“Пахаванне Стралы” — культурная каштоўнасць

№ 2 (768) 13.01.2007 - 19.01.2007 г

Мінулы год стаў досыць плённым для работнікаў культуры Веткаўшчыны.

Як паведаміў начальнік аддзела культуры мясцовага райвыканкама Сяргей Скачынскі, званне “народны” летась атрымалі ансамбль народных інструментаў “Фантазія” выкладчыкаў Веткаўскай дзіцячай музычнай школы, клуб для людзей сталага ўзросту “Ля самавара” Свяцілаўскага ДК і вакальны ансамбль “Ані” армянскай сям’і Фарашан. Такім чынам, у раёне дзесяць самадзейных калектываў са званнем “народны”, якія ў ліку іншых мастацкіх ансамбляў 46 устаноў культуры Веткаўшчыны актыўна ўдзельнічалі ў раённых святкаваннях Народзін Хрыстовых…

У 2006-м праведзена па раёне больш за чатыры тысячы культурніцкіх мерапрыемстваў. Абрад Пахавання Стралы, які выконвае аўтэнтычны фальклорны калектыў “Казачка” з вёскі Казацкія Балсуны, прызнаны калегіяй Міністэрства культуры Беларусі гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі. Шмат зроблена і па ўкамплектаванні кніжнага фонду раённай бібліятэчнай сістэмы. Фінансаванне на гэтыя мэты павялічылася за год амаль удвая і склала 40,5 мільёна рублёў.

Андрэй СТАРЖЫНСКІ