Якія песні нас яднаюць?

№ 42 (1272) 15.10.2016 - 21.10.2016 г

Тыдзень таму ў Палацы культуры Мінскага трактарнага завода прайшоў ІХ Міжнародны конкурс дуэтаў “Песні, што нас яднаюць”, які сабраў прадстаўнікоў 10-ці краін. Вынікам спаборніцтва стала не толькі ўзнагароджванне пераможцаў, але і штосьці большае, што нельга вызначыць матэрыяльнымі каштоўнасцямі.

— Гэты конкурс рос і “гадаваўся” літаральна на маіх вачах, — гаворыць старшыня журы, народны артыст Беларусі, кампазітар, мастацкі кіраўнік ансамбля “Бяседа” Леанід Захлеўны. — Усе гады яго існавання я ўзначальваю журы, таму мне ёсць з чым параўноўваць. Дарэчы, пачыналіся дуэтныя спевы “на Трактарным” з запрашэння вядомых у краіне спевакоў, і завадчане выступалі разам з імі. Першы такі праект, дарэчы, так і называўся — “Зорка + талент”. Штосьці падобнае часта практыкуецца ў разнастайных тэлепраграмах, калі ў адну пару яднаюць прафесіянала і аматара. Так было і тут. І гэта прыцягвала дадатковую ўвагу публікі, бо сярод запрошаных знакамітасцяў былі эстрадныя зоркі Аляксей Хлястоў, Стэла, Вікторыя Алешка, Анатоль Сіўко, які сёння паспяхова скарае лепшыя оперныя сцэны свету, і многія-многія іншыя.

Дададзім, што ў якасці ўдзельніка дуэтнага свята пабываў калісьці і цяперашні член журы Уладзімір Громаў — заслужаны артыст Беларусі, адзін з вядучых салістаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета:

— Так, мне давялося пабываць па абодва бакі рампы, і я перакананы, што арганізатары абралі вельмі слушны шлях, звярнуўшыся не да сольных спеваў, а да вакальных дуэтаў. Па-першае, гэта ніша, можна сказаць, абсалютна не занятая: сольных конкурсаў — багата, дуэтных — няма. Па-другое, для аматараў і пачаткоўцаў (а менавіта на іх і разлічаны гэты конкурс) вельмі важна адчуваць псіхалагічную падтрымку, якую дае падобная сумесная творчасць, бо выходзіць на вялікую сцэну аднаму куды страшней. Да таго ж, дуэт вымушае прыслухоўвацца да партнёра, прыстасоўвацца да яго, але пры гэтым не губляць сваёй індывідуальнасці. Ці не гэта галоўнае ў жыцці? Прычым у аднолькавай меры і ў асабістым плане і ў працоўным: заўсёды важна пачуць суразмоўцу, паставіць сябе на яго месца — і шукаць выйсце разам, а не ў канфрантацыі. Ну, а для працоўных завода такі конкурс — гэта магчымасць культурна адпачыць, далучыцца да вакальнай скарбніцы розных стыляў і жанраў. Абыякавых не бывае: ні на сцэне, ні ў зале. Журы ж намагаецца ацэньваць не самі па сабе вакальныя даныя, а тое ўзаемадзеянне, што адбываецца паміж спевакамі. Калі гаварыць пра конкурсны ўзровень, дык тры гады запар прыязджаюць вельмі моцныя ўдзельнікі з Эстоніі, стабільна добра выступаюць канкурсанты з Украіны і Расіі. Таксама сярод лаўрэатаў — прадстаўнікі армянскай дыяспары, дуэт кітайскіх студэнтаў і нашы жодзінцы (а Жодзіна — гэта “БелАЗ”).

— Пакрыўджаных не было, — працягвае Леанід Захлеўны, — бо так ці інакш адзначылі ўсіх. Добра, што ўдзельнікі нічым не абмежаваны ў выбары рэпертуару. Умовы заключаюцца хіба ў тым, што адзін нумар павінен быць на рускай ці беларускай мове, другі — на мове той краіны, якую прадстаўляюць канкурсанты. У большасці выконваюцца эстрадныя песні, але сустракаюцца і рамансы. З гадамі конкурс пашырае сваю геаграфію, набірае абароты і прэстыж. Праект падтрымліваюць гарадскія ўлады, Міністэрства культуры краіны. Бачна, што да конкурсу сур’ёзна рыхтуюцца не адно арганізатары на чале з дырэктарам Палаца культуры МТЗ Уладзімірам Кірутам, але і ўдзельнікі, бо для іх гэта прыступка ўверх, да сваёй жаданай мары. Ды ўсё ж галоўная мэта выяўлена ў самой назве — “Песні, што нас яднаюць”. Бо ідзе абмен добрай энергетыкай, наладжваюцца сяброўскія стасункі. Дый заканчваецца конкурс не адно ўручэннем узнагарод, але і вечарынкай, дзе ўдзельнікі працягваюць спяваць — ужо ў вольнай пазаконкурснай атмасферы. А гэта сведчыць, што спевы і, шырэй, музыка сталі неад’емнай часткай іх жыцця.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"