Авансцэна ці другі план?

№ 40 (1270) 01.10.2016 - 07.10.2016 г

Навукоўцы разгледзелі культурныя рэаліі Беларусі
27 верасня ў Інстытуце культуры Беларусі прайшла міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Культура Беларусі: рэаліі сучаснасці”. Яе стрыжнявая тэма — трансфармацыя традыцыйных каштоўнасцей у інфармацыйным грамадстве.

Разумныя межы неабсяжнага

Тэма неабсяжная, але арганізатары парупіліся, каб выступленні ўдзельнікаў больш-менш адпавядалі беларускаму кантэксту і мелі рацыянальнае зерне. Не ўсе замежнікі, замоўленыя ў праграме, прыехалі, аднак з улікам тых, хто даслаў свае даклады, колькасць удзельнікаў канферэнцыі сягала да дзевяці дзясяткаў, віталі канферэнцыю і дыпламаты.

На пленарным пасяджэнні выступалі прафесар Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Ніна Фральцова, доктар культуралогіі Уладзімір Мартынаў, доктар гістарычных навук, прафесар БДУ Ірына Калачова, доктар сацыялагічных навук Віктар Шчарбіна (Украіна), доктар культуралогіі і кандыдат архітэктуры Ігар Марозаў. У гэтых прамовах былі акрэсленыя напрамкі работы секцый: “Каштоўнасныя асновы сучаснай культуры”, “Культурна-адукацыйная прастора: традыцыйныя і інавацыйныя падыходы”, “Нацыянальная культура ў інфармацыйнай прасторы”, “Культурная спадчына ў дынаміцы развіцця сучаснага грамадства”.

Тое, што ўсім цікава

Сярод выступленняў пленарнага пасяджэння бадай найбольш рэзанансным быў даклад спадарыні Фральцовай. Ён датычыў уплыву сродкаў масавай камунікацыі на нацыянальна-культурную ідэнтычнасць. У сеціве карыстальнік можа лёгка натрапіць і на табуяваную лексіку, і на візуальны матэрыял, які адносна нядаўна адназначна трактаваўся б як парнаграфія, а ягоны распаўсюд — як крымінальнае злачынства. Сёння часы больш ліберальныя. Эротыка прымаецца як адзін з вызначальных складнікаў цывілізацыі ўвогуле і культуры ў прыватнасці. Адмыслоўцы ж спрачаюцца пра тое, дзе праходзіць мяжа паміж эротыкай і парнаграфіяй, паміж эротыкай мяккай і жорсткай. А пакуль ідуць спрэчкі, моладзь займаецца “самаадукацыяй” на далёкіх ад маральнасці і эстэтыкі ўзорах.

На гэтыя развагі адзін з апанентаў спадарыні Фральцовай запярэчыў, што ў Індыі, дзе эротыка натуральна ўкаранёная ў традыцыйную культуру і ментальнасць народа, ніякага ажыятажу вакол сэксу няма. “Не ведаю, ці можна сёння гаварыць пра заняпад духоўнасці, але што прагматызму паболела — гэта факт”, — канстатаваў услед за ім Ігар Марозаў і згадаў, што калісь студэнты пасля лекцый звярталіся да яго з пытаннем “Дык у чым жа сэнс жыцця?”, а сёння хіба што пацікавяцца, калі будзе залік. Праўда, яшчэ Арыстоцель крытычна ставіўся да сучаснай яму моладзі, скептычна ацэньваў яе сацыяльныя перспектывы і гаварыў, што яна, тая моладзь, прывядзе цывілізацыю да краху…

Замест прапаганды — камунікацыя

З чатырох названых вышэй секцый канферэнцыі я выбраў “Нацыянальная культура ў інфармацыйнай прасторы” як найбольш блізкую мне ў прафесійным сэнсе. Яе работа распачалася выступленнем прафесара кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтва БДУ Аляксандра Гужалоўскага з дакладам “Перспектыўныя інфармацыйна-камунікатыўныя мадэлі музейнай дзейнасці”. Спадар Гужалоўскі згадаў, што за савецкім часам, калі ён распачынаў сваю працоўную дзейнасць, музеі праходзілі па ведамстве прапаганды. Згаданая функцыя была для іх асноўная, а часцяком і адзіная. Так было не толькі ў нас, але ва ўсёй Усходняй Еўропе. Сёння ж музей — камунікацыйная прастора, і, адпаведна, ягоная структура і дзейнасць мусяць будавацца на іншых прынцыпах. Беручы да ўвагі розніцу ў тэхналагічным патэнцыяле захаду і ўсходу кантынента, пэўныя працэсы ва Усходняй Еўропе можна назваць даганяючай мадэрнізацый. Тое, што спадар Гужалоўскі прапаноўвае ў якасці перспектывы для нашых музеяў, ужо прайшло, па ягоных словах, апрабацыю на Захадзе. Гэта трыяда: “разумны” музей (дарэчы, у кантэксце “разумнага” горада, які складаецца з “разумных” дамоў) — “разумны” музейны прадмет — таленавіты наведвальнік. Маецца на ўвазе электроннае, інтэрактыўнае начынне музея, дзякуючы якому наведвальнік можа абысціся без пасярэдніка ў асобе кансультанта ці экскурсавода. Экспанат у такім музеі можа, так бы мовіць, самастойна кантактаваць з наведвальнікам, ладзіць нейкае падабенства дыялогу. Але і наведвальнік мусіць быць падрыхтаваны да такой сітуацыі. У такім музеі дбаюць пра лагістыку. Той, хто выйшаў на сайт музея, атрымлівае інфармацыю і пра асноўную экспазіцыю, і пра выставы, і як да музея дабрацца з любой кропкі горада, і дзе каля ўстановы прыпаркавацца, і што можна набыць у краме. Усё мусіць быць накіравана на тое, каб, аднойчы патрапіўшы ў музей, чалавек прыйшоў туды зноў. У такім музеі калі не стрыжнявой, дык вельмі важнай становіцца асоба педагога. Да прыкладу, у Даніі школьнік можа ў музеі здаць афіцыйны экзамен па гісторыі, адказаўшы на шэраг пытанняў праграмы, спецыяльна распрацаванай на аснове музейнай экспазіцыі.

Пасля даклада адразу ж паўстала пытанне: такі музей паводле вызначэння будзе звязаны з уніфікаванай глабальнай сістэмай інфармацыйнай камунікацыі — ці не страціцца праз гэта ўнікальнасць, непаўторнасць. Інакш кажучы, тыя якасці, якія вабяць наведвальнікаў. Спадар Гужалоўскі пагадзіўся, што тэхналагічная, структурная ўніфікацыя можа мець і адмоўныя наступствы, але калі падысці да справы адказна, дык іх можна змінімізаваць.

Музеяў, якія месцяцца ў спецыяльна пабудаваных для іх будынках, у Беларусі няшмат. Часта гэта прыстасаваныя пад новую функцыю памяшканні, дзе экспазіцыю разгарнуць можна, а вось адпаведнага памяшкання для захавання фондаў няма. Вось і атрымліваецца, што музейныя фонды ў адным месцы, а экспазіцыйная прастора ў іншым. Такія акалічнасці вельмі ўскладняюць працу музейшчыкаў. Але, мяркуючы па тым, што зараз шмат гавораць пра будаўніцтва адзінага дэпазітарыя для захоўвання фондавых калекцый вядучых музеяў краіны, такі стан падоўжыцца на няпэўны час.

Маркер ідэнтычнасці

Некалькі дакладаў былі прысвечаны сучасным формам і зместу традыцыйных рытуальна-абрадавых камунікацый і сімволікі аб’ектаў народнай культуры (кандыдат гістарычных навук Таццяна Кухаронак, кандыдат мастацтвазнаўства Якаў Ленсу), семантыцы беларускага арнаменту (кандыдат мастацтвазнаўства Алена Бохан). З агучаных матэрыялаў вынікае, што зараз у Беларусі на розных сацыяльных узроўнях з рознай ступенню інтэнсіўнасці ідзе працэс пошуку/выпрацоўкі кодаў нацыянальнай ідэнтычнасці. І калі адаптацыя да гарадской культуры звычаяў, народжаных вясковым побытам, падаецца праблематычнай, дык выкарыстанне народнага арнаменту як сродку аздобы адзення альбо знака з глыбокім сімвалічным зместам мае шмат прыхільнікаў, прычым сярод моладзі.

Не цэнзура, а кантроль

На пасяджэнні, дзе прымалася рэзалюцыя канферэнцыі, кіраўнікамі секцый былі агучаны прапановы. Мяркуецца, што, беручы да ўвагі велізарны ўплыў медыя на грамадскую думку, іх дзейнасць нельга лічыць прыватнай справай тых ці іншых асоб. У прыватнасці, беларускія СМІ пры асвятленні культурных з’яў і працэсаў мусяць кіравацца не суб’ектыўным уяўленнем таго ці іншага журналіста, што лічыць вартым, а што — не, але гістарычна выкрышталізаванай шкалой духоўных каштоўнасцей беларускай нацыі. Гэта не цэнзура. Проста ўсяму сваё месца: чаму — авансцэна, чаму — другі ці трэці план. Таксама было выказана пажаданне распрацаваць комплекс мер па ўздыме прэстыжу беларускай мовы. Удзельнікі канферэнцыі лічаць вартым пашырыць культурны чыннік у школьнай праграме.

Kultura logo-L.psd

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"