Эпапея за эпапеяй. Калі ж канец?

№ 42 (1272) 15.10.2016 - 21.10.2016 г

Мары, на жаль, не заўсёды спраўджваюцца наяве. Дасюль памятаю, як па маім прыходзе ў газету, у студзені 2009 года, рэдакцыя распачала новы праект “Родная зямля: час крэатыву”. Першая публікацыя названага цыкла рэдактара аддзела “К” Яўгена Рагіна мела загаловак “У сваім доме ды без Дома культуры?” і распавядала пра гаротны стан Глускага РДК, прызнанага яшчэ тады аварыйным. Другая публікацыя, ужо пад маім прозвішчам, “Як завяршыць рамонтную эпапею ў Крупках?”, паведамляла пра цяжкасці ў тамтэйшых бібліятэкараў: галоўная раённая “кніжніца” вымушана была “кватараваць” у адным будынку з дзіцячай раённай бібліятэкай. Таксама меліся праблемы з рамонтам мясцовага РДК.

/i/content/pi/cult/608/13521/4-22.jpgМары работнікаў культуры Глуска былі досыць канкрэтныя: займець новы будынак для галоўнай установы культуры раёна, значна большы па памерах ды абсталяваны па апошнім слове тэхнікі. У Крупках мясцовыя ўлады думалі пра тое, каб перавесці раённую бібліятэку на новае месца дыслакацыі і нават ужо адшукалі патрэбны для гэтага будынак у цэнтры мястэчка, а рамонт у мясцовым ГДК на той час быў амаль завершаны.

Праз тры з паловай гады, у сярэдзіне 2012 года, я зноў завітаў у Крупкі. На шчасце, гарадскі Дом культуры ўжо паспяхова выконваў свае функцыі, а ў будынку, дзе меркавалася размясціць бібліятэку, поўным ходам ішоў рамонт. Гаротныя бібліятэкары так і суіснавалі ў адным будынку, як і ў пачатку 2009 года, але ў наступным, 2014-м вельмі спадзяваліся пераехаць у новую раённую “кніжніцу”…

На сёння мінула ўжо сем гадоў з часу названых мною публікацый. У Глуску, як я пераканаўся на свае вочы год таму, спадзяванні жыхароў на новы будынак раённага Дома культуры засталіся няздзейсненымі. Справа ў тым, што наяўная праектна-каштарысная дакументацыя, як адзначыла мне начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Глускага райвыканкама Наталля Гулевіч, састарэла, патрэбна рабіць новую, што запатрабуе шмат грошай. Ды і само будаўніцтва новай галоўнай установы культуры горада “пацягне” на мільярды “старых” рублёў. І ці знойдуцца яны цяпер ці ў найбліжэйшай будучыні — пытанне з досыць няпэўным адказам.

У Крупках таксама змянілася не на шмат: па словах намесніка начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі мясцовага райвыканкама Таццяны Мельнік, новы будынак раённай бібліятэкі хоць і даведзены да ладу, але на сёння стаіць пусты:

— Справа ў тым, што ў новую бібліятэку нам трэба новая ж мэбля, стэлажы, камп’ютары і гэтак далей, — карацей кажучы, поўнае “начынне”, — сказала Таццяна Мельнік. — Пакуль што грошы пад гэтыя мэты не выдаткаваны (а гэта прыкладна 700 мільёнаў “старых” рублёў), таму ўсё застаецца па-старому: бібліятэкары раённай установы працуюць у будынку бібліятэкі дзіцячай. Нядаўна мы зрабілі там невялікі рамонт, так што ўмовы ў дзіцячай “кніжніцы” больш-менш прымальныя… Спадзяемся, што ў наступным годзе нам выдаткуюць неабходную суму і нашы бібліятэкары ўсё-такі справяць наваселле, на якое, я абяцаю, абавязкова будзе запрошана “К”!

Як бачна, зноў застаецца адно толькі чакаць. Праўда, колькі гадоў яшчэ будуць цягнуцца рамонтныя эпапеі — а іх ва ўстановах культуры Беларусі нашмат больш, чым я згадаў у артыкуле, — невядома: усё, натуральна, залежыць ад эканамічнай сітуацыі ў краіне. Запрацуе эканоміка — знойдуцца грошы на будаўніцтва дамоў культуры і абсталяванне бібліятэк найноўшай тэхнікай і мэбляй… А пакуль рамонтная эпапея што ў Глуску, што ў Крупках працягваецца… Да якой круглай даты на календары “К”?

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"