З балончыкам наперавес

№ 43 (1273) 22.10.2016 - 28.10.2016 г

Ліст у рэдакцыю
Прыпынкі грамадскага транспарту — не проста месцы, дзе людзі чакаюць патрэбнага транспарта: там павінны быць абсталяваны зручныя лаўкі, навесы, павінна панаваць культура. Час на прыпынку — гэта і час падумаць, паразважаць, пачытаць рэкламу…

Нядаўна звярнуў увагу на адным з прыпынкаў на “Схему руху грамадскага транспарту горада Віцебска”. Хочацца выказаць удзячнасць яе стваральнікам — скрупулёзна-педантычную справу здзейснілі. Вялікі памер, удалае колеравае выкананне, назвы прыпынкаў пераклалі на беларускую мову. Аднак у наш час чамусьці пісьменнасць нярэдка адыходзіць на факультатыўны план. Шматлікая самвыдавецкая прадукцыя нярэдка проста не вытрымлівае крытыкі, памылкі становяцца амаль што нормай, бо ў падобных самвыдатах падчас няма ні рэдактара, ні карэктара. Вось і ў згаданай схеме шмат чаго. Напрыклад: “Арніталагічны заказнік Дымовщина”, “1-я Каўгасная”, “Клініка ВГМУ”, “Студэнскі”, “Батанічаскі заказнік”, “Мед.центр”, “Арлово”, “Навааршанская шаша”, “База галантэрэя”, “Аптэка-упраўленне”, “Центральны”, “Ліцей № 5 прыборабудавання”, “Белгандльрэклама”, “вул. Актёраў Ероменкаў”, “вул. Ліозненская”, “База “Гасгандаль”, “Мелькамбінат” i гэтак далей. У схеме побач знаходзяцца два розныя напісанні: “Анкадыспансер” і “Анкадыспансэр”.

Дапусцім, стаяць вучні на прыпынку пасля ўрокаў i бачаць у схеме абыякавыя адносіны да дзяржаўнай мовы, якую заклікаюць любіць настаўнікі на сваіх уроках. Няўжо нельга, выпускаючы ў свет падобную прадукцыю, пракансультавацца ў тых жа педагогаў-філолагаў?

Да ўсяго, лічу, назвы прыпынкаў павінны быць не толькі пісьменнымі, але і практычна карыснымі, гаваркімі. А ў прыведзенай схеме, напрыклад, ёсць прыпынак “Кінатэатр “Брыганціна”, якога ўжо не існуе шмат гадоў. Няўжо нельга замяніць гэтую назву? Ці на схеме чытаем: СШ № 44, а павінна быць там — № 43. Дробязі? Зусім не! Назвы прыпынкаў павінны дапамагаць жыхарам і гасцям населенага пункта арыентавацца ў гарадской прасторы. Таму тут не павінна быць агрэхаў, апісак, недапрацовак.

Нішто так не збліжае нашых людзей, як грамадскі транспарт у гадзіну пік. Няхай жа нас збліжаюць і культурныя, неабыякавыя адносіны і ў час чакання транспарту на гарадскіх прыпынках!

Кожны з нас, упэўнены, штодзённа бачыць, як нейкія суграмадзяне бессэнсоўна валтузяцца-шпацыруюць па вуліцах, не ведаючы куды прымяніць сябе. А калі яшчэ мозг такіх “зямлян” апаганіцца алкаголем-наркотыкамі, дык пішы — прапала: то ім дрэўца вінаватае — пачынаюць яго ламаць, то лаўка недаспадобы — перакуляюць яе, то сметніца не там стаіць — кульнуць яе нагой! Асабліва модная “хвароба” — выбіванне пластыкавых панэляў на гарадскіх прыпынках, ахайванне-мазюканне дамоў фарбай з балончыкаў, пры гэтым пакідаюцца розныя непрыстойныя, абразлівыя надпісы. Больш за тое, у нас, на жаль, за апошнія гады склалася ўжо досыць сумная “гісторыя” актаў “сапраўднага” вандалізму.

Многія памятаюць, калі вандалы ў Полацку раскрышылі надпіс на помніку літары “Ў”. (На гэтым унікальным культурным аб’екце, размешчаным у самым цэнтры горада, на праспекце Францыска Скарыны, адлітыя ў метале радкі Рыгора Барадуліна: “…Ад Еўфрасінні, ад Скарыны,… ад Полацка пачаўся свет”. Пасля смерці народнага паэта яны пачалі ўспрымацца як першы своеасаблівы помнік выдатнаму майстру беларускага слова.) Тады ад барадулінскіх радкоў ацалелі толькі асобныя літары. Складваецца ўражанне, што ля гэтага помніка свет некаторых гора-беларусаў, зусім не пачынаючыся, пагас назаўсёды.

У Вілейскім раёне пад чарговы удар нелюдзяў трапляюць археалагічныя помнікі. Згадваю, як пацярпелі Сцебурацкія камяні-валы: адзін з культавых камянёў быў зрушаны, а на яго месцы вырыта яма — хутчэй за ўсё гэта справа рук ужо чорных капальнікаў. Сам гэты комплекс з’яўляецца даўнім святым месцам Беларусі — капішчам і, верагодна, старажытнай абсерваторыяй. Ніколі не забуду, як ва ўрочышчы Курапаты адбыўся акт вандалізму напярэдадні Радаўніцы. Невядомыя вандалы зламалі крыжы. А гэта ўжо апаганьванне айчынных гістарычна-культурных каштоўнасцяў!

Невядомыя вандалы знішчылі крыжы і ў “віцебскіх Курапатах”. У выніку зніклі пяць крыжоў, усталяваных каля вёскі Хайсы Віцебскага раёна. У Брэсце быў апаганены помнік вязням гета. Хтосьці спаліў усе вянкі і кошыкі з кветкамі каля манумента, устаноўленага ў цэнтры горада, на скрыжаванні вуліц Дзяржынскага і Куйбышава. Гэта адбывалася некалькі гадоў запар у адзін і той жа час — у ноч з 9 на 10 мая. З манумента, канешне, былі сцёртыя сляды сажы ад пажару, але ў памяці людской зрабіць гэта немагчыма. Мемарыяльная дошка ў памяць аб 29 тысячах яўрэяў, знішчаных у двух гета ў Гродне, была абліта карычневай фарбай. У горадзе над Нёманам апаганілі і графіці з Вітаўтам. У знакамітую выяву князя на трансфарматарнай будцы кінулі пакет з чырвонай фарбай. Быў абліты фарбай памятны знак, усталяваны на месцы Магілёўскага гета...

I гэты чорны спіс можна доўжыць і доўжыць. Мо нявыхаваная частка людзей лічыць, што гэта крута, праява экстрыму! Не, гэта шалёнае дзікунства! I ходзяць такія “казачкі-разбойнікі” па родным горадзе, знаходзячы ўсё новыя і новыя аб’екты для глуму, знявагі.

У адміністратыўным і ўгалоўным кодэксах ёсць артыкулы, пад якія падпадаюць такія дзеянні, але актаў вандалізму менш не становіцца, ды і раскрываюцца яны далёка не ўсе, бо вандалы дзейнічаюць, вядома ж, без сведкаў. Маральныя ўроды не шкадуюць ані хрысціянскіх бажніцаў, ані сакральных камянёў. Нам усім разам трэба ствараць шырокі розгалас вакол новых жудасных здарэнняў, бо толькі наша ўвага і пільнасць зможа абараніць святыні нашай зямлі!

Канстанцін КАРНЯЛЮК, педагог

 

Віцебск