Ён адстаяў Сталінград

№ 19 (837) 10.05.2008 - 16.05.2008 г

Тарас Паражняк... Франтавік. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі. Мастак. Педагог. Амаль 10 гадоў узначальваў кафедру дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва БДТМІ, сёння — Акадэмія мастацтваў. Нядаўна яму споўнілася 84 гады.

 /i/content/pi/cult/160/1352/Taras1.jpg
Самае дарагое свята для Тараса Мікалаевіча, былога баявога афіцэра, артылерыста, які згубіў руку ў баях за Сталінград, канешне, — 9 мая, Дзень Перамогі. А яшчэ штодзённы напамін — два нямецкія асколкі, якія вось ужо 55 гадоў сядзяць у ягоным целе.

Безумоўна, можна было б даўно іх выдаліць, але яны “паводзяць сябе” ціха, “маўчаць”. Праўда, “на надвор’е” іншым разам пачынаюць неахвотна “абурацца”, нагадваючы пра сябе. Але гэта дробязі, як падаецца бываламу байцу, кавалеру баявых ордэнаў і 12 медалёў.

Перш чым пачаць размову з Тарасам Мікалаевічам пра “доўгія вёрсты вайны”, пра гады “саракавыя, ракавыя”, я паглядзеў у майстэрні ягоныя работы, зробленыя ў фарфоры, шамоце, фаянсе, каляровым шкле, крышталі. Многія з іх я бачыў раней. А сёння ў майстэрні напярэдадні 63-яй гадавіны Перамогі ў галаве чамусьці “прапяваецца” адна з маіх любімых песень Булата Акуджавы: “Ах, война, что ты сделала, подлая...”

Нібы прачытаўшы мае думкі, Паражняк уважліва паглядзеў на мяне і, разладзіўшы срэбную бараду, вымавіў з усмешкай: “А я ведаю, пра што ты думаеш. Хочаш запытацца пра вайну. Здагадаўся? Здагадаўся... Ведаеш, вайна — гэта жахлівая рэч, самая вялікае ліха на зямлі. Хто прайшоў вайну — ведае гэта. Ведае, што “кроў людская — не вадзіца”, асабліва ў мясарубцы бітваў. Ведае, што такое штодзённы салёны пот. Што значыць згуба блізкіх сяброў-аднапалчан, што такое франтавое брацтва, афіцэрскі гонар і салдацкая стойкасць. Але вось якая рэч парадаксальная атрымліваецца. Іншым разам думаю: калі б не вайна, ці стаў бы я мастаком? Вялікае пытанне...”

— Тарас Мікалаевіч, калі мы ўжо загаварылі пра вайну, дык давайце спачатку так: распавядзіце пра сям’ю, у якой гадаваліся, як прыйшла ў ваш дом Вялікая Айчынная. Бо тады ж вам ледзь пераваліла за семнаццаць. Ці паспелі атрымаць атэстат сталасці?

— Не, скончыў толькі 9 класаў. А вучыўся я ў сяле Цярноўка на Кіеўшчыне — сёння гэта Смялянскі раён Чаркаскай вобласці. Бацька, Мікалай Максімавіч, першакласны майстар па паравозных катлах, незадоўга да вайны вярнуўся з Троіца-Пячорскага лагера, што ў Комі АССР, дзе тры гады па паклёпе суседа адседзеў быццам бы за “антысавецкую агітацыю”. Мама з ранку да ночы ўколвала ў калгасе, зарабляла працадні. Мой старэйшы брат Валодзя ў 40-ым з’ехаў на Далёкі Усход. Стаў мараком-падводнікам. Восенню 41-га ягоную часць улілі ў стралковую дывізію і кінулі на абарону Масквы. Дзесьці там пад Валакаламскам ён і загінуў... Другі брат — Саша да вайны служыў у Баранавічах, у зенітна-артылерыйскім палку. Амаль усю вайну прайшоў, але ў баі за Сандамірскі плацдарм у студзені 45-га быў паранены, трапіў у шпіталь, выжыў. Праўда, яму ампутавалі ступні. Пасля вайны працаваў будаўніком, памёр на радзіме ў 1992 годзе...

— Памятаеце першы дзень вайны?

— Ці ж такое забываецца? 21 чэрвеня ў суседнім сяле Папоўцы мы арганізавалі школьны вечар з нагоды завяршэння заняткаў. Ставілі спектакль па п’есе Карнейчука “Гібель эскадры”, дзе я афармляў сцэну, маляваў на дэкарацыях мора і караблі. Ужо тады ў мяне была цяга да малявання. Адкуль яна ўзялася — не ведаю, бо ніхто ў сям’і гэтай справай не займаўся. Ну ды добра... Дык вось, на досвітку прыйшоў дахаты. Не паспеў задрамаць, як у сяло прыкаціла паўтаратонка за хлопцамі: трэба было тэрмінова выязджаць на калгаснае поле касіць канюшыну, пакуль не высахла раса. Гэта за 6 кіламетраў ад сяла. Пачалі касіць. Настрой вясёлы, бадзёры. І тут у небе мы пачулі гул самалёта. Гул як гул, нічога дзіўнага: паблізу знаходзіўся аэрадром. Але самалёт так нізка ляцеў над зямлёй, што мы разгледзелі на ягоных крылах чорныя крыжы. І ніяк не маглі дацяміць, што ўсё гэта значыць... Пра самае горшае мы і падумаць не маглі... А ў 12 гадзін па сельскім рупары пачулі прамову Молатава...

— Наколькі ведаю, у першыя дні вайны ваенкаматы мабілізоўвалі юнакоў 1922 — 1924 гадоў нараджэння. Што адчувалі на зборным пункце?

— Было крыху не так. Нас, учарашніх школьнікаў, спачатку даставілі ў гарадок Смела, гэта за 12 кіламетраў ад нашага сяла. А адтуль пешшу мы рушылі ў бок Чаркасаў, каб па Дняпры дабрацца да Днепрапятроўска. Па дарозе дзесьці заначавалі, а раніцай павінны былі пераправіцца па драўляным мосце праз Днепр. І менавіта на гэтым мосце нас заспела першая бамбёжка нямецкай авіяцыі. На шчасце, усё для нас абышлося. “Юнкерсы” пайшлі, пакідаючы пасля сябе трупы кароў, коней, авечак, свіней, якія павольна плылі па той рацэ, да сярэдзіны якой “рэдкая птушка даляціць”... Відовішча, павінен сказаць, не з вясёлых. Карацей кажучы, нас накіравалі... не, не ў вайсковую часць, не ў народнае апалчэнне, а ў нейкі калгас на ўборку пшаніцы.

Працавалі без перадыху тыдні са два. У пылу, у гразі, даруйце, у насякомых, без гарачай вады, без лазні і належнага харчавання. Уяўляеш наш стан: ідзе вайна, а мы, маладыя, здаровыя, дужыя, пацеем пад сонцам невядома для чаго. Але, урэшце, нас выклікалі ў райваенкамат. Хлопцы, кажуць нам, хто скончыў 10 класаў — крок наперад.

Паедзеце ў Харкаў вучыцца ў авіятэхнічнае вучылішча. Астатнія — пакуль на месцы... “Крок наперад” зрабілі ўсяго некалькі чалавек, я — у іх ліку: прыйшлося схлусіць, што і я скончыў школу. Маўляў, атэстат згубіў па дарозе...

— І вы сталі курсантам Харкаўскага авіяцыйнага тэхнічнага вучылішча.

— Вучыўся разбіраць і збіраць па шрубках новы франтавы двухматорны пікіруючы бамбардзіроўшчык “Пе-2” 1940 года выпуску... Апрача вучобы, мы будавалі ўмацаванні на подступах да горада, удзельнічалі ў эвакуацыі прамысловага абсталявання і людзей. І шмат яшчэ чаго рабілі. Усё змянілася нечакана: на досвітку 25 кастрычніка, перад самай здачай горада ворагу, нас разам з тэхнікай хуценька пагрузілі ў эшалоны і — у Сярэднюю Азію — у Фергану. І там да ліпеня 1942 года я перавучваўся “з самалётаў на пушкі”: займаўся ў артылерыйскім супрацьтанкавым вучылішчы. Там жа, у Фергане, упершыню наведаў студыю выяўленчага мастацтва пры мясцовым мастацкім вучылішчы. Вельмі цягнула маляваць, асабліва коней. На пачатку верасня скончыў вучобу, прайшоў кароткатэрміновыя курсы Артылерыйскай акадэміі імя Дзяржынскага і...

— І менавіта ў той час, як я ведаю з гісторыі, ужо ішлі абарончыя баі за Сталінград...

— Так, немцы ўпарта наступалі на ўсім паўднёвым крыле савецка-германскага фронту, бо хацелі выйсці ў нафтавыя раёны Каўказа, на Дон, Кубань, Ніжнюю Волгу... А я — ужо лейтэнант, камандзір узвода 535-га асобнага супрацьтанкавага палка. Гэта 1-я гвардзейская армія генерал-палкоўніка Івана Міхайлавіча Чысцякова, толькі што сфарміраваная на базе 2-й рэзервовай арміі...
 /i/content/pi/cult/160/1352/Taras2.jpg

— Раскажыце пра першы бой...

— Гэта адбылося пахмурным ранкам 19 лістапада 1942 года пад станіцай Клецкай, на невялікім плацдарме ля Дона. На супрацьлеглым беразе замерзлай ракі (ужо стаялі моцныя маразы) атабарыліся румыны і італьянцы. Ноччу пры дапамозе забітых у рачное дно паляў мы акуратна пераправілі па лёдзе нашы 45-міліметровыя пушкі, так званыя “саракапяткі”. Танкі ж прайшлі праз Дон крыху вышэй, па пантонных мастах. У 8 гадзін 30 хвілін пачалася наша артпадрыхтоўка. Быў хмарны дзень, на зямлі — сняжок. Варожая авіяцыя з-за нізкай воблачнасці не дзейнічала. Мы сходу ўварваліся ў варожыя траншэі і ў рукапашным баі зламалі супраціўленне. Было шмат трафеяў, але, галоўнае, з’явіўся прыўзняты настрой: мы, салагі, навучыліся біць ворага!

— Абарончая аперацыя Сталінградскай бітвы скончылася 18 лістапада. Інакш кажучы, той першы бой адбыўся ў першы дзень пачатку стратэгічнай наступальнай аперацыі нашых Паўднёва-Заходняга і Данскога франтоў. Так?

— Калі войскі злучэнняў Паўднёва-Заходняга і Сталінградскага франтоў 23 лістапада аб’ядналіся ў раёне Калача, мая батарэя, заняўшы зручнае ўзвышша ў раёне станіцы, здаецца, Пескаваткі, з чатырма супрацьтанкавымі “саракапяткамі” вяла бой супраць наступаючых варожых сярэдніх танкаў Т-3 і Т-4. Яны стралялі па нас брызантнымі (разрыўнымі) снарадамі, а я біў прамой наводкай трасіруючымі і тэрмітнымі...

Спаліў два танкі. Памятаю, два фрыцы з люка падбітага Т-3 паспелі выскачыць... Адзін увобмірг уцёк, схаваўшыся ў чорным дыме пажарышча, другога я дастаў стрэлам — не паспеў ён адскочыць, так і застаўся вісець на разарванай танкавай гусеніцы. Канешне, былі страты і ў нас... Хутка наш полк расфарміравалі, а мяне кінулі ў самае пекла — непасрэдна на абарону Сталінградскага трактарнага завода, дзе нават у дні асады горада рабочыя ўмудраліся рамантаваць нашы Т-28 і Т-34... Лічы, гэта ўжо сэрца горада. У студзені 43-га ў раёне завода ішлі жорсткія вулічныя баі...

— Ваш апошні бой адбыўся тут?

— Так, 25 студзеня, літаральна за тыдзень да капітуляцыі паўднёвай групіроўкі войскаў 6-ай арміі генерал-фельдмаршала Паўлюса. Нашы “трыццацьчацвёркі” атакавалі немцаў, што заселі ў завалах і траншэях, а мы ўслед за танкамі рухалі пушкі.

Грукат выбухаў, пушачныя,кулямётныя і аўтаматныя стрэлы, дым, агонь, парахавы агар... Словам, пекла, якое і не снілася Дантэ або Босху. На маіх вачах гіне мой таварыш радавы Ткаліч: куля пацэліла яму прама ў лоб... А я іду наперад, камандую наводчыку: “Правей, 0,3! Лявей, 0,5! Агонь!”. Самае страшэннае ў гэтай заварусе — мінамётны агонь. І сёння памятаю гэтыя непрыемныя гукі міны, якая ляціць: свіст і шамаценне. Калі міна свішча — праляціць міма; калі шамаціць — будзь напагатове: цябе, нягодніца, шукае... І, сапраўды, адна міна прасвістала, разарвалася дзесьці ззаду. Другая прасвістала... А вось трэцяя зашамацела і, памятаю, мяне імгненна агаломшыла думка: мая, зараза! У наступную хвіліну адчуў, што нібы пракаўтнуў палаючы метал...

— Апрытомнелі ў шпіталі?

— Не, там жа, на зямлі. Шыя, лоб, вуха, бакі — усё ў крыві. Побач у густым дыме бездапаможна кружляе падбітая “трыццацьчацвёрка”, мая пушка перакулена, тры хлопцы з майго разліку забіты...

Санітары зацягнулі мяне ў бліндаж.

Спачатку падавалася, што я ранены ў рот. З цяжкасцю абапёрся на сценку бліндажа, і толькі тады ўбачыў, што левая рука ўся чорная і звісае з пляча. І я яе не адчуваю! Пад’ехала санітарная машына-паўтаратонка з раненымі, мяне паклалі туды, а боль — страшэнны і невыносны... Руку выдалялі пад мясцовым наркозам: я крычаў, мацюгаўся, буяніў, пакуль не пачуў голас: “Таварыш Арлоў, дайце лейтэнанту агульны наркоз...” Карацей кажучы, прывезлі ў Барысаглебскі вайсковы шпіталь, потым эвакуіравалі ў Саратаў. Потым — у горад Чкалаў, апошні мой шпітальны прытулак. Тут у шпіталі № 1624 мне зрабілі так званую рэампутацыю (пасля першай аперацыі рана ніяк не зажывала). Чатыры месяцы не мог падняцца з ложка, і толькі потым паступова стаў набываць чалавечы выгляд. На адной з прагулак пазнаёміўся з кіеўскім мастаком Уладзімірам Мікалаевічам Касцецкім: тут, у эвакуацыі, пры шпіталі, ён вёў студыю выяўленчага мастацтва.

Студыю стаў наведваць і я. Касцецкаму, будучаму народнаму мастаку Украіны, я абавязаны многім: менавіта ён разгледзеў мой нейкі мастацкі дар і настойліва параіў вучыцца далей. Урэшце, у ліпені 1943 года, пераплыўшы раку Урал (прыкладна з паўкіламетра), адчуў сябе цалкам здаровым чалавекам, хоць і без рукі... А ў верасні даслаў дакументы ў Маскоўскі інстытут дэкаратыўнага і прыкладнога мастацтва, які тады знаходзіўся ў эвакуацыі ў Самаркандзе. І хутка прыйшоў выклік...

Прыехаў у Самарканд, правучыўся там некалькі месяцаў, а на пачатку 44-га інстытут вярнуўся ў Маскву...

— Ведаю, што з інстытутам і выкладчыкамі вам пашанцавала. Адзін Уладзімір Андрэевіч Фаворскі чаго варты!

— Не толькі ён. 6 гадоў я знаходзіўся ў коле такіх цудоўных педагогаў, як Мухіна, Дэйнека, Сокалаў-Скаля, Федароўскі... Пасля абароны дыплома мяне накіравалі на выкладчыцкую работу ў Львоўскі інстытут прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва. Потым атрымаў запрашэнне ў Тэатральна-мастацкі інстытут горада Мінска.

З 1965 года жыву ў Беларусі. Многа было ўсялякага ў жыцці: і трагічнага (страта жонкі і сына), і светлага. Але гэта ўжо другая гісторыя...

— Тарас Мікалаевіч, вы прайшлі ад пачатку і да канца ўсю эпапею вялікай бітвы на Волзе. Ці бывалі пасля Перамогі на месцах колішніх баёў?

— І не аднойчы. Для мяне сталінградская зямля — святая. Што тут казаць? У 2003 годзе нават прысвяціў Сталінграду вялікую юбілейную вазу — да 60-годдзя разгрому нямецка-фашысцкіх войскаў пад Сталінградам. Яна была ўрачыста перададзена ў дар гораду-герою Валгаграду ад горада-героя Мінска... Мне як члену дэлегацыі і як аўтару твора было вельмі прыемна ўдзельнічаць у гэтай акцыі...

Барыс КРЭПАК