Вынікі конкурсу

№ 41 (1271) 08.10.2016 - 14.10.2016 г

Названы пераможцы адкрытага конкурсу кінапраектаў у 2016 годзе, паведамілі БелТА ў Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. Сярод пераможцаў конкурсу — Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”, “Майстэрня Уладзіміра Бокуна”, “Тэлевізійны прадзюсарскі цэнтр”.

Так, Нацыянальная кінастудыя прызнана пераможцам па тэмах “Дзейнасць сучасных абаронцаў Айчыны па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь”, “Гісторыя беларускага кнігадрукавання”, ”Класікі беларускага кіно”, “Юбілеі Янкі Купалы і Якуба Коласа”, “Міласэрнасць у сучасным беларускім грамадстве”, “Выдатныя дзеячы музычнага мастацтва”, “Вялікая Айчынная вайна”.

“Майстэрня Уладзіміра Бокуна” прадставіла лепшую прапанову па лоце “Жыццё і творчасць Уладзіміра Мулявіна”, а “Тэлевізійны прадзюсарскі цэнтр” па тэме “Гераічная барацьба савецкага народа супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў у гады Вялікай Айчыннай вайны”.

Конкурс праводзіўся ў выглядзе працэдуры дзяржаўнай закупкі на аказанне паслуг па вытворчасці фільмаў. Пасяджэнне конкурснай камісіі прайшло з удзелам запрошаных экспертаў, якія ацанілі і параўналі прапановы. Адкрыты конкурс у выглядзе працэдуры дзяржаўнай закупкі на аказанне паслуг па вытворчасці фільмаў быў абвешчаны 3 жніўня 2016 года.