Дзе музей вы размесціце, так музей і зажыве

№ 42 (1272) 15.10.2016 - 21.10.2016 г

Тонкасці маркетынгавых стратэгій замежнай культуры
Вядома, што вельмі часта месца, дзе размяшчаецца музей, становіцца вызначальным для яго поспеху ў наведвальнікаў. І ў прынцыпе вызначальным. Але нават самая багатая калекцыя артэфактаў можа згінуць у невядомасці за пяць хвілінаў хады ад насычанай турыстычнай магістралі, калі не будзе канцэптуальна аформлена і прадстаўлена ў адпаведным выглядзе. Далей пойдзе аповед аб некалькіх еўрапейскіх музеях, якія пашчасціла наведаць аўтару на працягу аднаго кароткага падарожжа. Падчас яго яшчэ раз пераканаўся: паспяховы музей не можа грунтавацца толькі на экспазіцыі. Часам і яна толькі дадатак да асноўнай ідэі, дзеля якой музей ствараецца і існуе.

/i/content/pi/cult/608/13524/7-1.jpg“Луізіяна”. Прырода + Modern Art

Музей сучаснага мастацтва “Луізіяна” размясціўся ў 20 кіламетрах ад Капенгагена і ў кіламетрах дзесяці ад адной з галоўных перлін дацкага турыстычнага раю — замка Кронбарг у горадзе Хельсінгёр — менавіта таго, які паслужыў мадэллю шэкспіраўскага Эльсінора.

Турысты, якія падарожнічаюць па спецыяльным адзіным праязным па так званым Арасунскім коле (транспартнай сістэме, якая ўключае ў сябе дацкі Капенгаген, шведскі Мальмё, праслаўлены ў аднайменным серыяле мост паміж гэтымі двума гарадамі, паромную пераправу паміж шведскім Хельсінборгам і дацкім Хельсінгёрам, а таксама чыгунку паміж усімі гэтымі пунктамі), могуць выйсці на адпаведным прыпынку на некалькі гадзін і агледзець надзвычай цікавы музей. Цацачны па беларускіх мерках цягнік спыняецца на маленькай станцыі, і праз некалькі хвілін і колькі сотняў метраў сардэчна запрашаем у “Луізіяну”!

Кошт квітка па мясцовых, скандынаўскіх, стандартах зусім не пужае: 115 дацкіх крон ці прыблізна 35 новых беларускіх рублёў і 50 капеек. Калекцыя “Луізіяны” найбагацейшая — уражваюць падборкі скульптуры Альберта Джакамеці, жывапісу Асгера Ёрна, інсталяцый Яёі Кусамы, часовыя і пастаянныя экспазіцыі сусветнага выяўленчага мастацтва з 1945 года да нашых дзён. Хоць ёсць больш раннія творы, як, напрыклад, працы Васіля Кандзінскага і Пабла Пікаса — мастакоў, якія вельмі сур’ёзна паўплывалі на сучаснае мастацтва. Галоўная каштоўнасць “Луізіяны” не толькі ў яе разнастайнасці — музей складаецца з цэлага шэрагу выставачных прастор, у тым ліку пад адкрытым небам — але ў якасным падборы экспанатаў. Сучаснае мастацтва прадстаўлена тут у канцэнтраваным выглядзе — адсутнасць прахадных прац практычна не дае магчымасці для звычайных для падобных сходаў ваганняў у духу “А ці мастацтва гэта?..”

Аўтару гэтых радкоў пашчасціла трапіць у “Луізіяну” ў момант правядзення вялікай выставы, прысвечанай развіццю ап-арта. Аптычнае мастацтва — цікавы адрэзак развіцця мастацкай думкі. У дацкім музеі ў спецыяльна адведзеным павільёне прадстаўлены арыгіналы твораў 1950 — 1960-х — асноўнага часу развіцця ап-арта ў свеце. Кожны экспанат суправаджаўся яшчэ і найпадрабязным апісаннем і расповедам пра аўтара. Улічваючы, што творы ап-арта самі па сабе вельмі незвычайныя для вока, то пасля агляду выставы пастаянную экспазіцыю фактычна прабягаеш. І амаль з палёгкай выходзіш на вольнае паветра — тэрыторыя “Луізіяны” ўяўляе з сябе выдатны сад з лужкамі, тэрасамі, адкрытае кафэ з шыкоўным выглядам на праліў Зунд і шведскі бераг.

Дарэчы, кафэ “Луізіяны” карыстаецца не меншай папулярнасцю, чым яе выставачныя прасторы. На кантрасце з мастацтвам другой паловы ХХ стагоддзя, якое дэманстратыўна парвала з гармоніяй, прыгажосцю, а ў некаторых месцах нават са здаровым сэнсам, сціплая скандынаўская прырода, няхай з няўстойлівым, пераменлівым надвор’ем, выклікае неверагодна прыемныя эмоцыі. У кафэ тут пакідаеш больш грошай, чым заплаціў за ўваходны квіток, але традыцыйны скандынаўскі перапынак на каву таксама частка атракцыёна. У “Луізіяне” як ні ў якім іншым музеі сучаснага мастацтва заўважаеш, што гэтыя ўстановы даўно сталі ў Еўропе наймодным спосабам правесці вольны дзень або частку турыстычнай паездкі. Але, напэўна, менавіта ў дацкіх музейшчыкаў атрымалася бліжэй за ўсё падысці да галоўнай мэты заснавальнікаў падобных устаноў — зрабіць сontemporary аrt найважнейшым з мастацтваў.

Дом, дзе сканчаецца жах

Калі дацкая “Луізіяна” распавядае пра сучаснае мастацтва, то будапешцкі музей “Дом тэрору”  — сам з’яўляецца прадметам сontemporary аrt. Ён не тое каб не згубіўся на фоне музеяў і памятных месцаў адной з самых бліскучых еўрапейскіх сталіц, але і з’яўляецца адной з самых вядомых яе славутасцяў. Хоць быў адкрыты адносна нядаўна — у 2002 годзе. Музей размяшчаецца ў бліскучым помніку архітэктуры пачатку мінулага стагоддзя ў сярэдзіне праспекта Андрашы — адной з галоўных турыстычных магістраляў Пешта. Сярод суседніх трохпавярховых будынкаў ён вылучаецца сваім адмысловым “брылём”, у якім асаблівым чынам прарэзана яго назва, а таксама пяціканцовая зорка і знак перакрыжаваных стрэл — сімвалы рэжымаў, якія пакінулі найбольш крывавы след у венгерскай гісторыі ХХ стагоддзя.

“Дом тэрору” — не столькі музей, колькі мемарыял ахвярам двух таталітарных рэжымаў — нацысцкага і камуністычнага. У доме № 60 па праспекце Андрашы з канца трыццатых па 1945 год знаходзілася штаб-кватэра венгерскіх нацыстаў, а затым, да 1956 года — штаб-кватэра венгерскай службы дзяржаўнай бяспекі.

Ад знакамітых “музеяў акупацыі” ў сталіцах краін Балтыі “Дом тэрору” адрознівае менавіта мемарыяльны характар. Фактычна, гэта вялікі помнік усім ахвярам. Пабудаваны ў самым пачатку ХХ стагоддзя вядомым прадпрымальнікам у момант найвышэйшага росквіту венгерскай сталіцы, будынак цяпер пераўтвораны ў анфіладу залаў, аформленых па тэматычным прынцыпе. Кожная з іх асвятляе нейкую тэму ці падзею — ад несправядлівага, на думку венграў, падзелу краіны па дамове 1919 года да падаўлення антысавецкага паўстання ў 1956-м. Сімвалам апошняга выступае сапраўдны танк “Т-55” у закрытым двары-калодзежы са шкляной столлю.

Прыкметна, што “Дом тэрору” афармлялі не толькі гісторыкі, але ў першую чаргу мастакі. Кожнае памяшканне ўяўляе з сябе адзіную прастору-інсталяцыю, дзе гавораць нават не экспанаты, а самі сцены. Экспанатаў у “Доме тэрору” не так і шмат. Асноўны ўпор — на мультымедыйныя сродкі, у тым ліку інтэрактыўныя. Па канцэпцыі музей нагадвае берлінскую Сінематэку. Прынцып, які выкарыстаны ў абодвух установах — як мага глыбей занурыць наведвальніка ў гістарычную атмасферу. Напрыклад, у зале, якая прысвечана нацысцкай арганізацыі “Скрыжаваныя стрэлы”, моцнае ўражанне ствараюць маўклівыя манекены ў адпаведнай уніформе. У зале, прысвечанай пасляваеннай індустрыялізацыі, усе сцены і прадметы зробленыя з алюмінію — галоўнага гонару сацыялістычнай эканомікі Венгрыі пачатку пяцідзясятых.

Самае моцнае ўражанне стварае ліфт, куды служыцель запускае каля дзясятка наведвальнікаў на верхнім паверсе. Дзверы зачыняюцца, згасае падсвятленне, а на сцяне загараецца манітор, на якім чорна-белая здымка кінахронікі васьмідзясятых — ахвяры катаванняў у сутарэннях дзяржбяспекі распавядаюць пра перанесеныя здзекі, а ліфт павольна апускаецца менавіта туды, у гэты склеп, знешні выгляд якога, з няроўнымі бетоннымі сценамі і вузкімі, ледзянымі боксамі, не змяніўся за шэсць дзесяцігоддзяў. Нягледзячы на тое, што сцены ліфта празрыстыя, узнікае моцная клаўстрафобія і жаданне выйсці на свежае паветра.

Канцэпцыя “Тэрор-Хаза” блізкая да канцэпцыі сучаснага мастацтва — арт не можа існаваць па-за кантэкстам. Больш за тое, у гэтым музеі наведвальнік не проста разглядае экспанаты, а трапляе ўнутр і сам становіцца адным з іх. Таму, калі пакідаеш “Дом тэрору”, выдыхаеш з палёгкай — не толькі таму, што апынуўся на адной з самых прыгожых вуліц Еўропы, але і таму, што ўбачанае засталося ў мінулым. Па меншай меры, хочацца на гэта спадзявацца.

Дом, дзе жывуць Будэнброкі

Усе пісьменніцкія музеі падобныя адзін да другога. З музеямі кніг і літаратурных герояў куды цікавей. Усім вядомы, нават тым, хто там ніколі не быў, музей Шэрлака Холмса на лонданскай Бэйкер-стрыт. Велізарную колькасць наведвальнікаў прыцягвае музей дзіцячай казкі “Юнібакен” на Музейным востраве ў цэнтры шведскай сталіцы. Пра ўнікальны стамбульскі “Музей нявіннасці”, цалкам прысвечаны раманам Архана Памука, “К” пісала ў адным з нядаўніх нумароў. З музеем “Будэнброк-хаўс” у паўночнанемецкім Любеку складаней. Ён адначасова і музей пісьменніка, і яго самага вядомага літаратурнага твора.

Апроч свайго грандыёзнага гістарычнага мінулага (горад быў сталіцай знакамітага Ганзейскага саюза, з якім у Сярэднявеччы актыўна гандляваў і наш Полацк), Любек ганарыцца сваімі нобелеўскімі лаўрэатамі. Менавіта ў Любеку пражыў другую палову жыцця і напісаў свае найважнейшыя творы Гюнтар Грас. Тут таксама нарадзіўся палітык, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 1971 года, Вілі Брант, які шмат у чым вызначыў палітыку Германіі і Еўропы другой паловы ХХ стагоддзя.

У доме, які размешчаны каля знакамітай царквы Марыенкірхе, жыла бабуля будучага нобелеўскага лаўрэата Томаса Мана. Пісьменнік часта бываў там дзіцем і вельмі любіў атмасферу старога жытла вядомага роду ганзейскіх купцоў Манаў. Менавіта таму пісьменнік пасяліў тут тры пакаленні сваіх герояў Будэнброкаў.

Першапачаткова “Будэнброк-хаўс” (ці “хус” на ніжненямецкім дыялекце, які распаўсюджаны ў зямлі Шлезвіг-Гальштэйн) быў пабудаваны ў 1758 годзе першым пакаленнем гандляроў збожжам, якое потым дало свету адразу трох знакамітых пісьменнікаў. У сакавіку 1942 года Любек пацярпеў ад жорсткай бамбардзіроўкі, і “Будэнброк-хаўс” быў амаль цалкам знішчаны — ад будынка застаўся толькі фасад. Пасля вайны ўвесь стары горад аказаўся зруйнаваны, адноўлены “Будэнброк-хаўс” быў толькі праз некалькі дзесяцігоддзяў спярша як рэстаран. Зусім нядаўна да гістарычнага фасаду прыбудавалі новы корпус, і цяпер гэта двайны музей — рамана “Будэнброкі” і літаратурнай дынастыі Манаў.

Стваральнікі музея, зразумела, пастараліся стварыць у ім адпаведную атмасферу. Але будынак знутры выглядае ўсё роўна абсалютна новым. Шмат у чым таму, што спраектаваны па цалкам сучасным музейным праекце, што прадугледжвае і краму з фірмовымі сувенірамі на першым паверсе, і шырокія лесвіцы, і ліфт, і прасторны архіў-сховішча. Пад часы дзяцінства Мана і Будэнброкаў аформлена толькі некалькі памяшканнняў на другім паверсе. Яны ўяўляюць з сябе акуратную рэканструкцыю таго, як магло выглядаць жыллё багатай купецкай сям’і другой паловы ХІХ стагоддзя. Менавіта ў гэтых інтэр’ерах некалькі гадоў таму здымалася чарговая тэлевізійная версія рамана.

Як усе сучасныя музеі, “Будэнброк-хаўс” робіць стаўку на інтэрактыўнасць. Наведвальнікі могуць пачуць фрагменты аўдыязапісаў выступленняў розных членаў сям’і Манаў з дапамогай слухавак, уласнаручна прагартаць дакументы з архіва Манаў на стэндзе ў выглядзе картатэкі. Фатаграфіі, фрагменты кінахронікі — усё даступна і з вялікім стараннем аформлена ў стылістыцы часоў, пра якія ідзе гаворка ў музеі. Зразумела, англамоўны наведвальнік пачуваецца ў музеі цалкам камфортна — усе таблічкі, тлумачэнні і інтэрактыўныя элементы дубляваныя на мову міжнародных зносін.

Пры ўсім вонкавым бляску і парадку ад “Будэнброк-хаўса” застаецца ўражанне толькі што пабудаваных дэкарацый. Выгляд з задняга акна гэтае ўражанне толькі ўзмацняе — за гістарычнымі фасадамі старога Любека на ўсю моц ідзе поўнамаштабнае будаўніцтва ці то новага гандлёвага цэнтра, ці то паркінга. Што зрабіць, горад да гэтага часу не залячыў свае ваенныя раны і пастаянна перабудоўвае тое, што было спехам збудавана ў пасляваенны перыяд на пабітых бамбардзіроўкай месцах.

Міжволі прыгадваецца іншы дом-музей Томаса Мана — у літоўскай Нідзе, дзе пісьменнік правёў тры важных для сябе лета ў самым пачатку трыццатых і напісаў раман “Іосіф і яго браты”. Калекцыя літоўскага музея, які размясціўся ў самым прыгожым месцы Куршскай касы, вядома, куда больш сціплая. Але пакідае значна больш моцнае ўражанне. Магчыма, нават не з-за таго, што лецішча пісьменніка ацалела ў першапачатковым выглядзе, а ад таго, з якім намаганнем літоўцы захоўваюць памяць аб “сваім” Мане.

Тым не менш, “Будэнброк-хаўс” застаецца адным з самых незвычайных літаратурных музеяў Еўропы, і наведвальнікі ідуць бясконцым патокам, выносячы з яго яркія ўражанні, а таксама магніцікі з выявай сямейства Манаў. Напэўна, галоўнае ў “Будэнброк-хаўс” — магія месца, у якім ён размешчаны. Як у прынцыпе, і ў кожным з трох згаданых музеяў.

Але не, не толькі месца вызначае музей...