Як “асядлаць” дрона- бібліятэкара?

№ 41 (1271) 08.10.2016 - 14.10.2016 г

Пра навацыі адносна сферы культуры на бліжэйшыя 10 — 20 гадоў
Як атрымаць грошы на стварэнне тэатральнай пастаноўкі, калі не маеш пад рукой нічога, акрамя інтэрнэту? Як заваяваць прыхільнасць аўдыторыі і ажыццявіць свой цікавы праект, калі бюджэтнае фінансаванне пад яго не прадугледжана? Як даставіць кнігу за дзясяткі кіламетраў ад бліжэйшага горада ў вёску, куды не даедзе нават бібліёбус?


Шанц для Беларусі

Удзельнікі ІІ Міжнароднай канферэнцыі ў галіне краўдэканомікі і новых тэхналогій “Новая рэальнасць — выклікі для Беларусі”, якая прайшла ў Мінску з 30 верасня па 1 кастрычніка, спрабавалі знаходзіць адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні. І ўвогуле, як адзначыў на адкрыцці форуму старшыня праўлення “Белгазпрамбанка” Віктар Бабарыка, такія трэнды, як краўдтэхналогіі, шэрынг (сумеснае карыстанне рэчамі) і рабатызаваная лагістыка — на яго погляд, шанц для паспяховага развіцця розных сфер жыцця ў Беларусі.

— Па маім глыбокім перакананні, цяпер адбываецца цывілізацыйны зрух, прычым такі, які чалавецтва не бачыла шмат гадоў, — адзначыў прамоўца. — Як вядома, тры аспекты вызначаюць узаемаадносіны ў эканоміцы: спажывец, вытворца і пасрэднік. Але сёння функцыі пасрэдніка паступова знікаюць: спажывец дыктуе вытворцу, што ён хоча бачыць на прылаўках гіпермаркетаў і кніжных крамаў, якія кіна- ці тэатральныя пастаноўкі жадае глядзець і гэтак далей. Той, хто зразумее і здолее “асядлаць” трэнд, зможа ад таго выйграць. І Беларусь, як краіна з вялікай доляй высокакваліфікаванага насельніцтва, я перакананы, мае ўсе магчымасці для гэтага.

Натуральна, змены чакаюць і сацыяльную сферу краіны. Хаця б таму, што дзяржаўнае фінансаванне разам з механізмамі краўдфандынгу, пра якія шмат казалі на форуме, здолела б сабраць нашмат больш грошай пад рэальна цікавыя людзям праекты. Напрыклад, яшчэ год таму 17 інвестараў прафінансавалі праект па стварэнні ў Наваполацку сямейнага кафэ хуткага харчавання, куды можна пайсці з дзецьмі. І ўстанова ад пачатку свайго існавання стала прыбытковай.

— Дзякуючы падобным прыкладам паступова прыходзіць ўсведамленне таго, што невялікія інвестары з задавальненнем будуць фінансаваць праекты, якія паляпшаюць якасць іх жыцця і якія цікавыя асабіста ім. Менавіта за гэтым мне бачыцца будучыня, — сказаў Віктар Бабарыка.

“Вулей” для праектаў

Дарэчы, менавіта на згаданых вышэй механізмах краўдфандынгу (народнага фінансавання, ад англійскіх слоў сrowd funding: сrowd — “натоўп”, funding — “фінансаванне”) працуе сёння інтэрнэт-пляцоўка Ulej.by. Як распавёў дырэктар па развіцці сайта Эдуард Бабарыка, на дадзены момант праз яе паспяхова прафінансавана звыш 60 праектаў.

— Калі казаць у лічбах, дык у фінансаванні прыняло ўдзел звыш 5,5 тысяч людзей, якія аддалі на гэта блізу 150 тысяч долараў, — адзначыў суразмоўца “К”. — Лідзіруе ў нас літаратура: айчынныя пісьменнікі выдалі з дапамогай неабыякавых людзей ужо 15 кніг. Але ёсць таксама і першы спектакль, і кароткаметражны фільм, і шэраг іншых цікавых праектаў, прафінансаваных праз сайт.

Да слова, заявіцца на пляцоўцы “Вулей” сёння можа кожны ахвотны: варта толькі прапанаваць свой праект, пачаць збор сродкаў, вызначыўшы тыя прызы і падарункі, якія дастануцца ахвярадаўцам. Праўда, трэба будзе таксама адлічыць і 12 % ад сабранай сумы арганізатарам краўдфандынгавай пляцоўкі. Па словах Эдуарда Бабарыкі, недзе каля 35 % праектаў, прадстаўленых на “Вулеі”, завяршыліся паспяхова. І гэта даволі нядрэнны паказчык па сусветных мерках. Увогуле, як вядома, ў Беларусі прадстаўлены яшчэ дзве падобныя пляцоўкі. Агулам, як ужо адзначалася раней у “К”, яны сабралі летась больш за тры мільярды “старых” рублёў. І гэта, відаць, толькі пачатак. Як прагназуюць спецыялісты, краўнфандынгавы рынак будзе толькі расці. Так, па словах Ціма Райта, кансультанта Урада Вялікабрытаніі, аўтара кніг пра тое, як збіраць грошы з дапамогай краўдфандынгавых пляцовак, калі ў 2012 годзе ў свеце з дапамогай ахвяраванняў на розныя праекты было сабрана каля 2,7 мільярдаў долараў, дык у 2015-м — ужо 34 мільярды долараў.

Іншая справа, як у гэты сусветны трэнд трапіць дзеячам і работнікам культуры? Адказ, натуральна, будзе такі: з дапамогай тых самых беларускіх інтэрнэт-пляцовак, а таксама, калі праект цікавы іншаземцам, — і з замежнымі краўдфандынгавымі платформамі. Як, скажам, гэта зрабіў айчынны музычны гурт “Стары Ольса”, сабраўшы блізу 30 тысяч долараў на новы альбом і тур па ЗША, пра што неаднойчы пісала “К”.

Дроны і будучыня

Не магу не згадаць і пра найноўшыя тэхналогіі, што таксама з поспехам могуць быць рэалізаваны ў сферы культуры і пра якія ішла гаворка падчас форуму. Так, гадоў праз 10 — 20, мяркую, ніхто не будзе здзіўляцца таму, што кнігі ў аддаленыя вёскі нашай краіны дастаўляе не бібліёбус, а невялікі дрон — беспілотны лятальны апарат. “Якія дроны? — спытае, мабыць, сельскі бібліятэкар, які прывозіць кніжкі ў малыя вясковыя паселішчы ці то на ровары, ці “на сваіх дваіх” і ў дождж, і ў снег. — Гэта фантастыка!”

Але спецыялісты, на шчасце, не лічаць тое марнымі фантазіямі. Яны гэтую “фантастыку” ўвасабляюць у жыццё. Скажам, Аляксандр Рыжкоў з фірмы “TraceAir” (Расія) падчас свайго выступлення адзначыў, што ўжо сёння сусветны рынак беспілотных лятальных апаратаў ацэньваецца ў 127 мільярдаў долараў. І цяпер гэта не нейкая цацка толькі для фота- і відэаздымак, як мо нехта і думае, а незаменны прыбор для розных сфер дзейнасці. У тым ліку, натуральна, і ў культуры.

— Напрыклад, дрон можа абляцець будаўнічую пляцоўку Дома культуры ці бібліятэкі і з дапамогай фота- і відэаздымак спецыялісты ацэняць маштабы праведзеных работ, адзначаць, дзе і што не зроблена, колькі часу патрабуецца на выпраўленне недахопаў, — патлумачыў у адказ на пытанне “К” Аляксандр Рыжкоў.

Акрамя таго, дроны могуць выкарыстоўвацца для падтрымання бяспекі пры правядзенні масавых культурных мерапрыемстваў, сачыць за аховай тых або іншых аб’ектаў сацыяльнай сферы, а таксама служыць для дастаўкі пэўных грузаў у тыя населеныя пункты або часткі горада, у якія ў патрэбны час не дабраліся аўтамабілі ці людзі — напрыклад, з-за дрэнных дарожных умоў або з-за непагадзі.

— Можна, напрыклад, адпраўляць паветраным шляхам кнігі ў тыя вёскі, якія засталіся без бібліятэк, — сказаў Аляксандр Рыжкоў. — Праўда, пакуль што гэта будзе вельмі дорага каштаваць: чым далей ад кропкі ўзлёту, тым даражэй. Але я спадзяюся, што праз некаторы час беспілотнікі змогуць такое рабіць з поспехам і на вялікія адлегласці.

Да слова, прыклад падобнай “паветранай” дастаўкі ў Беларусі ўжо ёсць: у жніўні бягучага года ажыццёўлена перамяшчэнне грошай (інкасацыя) з дапамогай дрона. Лятальны апарат праляцеў над Мінскам 7 кіламетраў на вышыні 100 метраў і паспяхова даставіў грошы па прызначэнні. З такімі тэмпамі, глядзіш, праз пэўны час і аматары сталічных “кніжніц” заказаную па тэлефоне ці па інтэрнэце літаратуру будуць атрымліваць, не выходзячы з дома пры дапамозе падобных дронаў-бібліятэкараў. Разумею, паверыць у гэта сёння, мабыць, складана, але і ў поспех Скарыны ў свой час верылі, мабыць, не многія…

У якасці заключэння

Яшчэ на канферэнцыі распавядалі пра “інтэрнэт рэчаў”, пра тэхналогіі “разумнага дома”, пра “гарады будучыні”... Несумненна адно: свет сёння кардынальна змяняецца, найноўшыя тэхналогіі хуткімі тэмпамі прыходзяць у Беларусь, і ад сферы культуры краіны залежыць, ці будзе яна развівацца згодна з тэндэнцыямі або апынецца ў аўтсайдарах. Бо, паўтару думку, пачутую “ў кулуарах”: можна або пайсці за трэндам (ці нават яго “асядлаць”) або застацца па-за ім...

Kultura logo-L.psd

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"