“Кінаметры вайны”: вянок санетаў беларускім кінатворцам

№ 19 (837) 10.05.2008 - 16.05.2008 г

У красавіку на тэлеканале АНТ распачаўся унікальны праект, прысвечаны беларускаму ваеннаму кінематографу, — “Кінаметры вайны”. Стваральнікі гэтага цыкла праграм, першага ў сваім родзе на нашым тэлебачанні (канал АНТ, творчае аб’яднанне “Кінадом”), кожны тыдзень знаёмяць гледачоў са стужкай пра вайну, знятай беларускімі кінематаграфістамі, распавядаючы пра старонкі гісторыі беларускага кіно, што доўгі час былі не раскрыты. Завершыцца праект 3 ліпеня 2009 года, калі Беларусь адсвяткуе 65-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Такім чынам, у рамках цыкла павінна выйсці больш за 50 праграм, прысвечаных беларускаму кіно. Як нарадзіўся гэты праект, якія “кінаметры вайны” пройдуць гледачы ў найбліжэйшых выпусках, карэспандэнту “К” расказвае прадзюсер цыкла Міхаіл КАСТАЛЬЦАЎ.

— Міхаіл Вітальевіч, як нарадзілася ідэя стварэння праекта? Ці арыгінальны фармат цыкла?

— Сам я з кіношна-тэатральнай сям’і ў трэцім пакаленні, таму закуліснае жыццё ведаю не па чутках, гэтая тэма цікавіць і масавага гледача, а мы ж менавіта для гэтай мэтавай групы робім праграму. Першапачаткова АНТ паставіла ўмову даступнай падачы. І, падаецца, мы гэтага дасягнулі: нядаўна прачнуўся і выпадкова пачуў, як дворнікі пад расчыненым вакном абмяркоўваюць нашу праграму.

Першапачаткова ўзнікла задума зрабіць дакументальныя фільмы пра ўсе папулярныя стужкі “Беларусьфільма”, пачынаючы ад “Міколкі-паравоза” і заканчваючы “У жніўні 44-га”. Ёсць дзесяткі айчынных карцін, якія знаёмы нам з ранняга дзяцінства. Аднак фармат “ахоп неахопнага” ўжо бачаны шматкроць у расійскім эфіры. Таму кіраўніцтва АНТ прыняло рашэнне звярнуць увагу гледача менавіта на ваенныя фільмы напярэдадні 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Так нечакана і з’явіўся арыгінальны фармат.

 /i/content/pi/cult/160/1350/Kinametry1.jpg
 "Канстанцін Заслонаў".
— Якія фільмы будуць паказаны? Ці будуць сярод іх прызабытыя ці “пакладзеныя на паліцу” стужкі? А новыя карціны?

— На жаль, нават тыя, каму зараз за трыццаць, малазнаёмы з айчынным кіно. Крытыкаваць яго— калі ласка, але рэдкі крытык пералічыць дзесяць беларускіх фільмаў з першага разу. У эфіры наша кіно таксама не дамінуе, хаця кінастудыя працуе з 1924 года. Адна з нашых асноўных задач — нагадаць пра цэлы пласт карцін, незаслужана забытых гледачом, пра іх стваральнікаў. У рамках “ваеннага” цыкла пройдуць фільмы, пачынаючы ад карціны “Пчолка” 1942-га года да стужак, якія выпусціла студыя ў 2006 — 2007 гадах.

— З якімі праблемамі вам давялося сутыкнуцца пад час працы над праектам?

— Першапачаткова ў нас была няўпэўненасць, звязаная з вузкім часам дзеяння (1941— 45 гг.) усіх карцін, аднастайнасцю тэматыкі, якія могуць перашкодзіць зрабіць нам такі масіў праграм — больш за 50. Баяліся сысці ў аднастайнасць, тэматычныя паўторы. Але, пачаўшы працаваць над матэрыялам, мы хутка зразумелі: за кадрам кожнай карціны засталася свая гісторыя, на якой можна зрабіць акцэнт. Напрыклад, у фільме “Яшчэ пра вайну” гэта гісторыя сцэнарыя, які 40 гадоў “праляжаў на паліцы”. У фільме “Я родам з дзяцінства” — тэма пакалення, час станаўлення якога прыйшоўся на першыя пасляваенныя гады.

Вядома, чуем як шмат станоўчых ацэнак, так і нямала крытыкі ад калег па кінацэху. Некаторыя чакалі аналізу ваенных карцін, а мы, маўляў, уводзім фармат у бок займальнасці. Але 99% гледачоў канала АНТ не з’яўляюцца кінематаграфістамі, таму мы не станем сыходзіць у культуралогію і кіназнаўства.

— Распавядзіце аб “дакументальнай” частцы, што папярэднічае паказу карціны. Чым могуць пахваліцца ў дадзеным кантэксце “Кінаметры вайны”? Ці ўдалося вам знайсці сапраўды унікальную інфармацыю пра стужкі, людзей, якія працавалі над імі?

— Унікальнасць дакументальнай часткі — у магчымасці запісаць інтэрв’ю з жывымі сведкамі гісторыі беларускага кіно. Многім нашым суразмоўцам далёка за семдзесят, а гэта крытычны ўзрост.

Часам падаецца, што мы ўскочылі ці не ў апошні вагон. Я не думаю, што Бэла Ахмадуліна яшчэ каму-небудзь будзе даваць інтэрв’ю на тэму фільма “Вянок санетаў”, а аператар Анатоль Забалоцкі распавядзе, як здымаўся фільм “Альпійская балада”. Думаю, наша праца будзе цікавай і праз 10 — 20 гадоў. Манера падачы матэрыялу зменіцца, але інтэрв’ю як гістарычная крыніца фактаў застануцца. Тым больш, зараз усё захоўваецца ў электронным выглядзе, таму якасць з гадамі не згубіцца.

Ёсць і плеяда тых, з кім, на жаль, не сустрэнешся. А яны — вяршыні беларускага кіно: Віктар Тураў, Ігар Чацверыкоў, Барыс Сцяпанаў. Гэтыя людзі, якія прысвяцілі жыццё айчыннаму кіно, чамусьці застаюцца шырока вядомымі толькі ў вузкіх колах. А гэта несправядліва.

Што да нечаканасцей, дык яны маюцца амаль ва ўсіх інтэрв’ю. Напрыклад, галоўны ідэолаг ЦК КПСС у 1980-ыя Ягор Лігачоў нечакана раскрыў нам, як сам быў рэпрэсіраваны ў 40-ыя. А кароткі дыялог з акцёрам Андрэем Ургантам (сын вядомай актрысы Ніны Ургант) нечакана перацёк у чатырохгадзінную гутарку і зараз у нас ёсць матэрыял на цэлы фільм аб гэтай сям’і.

— Як вы знаходзіце герояў?

— Спачатку мы выбіраем па кожным фільме напрамак, у якім будзем рухацца, выбіраем асоб, з якімі будзем працаваць, імкнёмся абудзіць інтарэс да праекта ў сэрцы кожнага суразмоўцы. Але законы рынку дыктуюць свае ўмовы: шэраг вельмі занятых акцёраў старэйшага пакалення выстаўляюць “прэйскурант” нават за гадзіну гутаркі. Сярод іх нямала і беларускіх акцёраў. Мы прымаем або не прымаем абставіны, зыходзячы з нашых магчымасцей. Збольшага, людзі ставяцца да праекта пазітыўна і бескарысліва. Мы выкарыстоўваем матэрыялы практычна ўсіх кінастудый СССР, і, дазнаўшыся пра тэму цыкла, нам ідуць насустрач. Як сказаў нам Георгій Данелія, за такія рэчы грошы не бяруць, бо амаль кожны фільм прысвечаны памяці рэжысёра, мастака, сцэнарыста.

— Вядома, што многія карціны пра вайну захаваліся не ў лепшай якасці. Як вы вырашалі гэтую праблему?

— Сёння ж якасць стужак прама прапарцыянальная іх узросту. У гэтым вінаваты толькі час. Мінула некалькі гадоў з тае пары, як айчынны кінематограф пачаў дыхаць на поўныя грудзі. Дырэктар Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Уладзімір Замяталін вельмі шчыра і актыўна ўзяўся за справу. Мне падаецца, пройдзе пэўны час, і фільмы, якія страцілі якасць, будуць адноўлены. Колеракарэкцыя, перагляд гукавога раду — усё гэта тэхнічна магчыма.

— Ці можна гаварыць, што праект паказвае фільмы з “залатога фонду”
 /i/content/pi/cult/160/1350/Kinametry3.jpg

 “Гадзіннік спыніўся апоўначы”

“Беларусьфільма”?

— Глядзіце, сёння на студыі працуе больш за 600 чалавек. Мяркую, што ў 50 — 70-х працавала не менш. За год выпускаліся дзесяткі стужак. Няўжо карціны “Гадзіннік спыніўся апоўначы” або “Альпійская балада” можна назваць прахаднымі стужкамі? Канешне, “залаты фонд” існуе. Іншае пытанне: мы вырашылі побач з папулярнымі карцінамі аб вайне паказаць не нашумелыя, але, на наш погляд, іншыя цікавыя фільмы. Мяркую, гэта будзе карысна і цікава.

— Чаму, на ваш погляд, менавіта ваенныя фільмы склалі гонар беларускага кіно?

— Не магу адназначна падзяліць гэтую думку. “Беларусьфільм” выпусціў мноства выдатных дзіцячых кінастужак. Я не кажу пра мультыплікацыю і дакументалістыку, што вядомы далёка па-за межамі Беларусі. На жаль, у сістэме нашай кінаіндустрыі ніколі не было вялікіх бюджэтаў на піар. У савецкія часы ў гэтым не было неабходнасці, потым былі небагатыя 90-я. А цяпер да гэтага толькі пачынаюць прыходзіць.

А поспех і развітасць ваеннага кіно заканамерная: адзін з мацнейшых удараў вайны прыйшоўся на Беларусь. Тамму ваеннага кіно ў нас заўжды здымалася многа. Памятаю, як у 70-х на пляцоўцы натурных здымак за 30 кіламетраў ад Мінска бесперапынна дзяжурыла старая ваенная тэхніка, якая “пераязджала” з карціны ў карціну. Дарэчы, да гэтай пары пляцоўка натурных здымак месцілася за будынкам студыі, прыкладна на месцы сённяшняй “Белтэлерадыёкампаніі”. У 60-х раён стаў абрастаць жылымі дамамі, жыхарам перастала падабацца тое, што ў іх пад вокнамі ўвесь час страляюць, — і пляцоўку перанеслі ў раён Смалявічаў.