Адкрыццё Эмерыка

№ 41 (1271) 08.10.2016 - 14.10.2016 г

Беларуская фатаграфія. Імёны / Эмерык Адамовіч
Сумесна з Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь “К” працягвае рубрыку, прысвечаную мінуламу беларускай фатаграфіі і яе творцам. Каго і як здымалі фатографы на тутэйшых землях у ХІХ і ХХ стагоддзях? Пра што нам распавядаюць гэтыя адбіткі? Каго называюць аўтарамі хрэстаматыйных фотаздымкаў? Пачынаючы ад ХІХ стагоддзя, мы будзем знаёміцца з тымі, хто ствараў беларускую фатаграфію на самым пачатку яе станаўлення і пазней, як высілкі тагачасных майстроў дазваляюць нам казаць сёння пра наяўнасць апошняй у сучаснасці. Рэй у гэтым даследаванні вядуць гісторык і загадчык аддзела пісьмовых і візуальных крыніц музея Надзея Саўчанка, фатограф і педагог, заслужаны работнік культуры краіны Юрый Васільеў і аглядальнік “К” Дар’я Амяльковіч. Усе яны спрабуюць пашырыць погляд на знакамітыя фатаграфіі беларускіх майстроў, правёўшы свае паралелі. Вядома, мы зацікаўлены ў тым, каб удзел у праекце прынялі ўсе, хто неабыякавы да фатаграфіі (і, адпаведна, гісторыі, мастацтва). Сёння дэтальна разглядаем постаць Эмерыка Адамовіча.

/i/content/pi/cult/607/13499/14-1.jpgПошукі Адамовіча: стэрэа-Мінск ХІХ стагоддзя

Студыя двараніна Эмерыка Леапольдавіча Адамовіча (1819 — ?) з’яўлялася адной з найранейшых фатаграфічных прастор Мінска.

Дакладная дата адкрыцця майстэрні пакуль што не ўстаноўлена. Магчыма, Эмерык Адамовіч вырашыў цалкам прысвяціць сябе фатаграфічнаму мастацтву ў 1864 — 1865 гадах, бо менавіта ў 1864-м ён афіцыйна пакінуў сваю службу ў Мінскай губернскай гімназіі.

Размяшчалася майстэрня ва ўласным доме фатографа, што на вуліцы Шырокай (сучасная вуліца Куйбышава). Працаваў у ёй сам Эмерык Адамовіч з памочнікам. У майстэрні меўся адзін апарат. Усё неабходнае для вырабу “фатаграфічных картак, партрэтаў і груп рознай велічыні” Адамовіч закупляў у Санкт-Пецяргургу і Мінску.

Эмерык Леапольдавіч — адзін з першых, хто засвоіў у Мінску стэрэафатаграфію. Здымка рабілася пры дапамозе спецыяльнай камеры з двума аб’ектывамі. Стерэапары наклейваліся на кардон і для атрымання эфекту аб’ёму змяшчаліся ў спецыяльны апарат. Асноўную масу сюжэтаў для стэрэафотаздымкаў складалі віды Мінска.

Цікава, што па сваёй адукацыі Эмерык Адамовіч быў мастаком. Пасля заканчэння Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу ён атрымаў пасведчанне выкладчыка малявання і чыстапісання. Працаваў у Бабруйскім 5-класным дваранскім павятовым вучылішчы (з 1840 года), з 1844-га — у Дынабургскай гімназіі (сучасны Даўгаўпілс, Латвія), а потым, у 1851 г., вярнуўся ў родны Мінск і стаў выкладаць маляванне ў Мінскай губернскай гімназіі, у якой калісьці вучыўся сам. У гісторыі фатаграфіі шырока вядомыя факты, калі мастакі з акадэмічнай адукацыяй засвойвалі святлопіс і станавіліся вядомымі менавіта як фатографы. Сярод славутых майстроў святлопісу, выпускнікоў Акадэміі, можна назваць Андрэя Дэн’ера, Лаўра Плахава, Васіля Карыка, Андрэя Карэліна.

У 1879-м (і да закрыцця студыі ў 1894 годзе) правы ўласнасці пераходзяць да жонкі фатографа Жазэфіны (у дзявоцтве Шрэтар). У гэтым жа самым доме па Шырокай вуліцы працаваў друкарскі завод Адамовічаў, які спецыялізаваўся на вырабе этыкетак для тытунёвай фабрыкі, бланкаў атэстатаў для Мінскай гімназіі, геаграфічных карт, нот і іншай друкарскай прадукцыі, а таксама жывапісная майстэрня Ягора Зотава, што вырабляла абразы.

Адзін з сыноў Эмерыка Адамовіча — Багуслаў (1870 — 1944) — стаў знакамітым польскім паэтам, пісьменнікам, мастаком.

Надзея САЎЧАНКА

 

“Падымі мяне, паветраны шар!”: а ў Парыжы…

Пачатак творчасці Эмерыка Леапольдавіча Адамовіча варта адносіць да 1864 — 1865 гадоў.

У гэты час пасля ашаламляльнага поспеху і запатрабаванасці фатаграфіі свет пачаў яе ўсяляк прыхарошваць і паляпшаць. Па-першае, тэхнічны складнік. За кошт новых аптычных схем дзесяціразова павялічылася моц аб’ектываў. Шмат было зроблена і ў якасным вымярэнні святлоадчувальнага слоя. Ад дагератыпа, на якім мы спыніліся ў мінулым аглядзе, і калатыпіі Тальбата фатографы сталі ўжываць каладыёныя эмульсіі. А яны ў сваю чаргу дазволілі перайсці да двухступеннага (негатыў-пазітыў) працэсу. Так была вырашана праблема тыражавання фатаграфічнай выявы. Прычым ажыццяўлялася яно практычна без страты ў якасці. Тое быў прарыў: фатаграфія атрымала яшчэ адну важную перавагу перад іншымі выяўленчымі сродкамі.

Мокракаладыёны працэс істотна павысіў святлоадчувальнасць негатыва, што дазволіла фатаграфіі пакінуць студыю. Фотаапарат заставаўся яшчэ грувасткім і нязграбным (яго памеры вызначаліся памерамі негатыва), але новая оптыка і адчувальныя слаі дазвалялі ўжо зрабіць і прыродны, і гарадскі пейзаж. Менавіта ад выявы, ад “малюнка святлом” пачынала сваё жыццё ў рамястве і мастацтве маладая фатаграфія.

Не выключэннем быў і Эмерык Адамовіч. У фатаграфію ён прыйшоў ужо немаладым, але падрыхтаваным у тыпаграфскай справе. Пачынаў на аматарскім узроўні, але вельмі хутка засвоіў і няпросты тэхнічны складнік, і прамудрасці фатаграфічнай выявы. Ён быў сучаснікам такіх піянераў фатаграфіі, як шатландцы Роберт Адамсан і Дэвід Хіл, Сяргей Лявіцкі з Расіі, француз Гаспадар Фелікс Турнашон, больш вядомы як Надар. Менавіта апошні ўвайшоў у фатаграфію як наватар, які шмат зрабіў для яе самастойнага развіцця. На зямлі ён рабіў цудоўныя партрэты і пакінуў нам абліччы Дзюма, Манэ, Жорж Санд, Сары Бернар і многіх іншых. А вось у небе як паветраплавальнік ён у 1862 годзе здзейсніў першыя здымкі Парыжа з паветранага шара. Для гэтага Надар узняў на вышыню фотаапарат і разам з ім усю лабараторыю. Справа ў тым, што мокракаладыёдны негатыў захоўваў адчувальнасць толькі застаючыся вільготным. Высахшы, ён губляў свае якасці. А зараз уявіце, як у цесным кошыку паветранага шара Надар размясціў не толькі грувасткі фотаапарат, але і, накрыўшыся палаткай, вырабіў шкляны негатыў. На гравюры Анарэ Дам’е ён выяўлены ў творчым памкненні, узнесеным над шматлікімі прыземленымі фотамайстэрнямі французскай сталіцы. Здымак Парыжа з вышыні птушынага палёту абляцеў увесь свет. Крытыкі ўбачылі ў ім цалкам новую якасць фатаграфіі — паказваць недаступнае простаму воку.

Але Эмерык Адамовіч жыў і тварыў у Мінску, на тэрыторыі, якая знаходзілася пад вялікім уплывам польскай культуры. Ён пакінуў нам цудоўныя карціны прыроды і побыту на гэтай зямлі, захаваныя ў яго цёплых і ўмелых фотаздымках. І вялікае шчасце, што яны захаваліся і засталіся ў нашым жыцці.

Юрый ВАСІЛЬЕЎ


Атракцыён на ўсе часы: пакуль усё не змянілася…

“Виды города Минска”— перад намі візуальны атракцыён, які прапаноўваў сваёй шаноўнай кліентуры Эмерык Адамовіч. Вопыты стэрэафатаграфіі, заснаванай на спалучэнні двух выяваў, як бачым, ужо ў 1870-ых сустракаліся ў Мінску, карыстаючыся папулярнасцю. І гэта тым больш цікава, што і сёння захапленне ЗD-карцінкай цалкам актуальнае.

Але тады ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя неразбалаваны глядач шукаў у “аб’ёмных выявах” трошкі іншае. Так, той самы эфект відовішча, сам момант спалучэння дзвюх карцінак для кожнага вока, якое ў выніку нараджае адзін план, панараму, якая ўражвае глыбінёй, — застаўся. Але сёння ў сваім памкненні ўбачыць тое, што недасяжна, чалавецтва крочыла далей. На досвітку індустрыяльнай эпохі фатографы захоўвалі на плёнцы ўсё больш віды экзатычных краін, таму экспедыцыі, куды выпраўляліся этнографы і падарожнікі, не абыходзіліся без падобных доказаў іх прабыцця ў самых неверагодных кутках. Сёння ж кінематаграфісты, карыстаючыся ў фільмах 3D-тэхналогіяй, сягаюць далей. Зямлі ўжо замала. “Аватар” Джэймса Кэмерана заваражыў маляўнічым светам іншай планеты, а, да прыкладу, “Гравітацыя” Альфонса Куарона паспрабавала “прыватызаваць” вокам — візуалізаваць — прастору бясконцага космасу. Можна выказаць здагадку, што для чалавека ХХІ стагоддзя на планеце Зямля ўжо не засталося тых месцаў, дзе ён не пабываў.

Але напрыканцы ХІХ стагоддзя ўсё было інакш. Стэрэа — тое была як спроба паказаць маляўнічыя віды і насельнікаў далёкіх краёў, штосьці незвычайнае і новае, так і банальна пахваліцца славутасцямі ўласнага горада. Асабліва фатографаў захаплялі пейзажы з эфектамі — вада, агонь, пара. І таму выходзяць на сцэну, у тым ліку, урбаністычныя “рэпартажы”: від паравоза, які рухаецца па рэйках, цалкам мог патрапіць у лік сюжэтаў стэрэафатографаў канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. На пачатку ж наступнага, ХХ-га, стэрэафота ўжо рабіліся нават з парадаў тэхнікі і будаўніцтва чыгунак, заводаў, адлюстроўваючы працэс індустрыялізацыі і мілітарызацыі. Аднак стэрэа канца ХІХ стагоддзя яшчэ захоўвала гэты шчыры позірк на свет як на кнігу з маляўнічымі карцінкамі і няспешным жыццём, у якое ўваходзіць штосьці пакуль нязведанае.

На тым жа фотаздымку Адамовіча — фантан “Хлопчык, які гуляе з лебедзем” у Аляксандраўскім скверы, які — о, цуд! — дажыў да сёння, ёсць прыкметы гэтага часу, калі прагрэс яшчэ падаецца пэўным вялікім абяцаннем, а не пагрозай старому свету.

Трошкі гісторыі. Сквер, які, дарэчы, названы ў гонар Аляксандра Неўскага, быў закладзены ў 1836 годзе па ініцыятыве гарадскога галавы Леапольда Дэльпаца. Уласна фантан з культавай скульптурай пабудавалі пазней — у 1874 годзе, і яго адкрыццё было прымеркавана да адкрыцця гарадскога вадаправода. Аўтарам кампазіцыі, якая сёння ў маладзёжным асяродку завецца “Панікоўскі з гуссю”, лічыцца берлінскі скульптар Тэадор Калідэ. Па адной з версій, ён зрабіў гэты твор для выставы ў Лондане, і там скульптура мела такі гучны поспех, што аўтар тут жа атрымаў мноства замоў на выраб копій “Хлопчыка...”, здольнага ўпісацца ў ансамблі разнастайных рэзідэнцый і паркаў. Адна з гэтых копій, лічыцца, і была замоўлена Мінскам.

Але вернемся да выявы. На здымку Адамовіч захаваў, з аднаго боку, знакавае  — публічнае — месца для Мінска: сквер карыстаўся попытам у гараджан як адмысловая прастора для свецкага шпацыру і адпачынку. Па-другое, фатограф прадэманстраваў і адно з “цудаў” прагрэсу — першы гарадскі фантан, які ўзнімаў прэстыж Мінска як горада з развітай інфраструктурай. Па-трэцяе, калі далучыць рух вады, якая стварала пэўны эфект атракцыёна, думаю, Адамовічу ўдалося не проста выявіць “трэнды” часу і месца, але дамагчыся візуальнай прывабнасці выявы. Мяркую, жаданне набыць гэту паштоўку з’явілася ў той час у многіх мінчан. Таксама не варта забывацца на сацыяльна-палітычнае становішча: Мінск у той час з’яўляўся горадам, які ўваходзіў у склад Паўночна-Заходняга краю, а значыць, патэнцыяльным пакупніком выявы станавіліся жыхары ўсёй імперыі, якія цікавіліся “гарадамі і весямі” краіны. Фота не выключае сваёй прыцягальнасці і для каланіяльнага погляду на прыгожую выяву пейзажу як на аб’ект валодання. Усе прыкметы часу навідавоку, пры тым, што мы ніяк не можам адмовіць гэтай стэрэапары ў радасці для вачэй.

Далей стэрэафатаграфія на мяжы стагоддзяў пачала выкарыстоўвацца як падстава для разыгрывання сямейных, сяброўскіх гульняў, тэатральных сцэнак, потым яна пасябравала з эротыкай, — гэтыя павевы мусілі былі закрануць і беларускае грамадства, і прыклады такога выкарыстання стэрэа, мяркую, таксама недзе ёсць.

Аднак на прыкладзе вопытаў Адамовіча стэрэафатаграфія яшчэ трымае сцяг “нявіннага” атракцыёна, які абяцае сустрэчу з рухам вады, прыгожым відам і горадам, які жыве і развіваецца.

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"