Беларускі востраў у Кішынёве

№ 41 (1271) 08.10.2016 - 14.10.2016 г

У жыцці беларускай дыяспары Малдовы адбылася гістарычная падзея — адкрыццё Беларускага культурнага цэнтра ў Кішынёве. Да гэтага кроку грамада рыхтавалася больш за 5 гадоў, вядучы працу са Славянскім універсітэтам Рэспублікі Малдова і многімі арганізацыямі.

/i/content/pi/cult/607/13504/2-1.jpg

Беларускі культурны цэнтр у Кішынёве адкрываюць Андрэй Кабякоў і Моніка Бабук.

За апошнія 2 гады, дзякуючы падтрымцы малдова-беларускага прадпрыемства “Керамін Груп”, праект быў завершаны. 8 месяцаў ішоў конкурс на дызайн афармлення цэнтра. Зараз ён уяўляе з сябе будынак з агульнай плошчай 100 квадратных метраў, падзелены на дзве функцыянальныя зоны.

На адкрыцці Беларускага культурнага цэнтра прысутнічалі Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Андрэй Кабякоў, міністр культуры Рэспублікі Малдова Моніка Бабук, намеснік міністра культуры Беларусі Васіль Чэрнік, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова Сяргей Чычук і іншыя асобы. На святочнае мерапрыемства былі запрошаны кіраўнікі і актыў беларускіх суполак у Малдове (8 абшчын), кіраўнікі этнакультурных арганізацый Малдовы — рускай, украінскай, балгарскай, гагаузскай, польскай, азербайджанскай, армянскай ды іншых.

У рамках адкрыцця цэнтра прайшла выстава пейзажаў беларускага мастака Вячаслава Ігнаценкі “Беларусь — Малдова”, а таксама выступленне вакальнага ансамбля беларускай суполкі “Зорачкі”. У падарунак ад гасцей Цэнтр атрымаў кнігі і сувеніры.