Без чацвёртай сцяны

№ 41 (1271) 08.10.2016 - 14.10.2016 г

Аксіёма Рыгора Белацаркоўскага пра акцёрскую прафесію
Ён вучыўся ў політэхнічным інстытуце, паступаў на фізмат у БДУ, хацеў быць хірургам, але ў выніку лёс прывёў яго на акцёрскае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (сучаснай Акадэміі мастацтваў) і вось ужо амаль пяцьдзясят гадоў ён — акцёр, пра што ні разу не пашкадаваў. Народны артыст Беларусі, вядучы майстар сцэны Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Рыгор БЕЛАЦАРКОЎСКІ ўпэўнены, што, калі прысвячаць сябе справе, дык рабіць гэта без аглядкі, інакш — ніякага толку!

/i/content/pi/cult/607/13507/6-1.jpg— Як змяніўся за дзесяцігоддзі вашага сцэнічнага жыцця глядач?

— Публіка стала прад’яўляць іншыя патрабаванні. Раней зала чакала больш пачуццяў, хацела пабачыць на сцэне характары. Інтэрнэт, хуткая змена інфармацыі, кліпавае светаўспрыманне адцясняе эмацыйны бок мастацтва і патрабуе больш “інфармацыёнкі”. Мы ўсё часцей сутыкаемся з халодным, рацыянальным успрыманнем. Тэатр пад уплывам новых павеваў спрабуе іншыя шляхі і напрамкі. Сёння ён, хочучы таго ці не, паступова пераходзіць у галіну чытальніцкага тэатра, дзе эмоцыі замяняюцца інфармацыйнасцю. На сцэне неабходна толькі зачытваць тэкст, а адчуванне нейкага дзейства дасягаецца за кошт даданых рэжысёрам музычных, светлавых і іншых эфектаў.

— Наколькі гэты кірунак падаецца вам перспектыўным?

— За паўстагоддзя я назіраў з’яўленне не адной новай плыні. Напрыклад, быў перыяд “шаптуноў”, што пачаўся з лёгкай рукі Інакенція Смактуноўскага і разгарнуўся ў моцную хвалю. Таленавіты акцёр ціхенька размаўляў, але ў яго, акрамя голасу, было столькі фарбаў, каб данесці думку да залы, што яму тое дазвалялася. А вось “спадчыннікі” такога багажу не мелі, таму рух не атрымаў значнага працягу. Насамрэч, колькі ўжо было крызісаў, аднак пасля кожнага тэатр абавязкова выходзіў на творчы ўздым! Сёння мы знаходзімся ў стане спаду, але, падаецца, на чарговым вітку мы вернемся да душэўнага трымцення, бо тэатр — перш за ўсё мастацтва перажывання.

— Ці лёгка артыстам, выхаваным у адной школе акцёрскага існавання, падладжвацца пад сучасныя рэжысёрскія патрабаванні?

— Хоць і прынята казаць, што мы ўсё жыццё вучымся, але чым больш сталы акцёр, тым ён больш кансерватыўны. Яго жыццё прайшло ў пэўным спосабе існавання на сцэне, таму сённяшнія павевы вымушаюць у некаторых рэчах літаральна супрацьдзейнічаць самому сабе. Асабіста мне цікава спрабаваць новае, я шчыльна заняты ў новых пастаноўках нашай трупы, напрыклад, у “Жаніцьбе” ці монаспектаклі “Апошняя стужка Крэпа”. Можа атрымацца надзвычай цікава, калі нязвыклую форму пакласці на класічную эмацыйную аснову. Прынамсі, я вучыўся ў цудоўнага педагога і рэжысёра Дзмітрыя Арлова, атрымаў бездакорную базу: цалкам шчырае, зладжанае і безапеляцыйнае пакланенне перажыванню. Упэўнены, тэатр ад гэтага нікуды не падзенецца, бо без пачуццяў любая мізансцэна ператвараецца ў плакат, агітку. З гэтага ж пачыналася станаўленне сцэнічнага мастацтва: прыгадайце хаця б маскі Старажытнай Грэцыі, якія ўяўлялі сабой увесь спектр эмоцый. На маю думку, тэатр існуе дзеля ўзаемнага з гледачом суперажывання на пэўную тэму.

— Сучасныя рэжысёры ўсё часцей імкнуцца вывесці спектакль на вуліцу, у не зусім прыстасаваныя памяшканні, каб быць бліжэй да гледача…

— А я кансерватар у такім плане. Для мяне “тэатр пачынаецца з вешалкі” — не проста прыгожыя словы. Мне замкнутая прастора патрэбна для даверлівай размовы, для пераканаўчасці. Калі прамаўляеш на адлегласці выцягнутай рукі — гэта адно, калі паміж табой і гледачом сто метраў — трэба крычаць, бо не пачуюць, а крык — неканструктыўны па сваёй сутнасці. У апошнім выпадку наўрад ці будзе зразумелай думка, якую хочуць данесці.

— Заезджыя антрэпрызы збіраюць залы на імя зорнага акцёра. Нашыя артысты часта застаюцца ў цені. Можа, наспеў час “раскручваць” сваіх?

— Раней айчынных заслужаных і народных артыстаў больш-менш, але людзі ведалі, у тым ліку дзякуючы кіно. Здымалі нашых часта і не толькі на “Беларусьфільме”. Нават наадварот: на маёй памяці наша нацыянальная студыя больш прыцягвае расійскіх ды літоўскіх акцёраў. На жаль, так і павялося, што беларускія акцёры не мільгацяць, а расійскія пастаянна… Але я не спадзяваўся б толькі на кінематограф. Акцёра пазнаюць, калі ён як мага часцей навідавоку. Была ў мяне некалі ідэя: у рэпертуарах тэатраў сустракаюцца адны і тыя ж назвы, дык чаму не паспрабаваць мяняцца вядучымі акцёрамі? Многа пра тое гутарылі з генеральным дырэктарам — мастацкім кіраўніком Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы Аляксандрам Козакам. У Беларусі шмат вядомых артыстаў, якія пачыналі свой творчы шлях у Брэсце. Мяркую, глядач бы пайшоў: хто з настальгіяй, хто з цікаўнасці… Пакуль далей слоў справа не пайшла… Спрабавалі раскруціць гэтую тэму з Купалаўскім, але ўсё спынілася праз руціну: фінансавыя справы, камандзіровачныя пасведчанні і гэтак далей. Чаму ўзнікла такая праблема? Оперныя тэатры робяць жа неяк спектакль з запрошаным салістам — можна вопыт пераняць… У Маскве граюць вядучыя акцёры ў сваіх калег, а чаму б нам не прывезці аднекуль выканаўцу галоўнай ролі ў Мінск, а сталічнага вядучага майстра сцэны — у вобласць? На маю думку, справа не рушыць з месца праз непрактычнасць і нежаданне, бо прасцей нічога не рабіць… Але ніхто не дапаможа айчыннай тэатральнай грамадскасці, калі мы самі не будзем ствараць новы прадукт!

— Як вы ставіцеся да калятэатральных імпрэз? Можа, калектывам варта засяроджвацца толькі на выпуску спектакляў?

— Асабіста мне падабаецца, калі гледача прыцягваюць да саўдзелу ў жыцці тэатра. Прынамсі, у Магілёўскім драматычным на Малой сцэне паспрабавалі арганізоўваюць відэапаказы нашумелых спектакляў з абмеркаваннямі пасля прагляду. Вяртаюцца забытыя на нейкі час тэатральныя сустрэчы, творчыя вечары. Публіка ўжо не ідзе да нас па-спажывецку, маўляў, дайце мне, пакажыце. Разбураецца праславутая чацвёртая сцяна, глядач разумее: “Гэта — мой тэатр, я ўдзельнічаю”.

Для нас саміх такія імпрэзы — магчымасць выйсці са звыклых рамак. Усё ж акцёры знаходзяцца ў залежнасці ад рэжысёра, ад яго бачання спектакля. На канцэрце можна выказаць гледачу сваё, асабістае, тут мы сам-насам з жыццёвай, творчай пазіцыяй. Гэта вельмі важна, бо з гадамі асабістае прытупляецца, на першы план выходзіць “мне скажуць куды ісці, я туды пайду”. А тут я малюю свой свет, рыхтую той твор, які адчуваю і хачу данесці зале. Па сутнасці, атрымліваецца маленькі монаспектакль. Між іншым, у мінулым сезоне мы выпусцілі канцэрт: акцёры прапаноўвалі свае нумары, а галоўны рэжысёр Саўлюс Варнас зрэжысіраваў іх у адзіную дзею. Для калектыву тое сталася цікавым эксперыментам. Гледачу таксама спадабалася, сталі паступаць заяўкі, таму ў кастрычніку мы яго паўторым.

— Сучасную моладзь здзівіў бы факт з вашай біяграфіі, калі мінчанін пасля заканчэння сталічнай ВНУ рвануў у абласны цэнтр…

— Так, пасля атрымання дыплома Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута пяць чалавек — гонар курса — паехалі ў Брэст. Тамтэйшы драматычны тэатр у 1960-х каціраваўся не толькі ў Беларусі — ён намінаваўся нават на Сталінскую прэмію. Ды і навошта было заставацца ў Мінску? У сталічных калектывах шмат славутых ды заслужаных, па ролі выстройваецца чарга. Каб чамусьці навучыцца, трэба спрабаваць, а калі не даюць роляў, дык ці навучышся? Мы ж прыехалі ў Брэст — і адразу былі ўцягнуты ў творчы працэс. У калектыве было шмат добрых акцёраў старэйшага пакалення, якія дапамагалі нам прафесійна расці. Нездарма з той пяцёркі аднакурснікаў трое — акрамя мяне яшчэ сённяшнія купалавец Мікалай Кірычэнка і коласаўка Святлана Акружная — зараз маюць званне народных.

— А цяпер выпускнікі БДАМ імкнуцца ўсімі праўдамі і няпраўдамі затрымацца ў Мінску…

— Сапраўды, да нас мала хто даязджае. І дарма, бо ў правінцыі занятасць у рэпертуары куды большая. У спектаклі, у сярэднім, працуе чалавек шэсць, самае вялікае — 10 — 12, вось і параўнайце, дзе большы працэнт магчымасці атрымаць ролю: у магілёўскім тэатры, у якім па штаце 44 чалавекі, ці ў сталічным калектыве, дзе ў цябе будзе 90 — 120 калег?

— Можа, у гэтым выпадку абласным тэатрам неабходна рабіць стаўку на тамтэйшыя каледжы мастацтваў?

— Ведаеце, у Магілёўскім дзяржаўным каледжы мастацтваў штогод набіраюць на спецыяльнасць “Акцёрскае майстэрства”, але хто ў іх выкладчыкі? Мне бачыцца, у такім выпадку навучэнцаў рыхтуюць хутчэй для працы ў самадзейнасці, чым у прафесійным тэатры… Хаця існуе і станоўчы прыклад: летась да нас прыязджала паказацца цэлая група выпускнікоў аналагічнай навучальнай установы з Віцебска (курс рэжысёра Коласаўскага тэатра Юрыя Лізянгевіча), і практычна ўсіх мы ўзялі ў штат. Ёсць яшчэ адзін варыянт: мы самі рыхтуем для сябе кадры, перыядычна праводзячы ў Магілёўскім драматычным кастынг (хоць гэтае слова я і не люблю) для моладзі. Па яго выніках набіраем чатыры-пяць асоб з самых ахвотных у дапаможны склад, назіраем за імі на працягу года. Калі такі малады чалавек на штосьці здатны, накіроўваем яго ў сталіцу па завочную адукацыю, а тут трымаем пад кантролем. У сённяшняй сітуацыі — гэта добрае выйсце для рэгіянальных тэатраў.

— Складваецца адчуванне, што Мінск і вобласці існуюць паасобку, часта не сутыкаючыся…

— Гэткая сітуацыя існуе даўно. Пры ўсім гэтым я бачу, што ў рэгіёнах тэатральнае жыццё бурліць! Нездарма тэатразнаўца Таццяна Арлова на мой запыт пры нашых сустрэчах “Чаго там у Мінску добрага?”, усміхаецца: “У вас больш цікава”. Прынамсі, хто па меркаванні крытыкаў выйшаў у лідары мінулага сезона? Спектакль “На дне” галоўнага рэжысёра Магілёўскага абласнога тэатра лялек Ігара Казакова! Гэты хлопец не стаў прыслухоўвацца да фінансавай кан’юнктуры, а пачаў па старых звычаях рабіць упор на творчасць — і атрымаў імгненны вынік! Заўважце, якасны спектакль стаў папулярным у гледача, значыцца, адразу ўзнялася і каса, і лічбы запаўняльнасці залы. Вось дакладная заканамернасць, на якую забываюцца тыя, хто патрабуе касавую пастаноўку, выносячы за дужкі глыбіню занурвання ў тэму.

— А вам самому не хацелася выступіць у ролі настаўніка?

— Я дзялюся сваім досведам у тэатры. Бывае, да мяне звяртаюцца калегі па прафесійную параду, моладзь распытвае пра акцёрскія сакрэты, хтосьці просіць дапамагчы падрыхтавацца да паступлення. Я нікому не адмаўляю. Іншым разам прыводзяць паглядзець сына ці дачку, якія хочуць пайсці ў артысты. На дзіва, у школьнікаў скажонае ўяўленне пра сцэну. Яны бачаць прыгожую абгортку, апладысменты, кветкі, славу. Бяруць толькі відавочную паверхню, але зусім не ўяўляюць сутнасць акцёрскай прафесіі. Такія дзеці слухаюць мой расповед — і не вераць. Да слова, бацька мой, калі я прыйшоў да яго выхваляцца, што паступіў на артыста, прамовіў: “Ну вось так усё жыццё клоўнам і будзеш”. Па-свойму ён мае рацыю, але гэта знешняе… Часта пытаюць, ці можна навучыцца быць акцёрам. Заўсёды адказваю: можна, калі ты імкнешся навучыцца. Калі ж чакаеш, што навучаць, а сам нічога не робіш — дык нічога і не атрымаецца. Акцёрам неабходна быць ці добрым, ці ўвогуле ім не быць. Гэта для мяне аксіёма!

Мінск — Магілёў — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"