З Днём работнікаў культуры!

№ 41 (1271) 08.10.2016 - 14.10.2016 г

У Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь 7 кастрычніка адбыліся ўрачыстасці да Дня работнікаў культуры, які краіна адзначае ў нядзелю.

/i/content/pi/cult/607/13495/1-1.jpgРаботнікаў культуры павіншаваў з прафесійным святам Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Віншавальны адрас Лідара краіны зачытаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Бузоўскі.

Перад урачыстым узнагароджваннем работнікаў культуры адбыўся брыфінг міністра культуры Рэспублікі Беларусь Барыса Святлова. На ім Барыс Уладзіміравіч падкрэсліў, што “Год культуры — вялікая адказнасць за ўсё тое, што мы рабілі да гэтага і тое, што збіраемся рабіць бліжэйшым часам”. Таксама міністр распавёў прадстаўнікам СМІ пра творчыя ініцыятывы гэтага года, у тым ліку і аб нядаўнім праекце ста ініцыятыў для сферы”.

Але якім быў Год культуры для саміх супрацоўнікаў устаноў галіны? З гэтым пытаннем карэспандэнт “К” звярнуўся да прафесіяналаў.

— Мы арганізавалі культурна-адукацыйны праект “Я пазнаю свет мастацтва харэаграфіі”, у рамках якога адбыўся паказ у Гарадскім ДК балетнага спектакля “Неверагодная прыгода Дзюймовачкі”. З гэтым праектам навучэнцы выязджалі ў Эстонію. Сёлета ж стварылі на аснове мясцовага харэаграфічнага фальклору этнапраект “Пярэзвы Палесся”. Для дзіцячых садкоў ды школ працуе “Дзіцячая філармонія” для прапаганды харэаграфічнага мастацтва, — кажа дырэктар Пінскай дзіцячай школы мастацтваў № 3 Аксана Мяцельская, узнагароджаная Граматай Міністэрства адукацыі.

Сяргей Старыкевіч, загадчык аддзела Мінскага абласнога краязнаўчага музея за шматгадовую працу, асабісты ўклад у развіццё і ўдасканальванне музейнай справы, захаванне і папулярызацыю нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны быў адзначаны Ганаровай граматай Савета міністраў. Музейны работнік зазначае пра плён сваёй працы ў 2016-м:

— Працую над кнігай “Невядомае пра вядомае”. Ёсць раённыя цэнтры, у якіх музеяў няма альбо яны знаходзяцца на стадыі распрацоўкі, таму пішу канцэпцыю для будучых устаноў.

Падчас узнагароджання лепшых у сферы Барыс Святлоў распавёў пра ХХХІ Савет па культурным супрацоўніцтве краін-удзельнікаў СНД, які адбыўся днямі ў Астане:

— Цікавасць выклікаў наш Кодэкс аб культуры. Ён з’яўляецца не толькі ўзорам нарматыўнага акту, але і адлюстроўвае тыя працэсы, якія адбываюцца сёння ў галіне. Да ўсяго, міністр культуры адзначыў і тое, што на бліжэйшыя тры гады Беларусь стане краінай-Старшынёй Савета. Гэта дасць нам магчымасць, у добрым сэнсе гэтага слова, уплываць на культурныя працэсы, якія адбываюцца не толькі ў нашай краіне, але і на больш шырокай прасторы”, — зазначыў Святлоў.

Уручыў узнагароды Урада Рэспублікі Беларусь начальнік упраўлення адукацыі і сацыяльна-культурнай сферы Апарата Савета Міністраў Іосіф Пяткевіч. А ўзнагароды ад Парламента краіны — член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Васіль Міхно.

З нагоды мерапрыемства дырэктар Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Яўхіма Карскага Лідзія Мальцава, узнагароджаная Ганаровай граматай Адміністрацыі Прэзідэнта, падкрэсліла "К":

— У Год культуры ў нашай бібліятэцы быў створаны першы ў Беларусі інтэрактыўны цэнтр навукі і тэхналогій “Совушка”, які за дзевяць месяцаў працы наведалі звыш 5 тысяч чалавек. Мы атрымалі грант, дзякуючы якому з’явіліся новыя камп’ютары, інтэрактыўныя дошкі, 24 планшэты, 3-D прынтары, фотаабсталяванне, прафесійныя мікраскопы… У цэнтры займаюцца не толькі дзеці, але і дарослыя, пенсіянеры, ёсць спецыяльныя праграмы для дзяцей-інвалідаў. У лабараторыі замежных моваў ёсць магчымасць вывучыць англійскую і польскую. Так, у лабараторыі музыкі навучэнцы могуць напісаць музыку, а потым запампаваць яе ў Інтэрнэт, ў лабараторыі тэхнікі і робататэхнікі могуць зрабіць матацыклы, самалёты ды іншыя рэчы. Мы прыкладзем усе сілы, каб атрымаць новыя гранты, каб людзі маглі займацца па новых тэхналогіях.

— Не ведаю, як у астатніх, але ў рэжысёраў усё аднолькава: пастаноўку зрабіў — здаў, і так штогод. Таму асаблівай розніцы не адчуваю: Год культуры або іншы год, — сказаў “К” напярэдадні падзеі Ігар Казакоў, галоўны рэжысёр Магілёўскага абласнога тэатра лялек. Спадар Ігар, дарэчы, у складзе творчага калектыву роднага тэатра стаў лаўрэатам Прэміі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму ў сферы культуры і мастацтва 2016 года.

Валерый Мінкоў, метадыст-майстар цэнтра рамёстваў Добрушскага раённага палаца культуры, таксама ўзнагароджаны Ганаровай граматай Савета Міністраў краіны за шматгадовую добрасумленную працу, асабісты ўклад у развіццё і папулярызацыю народнай творчасці, плённую дзейнасць па перадачы моладзі майстэрства рэдкіх рамёстваў пра Год культуры сказаў карэспандэнту “К”:

— Удзельнічаў у 2016-м у розных выставах ды ў кірмашах. Так, напрыклад, мае вырабы выстаўляліся ў цэнтры рамёстваў на радзіме Івана Шамякіна падчас наведвання тых краёў міністрам культуры. Працую не толькі з дрэвам, але і з металам, з ільдом. Хачу паспрабаваць зрабіць што-небудзь з бетону. Ведаеце, да сябе і сваёй справы строга адношуся, самакрытычна. У мяне кожны дзень новы, бо заўсёды шукаю светлую мэту.

Галіна Баркевіч, начальнік аддзела культуры галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, якая атрымала Ганаровую грамату Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь:

— Існуе ўсім вядомае міжнароднае свята традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы”, у рамках якога праводзіўся агляд-конкурс “Браслаўская харавая асамблея”. Падчас “Славянскага базару ў Віцебску” прайшоў адкрыты пленэр “Я малюю фестываль”, у якім прынялі ўдзел 75 мастакоў. Займаліся аднаўленнем традыцыйных нацыянальных касцюмаў кожнага рэгіёна Віцебскай вобласці, у сувязі з гэтым правялі канферэнцыі, свята-конкурс… Да ўсяго, праводзім свята беларускіх побытавых танцаў: ад кожнага раёна запрашаюцца па 2 — 3 пары.

— Бібліятэка выконвае тыя ж функцыі, што і культура ўвогуле: у ёй назапашваецца, захоўваецца і перадаецца культурна-гістарычная спадчына, таму Год культуры не паставіў перад бібліятэкамі прынцыпова новых задач. Хутчэй гаворка ідзе аб пошуку новых форм рэалізацыі сацыяльных функцый бібліятэк. Так, у рамках папулярызацыі беларускай літаратуры ў гэтым годзе сталі актыўна выкарыстоўвацца сацыяльныя сеткі. Пасты, прысвечаныя класікам беларускай літаратуры і сучасным аўтарам, рэгулярна размяшчаюцца ў афіцыйнай групе нашай бібліятэкі ў сацыяльных сетках. Да ўсяго, з’явілася новая форма экскурсіі для школьнікаў — “Славутыя імёны бацькаўшчыны”. Навучэнцы могуць пазнаёміцца не толькі з бібліятэкай, але і з творчасцю Максіма Багдановіча і Кандрата Крапівы. Сумесна з адным з мабільных аператараў рэалізаваны праект па навучанні пажылых людзей навыкам працы з камп’ютарам. Адной з яскравых падзей, накіраванай на фарміраванне культуры чытання, з’яўляецца фестываль “Горад і кнігі”. Спіс мерапрыемстваў яшчэ можна працягваць, бо супрацоўнікі бібліятэкі пракладаюць шмат намаганняў для фарміравання ў грамадстве новага стаўлення да культуры, — кажа Алена Далгаполава, першы намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, старшыня Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі, якая атрымала нагрудны знак Міністэрства культуры “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”.

А музычнымі падарункамі для гасцей сталі нумары ў выкананні артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст