95-годдзе Ульяновіча

№ 42 (1272) 15.10.2016 - 21.10.2016 г

У зале Перамогі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адбылося ўрачыстае ўшанаванне ветэрана вайны і працы Аляксандра Ульяновіча да яго 95-годдзя. Пра гэтага гвардыі старшыну, які пакінуў аўтограф на сценах зрынутага рэйхстага, нядаўна распавяла газета.

/i/content/pi/cult/608/13523/6-2.jpgМіністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў ў прывітальным слове адзначыў, што 95-годдзе Аляксандра Іосіфавіча — гэта не толькі дзень нараджэння заслужанага чалавека, франтавіка і патрыёта. Асабліва важная гэта падзея напярэдадні Дня работнікаў культуры. Балазе ў 1980 — 1990 гадах Ульяновіч працаваў першым намеснікам міністра культуры БССР, больш за 10 гадоў узначальваў Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Сардэчным, сярод іншых, было віншаванне імянінніка супрацоўнікамі музея. “Мы ўдзячныя Вам за вялікі асабісты ўклад у прапаганду баявой гісторыі нашай Айчыны і ганарымся тым, што вы з’яўляецеся надзейным настаўнікам і вялікім сябрам музея. Заўсёды рады бачыць Вас!” — такімі словамі прывітаў Ульяновіча дырэктар установы Дзмітрый Шляхцін. Ён перадаў юбіляру, сярод іншага, некалькі асобнікаў газеты “Культура” з матэрыялам “І яго аўтограф на рэйхстагу”. Юбіляру быў таксама ўручаны партрэт, напісаны мастаком музея Юрыем Герасімовічам. Падарункам ветэрану стала беларуская народная песня ў выкананні навуковага супрацоўніка музея Алены Дварэцкай, якая выступіла ў нацыянальным строі.

Аляксандр Іосіфавіч цёпла падзякаваў прысутным за сардэчныя словы, выказаныя ў яго адрас, і пажадаў усім творчых поспехаў у высакароднай справе патрыятычнага выхавання грамадзян Беларусі.

Мікалай ШАЎЧЭНКА, член Беларускага саюза журналістаў

На здымку аўтара: Аляксандр Ульяновіч (злева) прымае віншаванні.