Паспець за 24 гадзіны

№ 40 (1270) 01.10.2016 - 07.10.2016 г

Онлайн беларускай дакументалістыкі
4—10 кастрычніка 2016 года пройдзе онлайн-фестываль беларускага дакументальнага кіно “Belarusdocs”. Будуць паказаны найбольш адметныя айчынныя фільмы апошніх трох гадоў, якія дэманстраваліся і перамагалі на вядучых кінафестывалях Еўропы і краін СНД. Мы пагутарылі з аўтарам праекта, рэжысёрам Алесем ЛАПО.

— Ідэя — даўняя, ды яна, так бы мовіць, лунала ў паветры. Год-паўтара таму я ладзіў паказы дакументальных стужак у Музеі гісторыі беларускага кіно — імпрэзы для невялікай супольнасці, таму што неяк завабіць, запрасіць людзей зацікаўленых лёгка, а вось тых, хто “не ў тэме”… Адсюль і жаданне выпрабаваць новы канал “трансляцыі”. Ідэю ўпадабала і падтрымала куратар галерэі “Tut.by” Таццяна Бембель. Дарэчы, у самой галерэі запланавалі офлайн-адкрыццё 3 кастрычніка.

— Як жа будуць адбывацца паказы?

— Мы насамрэч думалі пра тое, каб адначасова ладзіць вечаровыя паказы ў залах, але ўсё ж вырашылі засяродзіцца на онлайн-фармаце. Кожны фільм праграмы будзе даступны для прагляду на працягу 24 гадзін, і, мяркую, усе зацікаўленыя паспеюць убачыць стужку, пакінуць у каментарыях сваё меркаванне, задаць пытанне аўтарам, пачытаць інтэрв’ю з імі. На вельмі вялікую колькасць гледачоў я не разлічваю (усё ж гэта досыць спецыфічнае мастацтва), але прынамсі дакументальнае кіно за час фестывалю атрымае новых прыхільнікаў.

Наогул жа ў нас існуе праблема: штогод выдаткоўваюцца бюджэтныя грошы на здымкі фільмаў, але, на жаль, у краіне не існуе наладжанай працэдуры, каб гэтыя карціны дэманстраваліся ў межах Беларусі — на тэлебачанні, у кінатэатрах. Збольшага іх можна ўбачыць толькі раз на год — у Нацыянальным конкурсе Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”. Папросту дзяржава гэтым не займаецца, і пакуль што, на жаль, няма такіх людзей, арт-лідараў, якія падобнае мастацтва прасоўвалі б. Таму першай і галоўнай мэтай ёсць знаёмства беларускай аўдыторыі з беларускім жа дакументальным кіно. Бо фільмы праграмы мелі сваю аўдыторыю на міжнародных кінафестывалях, знаходзячы водгук. Некаторыя з іх, тое ж “Скрыжаванне” Настассі Мірашнічэнка альбо “Алмаз” Віктара Аслюка, атрымлівалі ўзнагароды глядацкай аўдыторыі.

Прызнаюся, не толькі я быў бы рады, каб, абапіраючыся на вопыт, на беларускую традыцыю дакументальнага кіно, большасць дзяржаўных сродкаў на кінавытворчасць вылучалася б на менавіта гэтую перспектыўную для мастацтва Беларусі дзялянку. Тым больш у дакументальнага кіно куды меншыя патрабаванні, чым у мастацкага. Ды і названы кірунак больш адгукаецца на значныя пытанні: выхаваўчыя, нацыянальнага і дзяржаўнага будаўніцтва, на якія і трэба звяртаць увагу, калі гаворка вядзецца пра культуру. Ды і вучыцца ёсць у каго. Было б выдатна, каб, напрыклад, Галіне Адамовіч альбо Віктару Аслюку далі ўзначаліць курс дакументальнага кіно і давесці яго да выпуску, бо без адукацыі цяжка казаць пра прафесійнасць, хаця здымаюць многія.

— Фільмы, якія ўвайшлі ў праграму, ёсць у свабодным доступе ў сеціве?

— Не, чалавек неабазнаны не можа з імі пазнаёміцца ніякім чынам, асабліва па-за межамі Мінска, дзе ўсё ж раз-пораз адбываюцца паказы. Наогул жа лічу, што той жа студыі “Летапіс” кінастудыі “Беларусьфільм” трэба займець афіцыйны інтэрнэт-відэаканал, дзе размяшчаць тыя фільмы, якія сталі класікай, але не маюць вялікай камерцыйнай перспектывы.

— Як, дарэчы, фільмы для паказаў адбіраліся?

— У адборы (у час яго я раіўся з кінакрытыкамі Наталляй Агафонавай і Антонам Сідарэнкам, сябрамі, якія дапамагалі з арганізацыяй) было дзве галоўныя ідэі. Першая — прадэманстраваць фільмы найбольш уганараваныя на сусветных фестывалях за апошнія гады, другая — у межах аднаго мерапрыемства паказаць рэжысёраў вядомых, прызнаных мэтраў, і аўтараў новай генерацыі. Лічу, з другой задачай удалося справіліся не да канца: дадзены адбор некалькі кансерватыўны. Мне хацелася разнастаіць праграму яшчэ некалькімі фільмамі маладой генерацыі — напрыклад, паказаць фільм Сяргея Каласоўскага “Шэпты і крыкі Тані Б.”, ці “Пра каханне: Іра” Любы Зямцовай, альбо фільм Дзмітрыя Дзядка “Паміж небам і зямлёй”. Усе гэтыя аўтары, іх можна назваць маладым пакаленнем, бяруць больш смелыя тэмы, выходзяць з зоны камфорту класічнага беларускага дакументальнага кіно. Але не заўсёды героі такіх фільмаў даюць згоду на далейшую дэманстрацыю работ, часам самі аўтары скептычна ставяцца да фармату онлайн-паказаў. І я з імі ў нечым згодны: стужкі, якія будуць прадстаўлены на фестывалі, і тыя, што не прадстаўлены, але мне хацелася б іх паказаць, вартыя вялікага экрана, вартыя таго, каб іх паказвалі ў кінатэатрах.

— Фільмы "Belarusdocs" не аб’яднаны адной тэмай?

— Тэмы — розныя, хоць па стылістыцы карціны ў нечым падобныя. Сярод рэжысёраў пераважаюць аўтары-мінімалісты. Адпаведна, і фільмы збольшага павольныя, назіральныя, без закадравага голасу і выкарыстання музыкі.

— А хто ваш улюбёны беларускі рэжысёр?

— Я паважаю творчасць многіх людзей, але калі казаць пра сучасных аўтараў дакументальнага кіно, то найбольш цэльным мастаком лічу Віктара Аслюка. Яго фільмы не столькі асобныя мастацкія праекты, колькі ў гэтых фільмах ён сам, яго светапогляд, яго характар. Мне падабаюцца і фільмы Міхаіла Жданоўскага, магчыма, не ўсе, але яго “Дарога на Курапаты” — гэта лепшае, на маю думку, што было знята ў беларускім неігравым кіно за ўсю гісторыю.

— Лічыце, што ў айчыннага даккіно ёсць будучыня?

— Безумоўна, я ў гэта веру і спадзяюся, што ўсе прадстаўнікі новай генерацыі, якія трапілі на фестываль: і Андрэй Куціла, і Дар’я Юркевіч, і Настасся Мірашнічэнка, і тыя, хто не трапіў, як Люба Зямцова, Дзіма Дзядок, Сяргей Каласоўскі, — працягнуць развівацца ў сферы і парадуюць нас новымі стужкамі. Балазе яны не спрабуюць ісці за кімсьці, а працуюць над развіццём уласнага стылю. Адзінае што, дакументальнае кіно не дае вялікіх перспектыў, тут няма лёгкіх шляхоў. Баюся, частка з іх можа выбраць для сябе іншыя, больш камфортныя прасторы існавання і рэалізацыі.

Вольга СТАРАВОЙТАВА, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ