Яўген Рагін:
— Чаго не стае музычным аддзяленням школ у першую чаргу?
Віктар Захаранка:
— Новых інструментаў. Нашаму фартэпіяна — за дваццаць гадоў. Не хапае і сцэнічных касцюмаў. Са спонсарамі на сёння самі ведаеце, якая сітуацыя. Безумоўна, сёе-тое спрабуем набываць за пазабюджэт, але і ён не бязмежны. Не ратуе становішча і падтрымка бацькоў.
Вікенцій Адамовіч:
— Зазначу спярша, што ў нашым буйным раёне — чатыры школы мастацтваў: у Валожыне з Гародзькаўскім філіялам, у Івянцы з філіялам у Дорах, Ракаве і Вішневе. Гэта каля 800 вучняў. З імі пакуль “плюсуем”, але ўзбуйненне сельсаветаў, знікненне вёсак неўзабаве прывядуць да скарачэння агульнай колькасці юных талентаў… А вось другая праблема, сапраўды, звязана менавіта з недахопам якасных музычных інструментаў. Для індывідуальных заняткаў дзяцей яны ёсць (бацькі тут, натуральна, стараюцца), а вось для канцэртнай дзейнасці аркестраў і ансамбляў…
Іван Смірноў:
— Мы новыя цымбалы куплялі гады чатыры таму. Цяпер іх робяць беларускія майстры-індывідуалы. Дзіўная рэч: калі гэты інструмент выраблялі на Маладзечанскай фабрыцы, якасць яго была нашмат лепшай.
Яўген Рагін:
— Відаць, ушчэнт згублена рамесніцкая пераемнасць, а ініцыятыву з радасцю перахапілі кітайцы.
Іван Смірноў:
— Не, канцэртныя інструменты ў нас ёсць. Берагу іх, як залаты фонд. Праўда, баяны не “Юпіцер“, але тульскія.
Яўген Рагін:
— Калі апошні раз бралі ўдзел у міжнародных музычных конкурсах?
Іван Смірноў:
— У 2008 годзе. Ездзілі па запрашэнні ў Прыбалтыку, занялі другое і трэцяе месцы.
Яўген Рагін:
— Вы цікавіліся, як вырашаецца пытанне з музычнымі інструментамі ў іншых абласцях?
Віктар Захаранка:
— Не, шчыра кажучы. Я разумею, пра што вы, і пагаджаюся: пэўныя праблемы ДШМ варта закрываць цэнтралізавана.
Вікенцій Адамовіч:
— Вобласць выдаткоўвае нам сродкі, але іх хапае для набыцця прыкладна аднаго інструмента ў год. І гэта на шэсць устаноў. А нашы пазабюджэтныя магчымасці, як вы цудоўна ведаеце, досыць абмежаваныя.
Галіна Раманчук:
— А мы за тры апошнія гады вельмі істотна абнавілі інструментарый ДШМ за кошт абласной дапамогі. Ёсць баян, з якім не сорамна выступаць на самых прадстаўнічых конкурсах, ёсць, натуральна, і перамогі ў гэтых спаборніцтвах.
Яўген Рагін:
— Застаецца загадкай, чаму досвед Гродзеншчыны ў кірунку мэтанакіраванага абнаўлення музычных інструментаў для школ мастацтваў так і не стаў набыткам для работнікаў культуры з іншых абласцей. Што тычыцца “К”, дык на яе старонках не раз і не два асвятлялася пытанне мэтанакіраванай дзейнасці галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама па падтрымцы школ мастацтваў… Галіна Мікалаеўна, а што ўсё ж турбуе ў рабоце ДШМ?
Галіна Раманчук:
— Паверце, няма ў нас істотных праблем з эстэтычным выхаваннем. Мы нават здолелі адрамантаваць гаспадарчым спосабам школу мастацтваў у Зэльве, яе філіял у аграгарадку Дзярэчын. А кіраўніку Зэльвенскай ДШМ сёлета прысвоена званне “Чалавек года”. Пагадзіцеся, гэты факт — цудоўнае пацвярджэнне маіх словаў.
Віктар Захаранка:
— Філіялаў у нас няма, ёсць класы — у Галоўчыцкай Будзе і аграгарадку Дзямідаў. Тут вучыцца 19 чалавек. А ўсяго ў Нараўлянскай ДШМ — 233 вучні, палова з іх займаецца на музычным аддзяленні (ёсць яшчэ мастацкі і харэаграфічны кірункі навучання).
Яўген Рагін:
— У свой час вялікі спадзеў у справе эстэтычнага выхавання (і не толькі школьнікаў) ускладаўся на сельскія філарманічныя пляцоўкі. Ці апраўдаўся на сёння той спадзеў?
Віктар Захаранка:
— Такая пляцоўка была арганізавана ў вёсцы Завойць. Але не пры музычнай школе, а пры СДК. Аднак Завойць — вёска, без перабольшання — бесперспектыўная, далейшых выпрабаванняў аптымізацыяй устаноў культуры, хутчэй за ўсё, не вытрывае…
Яўген Рагін:
— Інакш кажучы, Бетховена там ужо няма каму слухаць… З планам па аказанні платных паслуг установа спраўляецца?
Віктар Захаранка:
— Вось тут — аніякіх праблем. У ДШМ ёсць гасразліковыя класы, куды прыходзяць дарослыя, каб навучыцца ігры, скажам, на гітары. Але асноўная нагрузка ў пазабюджэтнай дзейнасці кладзецца на народны ансамбль “Беларускія ўзоры”. З дапамогай гэтага выкладчыцкага калектыву школа зарабляе ў месяц па 400 — 500 дэнамінаваных рублёў.
Яўген Рагін:
— Салідна… А ёсць узорны калектыў?
Віктар Захаранка:
— Пакуль няма.
Вікенцій Адамовіч:
— Хачу сказаць пра філарманічныя пляцоўкі. Яны, сапраўды, патрэбныя толькі ў буйных населеных пунктах. Пры школах у Валожыне і Ракаве яны дзейнічаюць. І нараканняў на Белдзяржфілармонію тут — аніякіх. Натуральна, класічная музыка карыстаецца попытам толькі сярод навучэнцаў і выкладчыкаў ДШМ. Мы яшчэ не паспелі выхаваць паўнацэннага слухача і аматара класікі.
Яўген Рагін:
— Самае галоўнае пытанне: па якіх крытэрыях ацэньваеце працу музычнага аддзялення?
Віктар Захаранка:
— Па тым, што ў нас ёсць самыя разнапланавыя інструменты, і патрэбу навучэнцаў у іх засваенні мы цалкам задавальняем.
Вікенцій Адамовіч:
— У нас спектр ацэнкі — значна шырэйшы. Тут варта мець на ўвазе колькасць народных і ўзорных калектываў (у нас іх таксама малавата — толькі чатыры). А таксама — удзел у конкурсах, узровень паступлення падлеткаў у сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Мы павялічылі б маштабы міжнародных конкурсных прарываў (Ракаўская ДШМ у гэтым кірунку актыўнічае), каб знаходзілася спонсарства на належным узроўні.
Яўген Рагін:
— А ў міжнародных конкурсах вучні Нараўлянскай ДШМ бяруць удзел?
Віктар Захаранка:
— Не. На аздараўленне ў замежжа ездзяць пастаянна, бо мы ж — чарнобыльскі рэгіён. Там, канешне, выкарыстоўваюць любую магчымасць, каб выступіць з канцэртам. А ў міжнародных конкурсах нашы юныя музыканты пакуль не адзначыліся.
Яўген Рагін:
— Колькі можа зарабіць настаўнік музычнай школы за месяц?
Вікенцій Адамовіч:
— Да шасцісот пяцідзесяці рублёў на дзве стаўкі. Ставак хапае, клімат у калектывах неблагі, будынкі для школ — дыхтоўныя.
Юлія Мякінка:
— Летась мы перабраліся ў новы будынак колішняй канторы сельгаспрадпрыемства. Месца — цудоўнае: у цэнтры паселішча і ля касцёла. Даўно марылі пра такія пярэбары. Так што праблем з недахопам плошчаў у нас няма і ўсе сантэхнічныя зручнасці — не на двары.
Яўген Рагін:
— Я ведаю, Юлія Аляксандраўна, што вы ў свой час самі вучыліся ў Ракаўскай музычнай школе…
Юлія Мякінка:
— І першы яе дырэктар Ірына Іванаўна Старасценка была маім педагогам па спецыяльнасці. Скончыла клас цымбалаў. А пасля музычнага вучылішча прыйшла працаваць выкладчыкам у родную школу. Універсітэт культуры і мастацтваў заканчвала ўжо завочна… Хачу наконт спонсарства колькі словаў сказаць. Нам, да прыкладу, пашанцавала з мецэнатам. Ён нам і мэблю прыдбаў для новай школы, і музычныя інструменты, а таксама дапамог з паездкай на конкурс у Італію.
Яўген Рагін:
— Патлумачце, калі ласка, якім чынам вы прызвычаіліся да ўдзелу ў міжнародных музычных конкурсах.
Юлія Мякінка:
— Шчыра скажу, што доўгі час рыхтаваліся да такіх важных выпрабаванняў. А калі адчулі, што і мы штосьці можам, паставілі перад сабой неадкладную задачу: асвоіць замежжа. З адрасамі конкурсаў дапамог інтэрнэт. Наш дзіцячы інструментальны ансамбль “Менестрэлі” выправіўся ў Вільнюс з дапамогай бацькоў. Вярнуўся лаўрэатам міжнароднага конкурсу “Парад аркестраў“. А выдаткі на паездку ў Італію, на музычны конкурс “Рэгата талентаў“, узяў на сябе згаданы мецэнат. Паехалі не толькі “Менестрэлі“, але і хор “Іслачанка“. У выніку і тыя, і другія занялі ў сваіх намінацыях першае месца. Словам, не трэба баяцца нязведанага. У гэтым — гарантыя творчага руху наперад.
Яўген Рагін:
— Давайце пацікавімся ў Вольгі Генюш, за што канкрэтна яна атрымала званне “Чалавек года Гродзеншчыны”.
Вольга Генюш:
— Я лепш раскажу пра тое, што ў нас не адзін шыкоўны баян, а два. І каштуюць яны ў суме (у старых цэнах) амаль 180 мільёнаў. Абноўлены інструменты для духавога аркестра. Я сама — духавік, таму вельмі перажывала за аркестр. А цяпер ёсць нават ягонае сэрца — туба. Натуральна, у нас ёсць усе падставы для выніковага ўдзелу ў самых розных конкурсах. Сёлета ўдзельнічалі ў трох міжнародных — займелі двух лаўрэатаў і пяці абласных — чатыры лаўрэаты.
Яўген Рагін:
— Ці выконваеце план па аказанні платных паслуг?
Вольга Генюш:
— Безумоўна! Дарэчы, сёлета нам трэба зарабіць 72 мільёны (у старых грашовых адзінках) пазабюджэтных рублёў. Заданне цалкам рэальнае. Справімся з ім за кошт канцэртнай дзейнасці не толькі двух народных калектываў (сярод іх — і духавы аркестр), але і выкладчыкаў-салістаў.
Яўген Рагін:
— А што, узорнага калектыву ў школе няма?
Вольга Генюш:
— Мы сёлета над гэтым працуем і спадзяемся, што неўзабаве званне займее цудоўны дзіцячы харэаграфічны калектыў.
Іван Смірноў:
— У Сянно ёсць і народны, і ўзорны ансамблі.
Яўген Рагін:
— Якая доля заробленага пазабюджэту дастаецца вам?
Вольга Генюш:
— І тут грэх скардзіцца. Ляпніна для замалёвак з натуры для мастацкага аддзялення, пюпітры, струны, падстаўкі для ног вельмі дорага каштуюць. Але набываем усё гэта за свой кошт.
Яўген Рагін:
— Што параілі б калегам з іншых абласцей, Вольга Яўгенаўна?
Вольга Генюш:
— Дапамога вобласці — гэта цудоўна, але варта і самім варушыцца. Рахункі-фактуры для набыцця музычных інструментаў трэба рыхтаваць загадзя. Тое ж самае тычыцца і арганізацыі тэндараў. Карацей, неабходна самім прагназаваць сваю будучыню. Падаецца, такога аналізу не стае асобным маім калегам з іншых абласцей.
Яўген Рагін:
— Пра што марыце, Вольга Яўгенаўна?
Вольга Генюш:
— Пра набыццё годных сцэнічных касцюмаў для нашых харэаграфічных калектываў.
Іван Смірноў:
— Некалькі словаў пра нашу матэрыяльную базу, бо тут ёсць чым ганарыцца. Які ўжо год працуем у будынку былога райкама партыі. У свой час мы зрабілі тут грунтоўны рамонт. Дапамаглі і нядаўнія абласныя дажынкі. З камп’ютарным паркам няма праблем. Так што бліжэйшая мая задача ў тым, каб захаваць і базу, педагагічны штат. Ходзяць чуткі, што чарговая хваля аптымізацыі закране і школы мастацтваў. А не хацелася б.
Ад рэдакцыі
Усё, пагадзіцеся, навідавоку. План па аказанні платных паслуг ДШМ выконваюць. Прычым, з немалой карысцю для сябе. Гэта — плюс. Але мінус, як падаецца, пераважае. Няма якасных музычных інструментаў, адсутнічаюць падставы для ўпэўненага ўдзелу ў прэстыжных конкурсах. З-за гэтага ў пэўнай ступені назіраецца дэфіцыт дзіцячых калектываў са званнем “узорны». Губляецца, як цяпер модна казаць, матывацыя для ўдумлівых заняткаў музыкай. У сваю чаргу істотна зніжаецца выніковасць працы ДШМ. Услед за адным з удзельнікаў сённяшняй канферэнцыі паўторым: “А не хацелася б“.