Адзіная спадчына

№ 40 (1270) 01.10.2016 - 07.10.2016 г

Сёлета тэма Дзён Еўрапейскай спадчыны ў Беларусі — “Спадчына і супольнасць”. Беларусы адаптавалі яе пад больш канкрэтную і прыкладную — “Спадчына і веды”. Пад гэтым дэвізам 30 верасня ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага прайшоў шэраг мерапрыемстваў.

 

А менавіта прэзентацыя буклета пад аднайменнай назвай і адкрыццё выставы “Гарады Міншчыны. Урбаністычныя замалёўкі”, у рамках якой выступіла Ала Сташкевіч з Інстытута культуры Беларусі. Прэзентацыя фільма “Restauratio”, які прысвечаны аднаўленню старажытных выяў Свята-Петрапаўлаўскага сабора камандай творчай майстэрні “Басталія” на чале з рэстаўратарам Фёдарам Сарокам. На імпрэзе былі прадстаўлены праекты маладзёжнага грамадскага аб’яднання “Гісторыка”, сярод якіх зусім новы конкурс-дызайн “РэтраПанарама — Мінск”. Музычную атмасферу вечара стварылі вучні дзіцячай музычнай школы № 8, а таксама фальклорныя гурты Універсітэта культуры і мастацтва і цыганскі танцавальны ансамбль “Чэргінары”. Сярод прысутных быў намеснік міністра культуры Аляксандр Яцко, які зазначыў, што галоўная мэта культурнай канвенцыі і яе акцыі — зацікавіць грамадзян жыць разам у гармоніі, нягледзячы на адрозненні ў культурах.