мінску, на доме № 28 па праспекце Незалежнасці, дзе жыў у апошнія гады таленавіты драматург, была ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР і Ленінскага камсамола Беларусі пакінуў вялікую творчую спадчыну. Па яго сцэнарыях пастаўлены мастацкія фільмы “Дзяўчынка шукае бацьку”, “Анюціна дарога”, “Паланез Агінскага”, “Неадкрытыя астравы”... Невыпадкова сярэдняя школа № 12 змагаецца за прысваенне ёй імя Канстанціна Губарэвіча.


Алена КАПАЧОВА
Брэст