Мастыхін-агляд: выбар выстаў верасня ад Аляксандра Сяліцкага

№ 40 (1270) 01.10.2016 - 07.10.2016 г

У культурным жыцці сталіцы канец лета — пачатак восені быў багатым на юбілейныя выставы. Барыс Аракчэеў, Георгій і Наталля Паплаўскія, Ягор Батальёнак… Творчасць гэтых майстроў, разнастайных і самабытных, — адметныя старонкі развіцця айчыннага мастацтва. Па просьбе "К" выбарку выстаў верасня зрабіў мастак, культуролаг, мастацтвазнаўца Аляксандр Сяліцкі.

Розны Мінск

У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага прайшла выстава “Мінск Барыса Аракчэева” твораў заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, кавалера ордэна Францыска Скарыны ў рамках праекта “Творчая дынастыя. Аракчэевы” да 90-годдзя з дня нараджэння майстра.

Экспазіцыю склала больш як 60 твораў розных гадоў, якія фактычна сталіся дакументальным адлюстраваннем зменаў у абліччы Мінска — з ім ад сярэдзіны ХХ стагоддзя паяднаны лёс Аракчэева. Эцюды, малюнкі, тэматычныя палотны — творы дэманструюць, як горад рос і прыгажэў. Асабліва тое відавочна ў вялікіх кампазіцыйных пейзажах, дзе хараство гарадскіх відаў арганічна спалучаецца з адлюстраваннем жыцця людзей. На адным з цэнтральных палотнаў выставы “Восеньскі прызыў” (1976—1977) — панарама Верхняга горада з яркімі фарбамі залатой восені, светлымі сілуэтамі будынкаў, сярод якіх дамінуе Кафедральны сабор, аўтобусамі, фігурамі навабранцаў на прызыўным участку — усё аб'яднана, каларыстычна спалучана і ўтварае цэласную прасторава-колеравую сімфонію.

Наогул колер заўсёды выступае ў пейзажах Аракчэева галоўным сродкам выразнасці. Так, у палатне “Плошча Свабоды. Першамай — свята для ўсіх” (1960-я) амаль не бачна падрабязнасцяў урачыстасці. Для мастака карціна, перш за ўсё, магчымасць для стварэння каларыстычнай гармоніі. Чырвоны колер сцягаў падаецца акцэнтам на фоне вохрыстых сцен будынкаў і зеленавата-блакітнай вясновай расліннасці, што надае эмацыйнаму ладу карціны ўзнёсласць.

/i/content/pi/cult/606/13483/9-1.jpg

Жыццёвай праўдзівасцю прыцягвае палатно “Раніца працоўнага дня” (1970) з прыкметнымі рысамі “суровага стылю”. Індустрыяльны пейзаж на заднім плане, строгія кампазіцыйныя рытмы, лаканічнасць колеравага рашэння ствараюць настрой стрыманай урачыстасці, калі кожны дзень павінен быў успрымацца як барацьба за новыя дасягненні.

Стае на выставе відаў Верхняга і Ніжняга горада. Тое невыпадкова: у 1962-м Барыс Уладзіміравіч атрымаў майстэрню па вуліцы Леніна, 2. З яе вокнаў напісаны многія пейзажы: напрыклад, “Свята Кастрычніка. Першы снег” (1970-я), “Акно. Мінск” (1985), “Дыханне восені” (2010). Прычым палотны майстра зафіксавалі і аб'екты, якіх сёння няма. Напрыклад, з пейзажа “Трамвайнае кальцо ў Верхнім горадзе” (1963) бачна: там, дзе цяпер знаходзіцца Гарадская ратуша, быў фантан, каля якога праходзіў трамвай. На творы 1974 года Аракчэеў адлюстраваў колішняе кафэ “Пінгвін”. У эцюдах “Зіма. Дворык кансерваторыі” (1974) і “Свята Кастрычніцкай рэвалюцыі” (1977) мастак фіксуе разбураны ў 1984-м былы гарадскі тэатр.

Мінск у Аракчэева — жывы, разнастайны, прыгожы ў розны час года. Тыя ж палотны “Сіні зімовы вечар” (1967), “Барва восені” (1976), “Вясенняе неба” (1980) сведчаць пра ўменне майстра схапіць галоўнае ў зменлівым прыродным стане, тонка перадаць настрой наваколля праз багацце фарбавых адценняў.

Знітаваны з чалавекам

У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбылася выстава-рэтраспекцыя “Вехі творчасці” Георгія і Наталлі Паплаўскіх — славутых майстроў графікі і жывапісу. Нягледзячы на тое, што кожны з майстроў валодае сваім колам тэм і вобразаў, індывідуальнымі стылістычнымі асаблівасцямі, іх працы аб'ядноўвае выразны гуманістычны пачатак, каштоўнаснае асэнсаванне жыццёвых з'яў.

У аснове творчасці народнага мастака Беларусі Георгія Паплаўскага — шчырая ўвага да актуальных праблем сучаснасці. Майстра, што творча сфармаваўся ў рэчышчы “суровага стылю”, заўсёды прыцягвалі манументальнасць вобразаў, драматызм падзей, дзе характар і воля чалавека выяўляліся ў выпрабаваннях. Скажам, графіка з падарожных серый “Мора Берынга” (1979), “Енісей” (1980—1986), “Атлантыка” (1966), “Арктыка. Белы кантынент” (1970), “Камандор” (1973) захапляе мужнасцю людзей у асваенні паўночнай прыроды.

Яскравы прыклад работ, прысвечаных тэме вайны (да яе Паплаўскі звяртаецца на працягу ўсёй творчасці), — серыя літаграфій “Час доўгіх нажоў” (1981). У ёй майстар у эмацыйна насычаных мастацкіх вобразах адлюстраваў антыгуманную сутнасць фашысцкай ідэалогіі. Свайго кшталту ўспамінамі аб гадах Вялікай Айчыннай выступаюць ягоныя жывапісныя палотны больш позняга часу “Сцежкі партызанскія” (2009), “У чаканні світанку” (2010).

У графічнай серыі “Чарнобыль. Будні беларускія” (1988), адметнай сваім трагічным пафасам, мастак узнімае пытанні духоўных першаасноў жыцця, гарманічных адносін чалавека і прыроды. Дарэчы, інтарэс да чалавека, да складанага ўнутранага свету праявіўся ў зацікаўленасці Георгіем Паплаўскім партрэтным жанрам. Часцей за ўсё мастак піша сваіх блізкіх, знаёмых людзей, і партрэты з-пад ягонага пэндзля цягам апошніх гадоў вылучаюцца гучнасцю колераў, дынамічнасцю мазка. Мяркую, тое — яскравае сведчанне несупыннай творчай эвалюцыі майстра. Сярод твораў названага жанру асаблівае месца займаюць выявы знакамітых у гісторыі беларусаў — Сімяона Полацкага, Кірылы Тураўскага, Францыска Скарыны…

Ілюстрацыі Паплаўскага да твораў Васіля Быкава “Абеліск” (1977), Янкі Купалы “Яна і я” (1978), Якуба Коласа “Сымон-музыка” (1981), а таксама да “Слова аб паходзе Ігаравым” (1984) адметныя яскравай вобразнасцю, эмацыйнасцю, майстэрскім валоданнем графічнымі сродкамі выразнасці. Таксама маэстра шмат увагі надае адлюстраванню хараства роднай зямлі. У сваіх графічных серыях “Браслаўшчына — край азёрны” (1971—1972), “Прагулкі з Ганешам” (1977—1978) майстар стварыў паэтычны вобраз беларускай прыроды, людзей працы ды іх побыту.

У малой зале музея экспануюцца творы Наталлі Паплаўскай. Многія з іх прысвечаны беларускай зямлі, хараству яе прыроднага і жывёльнага свету, унікальнасці гісторыка-культурных помнікаў, што знайшло адлюстраванне ў графічных цыклах “Палессе шасцідзясятых” (1967), “Прырода і дзеці” (1972), “Помнікі гісторыі і архітэктуры Беларусі” (1977), “Музей прыроды” (1980), “Браслаўскія матывы” (1981—1982), “З Чырвонай кнігі” (1990—2006). Творы Наталлі Мікалаеўны вылучаюцца лаканічнасцю кампазіцыі, строгім адборам дэталяў, вытанчанасцю танальнай распрацоўкі.

У галіне ж кніжнай графікі асноўным кірункам творчасці для Паплаўскай стала мастацкае афармленне дзіцячай літаратуры. Таму на выставе і прадстаўлены ілюстрацыі да твораў Вільгельма Гаўфа, братоў Грым, Рэдзьярда Кіплінга, Шарля Перо, Уільяма Шэкспіра... Кожная серыя вылучаецца мастацкім рашэннем, стылістычнымі і тэхнічнымі асаблівасцямі. Вобразы персанажаў у ілюстрацыях Наталлі Мікалаеўны нясуць пазітыўны змест, нярэдка пададзены праз прызму добрага гумару.

Філасофскі сінтэз

Таксама ў Нацыянальным мастацкім музеі адбылася юбілейная выстава да 70-годдзя Ягора Батальёнка. Аснову экспазіцыі склалі жывапісныя творы ў жанрах пейзажа і нацюрморта.

Характэрнай рысай прадстаўленых на выставе палотнаў з’яўляецца імкненне майстра да філасофскага сінтэзу. У краявідах Батальёнка паўстае цэласны прыродны вобраз, “перапрацаваны” творчай думкай мастака. Гэткім чынам пейзаж выступае свайго кшталту філасофскай медытацыяй, прасякнутай аўтарскімі развагамі пра гармонію Сусвету, пра месца чалавека ў агульнай карціне быцця.

Палотны Ягора Батальёнка быццам “выпраменьваюць” святло, якое ўспрымаецца ўвасабленнем гарманізуючай першаасновы светабудовы, своеасаблівым мастацкім варыянтам філасофскай катэгорыі “дабра”. У ліраэпічных пейзажах “Незваротнае” (1999), “Неабсяжнасць”, “Прадвесне” (абодва 2000), “Подых вясны” (2001), “Той край” (2009) за простым, на першы погляд, адлюстраваннем звычайнага беларускага ландшафту стаіць імкненне майстра да стварэння цэласнай карціны светабудовы, у якой паяднаныя ў арганічным адзінстве ўнутраны свет асобы і прыроднае быццё. З асаблівай выразнасцю гэтая думка раскрываецца ў творы “Як і ў небе” (2009). Манументальнасць і ўрачыстасць кампазіцыі, лаканічнасць колеравага рашэння надаюць гэтай карціне сімвалічнае гучанне. У кантэксце твора сонечнае святло набывае сакральнае значэнне, а неба становіцца вобразам вышэйшага быцця. Адбітак неба ў воднай паверхні сведчыць пра ўзаемасувязь усіх узроўняў быцця ў агульнай сістэме светабудовы.

У творах Ягора Батальёнка адчуваецца непарыўная сувязь аўтара з роднай зямлёй, з яе людзьмі, шчырае захапленне хараством навакольнага свету. У карціне “Райская яблыня” (2001) мастак стварыў пейзаж, што можна разглядаць як мікрамадэль Сусвету, вобраз гарманічнага суіснавання прыроды і чалавека. На палатне звычайны куток беларускай зямлі становіцца, дзякуючы таленту майстра, увасабленнем “зямнога раю”. Выява працоўнага чалавека, гаспадара на сваёй зямлі, сведчыць пра шкалу маральных каштоўнасцяў, блізкіх самому мастаку: праца як творчая дзейнасць з'яўляецца натуральным спосабам далучанасці асобы да прыродных рытмаў, шляхам да спасціжэння гармоніі быцця. Квітнеючая яблыня, якая выступае дамінантай у пейзажы, нагадвае вобраз Сусветнага дрэва і разам з тым з'яўляецца алюзіяй на райскае дрэва. У выяве яблыні сканцэнтравана вітальная энергія прыроды. Дарога, якая вядзе да адчыненых дзвярэй, выступае метафарай чалавечага жыцця, вектару маральнага выбару асобы. Відавочнай становіцца думка мастака пра тое, што толькі ад людзей залежыць, ці стане зямля падабенствам раю, і што для гэтага неабходна пачуццё роднасці з ёю.

Творчасць Ягора Батальёнка ўяўляе сабой арганічны сінтэз мастацкага таленту і філасофскага мыслення. У працах мастака ўдала спалучаюцца прынцыпы традыцыйнага падыходу і імкненне да сімвалісцкіх абагульненняў, рэалістычнасць трактоўкі вобраза і дэкаратыўная выразнасць. Майстар здолеў знайсці ўнікальную форму мастацкага выказвання, у якой адлюстраванне хараства беларускай зямлі, непаўторнасці яе ландшафту і фарбаў аб'ядналася з непадробнай любоўю да Бацькаўшчыны, адчуваннем роднасці ўсяго існага, усведамленнем духоўнага адзінства светабудовы.

Аляксандр СЯЛІЦКІ, мастак, мастацтвазнаўца