Айчынны “Кодэкс…” — для ўсяго СНД

№ 41 (1271) 08.10.2016 - 14.10.2016 г

5 — 6 кастрычніка ў Астане адбылося пасяджэнне XXХI Савета па культурным супрацоўніцтве дзяржаў-удзельніц СНД, прысвечанае 25-годдзю Садружнасці Незалежных Дзяржаў. У працы Савета паўдзельнічаў міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў.

Удзельнікаў мерапрыемства прывітаў намеснік старшыні Выканаўчага камітэта — выканаўчага сакратара СНД Канысбек Жусупбекаў. У сваім выступленні ён адзначыў, што створаны ў маі 1995 года Савет па культурным супрацоўніцтве стаў вядучым звяном у шырокамаштабным гуманітарным партнёрстве ў Садружнасці, якому сёлета спаўняецца 25 гадоў. Ён таксама нагадаў пра з’яўленне новага кірунку ў рабоце Савета — правядзенне Міжнароднай выставы “Art expo” дзяржаў-удзельніц СНД, якая ў будучыні абяцае стаць добрай пляцоўкай для міжкультурнага дыялогу нароўні з такімі вядомымі праектамі, як “Культурныя сталіцы Садружнасці” і Дэльфійскія гульні. У заключэнні дакладчык звярнуў увагу прысутных, што Савет кіраўнікоў дзяржаў СНД на сваім нядаўнім пасяджэнні прыняў рашэнне аб аб’яўленні 2018 года Годам культуры ў СНД. “Гэта добры шанец для Савета напоўніць План мерапрыемстваў, прысвечаных Году культуры, канкрэтнымі справамі, актывізаваць сваю працу, прапанаваць новыя ідэі”, — сказаў Канысбек Жусупбекаў.

Міністр культуры краіны Барыс Святлоў у сваю чаргу выступіў з дакладам пра вопыт стварэння Кодэкса аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь. У выніку, членамі Савета быў адзначаны паспяховы вопыт Беларусі, а “Кодэкс…” цяпер мяркуюць рэкамендаваць для ўсіх краін-удзельніц СНД у якасці базавай мадэлі.

Таксама падчас пасяджэння дырэктар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” Сяргей Клімаў праінфармаваў членаў Савета аб дзейнасці ўстановы ў якасці базавай арганізацыі дзяржаў-удзельніц СНД па кірунку “музейная справа”.

Акрамя таго, сёння даволі паспяхова развіваюцца кантакты Беларусі і Казахстана ў галіне тэатральнага мастацтва. Так, паміж тэатрамі дзвюх краін дзейнічае мемарандум аб супрацоўніцтве, у рамках якога ажыццяўляецца культурны абмен. Салісты “Астана Оперы” практычна кожны месяц ўдзельнічаюць у пастаноўках Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, у той час як беларускія салісты прымаюць удзел у казахстанскіх. (Дарэчы, у айчыннага тэатра падпісана больш за 30 мемарандумаў аб супрацоўніцтве.)

Члены Савета падтрымалі прапанову аб перыядычным выданні Міждзяржаўнага інфармацыйна-аналітычнага часопіса пра культуру і мастацтва дзяржаў-удзельніц СНД “Садружнасць мастацтваў” ды абмеркавалі ход падрыхтоўкі XI Маладзёжных Дэльфійскіх гульняў у 2016 годзе, прысвечаных 25-годдзю Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

Напрыканцы мерапрыемства было прынята рашэнне аб тым, што з наступнага года Беларусь цягам трох гадоў будзе старшынстваваць у Савеце па культурным супрацоўніцтве дзяржаў-удзельніц СНД.

І апошняе. За высокі ўзровень арганізацыі сумесных праектаў у рамках XXХI Савета па культурным супрацоўніцтве дзяржаў-удзельніц СНД Граматай Савета быў узнагароджаны дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея нашай краіны Алег Рыжкоў.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"