Аrt ці грошы: дык што тэатру трэба?

№ 40 (1270) 01.10.2016 - 07.10.2016 г

28 верасня ў Мінску пачаўся VI Міжнародны форум тэатральнага мастацтва “ТеART-2016”. Адкрывае яго беларускі шоукейс “Belarus Open” — маштабны паказ найбольш адметных айчынных спектакляў розных жанраў і форм, кожны з якіх хаця б крыху пашырае наша традыцыйнае ўяўленне пра тэатр. Напярэдадні ж адбылася прэс-канферэнцыя, якая насамрэч аказалася “круглым сталом”, прысвечаным не толькі форуму, але і актуальным праблемам развіцця нацыянальнага тэатральнага мастацтва.

Вяла сустрэчу кансультант кансалтынгавай кампаніі “IPR-Беларусь” Наталля Грамадскіх — і гэта таксама быў своеасаблівы майстар-клас для журналістаў, як трэба весці размову “з пункту А ў пункт Б”, не адхіляючыся ад тэмы, але робячы ў ёй найцікавейшыя адгалінаванні, як “раскручваць” суразмоўцаў на шчырыя, глыбокія адказы замест павярхоўна-фармальных, як задаваць самыя вострыя пытанні, але пры гэтым імгненна “разруліваць” востравугольныя сітуацыі, што могуць узнікнуць між прамоўцамі. Апошніх, між іншым, было ажно 11 чалавек. Прычым прадстаўлялі яны не толькі ўласна тэатральныя колы, але і арганізацыйна-кіраўнічыя, эканамічна-фінансавыя, дыпустановы.

А хто тут глядач?

Сцэна і зала, тэатр і яго гледачы — такая ж вечная праблема, як бацькі і дзеці. Стала звычкай то ўхваляць беларускую публіку — “лепшую ў свеце”, як заўсёды называюць яе артысты-гастралёры, то ганьбіць, падлічыўшы, што дзесьці на сцэне было больш чалавек, чымсьці ў зале. Але ж кожны спектакль патрабуе свайго спажыўца — часта зусім не “масавага”. Зусім не выпадкова, як заўважыла тэатральны крытык, куратар беларускай праграмы “Belarus Open” Людміла Грамыка, сёння назіраецца пераакцэнціроўка тэатра на малыя сцэны.

Кансультант аддзела прафесійнага мастацтва ўпраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Беларусі Вікторыя Куксянкова пацвердзіла, што якасць спектакля і масавасць яго наведвання не знаходзяцца ў простай залежнасці: шмат прыкладаў таго, як публіка не хоча хадзіць на вельмі добрую пастаноўку і, наадварот, робіць аншлагі на сярэдняй. Але Міністэрства культуры не прымае рашэнні, здымаць спектакль з рэпертуару ці не, сыходзячы з яго наведвальнасці. Гэта прэрагатыва тэатраў. На практыцы, дадала яна, часцей здымаюць старыя спектаклі. Пазіцыя ж Міністэрства заключаецца ў тым, што спектакль павінен быць творам мастацтва, адпавядаць крытэрыям прафесійнасці. Бо крытыкі шукаюць навізну, эканамісты — фінансавы прыбытак ці хаця б самаакупнасць. Міністэрства ж павінна ўлічваць усё разам. І для яго на першым месцы застаецца мастацтва.

Мінгарвыканкам, як запэўніў Аляксандр Шастакоў — намеснік начальніка ўпраўлення, начальнік аддзела ўстаноў культуры і культурна-асветніцкай работы ўпраўлення культуры галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама, — гатовы падтрымаць любыя пачынанні. Галоўнае для гэтай установы — своеасаблівы кампраміс з гледачом, якому той ці іншы праект павінен падабацца.

Чым больш колаў на вадзе…

Цікавы пункт гледжання на тое, што лічыць у тэатры поспехам — прызнанне знаўцаў ці шырокай публікі, — выказаў старшыня праўлення “Белгазпрамбанка” Віктар Бабарыка, вядомы не толькі сваёй любоўю да мастацтва, але і падтрымкай самых знакавых айчынных праектаў у гэтай сферы.

На яго думку, сітуацыю можна параўнаць з коламі на вадзе, што разыходзяцца ад кінутага каменьчыка — пастаўленага спектакля. І ўсё вызначаецца тым, на якое кола арыентавацца. У навуцы існуе такі тэрмін, як індэкс цытавання. Калі перавесці яго на мастацтва, атрымаецца своеасаблівы “індэкс спажывання”. Адметнасць “ТэАРТа” ў тым, што арганізатары з самага пачатку маюць на ўвазе колы, што знаходзяцца па-за межамі Беларусі. Іншымі словамі, арыентуюцца на тыя ацэнкі, што дадзены і яшчэ будуць дадзены замежнымі спецыялістамі. “Нам не патрэбны спектаклі, якія спадабаюцца банку, — падкрэсліў галоўны спонсар фестывалю. — Чым больш колаў вакол той ці іншай падзеі, тым яны шырэйшыя. І тым больш матываванымі становяцца ўнутраныя колы. Я катэгарычна супраць фарміравання вакол тэатра спробы гэткай элітарнасці. Мастацтва заўсёды звязана са спажываннем, яму патрэбны глядач”.

Закрануў кіраўнік “Белгазпрамбанка”, генеральнага партнёра “ТэАРТа”, і тое, які менавіта глядач патрэбны тэатру і самому форуму: “Дурны глядач добры тым, што ім лягчэй кіраваць. І зрабіць нейкі творчы “прадукт” для такога гледача прасцей. Для многіх ідэальная публіка тая, якая заплаціць за любы спектакль. І гэтым часцяком апраўдваецца няздольнасць зрабіць штосьці сапраўды цікавае”.

Так што “ТэАРТу” (і тэатру ўвогуле — як і іншым відам мастацтва) патрэбна разумная публіка. Ну, а ідэальным варыянтам стане, адпаведна, тая сітуацыя ў галіне культуры, калі такія разумныя спажыўцы і ўраўнаважаць рынак творчых прапаноў, галасуючы рублём за таленты, а не адно за праславутыя прадукты масавай культуры, разлічаныя на хуткае “заглатванне”.

А ты фундатар?

Ды ўсё ж, купляючы білеты, гледачы плацяць, што называецца, “постфактум”. А каб творчыя фантазіі сталі “фактам рэчаіснасці”, грошы трэба ўкласці значна раней. Хто, акрамя дзяржавы і спонсараў-“партнёраў”, можа дапамагчы?

Скажам, пасольства ЗША ў Беларусі, як расказаў яго асістэнт па пытаннях адукацыі і культуры Юрый Дудзінскі, гатова разглядаць тыя праекты, у іх прысутнічае амерыканскі складнік. Прыкладам такой падтрымкі сталі пастаноўкі на аснове брадвейскіх мюзіклаў, што здзяйсняліся беларускімі артыстамі (у тым ліку, дададзім, трупай Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра).

Зварот да краўдфандынгу — калектыўнага збору сродкаў праз інтэрнэт — нават на сусветным узроўні ў гэтай сферы не з’яўляецца масавым. Гэта, па сутнасці, эксперымент, скіраваны на стварэнне эксклюзіва. Пра гэта і многае іншае распавёў Эдуард Бабарыка, дырэктар па развіцці краўдфандынгавай платформы Ulej.by, праз якую былі сабраны грошы на пастаноўку спектакля “Опіум”, уключанага ў праграму цяперашняга “ТэАРТа”. Зварот да краўдфандынгу патрабуе ўмення ставіцца да свайго праекта як да камерцыйнага прадукту. Да таго ж трэба знайсці тое, што дапаможа пераканаць не аднаго, а мноства людзей. Але ж фінансуюць праект не масавыя гледачы, а спакушаныя, дасведчаныя, якім патрабуецца штосьці новае, нейкі эксклюзіў. Тэму краўдфандынгу працягнуў кіраўнік Цэнтра беларускай драматургіі, артыст і рэжысёр Аляксандр Марчанка, які і ажыццявіў пастаноўку згаданага “Опіума”: “Краўдфандынг дае магчымасць загадзя вызначыць, якому колу гледачоў можа падабацца праект. Немагчыма задаволіць усіх, тэндэнцыя да гэткага “усреднения” — няправільная. Кожны тэатр павінен мець сваю нішу, а не імкнуцца раздаць штосьці ўсім пакрыху”.

А як ставіцца да такога збору сродкаў мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Аляксандр Гарцуеў, пад кіраўніцтвам якога працуе Аляксандр Марчанка? “Як рэжысёр, — сказаў Аляксандр Фёдаравіч, — я рашыўся б на краўдфандынг, а як мастацкі кіраўнік — не маю права. У трыядзе “аўтар — рэжысёр — спажывец” для мяне вышэй за ўсіх аўтар. А ў рэальнасці атрымліваецца — глядач. Хацелася б пазбавіцца ад дыктату грошай, ад іх наяўнасці ці адсутнасці. Але каб артысты тэатра атрымлівалі хаця б па 300 рублёў, даводзіцца зніжаць планку, арыентуючыся на тых, хто прыдбае квіток”.

Ты “наш” ці не?

Хутка ў Баку, паведаміў галоўны рэжысёр Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Саўлюс Варнас, пройдзе навуковая канферэнцыя, прысвечаная тэатру. Навуковы падыход да такога кшталту праблем — вельмі слушны. Бо тэатр не панацэя ад усіх праблем, ён не вылечвае, але можа дапамагчы вылечыцца. Мастацтва пераводзіць мову боскую на чалавечую. І сёння аўтарам у тэатры з’яўляецца не драматург, а рэжысёр, які шукае сваю ўласную мову — не ў словах, а паміж імі. Калі ўсе спектаклі тэатра будуць аднолькавымі, значыць, і глядач на іх будзе аднолькавым, усё тым жа. Гэта праблема тычыцца сёння ўсяго свету: глядач не жадае працаваць, спасцігаючы тонкія філасофскія матэрыі. Але за мяжой прыватны тэатр можа ставіць танныя антрэпрызы, а гарадскі, які фінансуецца дзяржаўнымі структурамі, — не. Бо тады ён не атрымае датацыі.

Дзяржава, дадаў дырэктар таго ж Магілёўскага аблдрамтэатра Андрэй Новікаў, выдатковае на фінансаванне тэатра вялізныя сумы. Яны ідуць на самыя разнастайныя віды аплаты, у тым ліку для функцыянавання і падтрымання ў належным стане будынка. Але не дае грошай (ці дае іх мала) на пастаноўкі. Уласна на спектаклі грошы даводзіцца шукаць — і гэта не стварае магчымасці для з’яўлення альтэрнатыўных пастановак. Вось тэатр і круціцца, працуючы на школьнікаў, якіх прывядзе настаўніца, на самых маленькіх, для якіх бацькі грошай не пашкадуюць, на цётухнаў-бабуляў, якія сталі самай вялікай часткай публікі. Адносіны паміж дзяржавай і тэатрам сёння размытыя, няма дакладнай стратэгіі — адсюль і праблемы: дык працаваць на духоўнасць, не зважаючы на грошы, ці ўсё ж на касу? Вось тэатр і вышуквае грошы, каб займацца мастацвам.

У недзяржаўных устаноў, заўважыла Анжаліка Крашэўская, становішча яшчэ горшае, бо стаўкі арэнднай платы павышаны ўтрая. Але штосьці змяніць адразу немагчыма: апошнія заканадаўчыя акты прыняты пяць гадоў таму і не могуць быць зменены гэтак хутка, бо іначай не будзе стабільнасці, адказала Вікторыя Куксянкова.

Што ж наконт публікі, дык вынікамі сацыяльных апытанняў і даследаванняў падзяліўся тэатральны крытык Аляксей Стрэльнікаў. Як паказала практыка, студэнты падтрымліваюць эксперымент. Але ва ўзроставым прамежку ад 25-ці да 35-ці гадоў перастаюць хадзіць у тэатр, займаючыся станаўленнем кар’еры, утварэннем сям’і, нараджэннем і выхаваннем дзяцей. І потым вяртаюцца ў тэатр ужо кансерватыўнымі гледачамі. Зусім неахопленай застаецца катэгорыя мам у дэкрэтных адпачынках і з немаўляткамі на руках. А падлеткам, як высветлілася, не патрэбны залы нават на 200-300 месцаў, дастаткова  на 15-20, каб “выцягнуць” іх на дыялог. Спачатку, заўважыў Саўлюс Варнас, яны павінны хаця б прыйсці ў тэатр: “Летась мы ўзялі пяць маладых хлопцаў, бо для спектакля патрэбны былі акрабаты. І тыя сказалі, што ў тэатры раней ні разу не былі”.

“ТэАРТ”, працягнула аналізаваць склад публікі Анжаліка Крашэўская, знізіў абмежаванні: шмат спектакляў пазначаны як "12+". На фестывалі, што бачна, пераважаюць гледачы гадоў да 40. Але бываюць і выключэнні: “На колішняй “Чайцы” Каршуноваса я заўважыла жанчын гадоў за 60, распытала іх — аказалася, сын падарыў адной з іх білеты. Дык яны ўвесь спектакль праплакалі і потым дзякавалі, што ўпершыню ўбачылі іншы тэатр”.

Ды ўсё ж пошук “сваёй” публікі неабходны тэатру і спектаклю. Распаўсюджвальнікі білетаў пра гэта не клапоцяцца. Аляксандр Марчанка прывёў “прыклад з жыцця”, калі ветэраны працы атрымлівалі білеты на… “беларускі авангард” — спектакль Кацярыны Аверкавай паводле п’есы Паўла Пражко.

Дык у чым выйсце? Пэўна, у тым, што разам з тэатрам, які, трэба верыць, стаіць на парозе пераменаў, хочацца, каб змяніўся і глядач — мы з вамі. А значыць, пачынаць трэба кожнаму з сябе. Дарэчы, калі вы апошнім разам былі на спектаклі?

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"