Куток душы

№ 42 (1272) 15.10.2016 - 21.10.2016 г

Па выніках аналізу, праведзенага дасведчанымі асобамі, высветлілася: за апошнія 10 гадоў самым дарагім расійскім мастаком стаў былы бубнач гурта “Кіно” Георгій “Густаў” Гур’янаў. І калектыў той даўно спыніў сваё існаванне з прычыны смерці яго лідара Віктара Цоя, няма на гэтым свеце і самога Густава: ён памёр у 2013 годзе. Але і песні Віктара Робертавіча працягваюць жыць ды гучаць, і работы яго таварыша ліха скупляюцца на аўкцыёнах. Жывыя і творча актыўныя беларускія гурты “Рэха” ды “Harotnica”, у якіх заняты Андрусь Такінданг — музыкант ды жывапісец. У апошняй якасці мы і хочам прадставіць яго вам, пачаўшы з Такiнданга серыю матэрыялаў, у якіх будзе распаведзена аб айчынных музыкантах-мастаках.

/i/content/pi/cult/608/13526/12-1.jpgМаляваннем “каляк-маляк” Андрусь захапіўся ў пачатку 1990-х гадоў, вучачыся ў першых класах школы вёскі Чэрцы Лепельскага раёна. Стараннасць дзіцяці не засталася незаўважанай блізкімі, і, па патрабаванні дзядулі, некалькі больш сталых работ унука былі адпраўлены ў Мінск, у гімназію-каледж мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка. Чымсьці яны зачапілі яе выкладчыка Рыгора Сітніцу (цяпер — старшыня Беларускага саюза мастакоў), які дыстанцыйна “загрузіў” перспектыўнага хлапчука, дасылаючы яму заданні. У 1994 годзе Такінданг апынуўся ў знакамітым на ўсю краіну “Парнаце” на аддзяленні жывапісу і скончыў гімназію праз восем гадоў. Пра тое, якім ён быў вучнем, яго настаўніца Раіса Сiплевiч сказала, што, калі ўсе малявалі на экзамене нацюрморт, Андрусь пісаў нешта іншае, тое, што хацелася яму. Вось такім вальнадумным юнак і прыйшоў у Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, дзе забываў пакрысе тое, чаму яму вучылі ў каледжы, спрабаваў змяніцца цягам года, але не здолеў-такі па-патрэбнаму перафарматавацца — быў адлічаны за прафнепрыдатнасць. На стрэсе, знаходзячыся ў дэпрэсіі, ён усё ж паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, дзе Такінданг і вывучыўся на мастака-рэстаўратара. “Выйсці з тупіку дапамагла музыка, якой я пачаў займацца ў апошніх класах “Парната”, — прыгадвае ён. — Там і закладваўся будучы падмурак гурта “Рэха”. А ва “ўніверы” мы ўжо на ўсю моц гастралявалі па замежжах. І атмасфера там была зусім іншая — больш свабодная”.

Размеркаваўся Андрусь у Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. “Мяне вабілі працы па рэстаўрацыі (гучна сказана: я, хутчэй, дапамагаў) старадаўніх беларускіх абразоў, — кажа ён. — Асабліва ўніяцкіх, XIX стагоддзя. Судакрананне з гэтай культурай адбілася і на маёй манеры, на выбары тэм”. Цвяроза ацаніўшы свае магчымасці як рэстаўратара, у 2013-м Такінданг з музея звольніўся, і сёння ён больш займаецца музыкай.

Карціны Такінданга экспануюцца, часта за мяжой. Нядаўна закончылася выстава яго твораў у Пльзене (Чэхія). Зараз работы мастака можна ўбачыць на “Восеньскім салоне з “Белгазпрамбанкам” у мiнскім Палацы мастацтваў. І хоць, як лічыць Андрусь, там прадстаўлена шмат у чым гэтак званае актуальнае мастацтва, сябе ён да яго не адносіць: “Я па-за мэйнстрымам, не трымаю нос па ветры, да ўсяго я не творчы правакатар, маё месца там — у кутку ўласнай душы...”

Сярод арыенціраў ён называе, да прыкладу, малых галандцаў, беларускага графіка Паўла Татарнікава. Цікава, што радзіму свайго бацькі — Рэспубліку Чад, ён у карцінах не выяўляе: будучы ў гэтай краіне, Андрусь маляваў толькі партрэты афрыканскіх сваякоў і іх знаёмых.

Што бачу я на яго карцінах? Людзей, жывёл, вясковыя замалёўкі, біблейскія матывы... Недзе ім спецыяльна парушаны прапорцыі, кампазіцыйныя законы, недзе знарок не выкананы іншыя мастацкія каноны, фарбы ўсё больш няяркія, асобы пераважна не вельмі эмацыйныя. Што адчуваю я, гледзячы на яго карціны: іранічныя яны ці сюжэтныя, або гэта пейзаж, настрой мной авалодвае мінорны. Такое, як высветлілася, і светаадчуванне самога Андруся, калі за ледзь дураслівай карцінай, выкананай у жанры прымітывізму, за нярэдка радаснай музыкай гуртоў, у якіх ён грае ды спявае, хаваецца смутак — сапраўды ціхi, неагрэсіўны. І хочацца пусціцца ў філасофстваванне.

— На славу ды лаўры Рафаэля я не замахваюся, — пасміхаецца Такінданг. — У мяне ёсць свая дзялянка, ёсць тыя, хто любіць маю творчасць. Я вельмі люблю маляваць і буду тое рабіць надалей, быццам нехта ў галаве нашэптвае, давай, маўляў, бяры паперу і алей — наперад! Як стрэмка нейкая ў далонях сядзіць, як пад пазногцем нешта дапякае.

Меркаванне мастацтвазнаўцы Пётры Васілеўскага

— Кідаецца ў вочы рознастылёвасць работ, як бы эскізнасць некаторых з іх. Калі ж у агульным праводзіць нейкія аналогіі, то, згадваючы Паўла Філонава, яго ўдзел у адлюстраванні фінскага эпасу “Калевала”, асобныя рэчы Андруся мне нагадваюць асаблівасці стылю гэтага рускага мастака-авангардыста. Наогул уласцівую таму гратэскнасць. Мне цікава, наколькі выразныя сродкі, якія выкарыстоўвае Такінданг, адпавядаюць той задачы, што ён ставіць перад сабой кожны раз, калі падыходзіць да мальберта. Калі яго кідае ад звычайнага да сакральнага, калі на яго цісне груз звышцывiлiзацый, чагосьці надчалавечага. Можа, груз гэты настолькі цяжкі (а ўзваліць яго хочацца, хочацца зрабіць замах на святое), што Андрусь і звяртаецца часцяком у сваёй творчасці да формы інсітнай, нібы здымаючы з сябе нейкую адказнасць. Гэта форма для яго служыць падушкай бяспекі ад, напрыклад, абвінавачванняў у адсутнасці густу. Такія мае здагадкі. Але, можа, ягоная манера якраз і ідзе яму на карысць, дазваляючы пазбягаць нейкіх замшэлых традыцый у выяўленчым мастацтве, быць свабодным ад агульнапрынятых у ім норм і правілаў, даваць волю перш за ўсё сваім эмоцыям, а не iмкнуцца падабацца публіцы, падладжваючыся пад яе стэрэатыпы.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"
Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"