Кропка ў справе Шыфрына

№ 40 (1270) 01.10.2016 - 07.10.2016 г

“К” ужо неаднойчы пісала пра тое, як воляю выпадку паспрыяла ў пошуках праўды пра лёс Іосіфа Цыпіна — роднага дзядзькі вядомага расійскага артыста Яфіма (Нахіма) Шыфрына. Цыпін сустрэў Вялікую Айчынную вайну ў 333-м палку Брэсцкай крэпасці (там жа, дарэчы, служыў і старэйшы брат колішняга прэзідэнта Грузіі Эдуарда Шэварнадзэ). Пра перыпетыі лёсу родзіча Шыфрына — у матэрыяле Юрыя Чарнякевіча, які выйшаў у красавіку 2015-га. Амаль праз год гэты нумар газеты мы перадалі Яфіму Залманавічу, а літаральна днямі ён наведаў з канцэртам сам Брэст, вядома, не абмінуўшы мемарыяльны комплекс. Шыфрын пабываў на месцы, дзе размяшчаўся згаданы полк, пабачыў у музеі асабістую справу Цыпіна, цяпер ведае, што яго дзядзька ўдзельнічаў у рукапашным баі на плошчы перад цяперашняй царквой, а загінуў у лагеры для ваеннапалонных каля Бялай-Падляскі. Паведаміўшы пра сваё наведванне музея, Шыфрын добрым словам згадаў і дапамогу газеты.

/i/content/pi/cult/606/13488/12-1.jpg