Яшчэ раз пра вайну?

№ 19 (837) 10.05.2008 - 16.05.2008 г

Песні пра вайну… Штогод да Дня Перамогі іх становіцца болей. Але ж ці стварае такія песні моладзь? Той, хто скажа: “Так”, зробіць гэта, хутчэй за ўсё, “паводле традыцыі”, блытаючы рэальнае з пажаданым. Той жа, хто прызадумаецца і, галоўнае, паспрабуе знайсці прыклады, будзе вымушаны адказаць: “Не”. Моладзь, можа, і спявае такія творы — з шэрагу “старых песень пра галоўнае”, а вось новыя песні, калі раптам і пішуцца кімсьці з пачаткоўцаў, дык не выходзяць за межы “ўнутранага карыстання”, выконваюцца ў вузкім самадзейным коле, а не для шматтысячных слухацкіх аўдыторый. Вядома, куды прасцей адразу абвінаваціць моладзь у адсутнасці патрыятызму, памяці пра мінулае і павагі да старэйшых. Але ж ці ў гэтым справа?

 /i/content/pi/cult/160/1354/Pesni.jpg
Дзеці
Перамогі
Каб разабрацца, прааналізуем спачатку, хто і як пісаў песні пра Вялікую Айчынную раней.

У партызанскім фальклоры спачатку хадзілі перайначаныя песні грамадзянскай вайны: да вядомай мелодыі прыстасоўвалі новыя словы. Потым пачалі складаць уласныя песні— у той жа стылістыцы. А што ж прафесіяналы? Можа падацца дзіўным, але тыя кампазітары, якія прайшлі франтавымі дарогамі — ці ў складзе дзеючай арміі, як Уладзімір Алоўнікаў, Яўген Дзягцярык (першы ваяваў артылерыстам, другі — лётчыкам), ці ў складзе франтавых канцэртных брыгад, як Генрых Вагнер, — пісалі ваенныя песні значна радзей за іншых. Ці не парадокс? У таго ж У.Алоўнікава ёсць сімфанічныя паэмы “Партызанская быль”, “Нарач”, араторыя “Партызанскія песні”, у Г.Вагнера — такія буйныя вакальна-сімфанічныя партытуры, што сталі ўжо класікай жанру, як “Вечна жывыя”, “Героям Брэста”, “Чытаючы Васіля Быкава”, опера “Сцежкай жыцця” паводле аповесці В.Быкава “Воўчая зграя”.

Безумоўна, тэма вайны была ў іх творчасці цэнтральнай, прычым напал эмоцый не зашкальваў за мяжу стрыманасці.

А вось песень пра вайну імі створана менш.

Мабыць, аповед пра вайну, выкладзены на песеннай мове, падаваўся ім надта спрошчаным. А розніца паміж мастацтвам і жыццём — неадольнай. Дый у песнях ці рамансах хацелася, найперш, спяваць пра станоўчыя эмоцыі. Той жа, зусім не ваярскі, “сіндром” роднага дома, каханых і блізкіх (усяго таго, чаго салдаты былі пазбаўлены ў ваенны час) быў уласцівы найбольш папулярным песням ваенных гадоў — “Зямлянцы”, “Сіняй хустачцы”. Дый знакамітая “Лясная песня” У.Алоўнікава на словы А.Русака, якая лічылася бадай “партызанскім гімнам”, не выпадкова такая цёплая, душэўная, амаль “сямейная”: “Ой, бярозы ды сосны — партызанскія сёстры…”.

Наступным было пакаленне “дзяцей вайны”. У іх творчасці напоўніцу адлюстраваліся самыя трагедыйныя аспекты Вялікай Айчыннай: у таго ж Ігара Лучанка ледзь не ўсе песні — скрозь балады. Прычым большасць — на словы Міхаіла Ясеня, які трапіў на фронт, зноў-такі, падлеткам — “сынам палка” (“Памяць сэрца”, “Ліст з 45-га”, “Майскі вальс”, “Здымак у газеце”). Баладнасцю прасякнута і песенна-інструментальная кампазіцыя Уладзіміра Мулявіна “Праз усю вайну”, якая стала, бадай, самым рознабаковым, шматаблічным адлюстраваннем эпапеі 1941-га — 1945-га.

А вось пасляваеннае пакаленне, на дзесятак гадоў маладзейшае, успрымала вайну больш рамантычна. Іх дзяцінства прыпала на 1950-я, калі, у адпаведнасці з тэорыяй бесканфліктнасці, пра вайну было прынята гаварыць адно скрозь прызму пераможнага гераізму.

Няма чаго здзіўляцца, што лепшыя маршы, прысвечаныя ветэранам і ўласна святу Перамогі, напісаны менавіта Леанідам Захлеўным (“Перамога”, “Насіце ордэны”) ды Эдуардам Зарыцкім (“Так прыйшла да нас Перамога”). І што той жа, па сутнасці, жанр “ваеннай хронікі”, якую надзвычай разнастайна разгортвалі ў свой час “Песняры”, у нядаўнім цыкле Л.Захлеўнага “З днём нараджэння, Перамога!”, напісаным для ансамбля “Бяседа”, ператварыўся ў шчаслівую гісторыю кахання: амаль адразу за раcстаннем у 1941-ым ідзе сустрэча ў маі 1945-га.

Здавалася б, да меладрамы, зноў-такі, а не да гераічнай эпікі ці драмы звяртаецца і пакаленне тых, чыё юнацтва прыпала на схільныя да псіхалагізму 1970 — 80-я. Але камерная тэма кахання, загубленага ці проста азмрочанага вайной, надае такім творам яшчэ большы трагізм, бо вымушае ўспрымаць падзеі не толькі розумам, а найперш сэрцам. Як тут не ўзгадаць кантату Галіны Гарэлавай “У год сусветнага пажару” з жорсткім, пякельна-балючым “Вальсам 20-гадовых” ці поўную светлай надзеі песню Алега Елісеенкава “Белы снег” з нядаўняга кінафільма “Яшчэ пра вайну”?

Яшчэ больш маладыя творцы, што выхоўваліся ў 1990-я, убачылі ў Вялікай Айчыннай працяг куды больш далёкіх гістарычных падзей, з’яднаўшы беларускіх ваяроў розных эпох у адзін абагульнены вобраз абаронцаў радзімы. Гэтая тэндэнцыя прасочвалася і на конкурсе патрыятычнай песні, што Міністэрства культуры краіны праводзіла да 60-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і ў толькі што пастаўленай Віталём Моўчанам харэаграфічнай кампазіцыі для Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі, дзе ваенная тэма спалучаецца не з духавым аркестрам, а з… этнатрыо “Тройца”.

Вам — пароль

Як ні дзіўна, але Алег Елісеенкаў, якому вось-вось будзе 50, аказваецца на сённяшні дзень ледзь не самым маладымкампазітарам, чые песні пра вайну атрымалі папулярнасць. Кіраўнік студыі “Гран-пры”, выкладчык Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, ён лепей, чым хто іншы, ведае патрэбы моладзі і тыя праблемы, з якімі яна сутыкаецца.

— Патрыятычныя песні, — расказвае Алег Мікалаевіч, — раней існавалі ў іншых умовах. Напісаўшы клавір, кампазітар прыносіў яго ў музычную рэдакцыю таго ж радыё ці тэлебачання. Ці, здаралася, нават сама рэдакцыя замаўляла кампазітару новую песню. І калі яго накіды падабаліся, пра астатняе ён мог не хвалявацца. За дзяржаўны кошт яму рабілі аранжыроўку, шукалі выканаўцу, запісвалі песню, урачыста абстаўлялі яе прэм’еру — і круцілі надалей у эфіры, на песенных канцэртах, фестывалях.

А хто зробіць для кампазітара ўсё гэта сёння? Міністэрства культуры набывае творы, ужо прынятыя выканаўцамі ў рэпертуар. Спевакі ж укладаюць грошы (і немалыя!) у аранжыроўкі тых песень, якія прынясуць ім потым прыбытак. А дзе спяваць песні пра вайну? На прыватных вечарынах, якія з’яўляюцца асноўнымі “прыбытковымі месцамі” для артыстаў, з такой песняй не выступіш. Праспяваеш яе хіба два разы на год: на Дзень Перамогі і на Дзень Незалежнасці. І разам з тым на гэтых святах можна выйсці і з патрыятычнай песняй пра маладую, квітнеючую Беларусь — і выконваць яе на ўсіх грандыёзных мерапрыемствах, на шматлікіх канцэртах Грамадска-культурнай акцыі “Мы — беларусы!”. Іншымі словамі, сачыніць песню — не праблема. А вось каб давесці яе да канчатковага выгляду, патрэбен той “заказчык”, які аплаціць усю гэтую працу.

Мне пашанцавала: “Плача белая бяроза” на словы Аляксандра Лягчылава і “Белы снег” на словы Алены Туравай, уганараваныя двума дыпломамі, нарадзіліся як песні да фільмаў.

У першым выпадку гэта кінастужка “Вам — заданне” паводле рамана Мікалая Чаргінца, у другім— “Яшчэ пра вайну”. Садзейнічалі папулярнасці і выканаўцы. “Чысты голас” аб’ездзіў усю Еўропу, і нават нерускамоўная публіка ўспрымала песню “Плача белая бяроза” за народную, часоў вайны.

Вера Палякова спявала “Белы снег” на ўсіх кінафестывалях, на шматлікіх сустрэчах з публікай. Кіно — наймагутнейшы папулярызатар песеннай творчасці. І цудоўны “заказчык”, які дазваляе выйсці за звыклы эстрадны фармат, пашукаць штосьці новае. Калі б не фільмы, наўрад ці з’явіліся б у мяне гэтыя песні. А калі б і з’явіліся, цяжка сказаць, ці такімі б яны былі— мабыць, іншымі. І ўжо дакладна не атрымалі б той вядомасці.

Кіно і тэатр як асноўныя спажыўцы песень пра вайну? Цікавы паварот. Бо калісьці ўсё было наадварот: ваенная тэма ўпоравень з беларускай мовай служыла на нашай эстрадзе пэўным сімвалам “нацыянальнага паказчыка” — маўляў, песні пра вайну трывала “пастаўляла” на ўсесаюзны рынак беларуская эстрада. Дык як жа было не звяртацца зноў ды зноў да ваеннай тэмы, калі яна была своеасаблівым “пропускам” на вялікую эстраду?

Здаралася, масквічы нават крытыкавалі нашых творцаў, што, маўляў, усё з вайной ніяк не развітаюцца, але нашы музычныя крытыкі “сваіх” у крыўду не давалі: заўзята абаранялі папраўдзе святую для беларусаў тэму “кожнага чацвёртага”. Сёння той “пароль”, па якім “прапускаюць” на расійскае тэлебачанне, змяніўся…

“Франтавыя рымейкі”

Між тым, сумесна з АНТ, а пазней — і з іншымі тэлеканаламі, пачалі ладзіцца святочна-тэматычныя вечары “старых песень пра галоўнае”. Артысты беларускай эстрады выходзяць у канцэрце (і, адпаведна, на тэлеэкран) з уласнымі рымейкамі песеннай класікі. Такі варыянт, зроблены нават без асаблівай фантазіі, але ж дастаткова прафесійна, адпавядае адразу ўсім “патрабаванням” да такіх песень: гэта і новы нумар, і адначасова добра вядомы, запамінальны, ён апрыёры мае высокую мастацкую каштоўнасць і карыстаецца прыхільнасцю публікі.

Цалкам жа новая песня, нават вельмі добрая, побач з такім рымейкам будзе, безумоўна, прайграваць. Бо ёй яшчэ трэба заслужыць тую ўвагу публікі, якую атрымлівае рымейк. А на гэта патрабуецца час.

Сітуацыя паўтараецца? Як калісьці ў Вялікую Айчынную пачыналі з “рымейкаў” грамадзянскай, так і зараз — вяртаемся да песень ваенных гадоў, новыя версіі якіх замяняюць уласна песенныя прэм’еры. І нічога дрэннага ў гэтым няма. Бо кожнае новае пакаленне шукае свае адценні вечных тэм. А чым далей, тым больш складана знайсці штосьці новае ў тых надзвычай багатых напластаваннях ваеннай тэмы, што ўзнікліза больш як шэсць дзесяцігоддзяў. Адной толькі нацыянальнай класікі — безліч, а ёсць жа і агульнавядомыя шэдэўры расійскай эстрады! І ёсць — выхаваныя на пэўных прыкладах густы людзей старэйшага пакалення, каму такія песні асабліва дарагія. Паспрабуйце прывучыць пакаленне бацькоў і дзядоў да чагосьці новага — і не забудзьцеся, што нават такі прызнаны хіт, як “Дзень Перамогі” Давіда Тухманава, не адразу знайшоў шлях да слухача, спатыкнуўшыся аб непаразуменне нават не публікі, а… членаў мастацкага савета.

Да таго ж, заўважце, кожны новы віток ваенных песень пачынаўся з пераасэнсавання падзей ці самога свята. Уласна кажучы, гэты працэс сёння ўжо пачаўся. І штуршок яму надаў Дзень Незалежнасці, які святкуецца акурат у Дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Таму “мадуляцыя” ваеннай тэмы ў лірыка-патрыятычную, поўную прызнанняў у любові да роднай Беларусі, цалкам заканамерная. Як заканамерная і другая лінія— звароту да тэмы Вялікай Айчыннай у кантэксце не толькі ХХ стагоддзя, але і ўсёй шматвекавой гісторыі краіны (ці не гэта, дарэчы, адбылося ў новай праграме “Беларусы” Дзяржаўнага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі”, дзе ваенная тэма стала часткай больш шырокага гісторыка-этнічнага ракурсу?).

Сапраўды, адсутнасць усё новых і новых песень пра вайну, напісаных моладдзю, — гэта яшчэ і паказальнік, што для “творчых парасткаў” нашай краіны дзень сённяшні і будучыня атаясамляюцца з квітнеючай Беларуссю. Тым больш, што і гімн наш пачынаецца красамоўным азначэннем: “Мы, беларусы, мірныя людзі…” Вялікая Айчынная вайна не забыта. Яна застаецца ў Памяці разам з песнямі таго часу і наступных дзесяцігоддзяў. А каб з’явіліся прынцыпова новыя песні пра вайну і, такім чынам, пачаўся б новы віток іх стварэння, патрабуецца новы ўзровень асэнсавання тых падзей. Пакуль жа ўзгадаем любімую фразу рускага класіка М.Рымскага-Корсакава: “Новы час — новыя песні”. Усё так: новыя патрыятычныя песні, што стварае наша моладзь, — пра Беларусь пад мірным небам, без аніякіх войнаў: знешніх і ўнутраных.

Надзея БУНЦЭВІЧ